ВЫМІРА́ННЕ, у экалогіі стан папуляцыі, які характарызуецца ўстойлівым перавышэннем смяротнасці над нараджальнасцю; у тэорыі эвалюцыі знікненне любой таксанамічнай групы арганізмаў без пакідання даччыных формаў. Акрамя шматлікіх фактаў вымірання асобных папуляцый і відаў вядомы прыклады поўнага вымірання цэлых атрадаў (аманіты, шчытковыя рыбы, стэгацэфалы, іхтыязаўры, дыназаўры), класаў (псілафіты, трылабіты і інш.), тыпаў (археацыяты). Прычыны вымірання асобных папуляцый і відаў звычайна звязаны з павелічэннем смяротнасці ў выніку адмоўнага ўздзеяння знешніх фактараў (змена клімату, канкурэнцыя, дзейнасць чалавека і інш.), радзей — з уплывам унутраных фактараў (інбрыдзінг — скрыжаванне блізкароднасных арганізмаў, неспрыяльная палавая ці ўзроставая структура папуляцыі). Віды, якія выміраюць, уключаюцца ў Чырв. кнігу і ахоўваюцца дзяржавай.

В.​В.​Грычык.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАМЯ́НКІ (Comephorus),

адзіны род рыб сям. галамянкавых атр. скарпенападобных. 2 віды: галамянка вялікая (Comephorus baicalensis) і галамянка малая (Comephorus dybowski) — эндэмікі воз. Байкал. Пелагічныя рыбы, жыццё праводзяць у тоўшчы вады на глыб. 100 м і болей.

Даўж. верацёнападобнага, паўпразрыстага цела 13—23 см, маса 15—64 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела голае, бледна-ружовага колеру з перламутравым адлівам. Грудныя плаўнікі доўгія, брушныя адсутнічаюць. Кормяцца пелагічнымі ракападобнымі, радзей сваімі маляўкамі. Жывародныя, характэрна малая колькасць самцоў (у галамянкі вялікай — 3% ад агульнай колькасці рыб, у галамянкі малой — 12—20%). У целе галамянкі вялікай да 33% тлушчу, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Здабываюцца дзеля тлушчу. Асноўны корм байкальскага цюленя.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСАМАЛЁТ, гідраплан,

самалёт, прыстасаваны для ўзлёту з вады і пасадкі на яе. Адрозніваюць гідрасамалёты лодачныя (з корпусам у выглядзе лодкі), паплаўковыя (з адным або двума паплаўкамі) і самалёты-амфібіі (лодачныя або паплаўковыя з колавым шасі для ўзлёту з сушы і пасадкі на яе). Першы гідрасамалёт пабудаваны ў Францыі ў 1910 А.​Фабрам, у Расіі ў 1911 Я.​М.​Гакелем. Найб. пашырэнне атрымалі гідрасамалёты канструкцыі Г.​М.​Берыева (на іх устаноўлены сусв. рэкорды, напр., скорасці палёту ў 912 км/гадз на вышыні каля 15 км).

Гідрасамалёты выкарыстоўваюцца для грузапасажырскіх перавозак, разведкі рыбы, выратавальных работ, у ваен. справе (вядзенне разведкі, пошук і знішчэнне падводных лодак).

Гідрасамалёт.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЫБЛЕ́ННЕ вадаёмаў,

выпуск у вадаёмы каштоўных відаў рыб для якаснага паляпшэння (рэканструкцыі) іх іхтыяфауны і павелічэння запасаў прамысл. рыб, а таксама з мэтай акліматызацыі рыб, арганізацыі іх нагляду. Зарыбляюць найчасцей вадаёмы, кармавыя рэсурсы якіх выкарыстоўваюцца няпоўнасцю. Для З. бяруць лічынак, сяголеткаў, гадавікоў, двухгодак, вытворнікаў. Іх гадуюць у сажалкавых і азёрна-таварных рыбных гаспадарках, рыбагадавальніках. Для З. вадаёмаў Беларусі выкарыстоўваліся: карась сярэбраны, сомік амерыканскі, стронга радужная, судак, сіговыя рыбы, амуры белы і чорны, таўсталобікі стракаты і звычайны. З 1956 вядзецца З. азёр вугром еўрапейскім. Азёрна-таварныя і сажалкавыя рыбныя гаспадаркі зарыбляюцца пераважна полікультурай (разам з карпам гадуюць шчупака, карасёў залатога і сярэбранага, сазана амурскага, таўсталобікаў, пелядзь і інш.).

т. 6, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЗМЕ́І (Hydrophiidae),

сямейства ядавітых змей. 16 родаў, больш за 50 відаў (паводле інш. звестак каля 100). Пашыраны ў трапічных водах Індыйскага і Ціхага акіянаў.

