Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАГ-НАВАЖЫ́ЛАЎ (сапр.Наважылаў) Анатоль Сяргеевіч
(н. 21.11.1910, г. Выбарг, Расія),
расійскі і бел. артыст цырка, ілюзіяніст. Засл. арт. Беларусі (1963). У цырку з 1927. Выступаў як акрабат-эксцэнтрык, муз. эксцэнтрык, клоун-дывановы. У 1930 займаўся маніпуляцыяй, з 1932 ствараў ілюзійныя нумары. Выступаў пад псеўд. Шаг. Сярод работ: «Калі заўтра вайна» (1937), «Перамога» (1946), «На цыркавой і міжнароднай арэне» (1951), «Чараўнік Ягорыч» (1956), «Руслан і Людміла» (1979). У 1960—67 кіраўнік Бел. цыркавога калектыву, дзе стварыў новы ілюзійна-трансфармацыйны атракцыён у праграме «Бывайце здаровы!». Выступаў з бел. калектывам у шапіто Гомеля, Бабруйска, Магілёва, Віцебска. Аўтар сюжэтаў і канструктар апаратуры большасці сваіх нумароў. З 1967 рэжысёр «Саюздзяржцырка». У 1969 пакінуў манеж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ Галіна Валянцінаўна (н. 19.10.1969, Мінск),
бел.рэжысёрдакумент. кіно. Скончыла Бел.АМ (1994). З 1995 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Яе творчасці ўласцівы цікавасць да сац. праблематыкі, аналітычнасць у спалучэнні з вобразнымі маст. пошукамі. Зняла фільмы: «Палюбі мяне чорненькім» (1994, прыз Міжнар. кінафестывалю жаночага кіно ў Мінску), «Жаночае пытанне» (1995, дыплом Міжнар. кінафестывалю «Залаты Віцязь» у Мінску), «Канікулы для сіраты» (1998, дыплом Міжнар. кінафестывалю ў г. Піргас, Грэцыя), «Жылі-былі» (відэафільм, 2001; прызы міжнар. кінафестываляў у Слэцьёары, Румынія; кароткаметражных фільмаў у г. Ісмаілія, Егіпет; у г. Банска-Бістрыца, Славакія), «Геній месца» (2002). Фільмы «Музыка, дапамажы...» (відэафільм), «Фауст Арлена» (абодва 1996), «Гораду і свету» (1997), «На Беларусі Бог жыве...» (1999), «Кінарэжысёр Барыс Сцяпанаў» (абодва відэафільмы; 2002) прысвечаны дзеячам бел. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЕР (Mahler) Густаў (7.7.1860, в. Каліштэ, Чэхія—8.5.1911),
аўстрыйскі кампазітар, дырыжор, оперны рэжысёр; буйнейшы еўрап. кампазітар канца 19 — пач. 20 ст. З 1875 вучыўся ў Венскай кансерваторыі ў Ю.Эпштэйна (фп.), кампазіцыі — у А.Брукнера. З 1880 оперны рэжысёр у т-рах Прагі, Вены, Лейпцыга і інш. З 1888 дырэктар Каралеўскай оперы ў Будапешце, з 1891 першы дырыжор Гар.т-ра ў Гамбургу. З 1897 дырэктар Венскай прыдворнай оперы. З 1907 у ЗША, дырыжор т-ра «Метраполітэн-опера», з 1909 адначасова кіраўнік Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Для яго музыкі характэрны тэндэнцыі позняга рамантызму і адначасова рысы экспрэсіянізму, што абумоўлена трагічным асэнсаваннем сац. супярэчнасцей эпохі. Аўтар 9 сімфоній (1888—1909; 10-я не скончана), першыя 4 з якіх спалучаюць эмац. непасрэднасць і трагічную іронію, жанравыя замалёўкі і сімволіку; 5—7-я сімфоніі складаюць трагічна афарбаваную інстр. трылогію, інтанацыйна звязаную з песеннымі цыкламі (пераважна на словы Ф.Рукерта і нар. тэксты з «Чароўнага рога хлопчыка»). Творы позняга перыяду прасякнуты тэмай развітання з жыццём. Асаблівасці яго сімфанізму выяўляюцца ў адмаўленні ад класічнай 4-часткавай будовы ў большасці сімфоній, пераўтварэнні структуры ўсяго цыкла. Каб зрабіць больш даступнымі свае ідэйна-гуманіст. канцэпцыі і складаную манумент. форму сімфоній, ён дэмакратызаваў меладычную мову, уводзіў у іх вак.-хар. эпізоды. М. павялічыў склад аркестра, развіў мастацтва аркестроўкі, узбагаціў лада-гарманічныя сродкі. Сярод інш. твораў: сімфонія-кантата «Песня аб зямлі» для салістаў і арк. (1909); вак. цыклы — «14 песень і напеваў юнацкіх гадоў» для голасу з фп. (1880—90), «Песні вандроўнага чалядніка» (1883—85), «12 песень з «Чароўнага рога хлопчыка» (1892—98), «Сем песень апошніх гадоў» (1899—1902), «Песні аб памерлых дзецях» (1904; усе для голасу з арк.), «Жаласная песня» для салістаў, хору і арк. (1-я рэд. 1880). Творчасць М. значна паўплывала на музыку кампазітараў 20 ст.
