ПАДО́БНАСЦЬ,
адпаведнасць паміж аднароднымі з’явамі, калі ўсе колькасныя характарыстыкі адной з’явы атрымліваюцца прапарцыянальным пераўтварэннем аднайм. характарыстык другой. Умовы П. вывучае падобнасці тэорыя.
Фіз. П. можна разглядаць як абагульненне геаметрычнай П. 2 геам. фігуры падобныя, калі адносіны ўсіх адпаведных даўжынь аднолькавыя. Гэтыя адносіны наз. каэф. П. або маштабам. Калі маштаб вядомы, то простым множаннем на значэнне маштабу памераў адной геам. фігуры атрымліваюцца памеры другой, падобнай ёй геам. фігуры. Акрамя П. фігур, разглядаецца таксама падобнае пераўтварэнне плоскасці (прасторы). Усякае падобнае пераўтварэнне можна ажыццявіць паслядоўным выкананнем гаматэтыі, руху і адбітку. П. і падобнымі пераўтварэннямі карыстаюцца ў мадэліраванні, чарчэнні і інш. тэхн. дастасаваннях геаметрыі.
М.У.Паўлюкевіч.
т. 11, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯКО́Ў Сяргей Фёдаравіч (н. 22.5. 1948, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.Мухінай (1976). Творы вылучаюцца ўдалай арганізацыяй арх. прасторы, вобразна-пластычнымі знаходкамі, цікавай колеравай рытмікай: сграфіта «Зямля беларуская» і «Песня пра Нёман» на фасадах карпусоў прадзільна-нітачнага аб’яднання (1978), «Адпачынак» у гал. будынку прафілакторыя ВА «Азот» (1980); люстры і вітражы ў Доме грамадзянскіх абрадаў (у сааўт., 1981), люстры ў абл. драм. т-ры (у сааўт., 1984), вітражы «Поры года» для кавярні ВА «Хваля» (1991), мазаіка на рэльефе для прафілакторыя ВА «Хімвалакно» (1993; усе ў Гродне). Аўтар пейзажаў, партрэтаў, нацюрмортаў.
Б.А.Крэпак.
т. 12, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАПО́ДЫІ [ад псеўда... + грэч. pus (podos) нага], псеўданожкі,
часовыя цытаплазматычныя вырасты ў аднаклетачных (караняножкі, некат. жгуцікавыя, спаравікі, слізевікі) і некат. клетак шматклетачных жывёл (лейкацыты, макрафагі, яйцы губак, кішачнаполасцевых, некат. раснічных чарвей), якія служаць для перамяшчэння арганізма ў прасторы, захопу корму або пабочных часцінак.
Утварэнне П. — праяўленне прасцейшай формы руху цытаплазмы: цыклозу або амёбападобнага руху. Яны ўзнікаюць і ўцягваюцца ў розных месцах клеткі, таму яе форма пры руху пастаянна мяняецца. Для тлумачэння ўтварэння П. і амёбападобнага руху існуе шэраг тэорый: змяненне паверхневага нацяжэння клеткі; наяўнасць абарачальнага працэсу пераходу асобных порцый цытаплазмы з аднаго стану ў другі і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 13, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНЫ ІНДЫКА́ТАР,
прыстасаванне для адлюстравання радыёлакацыйнай інфармацыі ў яркаснай, графічнай або лічбавай форме. Дае інфармацыю пра наяўнасць цэлей, іх каардынатах (далёкасці, азімуце, вышыні), пра змены гэтых каардынат у часе і прасторы, пра характарыстыкі цэлей (тып, памеры, колькасць і інш.).
Р.і. выкарыстоўваюцца таксама для атрымання дадатковай інфармацыі, неабходнай для кіравання аб’ектам, які абслугоўваецца радыёлакацыйнай станцыяй. Напр., на Р.і. самалётных станцый могуць дадаткова паказвацца даныя аб вышыні і скорасці палёту, становішчы самалёта адносна лініі гарызонту, колькасці паліва ў баках, стане агрэгатаў самалёта і інш. У Р.і. выкарыстоўваюцца прыёмныя злектронна-прамянёвыя трубкі (чорна-белага або каляровага відарыса), святлодыёдныя, электралюмінесцэнтныя і газаразрадныя індыкатары, вадкакрышталічныя і інш. індыкатары.
т. 13, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЙТ,
электронная публікацыя ў сусветнай інфарм. прасторы WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web сусветная павуціна), даступная карыстальнікам Інтэрнета. Уяўляе сабой сукупнасць тэматычна звязаных Web-старонак, якія адносяцца да аднаго аўтара, праблемы, установы, прадпрыемства ці інш. Бывае любога памеру і зместу (тэкст, графіка, анімацыя, гук, відэа і інш.). Размяшчаецца на вузлавым камп’ютэры з пастаянна дзеючай праграмай Web-сервер. Падрыхтоўка С. для распаўсюджвання ў Інтэрнеце ажыццяўляецца па спец. Web-тэхналогіі з выкарыстаннем мовы разметкі гіпертэкставых дакументаў. Доступ да С. выконваецца па канкрэтным адрасе; пошук, прагляд, навігацыя па спасылках і раздрукаванне С. адбываюцца з дапамогай спец. праграм.
