комплекс сістэм і мерапрыемстваў для забеспячэння жыццядзейнасці і працаздольнасці чалавека ў касм. палёце, пры выхадзе ў адкрыты космас і на паверхню нябесных цел. Для стварэння і падтрымання неабходных умоў Ж. ў касм. палёце выкарыстоўваюцца герметычныя кабіны рэгенерацыйнага тыпу і індывід.скафандры.
Герметычная кабіна абсталёўваецца сістэмай Ж., якая складаецца з падсістэм: рэгенерацыі паветра, водазабеспячэння, забеспячэння ежай, тэрмарэгулявання, сан.-гігіенічнага забеспячэння. Адрозніваюць сістэмы Ж.: адкрытыя (маюць запасы кіслароду, ежы, вады; адходы жыццядзейнасці складуюцца або выдаляюцца за борт, газападобныя прадукты паглынаюцца фільтрамі), часткова закрытыя (забяспечваюць рэгенерацыю вады, атрыманне кіслароду электролізам вады або раскладаннем вуглякіслага газу), закрытыя (адбываецца кругаварот асн. элементаў і рэчываў з узнаўленнем харч. прадуктаў, рэгенерацыяй вады, кіслароду, утылізацыяй адходаў жыццядзейнасці). Для рэгенерацыі рэчываў і элементаў у сістэме Ж. выкарыстоўваюцца біял. і фіз.-хім. метады. Гл. таксама Біятэхнічная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕСТЫТУ́РА (ад лац. investio апранаю, надзяваю),
у сярэднія вякі ў Зах. Еўропе юрыд. акт перадачы зямельнага феода (лена), пасады, сана, які замацоўваў васальную залежнасць (гл.Васалітэт). Своеасаблівым яе відам была царкоўная І. — цырымонія зацвярджэння духоўнай асобы на пасаду і ўзвядзення ў сан епіскапа ці абата. Да канца 11 ст.царк. І. належала свецкай уладзе (у Англіі — каралю, у «Свяшчэннай Рым. імперыі» — імператару). У 11—12 ст. за права І. вялася барацьба паміж імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ажыццяўлялі І. епіскапаў і абатаў з часоў Атона І) і рым. папамі, якія імкнуліся падначаліць свецкія ўлады і мець права І. Найб. напружанай была барацьба за І. ў Германіі; скончылася ў 1122 заключэннем кампраміснага Вормскага канкардату, які замацаваў права духоўнай І. за папам, а свецкай — за імператарам. У Францыі і Англіі спрэчкі па пытаннях І. скончыліся пагадненнем паміж каралямі і папам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПІН (Васіль Піліпавіч) (12.2.1902, с. Новы Валавай Пачалмскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 11.1.1991),
бел. і расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў вак. аддзяленне Вучэбна-тэатр. камбіната (1933; цяпер Рас. акадэмія тэатр. мастацтва). З 1933 саліст Вял.т-ра ў Маскве. У 1938—49 (з перапынкам) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1949—63 у канцэртных арг-цыях Масквы. Валодаў сакавітым голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай і артыстызмам, што дазваляла яму ствараць выразныя, эмацыянальна насычаныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Андрэй («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.Луранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).