Даўж. да 2,75 м. Задняя частка тулава і кароткі хвост веслападобна сціснуты з бакоў. Галава маленькая, укрыта буйнымі шчыткамі. Могуць доўга знаходзіцца пад вадой, засвойваюць раствораны ў вадзе кісларод праз слізістую абалонку ротавай поласці. Парныя ядавітыя зубы знаходзяцца на верхняй сківіцы. Яд больш таксічны, чым у наземных змей, асабліва для халаднакроўных (рыбы і інш.). Кормяцца пераважна рыбай. Большасць відаў яйцажывародныя; нараджаюць 1—2 дзіцяняці ў вадзе, некат. — на сушы.

Марскія змеі: 1 — пласкахвост кольчаты; 2 — пеламіда двухколерная.

т. 10, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́Ў,

у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада, прызначаная для лоўлі рыбы, якая сплывае на прадвесні па цячэнні. Меў выгляд сеткавага мяшка, прымацаванага да 2 шастоў (вузмукаў), якія кольцамі злучаліся з доўгімі тоўстымі каламі (жорасцямі) так, што маглі свабодна рухацца па вертыкалі ўздоўж іх. Каб рыба не магла выйсці з мяшка, унутры яго (пры ўваходзе) прывязвалася сеткавая перагародка (падпона). П. устанаўліваўся ў палонцы пры дапамозе жорасцяў, якія ўбіваліся ў дно вадаёма, а верхнія канцы абапіраліся на лёд. У рабочым стане ніжняя частка мяшка прыціскалася вузмукамі да дна, а верхняя падтрымлівалася вяроўкамі. Ад мяшка адыходзіла некалькі шнуроў (старажоў), паторгванне якіх сведчыла, што ў сетцы ёсць рыба.

І.​М.​Браім.

Паплаў.

т. 12, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАМАІ́НЫ (ад грэч. ptōma труп),

група рэчываў з т.зв. трупных ядаў. Да іх адносяцца кадаверын, путрэсцін, агмацін і інш. Утвараюцца з некат. амінакіслот (напр. арніцін, лізін) у выніку расшчаплення бялкоў пад уплывам мікробных ферментаў у працэсе разлажэння трупаў, гніення мяса, рыбы. Сінтэзуюцца таксама ў тоўстым страўніку жывёл і чалавека, прысутнічаюць у некат. грыбах, раслінах. Таксічнасць большасці П. невялікая. У жывых арганізмах абясшкоджваюцца ў страўніку і печані або выводзяцца ў нязменным выглядзе; выкарыстоўваюцца таксама ў працэсах жыццядзейнасці (напр., агмацін прыгнечвае болевую адчувальнасць). Пры многіх захворваннях працэсы гніення ў страўніку ўзмацняюцца, што выклікае павелічэнне ўтварэння П., якія ўсмоктваюцца і садзейнічаюць развіццю інтаксікацыі.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЯДЦАПАДО́БНЫЯ (Clupeiformes),

атрад касцістых рыб. Вядомыя з верхняюрскага, шматлікія з верхнемелавога перыяду. 3 сям.: селядцовыя, анчоусавыя (Engraulidae), дарабавыя (Chirocentridae); каля 70 родаў, 300 відаў. Пашыраны ў трапічных, умераных і зрэдку ў халодных марскіх водах; некат. жывуць у прэсных водах або заходзяць у рэкі на нераст. Чародныя пелагічныя рыбы.

Даўж. 5—75 см (дараб да 3,7 м), маса (акрамя дараба) ад некалькіх грамаў да 4 кг. Цела серабрыстае, сціснутае з бакоў, укрытае цыклоіднай луской. Спінны плаўнік 1, брушныя плаўнікі маюць 6—8 прамянёў. Адкрытапузырныя, плавальны пузыр злучаецца каналам са страваводам і мае адросткі. Добра развіты сейсмасенсорныя каналы на жабравай накрыўцы. Кормяцца планктонам (дараб — драпежнік). Многія С. аб’екты промыслу.

т. 14, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

fishery

[ˈfɪʃəri]

n., pl. -eries

1) рыба́цтва n. (як заня́так: ло́ўля або́ гадо́ўля ры́бы), рыбны́ про́мысел

2) ры́бнае ме́сца; ме́сца, дзе гаду́юць ры́бу

3) дазво́л на ры́бную ло́ўлю

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Лічы́нка ’чарвякі, насякомыя, рыбы і інш. у пачатковай стадыі развіцця’ (ТСБМ) запазычана з рус. личинка ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 72), якое ў выніку дээтымалагізацыі развілося з личина ’маска’ (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 348).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)