каці́цца 1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца 2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трыбу́х (трабу́х, трябу́х) ‘страўнік’ (ТСБМ, Федар. 4, Бяльк., Касп., Варл., Сцяшк., Сл. Брэс., Пятк. 2, Растарг.), ‘страўнік у жывёл’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘кіндзюк; страўнік жывёлы, начынены грэцкай кашай са шкваркамі альбо з кавалачкамі сала’ (Ласт., Малч.), ‘вантробы’ (Байк. і Некр., Др.-Падб., Сл. Брэс.), ‘сальцісон’ (Сл. Брэс.), трыбухі́ ‘вантробы (страўнік, кішкі і інш.)’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Ласт., Пятк. 2, Байк. і Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), трыбухе́ ‘тс’ (Скарбы), трыбушкі́ ‘ўнутранасці дробных жывёл, якія ўжываюцца ў ежу (парасячыя, індычыя, рыбныя)’ (Нас.), трыбу́х/трыбушо́к ‘пуп у птушак’ (гродз., ЛА, 1), трыбу́х ‘пуза, чэрава’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Вруб.), ‘вялікі жывот’ (Сл. ПЗБ, Скарбы, Жд. 1); ст.-бел. требухи ‘трыбухі, вантробы’ (ГСБМ), ц.-слав. трибухъ ‘страўнік, жывот’; сюды ж трыбуха́ч ‘пузаты чалавек’ (в.-дзв., Шатал., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс., ТСБМ, Сцяшк., Сл. Брэс.), ‘чалавек з вялікім жыватом’ (карэліц., ЖНС; гарад., Сл. ПЗБ); трыбухле́й ‘брухач, пузан’ (зэльв., Нар. словатв.; івац., Сл. ПЗБ); трыбушы́шча ‘таўстун’ (Юрч. СНЛ); трыбушы́на ‘цела, тоўстае чэрава’ (Нас.), трыбу́шнік ‘падчарэўе (сала з ніжняй часткі свіной тушы)’ (дзятл., ЛА, 4), трыбушня́ ‘трыбухатая’ (Сцяц.), трыбуха́тасць ‘тлустасць’ (Юрч. СНЛ). Укр. требу́х ‘чэрава’, ‘страўнік’, ‘вантробы жывёлы’, ‘свіны страўнік, начынены мясам і правялены’, требу́ха́ ‘тс’, трибу́х ‘тс’, трембуха́ч ‘пузан’; рус. требуха́ ‘вантробы’, польск. дыял. trybuch, terbuch ‘чэрава, пуза’, н.-луж. tarbuch ‘тс’, усх.-чэш. terboch ‘тс’, ст.-чэш. teřbuch, teřich (у якім ‑řich пад уплывам břich ‘пуза, чэрава, жывот’), славац. terbuch, trebucha ‘падбародак’, ‘вялікае пуза, чэрава’, славен. trébuh ‘жывот, пуза, кішэчнік’, trebûšec, trebûšek, trebûšič ‘тс’, рэз’ян. tríbu, trebuh, treibuh ‘чэрава, пуза’ (XVI ст.), харв. tr̀buh, чак. trbȕh, серб. тр́бух ‘жывот, кішэчнік’, ‘пуза’, тр́ба ‘страўнік’, тр́бу, трбу̏а ‘тс’, балг. тръбу́х, тъ́рбух ‘жывот, пуза’, макед. трбув ‘жывот; страўнік’, ст.-слав. тръбухърэшткі з вантробаў’, ‘кішэчнік’. Этымалогія і рэканструкцыя праславянскай формы няпэўныя (ESJSt, 17, 995). Прасл. *tьrbuch, згодна з Карскім (1, 188), адпавядае найбольш распаўсюджанай форме беларускага слова; рус. требух таксама можна вывесці з прасл. *tьrbuxъ; да апошняга ўзводзяцца некаторыя паўд.-слав. лексемы. Для славенскай мовы адпаведным з’яўляецца *trěbuxъ (Сной у Бязлай, 4, 217–218), для н.-луж. характэрна *tъrb‑ , а для зах.-слав. моў — *terb‑ (пасля метатэзы плаўных з *treb‑). Дапускаючы прасл. *terbuxъ/*tьrbuxъ, Куркіна (ОЛА, Исследов. 1984, 275) тлумачыць семантыку слова як ‘вантробы забітага звера, з якіх даставалі (“выцярэблівалі”) ‘мяса’, гл., аднак, супрацьлеглае дзеянне ў трабі́ць ‘набіваць у трыбух’: трабіць і трабіць трабух (Мова Сен.). Экспрэсіўная суфіксацыя, як у *kъlbuxъ (Глухак, 637), параўн. каўбу́х ‘страўнік жывёлы’ (Сл. ПЗБ), гл. коўб2. Іншыя версіі з’яўляюцца менш пераканаўчымі. Сюды ж, відаць, таксама трыбушно́ ‘сытна, трывала’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысці́ць1 ‘зводзіць дзве або тры ніткі ў адну для далейшага сукання’ (Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Мядзв., Варл., Янк. 1, Сцяц., Янк. 1, Сцяц., Сл. ПЗБ; арш., мёрск., в.-дзв., Шатал.; мсцісл., Жыв. сл.; рагач., Арх. ГУ, ЛА, 4, Мат. Маг.; круп., Нар. сл.), ‘падрыхтоўваць ніткі для сукання’ (Жд. 2), тросці́ць ‘тс’ (ТС), трасці́ць ‘тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тростить, тра́щивать, трестить ‘скручваць, звіваць, сплятаць, віць (вяроўку), сукаць, здвойваць пражу на верацяне’, ‘зліваць, ссыпаць у адно месца’, ‘змешваць’: не трости жита с ячменем (Даль), сюды ж, відаць, і балг. дыял. тръсти́на ‘вяроўка з конскага хваста або грывы’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 47), дзеяслоў вытворны ад *trъstь/*trьstь (гл. тросць1;) з двума супрацьлеглымі значэннямі ‘віць, звіваць’ і ‘драбіць, расшчапляць на часткі’ (гл. трысціць2). Вывядзенне дзеяслова з тросць1 пацвярджаецца выразай трысьці́ць бе́рда ‘ўстаўляць новыя трысцінкі ў бёрдзе замест выпаўшых або паламаных’ (Нік. Очерки), а таксама трысці́ць аснову ‘ўводзіць аснову ў бёрда’ (там жа), трасці́ць ‘рабіць новае бёрда, устаўляць у яго трасцінкі’ (в.-дзв., Шатал.). Крытычны разгляд ранейшых версій з канстатацыяй іх недастатковай агрументаванасці гл. у Фасмер, 4, 108. Сюды ж трэ́шчаны ‘ссуканы’ (Сцяшк. Сл.; чэрв., ст.-дар., лід., Сл. ПЗБ), тры́шчаны ‘злучаны з 2–3 столак, нітак’ (Нас.; мсцісл., Жыв. сл.), трышчо́ны ‘злучаны разам (пра ніткі)’ (Ск. нар. мовы, Сцяц., Янк. 1, Мат. Гом.), тро́шчаны ‘складзены ўдвая’ (стол., ЛА, 4), тро́шчэны ‘ў якім зведзены дзве ніткі разам’ (ТС).