Літ.:
Густав Малер: Письма. Воспоминания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1968;
Барсова И.А. Симфонии Густава Малера. М., 1975;
Тараканов М. Малер // Музыка XX в. М., 1977. Ч. 1, кн. 2;
Mitchell D. G. Mahler songs and symphonies of life and death. London, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЮ́К Валерый Васілевіч (н. 30.3. 1953, в. Ропна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел.рэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). З 1979 рэжысёрБел.т-ра імя Я.Коласа (у 1993—96 дырэктар і да 1997 маст. кіраўнік). У 1981—83 працаваў гал. рэжысёрам Магілёўскага абл., у 1983—91 Дзярж.рус.драм. т-раў. У рэжысуры спалучае псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатр. эстэтыкі. Лепшыя спектаклі М. вызначаюцца яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, уменнем раскрыць акцёрскую індывідуальнасць. Сярод пастановак: у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Клеменс» К.Саі і «Стары дом» А.Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе (1981), «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1994), «Размова ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» П.Хакса (1995), «Жаніцьба» М.Гогаля і «Час быка» Саі (1996), «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка (1998); у Магілёўскім абласным драм. т-ры (у спектаклях выступаў і як акцёр) — «Візіт дамы» Ф.Дзюрэнмата (1981), «Тутэйшыя» паводле твораў Я.Купалы (і роля Мікіты Зносака), «Каханне, джаз і чорт» Ю.Грушаса (роля Андруса) і «А хтосьці выпаў з гнязда» паводле Д.Васермана (роля Мак Мэрфі; 1982); у Дзярж.рус.драм. т-ры — «Гамлет» У.Шэкспіра, «Усё ў садзе» Э.Олбі і «Бабскае царства» Ю.Нагібіна (1984), «Знак бяды» паводле В.Быкава (1985; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Апошні наведвальнік» У.Дазорцава і «Царства зямное» Т.Уільямса (1986), «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай і «Ноч анёла» А.Розанава (1987), «Майстры» А.Дударава паводле М.Булгакава і «І быў дзень...» («Сметнік») Дударава (1988). Аўтар п’ес «Судны дзень» (разам з В.Казько, паст. 1982), «Начное рандэву», «Чароўная кашуля» (абедзве паст. ў 1992), «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае» (паст. 1995), «Пакахай мяне, салдацік» паводле аповесці Быкава (паст. 1997), «Кацігарошак» паводле бел. фальклору (паст. 1998), «Пад сонцам» (паст. 1999), вершаў у зб. «Сцяжына» (1983).