А.І.Боскіна, А.В.Нікіфараў.
т. 14, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМБАТАШВІ́ЛІ Іосіф Георгіевіч (н. 10.11.1915, Тбілісі),
грузінскі тэатр. мастак. Нар. маст. СССР (1982). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1936—42). У 1942—47 гал. мастак Груз. т-ра оперы і балета імя З.Паліяшвілі, у 1948—59 — Т-ра імя К.Марджанішвілі ў Тбілісі (аформіў спектакль «Яго зорка» І.Масашвілі, 1951; Дзярж. прэмія СССР 1952), у 1962—72 — Цэнтр. т-ра Сав. Арміі, у 1972—88 — Т-ра імя Я.Вахтангава ў Маскве. Афармляў таксама спектаклі ў Маскоўскім маст. акад. т-ры («Сталявары» Г.Бокарава, 1972, Дзярж. прэмія СССР 1974) і інш. Творчасці ўласцівы лаканізм афармлення сцэн. прасторы ў кантрастным супастаўленні з экспрэсіўнай маляўнічасцю касцюмаў.
т. 15, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПІ́ЗМЫ (ад грэч. tropos паварот, кірунак),
накіраваныя роставыя рухі (выгіны) органаў раслін, якія выклікаюцца аднабаковым уздзеяннем фактараў асяроддзя (святла, зямнога прыцяжэння, хім. рэчываў і інш.). Аснова Т. — раздражняльнасць. Узнікаюць у ч. раслін, што растуць, і з’яўляюцца вынікам больш хуткага росту клетак на адным баку сцябла, кораня ці ліста ў залежнасці ад размеркавання гармону росту раслін (аўксіну). Пры станоўчых Т. рух накіраваны ў бок раздражняльніка, пры адмоўных — ад яго. Шляхам арыентацыі органаў у прасторы Т. забяспечваюць найб. эфектыўнае выкарыстанне пажыўных фактараў, ахову ад шкодных уздзеянняў. У залежнасці ад прыроды раздражняльніка адрозніваюць тэрма-, фота-, гідра-, хема-, геа- і інш. віды Т. Гл. таксама Настыі.
т. 15, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯДЭ́НКА Анатоль Сямёнавіч (н. 19.7.1929, г. Грозны, Расія),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1974), праф. (1976). Скончыў Маскоўскі ун-т (1952). З 1955 у БДУ (у 1973—76 і ў 1977—93 заг. кафедры, у 1976—77 дэкан ф-та, у 1979—81 прарэктар). Навук. працы па дыферэнцыяльнай геаметрыі, тэорыі груп Лі і аднародных прастораў. Атрымаў класіфікацыю псеўдарыманавых сіметрычных прастораў з класічнымі асн. групамі, даследаваў рэгулярныя прасторы з сіметрыямі.
Тв.:
Симметрические пространства с простыми некомпактными фундаментальными группами // Докл. АН СССР. 1956. Т. 108, № 6;
Пространства с симметриями. Мн., 1977;
Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 1—2. Мн., 1984—87 (у сааўт.).
П.М.Бараноўскі.
т. 16, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫЛІНДРЫ́ЧНАЯ ХВА́ЛЯ,
хваля, што радыяльна разбягаецца ад (збягаецца да) некаторай восі ў прасторы ці пункта на плоскасці (кругавая хваля). Напр., хвалі на паверхні вады ад кінутага каменя.
Найпрасцейшая монахраматычная сіметрычная Ц.х. задавальняе двухмернае хвалевае ўраўненне і на вял. адлегласцях ад восі апісваецца асімптатычным выразам
, дзе
— амплітуда і
— фаза Ц.х. Фазавая скорасць Ц.х. супадае з фазавай скорасцю плоскай хвалі. Ц.х. — істотна нестацыянарная хваля: пры аддаленні ад восі (цэнтра) яна пакідае «шлейф», які можна трактаваць як вынік прыходу хвалевых узбурэнняў ад усё больш аддаленых (ад пункта назірання) крыніц на восі.
т. 17, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЕ́ЕЎ Сяргей Міхайлавіч (н. 22.3.1957, г. Варонеж, Расія),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1996). Скончыў Маскоўскі ун-т (1979). З 1982 у Брэсцкім ун-це (у 1995—2000 заг. кафедры). Навук. працы па геам. тапалогіі, тэорыі кампактных груп пераўтварэнняў. Устанавіў рэдукцыю гіпотэзы Гільберта—Сміта да тэорыі класіфіцыруючых свабодных прастораў. Распрацаваў аксіяматычны метад у тэорыі прастораў Менгера і Нёбелінга, у выніку чаго атрымана рашэнне класічнай праблемы характарызацыі прасторы Нёбелінга.
Тв.:
Классифицирующие пространства для свободных действий и гипотеза Гильберта—Смита // Матем. сб. 1992. Т. 183, № 1;
Характеризация свободного действия нульмерной компактной группы на k-мерном менгеровском компакте // Изв. РАН. Математика. 1995. Т. 59, № 2.
т. 18, кн. 1, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)