Трысці́ць2 ‘біць, разбіваць’ (Мат. Маг.), ‘ламаць з трэскам, без разбору’ (Юрч. Сін.), ‘ламаць на дробныя кавалкі, трэскі’ (Растарг.), тры́сціць ‘ламаць што-небудзь слаістае’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж тры́шчыць ‘рабіць, шчапаць, ламаць’ (Нас.) і трашчыць2 (гл.). На рускай тэрыторыі — толькі на мяжы з беларускай, параўн. рус. смал. растрысти́ть ‘драбіць на кавалачкі’, потрысци́ть ‘пашчапаць, паламаць на дробныя часткі’ (Дабр.). На думку Мяркулавай (Очерки, 47), ідэнтычна паводле паходжання трысціць1 (гл.), што, відавочна, грунтуецца на фіксацыі Даля (без указання тэрыторыі) рус. трести́ть лучину «расшчапляць мелка, на запалкі» ад тре́ста ‘чарот, траснік’. Аднак больш шырокая семантыка дазваляе зблізіць словы з іншымі дзеясловамі з варыянтным вакалізмам, як у трусці́ць ‘біць, разбіваць на кавалкі’, тру́шчыць, тру́скаць (гл.), укр. тро́скати ‘ўдараць пугай’, польск. trzaskać ‘раптоўна ўдараць па чым-небудзь, выклікаючы моцны розгалас’, ‘біць, таўчы’, ‘лопацца з трэскам’, чэш., славац. trosky ‘абломкі, рэшткі, руіны’, харв. trȍska, серб. тро̏ска ‘гараль, акаліна’, ‘шлак’, што да прасл. *trъstiti/*troskati гукапераймальнага паходжання, гл. троскат, трэск. Параўн. Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 649; Борысь, 647.