малдаўскі пісьменнік, рэжысёр, сцэнарыст. Засл. дз. маст. Малдовы (1968). Нар.арт. Расіі (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1964). Аўтар зб-каў вершаў «Збянтэжанасць» (1956), «Рытмы» (1965), «Душа жаўрука» (1974), «Двайная спіраль» (1976), аповесці «Буколіка» (1966), кн. апавяданняў «Белая скрыпка» (1963) і інш. У кіно дэбютаваў героіка-рэв. стужкай «Чакайце нас на світанні» (1964). Зняў фільмы па ранніх творах М.Горкага — «Табар адыходзіць у неба» (1976, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне) і А.Чэхава «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978). Сярод інш. фільмаў «Гэта імгненне» (1970), «Лаугары» (1973), «Ганна Паўлава» (1983, з Вялікабрытаніяй) і інш. Яго работы вылучаюцца рамант. светаадчуваннем, эмацыянальнасцю, імкненнем да адухоўленасці вобразаў. Піша сцэнарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я ПАЖА́РЫ (Узнікаюць па віне насельніцтва) (да 90%),
у выніку с.-г. і лесагасп. работ, забруджвання лесу, самаўзгарання торфу, ад маланак і інш. Асабліва схільныя да Л.п. хвойныя насаджэнні. Адрозніваюць Л.п. нізавыя (найчасцейшыя), верхавыя, падземныя (тарфяныя); нізавыя і верхавыя бываюць беглыя і ўстойлівыя, тарфяныя — устойлівыя. Прычыняюць вял. страты нар. гаспадарцы; разбураюць або аслабляюць лясныя біяцэнозы, спыняюць аднаўленне лесу, садзейнічаюць забалочванню, глебавай эрозіі, пашырэнню шкодных насякомых, дрэваразбуральных грыбоў; пагаршаюць уласцівасці глебы, склад, ахоўныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя функцыі лясоў. Для прадухілення Л.п. лес ачышчаюць, ствараюць проціпажарныя лясныя палосы і разрывы, праводзяць проціпажарную прапаганду. На Беларусі ў 1990-я г. рэгістравалася ад 0,9 да 8,1 тыс. Л.п. за год на пл. ад 0,3 да 26 тыс.га.
Літ.:
Чулюков В.И., Чайков М.А. Торфяные пожары и меры борьбы с ними., 1969;
шведскі інжынер-хімік, вынаходнік і прамысловец, заснавальнік Нобелеўскіх прэмій. Замежны чл. Каралеўскай швед.АН (1884). З 1842 жыў у Расіі. У 1850—52 вывучаў хімію ў Германіі, Францыі і ЗША. У 1859 вярнуўся ў Швецыю. З 1865 дырэктар першага ў свеце завода па вытв-сці нітрагліцэрыны фірмы «Нобель». Арганізатар і саўладальнік 93 прадпрыемстваў і лабараторый у больш чым 20 краінах свету. З 1891 у сваёй лабараторыі (Сан-Рэма, Італія) праводзіў даследаванні па электрахіміі, оптыцы, біялогіі. Вынаходствы Н. звязаны з вытв-сцю выбуховых рэчываў. Прапанаваў парахавы дэтанатар (1863) і грымучартутны капсуль (1865) для дэтанацыі вадкай нітрагліцэрыны. Вынайшаў дынаміт (1867), прапанаваў састаў бяздымнага пораху — балістыту (1888). У яго гонар названы хім. элемент — набелій.
Літ.:
Руддер О. де. Альфред Нобель: Пер. с фр. Ростов н/Д., 1997.
аргенцінскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік і гісторык. Прытрымліваўся поглядаў унітарыяў (прыхільнікаў унітарнай дзяржавы), змагаўся ў 1820—30-я г. на іх баку супраць федэралістаў. Праціўнік дыктатуры Х.М.Росаса, у 1840 эмігрыраваў у Чылі, дзе набыў шырокую вядомасць сваёй грамадска-публіцыст. дзейнасцю. У 1852 удзельнік паўстання, якое скінула Росаса. Прэзідэнт Аргенціны ў 1868—74, ажыццявіў шэраг рэформ, якія спрыялі развіццю эканомікі, сельскай гаспадаркі, культуры; пры ім будаваліся чыгункі, школы, бальніцы, бібліятэкі, створана АН. Аўтар гісторыка-філас.прац. Выступаў супраць дыктатуры, лічыў, што роўнасці класаў і грамадскай гармоніі можна дасягнуць шляхам усеагульнай асветы; у апошнія гады жыцця зведаў уплыў сацыял-дарвінізму.
Тв.:
Рус.пер. — Цивилизация и варварство. Жизнеописание Хуана Факундо Кироги, а также физический облик, обычаи и нравы Аргентинской Республики. М., 1988.
Басконія, аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі, у Кантабрыйскіх гарах, каля ўзбярэжжа Біскайскага зал. Пл. 7,3 тыс.км². Нас. 2,2 млн.чал. (1989), пераважна баскі, а таксама іспанцы. Уключае правінцыі Алава, Біская, Гіпускаа. Адм. ц. — г. Віторыя.