Літ.:
Гаробчанка Т. Свой шлях у мастацтве // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ Уладзімір Віктаравіч (н. 18.4.1940, Масква),
рускі артыст балета, балетмайстар. Нар.арт.СССР (1973). Скончыў Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958). У 1958—88 саліст Вял.т-ра, з 1995 яго маст. кіраўнік — дырэктар. Творчасць Васільева вылучаецца сілай і прыгажосцю скачкоў і вярчэнняў, чысцінёй ліній, пластычнай дасканаласцю. Сярод партый: Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Пятрушка («Пятрушка» І.Стравінскага), Шчаўкунок-Прынц» («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага); першы выканаўца партыі Спартака («Спартак» А.Хачатурана»; Ленінская прэмія 1970) і інш. Пастаянны партнёр К.Максімавай (жонка Васільева). Сярод пастановак: «Макбет» К.Малчанава (1980, і выканаўца гал. партыі), «Папялушка» С.Пракоф’ева (1991), опера «Травіята» Дж.Вердзі (рэжысёр-пастаноўшчык; 1996). Першыя прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964, Балгарыя), прэмія В.Ф.Ніжынскага (Парыж, 1964). З 1980-х г. выступае за рубяжом у спектаклях балетмайстраў М.Бежара, Р.Пці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНГЕ́РКА (Węgierko) Аляксандр (17.7.1893, Варшава — 1941),
польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Вучыўся ў школе пры Варшаўскіх тэатрах. Акцёрскую дзейнасць пачаў у Вільні (1912), потым выступаў у т-рах Варшавы, Кракава і Лодзі. Выкладаў у Варшаве на драм. аддзяленні кансерваторыі (1924—25), у Ін-це тэатр. мастацтва (1932—39). У пач. 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у СССР. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1939—41) Дзяржаўнага польскага тэатра БССР. Пастаўленыя ім спектаклі «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Пажыццёвае» А.Фрэдры, «Пігмаліён» Б.Шоу (і выканаў ролю Прафесара Хігінса; усе 1940), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (і роля Фігаро; 1941) і інш. вызначаліся арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй, яркай эмацыянальнасцю, глыбокай псіхал. распрацоўкай характараў, тонкім адчуваннем стылістыкі твора. У 1941 у Брэсце арыштаваны гестапа, загінуў. Яго імем названы драм.т-р у Беластоку (Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭЛА́КІ Уладзімір Аркадзевіч (29.3.1908, Тбілісі — 10.3.1994),
спявак (бас-барытон), рэжысёр. Нар.арт.СССР (1971). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1928), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1933). З 1929 саліст Муз.т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У 1954—64 адначасова гал.рэж. і артыст Маскоўскага т-ра аперэты. Стварыў галерэю драм. і камедыйных вобразаў, у т. л. Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава), Тарас («Сям’я Тараса» Дз.Кабалеўскага), Сторажаў («У буру» Ц.Хрэннікава), Стэфан («Цыганскі барон» І.Штрауса), Капеліус («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Султанбек («Аршын мал алан» У.Гаджыбекава), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Сярод пастановак: «Кето і Катэ» В.Далідзе, «Тоска» Дж.Пучыні, «Белая акацыя» І.Дунаеўскага, «Вясёлая ўдава» Ф.Легара, «Масква, Чаромушкі» Дз.Шастаковіча, «Цырк запальвае агні» Ю.Мілюціна. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ІЧАЎ Леў Сяргеевіч (н. 16.5.1936, г. Разань, Расія),
бел. пісьменнік. Скончыў БПІ (1960). З 1953 працаваў у буд. установах, выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1967—76), газ. «Звязда», на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Нёман», Тэатры юнага гледача, газ. «Известия» (да 1986). Друкуецца з 1958. Піша на бел. і рус. мовах. У п’есах «І выхавай сына» (паст. 1967 пад назвай «Мала сказаць — люблю»), «Зорныя ночы» (паст. 1977 пад назвай «Трэцяга не дадзена»), «Слова гонару» (1982), «І на ўсе часы» (1985), «Апанаванасць» (1989), аповесці «Двое на востраве» (1994) ставяцца актуальныя маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Аўтар эсэ «Таямнічасць і дакор Багдановіча» (1991), крытычных і публіцыстычных артыкулаў, вершаў, інсцэніровак для радыё, кінасцэнарыяў дакумент. фільмаў. Стваральнік, кіраўнік і рэжысёр аўтарскага камернага т-ра (1998, паст. п’есы «Яна і Ён» пра Я.Купалу, аўтарскія «Што наша жыццё», «Бацька Мінай» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПІ́ЛАЎ Віктар Рыгоравіч (8.12.1927, Мінск — 3.5.1994),
бел.рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1949). З 1956 на Рэсп. студыі тэлебачання, з 1969 адначасова выкладчык Бел.тэатр.-маст. ін-та. Для творчасці характэрны спалучэнне стылістыкі т-ра са спецыфічна тэлевізійнымі сродкамі выразнасці, выкарыстанне музыкі і жывапісна-графічных выяўл. сродкаў: тэлепастаноўкі «Млын на сініх вірах» У.Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.Горкага (1959), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (1964), «Ранак» Г.Вагнера (1968, тэлеопера), «Ткачы» Г.Гаўптмана (1969), «Тэатр купца Япішкіна» Е.Міровіча (1978), «Безназоўнае» паводле твораў Я.Купалы і «Імяніны» па матывах твораў Я.Коласа (1982), «Федра» паводле Ж.Расіна (1983) і інш. Паставіў тэлефільмы: маст. «Тартак» (1974), дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, 2-я і 3-я серыі), «Гранд эдукадор» (1970), «Помнікі не маўчаць» (1971).