Трысці́ць3 ‘крыць хату’, ‘перабудоўваць хату’ (слуц., Жыв. сл.). Відаць, пашырэнне значэння трысціць1 ‘складваць, злучаць’, магчыма, з канкрэтызацыяй ‘пакрываць чаротам’, што да тросць1, трысцё, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБРА́ДАВЫЯ СТРА́ВЫ,

адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. Традыц. абрадавыя стравы беларусаў — каша, бліны, аладкі, хлеб і інш. — выконвалі знакавую функцыю і звычайна суправаджалі магічныя абрадавыя дзеянні. Каша з цэлага зерня (ячменнага, прасянога і інш.) — неад’емная частка радзіннага, вясельнага, памінальнага, каляднага, жніўнага абрадаў. Цэнтр. месца ў святкаванні радзін адводзілася бабінай кашы. На другі дзень вяселля кашу падносілі маладой. На памінкі варылі салодкую ячную кашу, а таксама рытуальную памінальную страву — канун. Ва ўсх. Беларусі сярод памінальных страў былі клёцкі. Гал. абрадавай стравай каляднага святкавання была куцця; яе абносілі вакол хаты, ставілі на покуць, каб паспрыяць будучаму ўраджаю, верх з яе аддавалі курам, каб добра несліся. На бедную куццю гаспадар або старэйшая жанчына клікалі мароз, прыгаворваючы, каб ён не марозіў «ні кійкоў, ні гуркоў, ні аратаяў старых, ні пагонічаў маладых» (Гродзеншчына). Куцця, як і бліны, была атрыбутам варажбы. На Палессі жытнюю кашу бралі з сабой, ідучы першы раз жаць: нажаўшы першы сноп, тры разы бралі ў рот кашы, астатнюю выкладвалі ў сноп і завязвалі яго. З рытуальнай сімволікай ураджаю звязаны і велікодныя стравы: рэшткі асвячоных у царкве яек, пірагоў, кумпяка (косці) закопвалі на загонах. Адно велікоднае яйка захоўвалі да пачатку сяўбы (яго бралі з сабой, едучы першы раз сеяць). Асаблівая магічная сіла надавалася блінам і аладкам, якія сімвалізавалі сонца і яго гадавы круг (бліны абавязковая страва на масленіцу і Каляды). Да абрадавых страў адносяцца і паўсядзённыя стравы, якія традыцыйна гатуюць у пэўныя святочныя або памінальныя дні. На бедную куццю варылі посны бурачны боршч (квас), падкалочаны мукой або рошчынай, з грыбамі ці алеем, крупнік, аўсяны кісель, узвар з сушаных яблыкаў, груш, сліў, пяклі бліны ці аладкі, ламанцы з цёртым макам (гл. Лазанкі); на багатую куццю — бліны з салам і каўбасой, боршч з мясам, крупнік, куццю з салам і інш. На масленіцу акрамя бліноў абавязковыя былі сыр і масла, на Вялікдзень — яйкі, сыр, масла, сала, мяса, па магчымасці — кумпяк, парася, на Купалле варылі кулагу. На памінальным стале (на дзяды, радаўніцу) абавязкова былі боршч з мясам або капуста, сытая каша, каўбаса, бліны. Гл. таксама Абрадавае печыва.

Літ.:

Листова Н.М. Пища в обрядах и обычаях // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983.