Рэльеф горны і ўзгорысты. Ёсць радовішчы жал., свінцовых і цынкавых рудаў. Клімат умераны, марскі. Лясы шыракалістыя (бук, дуб, каштан). Цяжкая і здабыўная прам-сць. Развіты металургія (выплаўка чыгуну, сталі, каляровых металаў, вытв-сць пракату), металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і станкабудаванне, вытв-сць чыгуначнага і электраабсталявання, пад’ёмнікаў, узбраення). Ёсць хім. (вытв-сць кіслотаў, угнаенняў, пластмасаў, коксахімія), папяровая, цэм., харч.прам-сць. Гал.прамысл. цэнтры — Більбао і Сан-Себасцьян. У прыморскіх раёнах развіта жывёлагадоўля, на Пд — земляробства. Вінаградарства і вінаробства. Рыбалоўны промысел. Прыморскія курорты з цэнтрам у г.Сан-Себасцьян.
У 1 ст. да нашай эры — сярэдзіне 5 ст. нашай эры тэрыторыя, заселеная продкамі баскаў (прыкладна сучасная ісп.прав. Навара), намінальна знаходзілася пад уладай рымлян і атрымала ад іх назву Васконія. Пад націскам вестготаў каля 580 частка баскаў перасялілася ў Франкскую дзяржаву, дзе ўтварыла герцагства Гасконь. У час барацьбы супраць маўраў (гл.Рэканкіста) узнікла некалькі баскскіх графстваў, цэнтральным з якіх стала Навара (з 10 ст. каралеўства). У 11—15 ст. уладанні баскаў падпарадкаваліся Навары і Кастыліі, у канцы 15 — пач. 16 ст. ўвайшлі ў адзіную ісп. дзяржаву і да 1876 захоўвалі некаторую аўтаномію (гл.Фуэрас). Пасля перамогі ў Іспаніі Нар. фронту ў 1936 створаны аўт. раён, названы Краінай Баскаў (у 1939 з падзеннем рэспублікі і ўсталяваннем дыктатуры Ф.Франка страціў сваё самакіраванне). З 1960-х г. у Іспаніі ўзмацніўся рух баскаў за аўтаномію, у т. л. тэрарыстычная дзейнасць падп. арг-цыі ЭТА (засн. ў 1959), у выніку якой у 1968—сярэдзіне 1995 загінулі каля 850 чал. Пасля падзення рэжыму Франка ў адпаведнасці з новай ісп. канстытуцыяй 1978 Баскаў краіна атрымала часовую, а са студз. 1980 пастаянную аўтаномію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЭ́НАС-А́ЙРЭС (Buenos Aires),
горад, сталіца Аргенціны. Размешчаны на раўніне, на паўд. беразе эстуарыя Ла-Платы, за 275 км ад Атлантычнага ак. Утварае самаст.адм. адзінку — федэральную акругу. Каля 3 млн.ж.; разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю пл. каля 3,9 тыс.км² з нас. каля 12 млн.ж. (1993). Гал.трансп. вузел краіны: экспарт мяса, шэрсці, збожжа, імпарт прамысл. абсталявання, руд, вугалю, нафты. Марскі порт, пач. пункт рачнога суднаходства на Паране і Уругваі; адыходзяць 18 чыгунак, шматлікія аўтадарогі. Міжнар. аэрапорт Эсейса, 2 аэрадромы. Буйнейшы эканам. цэнтр краіны: дае каля 60% прамысл. прадукцыі, забяспечвае каля 75% абароту знешняга гандлю. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (асабліва аўтамаб.), эл.-тэхн., электронная, нафтаперапр., суднабуд., харч. (мясахаладабойная, піваварная, мясакансервавая), шкловая, тэкст., гарбарна-абутковая, швейная. Метрапалітэн.
Засн. ў 1536 ісп. канкістадорамі, якія пад націскам індзейцаў у 1541 спалілі і пакінулі горад. У 1580 адноўлены. З 1617 сталіца губернатарства, з 1776 віцэ-каралеўства Ла-Плата. Адзін з цэнтраў Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. У 1816—26 сталіца Аб’яднаных правінцый Ла-Плата, з 1829 — правінцыі Буэнас-Айрэс, з 1862 часовая, з 1880 афіц. сталіца Аргенціны.