Г.Ф.Вештарт.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГДАНЬСК

(Gdańsk),

горад на Пн Польшчы. Адм. ц. Гданьскага ваяводства. 463,1 тыс. ж. (1993). Цэнтр гар. агламерацыі Труймяста (г. Гдыня, Сопат). Буйнейшы порт Польшчы каля вусця Віслы ў Гданьскім зал. Балтыйскага м. Вываз вугалю, серы, лесаматэрыялаў, увоз руд, фасфатаў і інш. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабудаванне і вытв-сць суднавага абсталявання, эл.-тэхн. і радыёэлектронная, хім. (угнаенні, лакі, фарбы), нафтаперапр., харч., швейная, мэблевая. 6 ВНУ, філіял АН. Тэатры.

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца пад 997. У 10—13 ст. цэнтр Усх.-Паморскага княства, у 1308 захоплены Тэўтонскім ордэнам. У 1454 вызвалены ў выніку паўстання гараджан, у складзе Рэчы Паспалітай. У 15—17 ст. Гданьск — буйнейшы цэнтр польск. знешняга гандлю. У 1656 у час польска-швед. вайны (1656—57) асаджаны шведамі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай адышоў да Прусіі (1793) і атрымаў ням. назву Данцыг. У 1807—15 вольны горад, падначалены Францыі. Да 1918 пад герм. уладаннем. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 ператвораны ў «вольны горад Данцыг» пад кіраваннем Лігі Нацый; праз Гданьск Польшча атрымала выхад да Балтыйскага м. (гл. Польскі калідор). 1.3.1939 захоплены фаш. Германіяй, вызвалены 30.3.1945 войскамі 2-га Бел. фронту разам з 1-й польск. бранятанк. брыгадай У 1970 забастоўкі і дэманстрацыі рабочых задушаны ўрадавымі войскамі. У 1980 цэнтр агульнапольскага забастовачнага руху (гданьская суднаверф), месца падпісання пагаднення з уладамі і стварэння незалежнай прафс. арг-цыі «Салідарнасць». У Гданьску знаходзіцца ген. консульства Рэспублікі Беларусь.

На левым беразе р. Матлава — гіст. ядро горада (раёны Старога горада, Новы горад, Гал. горад з рэгулярнай забудовай вуліц), рэшткі цагляных гар. умацаванняў і партовых збудаванняў 14—15 ст., гатычныя Гал. ратуша (1378—16 ст.), касцёлы Дзевы Марыі (1342—1502), св. Катажыны (13—15 ст.), св. Тройцы (1420—1514) і інш., «двор Артуса» (14 — пач. 17 ст.). У стылях рэнесансу і маньерызму забудаваны «Верхнія» (1574—88) і «Залатыя» (1612—14) вароты, «Двор польскіх каралёў» (1563—68), арсенал (1602—05), «Залаты дом» (1609—17), дом абатаў Пяльплінскіх (1612). Разбураныя ў час 2-й сусв. вайны арх. помнікі адноўлены, вядзецца буд-ва адзінага гар. комплексу Гданьск Сопат—Гдыня. Помнік героям Вестэрплятэ (1966). 4 музеі, у т. л. Паморскі, Зброевая палата.

Літ.:

Кшижановский Л. Гданьск: Пер. с пол. М., 1980;

Historia Gdańska. Т. 1—2. Gdańsk, 1978—82.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛГРА́Д, Беаград (Beorgad),

сталіца Югаславіі і яе асн. часткі — Рэспублікі Сербіі. Каля 1,2 млн. ж. (1993). Размешчаны на правым беразе р. Дунай, пры ўпадзенні ў яго р. Сава, на перакрыжаванні важных чыгунак, рачных шляхоў і аўтадарог з Зах. Еўропы на Б. і Сярэдні Усход. Міжнар. аэрапорт Сурчын. Асноўны эканам. і культ. цэнтр краіны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, цеплавоза-, аўта-, авія-, суднабудаванне, вытв-сць с.-г. машын, матораў), электронная, эл.-тэхн., хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр. і папяровая, харч. (мукамольная, мясакансервавая, цукр.) і інш. Турызм. Сербская АН. Ун-т, ун-т мастацтваў. Тэатры. Месца правядзення міжнар., муз., тэатр. фестываляў, кірмашоў. Нац. парк Авала.