Побач з сучаснымі шматпавярховымі будынкамі, у т. л. небаскробамі, некаторыя вуліцы і агульная забудова горада захавалі рысы архітэктуры калан. перыяду з гал. плошчай, адкрытай у бок мора, і прамавугольнай сеткай вуліц. Помнікі калан. перыяду: ратуша (кабільда, 1725—65, арх. А.Бланкі, Х.Б.Прымалі), царква Сан-Ігнасіо (1710—34, арх. Х.Краўс, Бланкі). Сярод пабудоў 20 ст. будынак кангрэса і т-р «Калон» (пач. 20 ст., арх. В.Маэна), т-р «Сан-Марцін» (1953—60), «Банк оф Лондан энд Саўт Амерыка» (1960—66)
У Буэнас-Айрэсе 9 ун-таў (старэйшы з 1821), кансерваторыя і інш. Акадэмія навук. Музеі: Нац. гістарычны, Этнаграфічны, Нац. прыгожых мастацтваў і інш.Нац.б-ка, Б-ка кангрэса. Оперны тэатр «Калон».
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Да арт.Буэнас-Айрэс. Оперны тэатр «Калон». Арх. В.Маэна. 1908.У цэнтры Буэнас-Айрэса.Да арт.Буэнас-Айрэс. Авеніда 9 Ліпеня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМ (Roma),
горад, сталіца Італіі, на р. Тыбр, за 27 км ад яе ўпадзення ў Тырэнскае мора. Адм. ц. вобласці Лацыо і Рымскай правінцыі. 2646 тыс.ж. (1998). Гал.паліт. і культ., значны эканам. цэнтр краіны. Адзін з найстаражытнейшых і багатых гіст. і культ. помнікамі гарадоў свету, атрымаў назву «вечнага горада». У межах Р. — папская дзяржава-горад Ватыкан. Буйны трансп, вузел унутр, і міжнар. зносін; 8 чыгунак, 10 аўтастрад. Міжнар. аэрапорты Леанарда да Вінчы ды Ф’юмічына і Чампіна. Рачны порт. Аванпорт Р. на ўзбярэжжы Тырэнскага м. — г. Чывітавек’я. У Р. найб. банкі, страхавыя і гандл, кампаніі, праўленні многіх італьян, і міжнар. манаполій і фірм. Гал. галіны прам-сці звязаны пераважна з абслугоўваннем патрэб гар. насельніцтва і турыстаў.
Прам-сць: эл.-тэхн. (тэлеф.-тэлегр. абсталяванне, эл.-прылады, электроніка), дакладнае прыладабудаванне, вытв-сцьчыг. рухомага саставу, с.-г. машын, друкарскага абсталявання, матацыклаў, веласіпедаў, хім. (фармацэўтычныя вырабы, сінт. тканіны, кіслоты, сода, суперфасфат і інш.), вытв-сцьбуд. матэрыялаў, харч. і харчасмакавая, паліграф., швейная, мэблевая, галантарэйная, папяровая, тэкст., абутковая, парфумерная. Развіта рамесніцкая вытв-сць, асабліва маст. ювелірных вырабаў, габеленаў, плеценай мэблі, вырабаў са шкла і скуры, муз. інструментаў, сувеніраў. Р. — адзін з буйнейшых у свеце цэнтраў міжнар. турызму (больш за 10 млн.чал. штогод). Метрапалітэн.
Паводле ант. падання, Р. засн. ў 754/753 да н.э.Ромулам. Археал. звесткі сведчаць пра існаванне на тэр. Р. стараж. паселішчаў ужо ў 10 ст. да н.э., якія ў 7 ст. да н.э. зліліся ў адзіны горад. З 3 ст. да н.э. сталіца вял. міжземнаморскай дзяржавы — Стараж. Рыма (у перыяд імперыі меў да 2 млн.чал.). Пасля пераносу сталіцы ў Канстанцінопаль (330 н.э.) значэнне Р. як паліт. цэнтра паменшала. Моцна пацярпеў ад нашэсця варвараў (у 410 разбураны вестготамі, у 455 вандаламі; насельніцтва скарацілася да 40 тыс.чал.). З 552 пад уладай Візантыі, остготаў. З канца 6 ст. вярхоўная ўлада ў горадзе належала рым. папам, якія ў 8 ст. дамагліся поўнай незалежнасці ад Візантыі. З 756 Р. — сталіца Папскай вобласці, царк.-паліт. цэнтр Зах. Еўропы; у сярэдневякоўі — арэна барацьбы паміж папамі і імператарамі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 1084 разрабаваны нарманамі, якіх папа Грыгорый VII заклікаў дапамагчы ў барацьбе супраць караля Генрыха IV. У выніку паўстання ў Р. ўтварылася рэспубліка (1143—55). Пасля пераносу ў 1309 папскай рэзідэнцыі ў Авіньён (гл. Авіньёнскае паланенне папаў) пачалася барацьба за абмежаванне ўлады знаці. У 1347—54 зноў існавала рэспубліка.
Улада папы адноўлена ў 1377. З канца 15 — пач. 16 ст. Р. — буйнейшы цэнтр Адраджэння. У час Італьянскіх войнаў горад разрабаваны ў 1527 войскамі імператара Карла V. У 17 ст., нягледзячы на эканам. заняпад, вырасла значэнне Р. як рэліг. цэнтра. У 1798 акупіраваны войскамі Дырэкторыі. Абвешчаная Рымская рэспубліка 1798—99 разгромлена аўстр., неапалітанскімі і рас. войскамі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўлада папы Пія ІХ скінута, у Р. абвешчана рэспубліка. Пасля задушэння рэспублікі свецкая ўлада папы трымалася дзякуючы прысутнасці франц. гарнізона. Пасля яго вываду ў выніку Рысарджымента ўлада пап канчаткова скінута ў 1870. 26.1.1871 Р. абвешчаны сталіцай Італьян. каралеўства. У кастр. 1922 пасля ўваходу ў горад фаш. атрадаў (гл. Паход на Рым 1922) у выніку дзярж. перавароту ўсталявана фаш. дыктатура Б.Мусаліні. Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 на частцы тэр. Р. ўтворана дзяржава Ватыкан. Пасля капітуляцыі Італіі ў 2-й сусв. вайне Р. акупіраваны (1943) ням. войскамі, у 1944 вызвалены англа-амер. войскамі. З 1946 сталіца Італьян. Рэспублікі. У 1960 Р. — месца правядзення XVII Алімпійскіх гульняў.
Ант. Р. — сталіца Стараж. Рыма. У 6—9 ст.тэр. горада скарачалася, ант. помнікі руйнаваліся, ад сярэдневякоўя захаваліся вузкія вуліцы і кварталы ў цэнтры горада, маляўнічыя плошчы са старадаўнімі фантанамі. Цэнтрам былі ўзгоркі Капітолій (тут знаходзіліся гар. кіраванне і рэзідэнцыя епіскапа, пазней і папы рымскага), Латэран, Ватыкан. На супрацьлеглым беразе р. Тыбр размяшчаліся жылыя кварталы. Да раннехрысц. помнікаў Р. належаць катакомбы: Сан-Себасцьяна (крыпта 1—2 ст.), Даміцылы (1—4 ст.), Калікста (2—3 ст.); базілікі (перабудоўваліся да 18 ст.): Сан-Джавані Ін Латэрана (ЗН—314), Сан-Паада фуоры ле Мура (314, зруйнавана ў 1823, адноўлена ў 1944), Сан-Ларэнца фуоры ле Мура (330, мазаіка 6 ст.), Санта-Марыя Маджорэ (4 ст., мазаіка 5 і 13 ст.), Санці-Джавані э Паала (каля 400, фрэскі 12 ст.), Санта-Марыя Ін Казмедзін (перабудавана ў 8 і 12 ст.), Санта-Марыя Ін Трастэверэ (1140, мазаіка П.Каваліні, 13 ст.), Санта-Марыя Ін Арачэлі (перабудавана ў 1250); цэнтрычныя храмы: Санта-Кастанца (4 ст., мазаіка 4—5 ст.), Сан-Клементэ (ніжні храм 4 ст., верхні паміж 1099 і 1128, рэканструяваны ў 18 ст., арх. К.Фантана), Сан-Стэфана Ратонда (6 ст.). З гатычных пабудоў вылучаецца касцёл Санта-Марыя сопра Мінерва (з 1280, фасад 1453). У пач. 16 ст. Р. — цэнтр архітэктуры эпохі Адраджэння. Вял. ўвага аддавалася свецкім пабудовам (грамадскія і жылыя будынкі, палацы, плошчы, фантаны). У Ватыкане ўзведзены Рымскі сабор Святога Пятра, купал якога стаў гал.арх. цэнтрам у панараме горада. Дзелавы цэнтр рэнесансавага Р. размяшчаўся ў раёне стараж.-рым. моста Сант-Анджэла (134) і пл.Сан-Чэльса, адкуль веерам разыходзіліся вуліцы. Сфарміраваўся новы тып палаца — палацца: Венецыя (з 1452, верагодна, паводле планаў Л.