У старажытнасці на тэр. Бялграда было ўмацаванае паселішча кельтаў Сінгідунум, пасля аднайм. рымскі горад (1 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.). У 6 ст. належаў Візантыі. Пад сербскай назвай Бялград упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. У 9—10 ст. ім валодалі балгары, у 11—12 ст. — Візантыя, пасля — балгары, венгры, сербы. З 1427 венг. пагранічная крэпасць. У 1521—1806 пад уладай Турцыі, але ў час аўстра-турэцкіх войнаў 16—18 ст. тройчы пераходзіў да аўстрыйцаў (у 1688—90, 1717—39, 1789—91). З 1806 сталіца Сербскага княства. У 1813—30 пад уладай Асманскай імперыі, з 1918 сталіца Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Вызвалены ў ходзе Бялградскай аперацыі 1944. З 1945 сталіца Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславія (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія), з 1991 — Саюзнай Рэспублікі Югаславія.

На высокім правым беразе р. Сава, у парку Калемегдан, захаваліся рэшткі рым. і сярэдневяковых умацаванняў, тур. і аўстр. крэпасці (канец 17 — пач. 18 ст.), мячэць Байраклі-Джамія (1690). У цэнтры горада парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектызму і функцыяналізму: Стары палац (1881—82, арх. А.Бугарскі, неарэнесанс), Нар. музей (1906), Саюзная нар. скупшчына (1937). Комплекс Новага Бялграда (на левым беразе Савы) — Саюзнае выканаўчае веча (1950-я г.), Музей сучаснага мастацтва (1965), Нар. б-ка і спарт. цэнтр «25 мая» (абодва 1973), Цэнтр кангрэсаў «Сава» (1977).

У Бялградзе Сербская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т (з 1863). Музеі: Нар. музей, сучаснага мастацтва, прыкладнога мастацтва, этнаграфічны, маст. галерэя. Заапарк.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РА

(ад бія... + сфера),

абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.Б.Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.І.Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5·10​12 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3·10​18 т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;

Сытник К.М., Брайон А.В., Гордецкий А.В. Биосфера, экология, охрана природы: Справ. пособие. Киев, 1987.

Г.А.Семянюк.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

падабра́ць, падбяру, падбярэш, падбярэ; падбяром, падбераце; зак., каго-што.

1. Сабраць, падняць што‑н. з зямлі, падлогі. Падабраць рассыпаныя арэхі. □ Дзяўчынка борздзенька падабрала з зямлі букецік палявых кветак, жвава ўстала. Каршукоў. // Разм. Знайшоўшы, узяць з сабою. Падабраць раненых. □ Мы падабралі чалавека і занеслі ў партызанскі лагер. Сачанка. [Чарэнда:] — Жонку маю .. забіла асколкам, а дачка засталася жывая. Падабраў яе тады на шашы хтосьці з мясцовых. Чыгрынаў. // перан. Разм. Узяць да сябе (аб кім‑н. пакінутым). Падабраць бяздомнага ката. // Разм. Захапіўшы па дарозе, падвезці каго‑н. [Машына] падабрала Міколу і разам з іншымі раненымі перакінула ў клінічны гарадок. Якімовіч.

2. Схаваць пад што‑н. Падабраць валасы пад хустку. // Сагнуўшы, падцягнуць пад сябе (пра часткі цела). [Жанчына] зноў падабрала пад сябе ногі, зірнула на хлопца, які нават і не паварухнуўся, і ўздыхнула. Ракітны. Сабака падабраў хвост і кінуўся прэч пад павець. Лупсякоў.

3. Падмяць пад сябе, апынуўшыся наверсе. — Калясом пакаціліся — то я яго пад сябе падбяру, то .. [Сенька] наверх выкарабкаецца... Краўчанка.

4. Прыўзняць уверх. Падабраць спадніцу. □ Франя агледзелася, ці бачыць хто яе, падабрала ў руку падол сарафана. Лось.

5. Адабраць, стварыць шляхам падбору. Падабраць брыгаду. □ З мясцовай моладзі .. [Палякаў і Любімаў] падабралі сабе добрых памочнікаў і пачалі праходку ствалоў. Кулакоўскі. // Адбіраючы, выбраць нешта патрэбнае, адпаведнае. Падабраць ключ. Падабраць пасаду. □ Бяроза доўга не магла падабраць слоў, каб дайсці да галоўнага, да таго, што здарылася з імі ў дарозе. Няхай. Ужо трэба было ісці, а Ніна плацця не магла падабраць. Лобан. [Каціны] лыжы .. [старшына] забракаваў. Падабраў другія, лёгкія, праверыў мацаванне. Алешка. // Размясціць у пэўным парадку па якой‑н. агульнай прыкмеце. Падабраць карты па масці. Падабраць ніткі па ўзору. // Адбіраючы для пэўнай мэты, сабраць неабходнае. Падабраць цытаты. □ Аляксей разам з Верай схадзіў у бібліятэку, памог ёй падабраць кнігі і з ёй пайшоў на Зарадзвінне. Гаўрылкін. // Выбраць зручны момант, час. Размова ішла так, што самы раз было сказаць тое, што .. [Андрэй] павінен быў сказаць.. Лепшага выпадку не падбярэш. Арабей. [Стары:] — Я табе, Тамаш, скажу ў вочы, — не мог ты, ліха табе, падабраць іншага якога, святочнага, скажам, дня, а то напалі моду адрываць людзей ад работы. Чорны.

6. Падшукаць, знайсці правільнае або патрэбнае музычнае выражэнне. [Лена:] — От зайграла я на баяне. А Барыска пачуў песню і просіць: «Дай, мамачка, зайграць...» І што ж вы думаеце?.. Падабраў адразу мелодыю. Кірэенка. Поля, у якой быў магнітафон, прапанавала падабраць музыку і зрабіць тэкст да кінафільма. Шыловіч.

7. Разм. Сабраць усё, усіх; сабраць усе рэшткі. [Шутаў] падабраў усе рэзервы, усе дапаможныя падраздзяленні і ўмацаваў батальёны. Мележ. Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Лупсякоў.

8. перан. Разм. Узяць пад сваю ўладу; захапіць. [Сідаровіч:] — Вядома, ёсць за каго [Данілу] заступацца. Гэтакую гаспадарку пад сябе падабраў... Чарнышэвіч.

•••

І крошкі падабраць — быць вельмі падобным на каго‑н. з бацькоў або родных.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́ка ’труна для мошчаў святых’ (ТСБМ), ’дамавіна’ (Ласт.). Параўн. рус. ра́ка ’склеп, каўчэг, куфэрак’, ст.-рус. рака ’куфэрак з мошчамі святых’, палаб. rakåi/råtʼåi ’каробачка, скрыня’, чэш. rakev ’труна’, славац. rakev ’скрыня’, славен. raka ’магіла, склеп’, rakev ’труна’, серб. ра̏ка ’пахавальны склеп’, ’выкапаная магіла’, балг. ра́ка ’куфэрак з мошчамі святых’, ст.-слав. рака ’тс’. У беларускую мову трапіла, імаверна, з ц.-слав. мовы. Як і paкавіна2 (гл.), узыходзіць да *raky з метатэзай *ork‑ > *rak‑, што можа ўспрымацца як пранікненне з германскіх, параўн. гот. arka, ст.-в.-ням. arahna/archa, звязаныя з семантыкай ’зачыняць’ і роднасныя да лац. arco ’каўчэг’, arca ’скрыня, склеп’ < arceō ’зачыняю, затрымліваю’ (Праабражэнскі, 178; Фасмер, 3, 437–439; БЕР, 6, 169–170; ESJSt, 12, 746). Гл. таксама Жураўлёў, Язык и миф, 204 (з літ-рай).