Б.Альберці ці Б.Раселіна), Канчэлерыя (1485—1511, арх. А.Брэньё, з 1499 — Д.Брамантэ), Фарнезе (1513—34, арх. А. да Сангала Малодшы, з 1546 — Мікеланджэла, завершаны ў 1589 Дж. дэла Портам), Відоні-Кафарэлі (каля 1515—20, арх. Рафаэль). Будавалі лёгкія і стройныя вілы: Фарнезіна (1509—11, арх. Б.Перуцы, фрэскі Рафаэля, Джуліо Рамана і інш.), Мадама (з 1517, арх. Рафаэль, да Сангала Малодшы). Касцёлы ў стылі рэнесансу: Сан-П’етра Ін Манторыо (арх. Б.Пантэлі, у двары — Тэмп’ета, 1502, арх. Брамантэ), Санта-Марыя дэла Пачэ (абодва 1480-я г., арх. Пантэлі, двор 1500—04, арх. Брамантэ, фасад 1656, арх. П’етра да Картона), Санта-Марыя дэль Аніма (пач. 16 ст., арх. Дж. да Сангала, Брамантэ), Сант-Эліджа дэльі Арэфічы (1509, праект Рафаэля), Сан-Луіджы дэі Франчэзі (1518—88, фасад 1589, арх. дэла Порта, у капэле Кантарэлі — цыкл карцін М.Караваджа).
У некат. будынках 16 ст. выявіліся рысы маньерызму, імкненне да індывід. непаўторнасці, суб’ектывізму (палацца Масіма але Калоне, 1536, арх. Перуцы; віла Джулія, 1550—55, арх. Дж.Віньёла, Б.Аманаці, Дж.Вазары; цяпер музей). Каля Рым. форуму створаны ансамбль пл. Капітолія (з 1546, праект Мікеланджэла), дзе ў адзіным ансамблі аб’яднаны прылеглыя часткі горада, антычнасць і сучаснасць, архітэктура і скульптура, адметныя гармоніяй перспектыў, колеру, арх. мізансцэн: Палацца дэі Сенаторы і Палацца дэі Кансерваторы, гал. будынак Капіталійскіх музеяў, ант. статуя Марка Аўрэлія і інш. У канцы 16 ст. пракладзены прамыя вуліцы, што злучылі найб. значныя раннехрысц. базілікі і гар. раёны ў адзіную сістэму. Сярод ансамбляў у стылі барока: П’яцца дэль Попада (16—17 ст., завершана ў 1816—20, арх. Дж.Валадзье) са стараж.-егіп. абеліскам, пл.Св. Пятра (1657—63, арх. Л.Берніні); П’яцца Навона (17 ст., захавала форму ант. стадыёна Даміцыяна) з фантанамі «Чатырох рэк», «Негр» (абодва будаваў Берніні) і «Нептун» (абодва праект арх. дэла Порта, завершаны ў 19 ст., скульпт. Дэла Біта); П’яцца ды Спанья (ісп. лесвіца Трыніта дэі Монці, 1725, арх. А.Спекі, Ф. дэ Санктыс; унізе — фантан у форме чоўна «Баркача», 1630, арх. Берніні). Сярод барочных помнікаў: палацца Квірынале (з 1574, арх. Ф.Понцыо, К.Мадэрна, Берніні і інш.), Баргезе (1590, арх. М.Лонгі Старэйшы, з 1615, арх. Понцыо), Барберыні (1625—63, арх. Мадэрна, Ф.Бараміні, плафон П’етра да Картоны), Фальканьеры (1639—41, арх. Бараміні), Кадона (17—18 ст.); віла Баргезе (пач. 17 ст., цяпер музей) з паркам (казіно 1613); касцёл Іль Джэзу (1568—84, арх. Віньёла, фасад 1575, арх. дэла Порта). Пышныя барочныя палацы, паркі, касцёлы, плошчы і відавыя пляцоўкі, прасторавыя акцэнты ў выглядзе лесвіц, абеліскаў, фантанаў («Трэві», пачаты ў 18 ст., арх. Н.Сальві), дэкар. скульптур у многім вызначылі аблічча цэнтра сучаснага Р. З 1871 горад рос больш інтэнсіўна; раён Праці, усх. і паўд.-ўсх. раёны забудоўваліся пераважна даходнымі дамамі.
У адпаведнасці з генпланам 1873 пракладзены новыя трансп. артэрыі (Корса Віторыо Эмануэле, Вія Нацыянале), узведзены будынкі і ансамблі пампезна-эклектычнага характару, у т. л. комплекс «Віктарыян» на пл. П’яцца Венецыя (1885—1911, арх. Дж.Саконі, скульпт. А.Дзанелі, Э.К’ярадыя), з помнікам Віктару Эмануілу ІІ, т.зв. Алтаром Айчыны — гіганцкім порцікам з 60 бела-мармуровымі калонамі, фантанамі і інш. Грамадскі цэнтр перамясціўся на П’яцца Калона. У 1930—40-я г. ўзведзены неакласіцыстычны спорткомплекс Фора Італіка (1928—34, арх. М.П’ячэнціні, Дж.Пагана і інш.), комплекс не ажыццёўленай сусв. выстаўкі (ЭУР). Пракладзены новыя магістралі (Вія дэі Форы Імперыялі, Вія дэла Канчыліяцыёне); да Алімп. гульняў 1960 — магістраль Вія Алімпіка, шэраг тунэляў і перасячэнняў у 2 узроўнях. Раёны гіст. забудовы захоўваюцца пераважна ў першапачат. стане. Найб. важныя пабудовы ў сучасных стылях: вакзал Тэрміні (1938—50, арх. Ф.Мацоні, Э.Мантуоры і інш.), пасольства Вялікабрытаніі (1970, арх. Б.Спенс), работы П.Л.Нерві — палац спорту (1958—60, з П’ячэнціні), Алімп. гарадок (1960) з Палацэта (Малы палац спорту, 1957, з арх. А.Вітэлоцы) і стадыёнам Фламініо (1959, з інж. А.Нерві). Новае буд-ва развіваецца пераважна на перыферыі. У 1960—70-я г. раён ЭУР ператвораны ў дзелавы цэнтр з паркамі, садамі, фантанамі, сучаснымі збудаваннямі (палацы Кангрэса, Цывілізацыі — «Квадратны Калізей» з 216 аркамі на фасадзе). Паводле генплана 1964 створана т.зв. вось абслугоўвання — сістэмы магістралей, якія злучаюць з ЭУР 2 новыя грамадскія цэнтры. Помнікі архітэктуры Ватыкана і гіст. цэнтра Р. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Р. знаходзяцца: 2 ун-ты, у т. л.Рымскі універсітэт, кансерваторыя «Санта-Чэчылія», Акадэмія прыгожых мастацтваў, Нац. акадэмія дэі Лінчэі (з 1603), акадэмія св. Лукі (з 14 ст.), Мед. акадэмія, Акадэмія л-ры, мастацтва і навукі, Італьян.ін-т археалогіі і гісторыі мастацтваў, ін-ты антрапалогіі, гісторыі музыкі і інш.; шматлікія НДІ і навук. т-вы. Б-кі: Нац. цэнтральная, ун-та, Анджэліка, Касанатэнсе, Нац. акадэміі дэі Лінчэі і інш. Музеі: Нац. рымскі музей (музей Тэрм), Капіталійскія музеі (з 1471), Нац. музей этрускаў (зборы этрускага мастацтва), Музей Баргезе (з 1616, зборы стараж.-грэч. і стараж.-рым. мастацтва), Галерэя Спала (калекцыя жывапісу 17—18 ст.), Галерэя Дорыя-Памфілі (жывапіс Рэнесансу), Нац. галерэя ант. мастацтва, Нац. галерэя сучаснага мастацтва, музеі Ватыкана. Каля 20 тэатраў, у т. л.Рымская опера, «Тэатра ды Рома» і інш.; кінагарадок найбуйн. італьян. кінафірм «Чынечыта».