Рака́ ’прыродны вадаём, які пастаянна цячэ’ (ТСБМ, Бяльк.), рэка́ (ашм., Сл. ПЗБ; ТС), параўн. укр. ріка́, рус. река́, польск. rzeka, в.-луж. rěka, палаб. rʼéka, чэш. řeka, славац. rieka, славен. reka, серб. ре́ка, харв. rijéką, балг. река́, ст.-слав. рѣка. Большасць этымалогій адносіць прасл. *rěka да і.-е. *erei‑ ’цячы’, параўн. ст.-інд. rayah/ráyas ’струмень’, rīyatē ’рухаецца, пачынае цячы’, ri‑ ’даць цячы’, rī‑ ’цячы’, rīti‑ ’рака’, rītís ’рух, бег’, retas ’цячэнне’, rīnas ’той, што цячэ’, с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, с.-н.-ням. rîn ’ток вады’, гальск. Renos ’рака Рэйн’, венг. Rajna ’тс’. Традыцыйна звязваецца з прасл. *rěj‑ati ’цячы’, *rei‑/*roi‑ > *roika > *rěka (Фасмер, 3, 464 з аглядам папярэдняй літ-ры). Рэшткі дыфтангічнага вымаўлення *rej‑/*roj‑ у некаторых слав. мовах, напрыклад, харв. rijeka, яшчэ больш пацвярджаюць гэту тэорыю. Брукнер (461) параўноўвае польск. rzeka з польск. zdrój ’крыніца’ < *roj‑ ’усё, што выцякае, пырскае’. Параўн. таксама праро́й ’праліўны дождж’ (бяроз., Шатал.), рус. дыял. заройный дождь ’залева’, ст.-рус. нарои ’раз’юшанасць, імкненне’. Адсюль рака можа азначаць не проста тое, што цячэ, а што цячэ бурліва, імкнецца, рве (Этимология–1978, 98), таму звязана з рынуць, рынуцца ’імкліва кінуцца’, рус. рвение ’імкненне’, нарыв ’тое, што імкнецца прарвацца’, рьяный ’імклівы’, што таксама ад праслав. *roj‑/rьj‑/*rьu‑. Параўноўваючы лац. rīvŭs ’паток, струмень’ з прасл. *rěka следам за Марцінэ (Word 12, I, 3), Мартынаў (БЛ, 5, 64–65) узнаўляе развіццё: прасл. *rěka < *roi‑u‑ka < і.-е. *roi‑u‑/*rei‑u > лац. rīvŭs. Важна, што лац. rīvŭs адначасова азначае і ’канал’, параўн. ням. rinnen ’цячы, працякаць’, а Rinnen ’жолаб, канава’. У гаворках сустракаецца атаясамліванне назвы ракі і рэчышча: рэчанне ’рака і рэчышча’, за рэчаннем ’за ракой’, параўн. таксама рача́ліна ’месца стоку талай і дажджавой вады’ (навагр., Нар. словатв.), гл. Можна меркаваць, што рака, як і ручай, азначалі роў, а не паток вады, і належалі да этымалагічнага гнязда з каранямі *rъv‑/*rū‑ > *ryti/*rъvati ’рваць’; тады *ryti < *rūti < *routi/*roiti ’рыць’, а не ад *rějati ’цячы’. Адсюль *rěka < *roi‑ka ’тое, што прарывае зямлю’, а не ’тое, што цячэ па зямлі’, параўн. рус. маск. ру́тина ’глыбокае месца ў рацэ’. Лявіцкі (2, 88) мяркуе, што герм. rain з семай ’мяжа, край леса, край канавы’ з’яўляецца пашырэннем і.-е. *rei‑/*roi‑ ’драпаць, рэзаць, секчы’, што абвастрае ў *roi‑ka > *rěka семантыку ’мяжа’, а гэта функцыя спрадвечна была ёй уласціва. Пры розных версіях слова ўзыходзіць да адной і.-е. базы *rei‑/roi‑, што магло азначаць ’рваць, рыць’ і ’цячы, імкнуцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казадро́ст ’расліна Anemone nemorosa (казадрост белы)’, казарост ’расліна Anemone ranunculoides’ і ’Anemone nemorosa’, ’расліна Veronica beccabunga’ (Кіс., фіксацыі Аненкава, Верас і Кісялеўскага з захаду і поўначы Беларусі’). Укр. раст, раст білий, расць, раст зазулин ’Anemone nemorosa’ (Верхратскі, Жэляхоўскі–Нядзільскі і інш.). Можна меркаваць, што тэрыторыя, дзе сустракаецца назва, зах.-укр. раст, растик, расть, раст ’Scilla autumnalis’, раст, расть ’Primula officinalis’, ласт, раст, рост, росторопша ’Aristolochia clematis’, раст, рапа білий, бычий, расть, ряст ’Corydalis cava’, ряс жовтий ’Corydalis marschalliana’, ряс, ряска, раст, ряст ’Corydalis solida’, рус. дыял. раст ’Primula veris; Primula officinalis; Aristolochia rotunda’, рост ’Tulipa Gessnericma, ростика ’Scilla cernua’, магчыма, арханг. дрозд ’Ranunculus anricomus’, чэш. kozi dříst ’расліна Anemone nemorosa’ (сілез., паводле Котта). Даль прыводзіць таксама козий‑ростъ, козья‑ростъ, козья‑морда ’расліна Veronica beccabunga’, паводле даных СРНГ, 14, 64, яны зафіксаваны акадэмічным слоўнікам 1847 г. Сувязі з каза1 бясспрэчныя. На ўсходзе толькі адна форма (рус. дыял. козий рост), якую можна ўпэўнена суаднесці з бел. словамі. На жаль, тэрыторыя рус. слова не адзначана і цяжка меркаваць аб характары сувязей бел. і рус. лексем. Рус. форма тэарэтычна можа з’яўляцца поўнай і першапачатковай, а можа ўяўляць сабой спробу «праэтымалагізаваць» незразумелае казадрост. Калі прыняць версію, што казарост складанае слова (каза + рост), цяжка вытлумачыць, як магло ўтварыцца такое слова: па беларускіх крыніцах слова рост, раст у назвах раслін не адзначаецца. Можна меркаваць, што гэтыя словы маглі трапіць у гаворкі з перасяленцамі. У такім выпадку верагодна, што слова не вытрымала канкурэнцыі з мясцовымі казелец, кураслеп, курыная слепата і іншымі назвамі гэтых раслін, аднак па мадэлі кураслеп у гэты час было ўтворана і казарост. Казадрост, такім чынам, неабходна разглядаць або як з нерэгулярным устаўным ‑д‑, або як уплыў іншага слова (гл. вышэй). Той факт, што назва казарост і рост адносіцца да розных раслін, можа тлумачыцца іх роднаснасцю паводле народнай наменклатуры (знешняе падабенства, функцыянальная адэкватнасць) або пераносам (розныя адзнакі: вясеннія расліны, аднолькавы колер кветак і інш.). Іншая назва расліны казялец (гл.) вядомая на поўначы славянскага свету і ў сувязі з казёл сумнявацца не прыходзіцца. Лексемы рост, раст, ряст і інш. па геаграфіі гэта ўсх.-слав. (укр. і, відавочна, рус., пра бел. матэрыял нельга пакуль што нічога сказаць) утварэнне, магчыма, да рости (гл. рост). Вяртаючыся да этымалогіі слова казадрост, можна адзначыць, што на магчымасць яшчэ адной версіі ўказвае зафіксаванае ў цэнтральным Палессі конодрок ’Anemone nemorosa’. Статус слова няясны; не выключныя, што яно ўтварае самастойны арэал (працяг або рэшткі зах.-бел. арэала, дзе ведалі слова). Аднак сама фіксацыя вельмі каштоўная, паколькі пацвярджае законнасць злучэння ‑др‑ у іншых формах і вымушае шукаць сувязі з раслінамі, якія носяць назву дрок, дрост, хоць, магчыма, і не з’яўляюцца блізкімі да Anemone, як вышэй разгледжаныя расліны. Лексему дрост можна суаднесці з в.-луж. drěst ’расліна Potamogeton’, dróst ’Bigens tripartitus’, drósinika ’Potamogeton’, н.-луж. drest, drost, што пацвярджае як архаічнасць гэтай формы, так і значэнне ’расліна Polygonum і падобныя да яе’. Этымалогія гэтых слоў няпэўная: Мяркулава (Очерки, 42) прапануе: *derstъ, *dersьnъ, *drestъ, *dresьnъ, якія да прасл. dristati, параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 3, 168–169; Махэк, Jména rostl., 86–87, 262. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110) пад прасл. *drestъ прыводзіць побач з чэш., славац., в.-луж., н.-луж., польск. рус. і інш. адпаведнікі бел. дрост ’расліна Poligonum nodosum’. Там жа звяртаецца ўвага на тое, што, нягледзячы на шматлікія пераўтварэнні формы, найбольш верагодным неабходна лічыць тлумачэнне Мяркулавай. Такім чынам, можна вытлумачыць форму бел. казадрост, рус. козий рост, чэш. kozídříst, аднак цяжка высветліць паралельную назву казарост. Не выключана, што трэба разумець гэту форму як другасную ў выніку зацямнення ўнутранай формы, аднак, магчыма, што менавіта разуменне ўнутранай формы прыводзіла да «эўфемістычнай» карэкцыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)