шырокае драўлянае сядзенне на ножках, з падлакотнікамі і спінкай; від мэблі. Вядома з часоў сярэдневякоўя ў інтэр’ерах палацаў і сядзіб. У формах і аздабленні (разьба, інкрустацыя, абіўка са скуры ці тканін) праявіўся ўплыў маст. стыляў рэнесансу, барока, класіцызму, ампіру і інш. З 19 ст.пашырана ў інтэр’еры бел.нар. хаты, замяніла лаву. К. выраблялі мясц. майстры-саматужнікі, аздаблялі прапілоўкай па краях спінкі, такарнымі элементамі, фігурнымі накладкамі. На З Беларусі бытаваў таксама шлябан — К. з сядзеннем у выглядзе скрыні, куды складвалі розныя рэчы. У наш час самаробныя К. саступілі месца прамысл. вырабам, якія звычайна ўваходзяць у гарнітур мэблі для гасціных пакояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛІКАВАЕ ПЛАДАВО́ДСТВА,
вырошчванне нізкарослых пладовых дрэў, пераважна яблыні і грушы; адзін з метадаў інтэнсіфікацыі пладаводства. Пашырана ў краінах з цёплым сухім кліматам, у паўд. краінах СНД, на Беларусі — у паўд. і паўд.-зах. раёнах.
Нізкарослыя (1,5—3 м) дрэвы атрымліваюць прышчэпліваннем звычайных сартоў на слабарослыя прышчэпы. У якасці прышчэпаў для яблыні выкарыстоўваюць пераважна парадзізку чырваналістую, для грушы — айву. Дрэвы на такіх прышчэпах пачынаюць рана (на 2—3-і год) плоданасіць, даюць больш вял. і больш цукрыстыя плады, з іх збіраюць больш высокія ўраджаі. У карлікавых садах больш зручна праводзіць інтэгрыраваную барацьбу з хваробамі і шкоднікамі, механізаваную ўборку ўраджаю і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛЬСКАЯ МО́ВА,
адна з фіна-угорскіх моў (прыбалтыйска-фінская група). Пашырана ў Карэліі, Цвярской, часткова Ленінградскай і Наўгародскай абласцях (Расія). Мае 3 дыялекты: уласна карэльскі, лівікоўскі (ці аланецкі) і людзікоўскі.
К.м. аглюцінатыўная. Для фанетыкі характэрны проціпастаўленне кароткіх і доўгіх галосных, наяўнасць дыфтонгаў, сінгарманізм. у сінтаксісе ўжыванне прыназоўнікаў і паслялогаў. Стараж. пісьмовыя помнікі адносяцца да 13 ст. Збераглася багатая вусная нар. творчасць (эпас «Калевала» і інш.). У 1930-я г. існавала пісьменнасць на аснове рус. алфавіта, з 1940-х г. К.м. ўжывалася ў вуснай форме. З канца 1980-х г. пісьменнасць на аснове лац. графікі.
Літ.:
Основы финно-угорского языкознания: Прибалт.-фин., саамский и мордовский языки. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Пашырана ў Іспаніі (аўт.вобл. Каталонія, Валенсія, Балеарскія а-вы), Францыі (гіст.вобл. Русільён, дэпартамент Усх. Пірэнеі), Андоры і ў г. Альгера (в-аў Сардзінія, Італія). Мае 2 групы дыялектаў: усходнюю (барселонскі, балеарскі, русільёнскі, альгерскі) і заходнюю (лерыданскі, валенсійскі). У фанетыцы складаны кансанантызм, варыятыўнасць фанем, у марфалогіі і лексіцы блізкасць да аксітанскай (правансальскай) мовы. Асаблівасць К. м. — наяўнасць абвеснага ладу (vaig cantar — «Я спяваў»). У сінтаксісе і лексіцы моцны ўплыў ісп. мовы. Першыя помнікі пісьменнасці датуюцца 11—12 ст. З сярэдзіны 13 ст. развіваецца літ. мова, у яе аснове барселонскі дыялект. Пісьменнасць на аснове лац. алфавіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛА́,
хвароба каранёў раслін сям. крыжакветных, якая выклікаецца грыбам Plasmodiophora brassicae. Найчасцей пашкоджвае капусту, а таксама бручку, радыску, рэпу, рэдзьку, гарчыцу, турнэпс, некат. віды пустазелля. Найб.пашырана на кіслых глебах.
Споры грыба пранікаюць у тканкі кораня, выклікаюць узмоцненае дзяленне клетак, у выніку ўтвараюцца вял. патаўшчэнні, нарасці, уздуцці. У іх пранікаюць інш. мікраарганізмы, нарасці загніваюць і разбураюцца. Споры грыба трапляюць у глебу, якая з’яўляецца асн. крыніцай заражэння (споры К. захоўваюцца 5—6 гадоў). Расліны заражаюцца на працягу ўсяго перыяду вегетацыі. Меры барацьбы: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, дэзінфекцыя парнікоў і расаднікаў, вапнаванне глебы, выбракоўка заражанай расады, правільная агратэхніка, знішчэнне крыжакветнага пустазелля і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМБЕРЛІ́Т (ад назвы г. Кімберлі ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы),
вулканічная і субвулканічная ультраасноўная шчолачнага саставу брэкчыя- або туфападобная горная парода. Складаецца з алівіну, кальцыту, піропу, піраксену, храміту, ільменіту і інш. мінералаў, уключаных у дробназярністую асн. масу (серпентын, кальцыт, флагапіт і інш.). Колер чорны, з сіняватым і зеленаватым адценнем. Запаўняе трубкі выбуху (дыятрэмы) і трапляецца ў выглядзе жыл, даек, сіл; пашырана пераважна на стараж. платформах. Вядома больш за 1500 цел К., з якіх 8—10% алмазаносныя. Асн. алмазаносныя К. ў ПАР і Расіі (Рэспубліка Саха, б. Якуція). На Беларусі праводзяцца пошукавыя работы на К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШАЧНАДЫ́ХАЛЬНЫЯ (Enteropneusta),
клас паўхордавых. Каля 80 відаў. Большасць пашырана ў морах трапічнай зоны, астатнія — у морах умеранай зоны. Жывуць на рознай глыбіні на паверхні дна або ў мяккім муле, мулаватым пяску, на каралавых рыфах. Свабоднарухомыя. Тыповы прадстаўнік К. — баланаглос.
Даўж. ад 3 см да 2,5 м. Цела чэрвепадобнае, мае хабаток, каўнерык і тулава, пакрытае сліззю. Сценкі стрававода ў пярэдняй ч. працяты 2 радамі шчэлепных шчылін (адсюль назва). Кормяцца дробнымі жывёламі, рэшткамі раслін і інш.арган. рэчывамі. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, за выключэннем 1 жывароднага віду (Xenopleura vivipara). Развіццё з метамарфозам. Лічынка (тарнарыя) падобная да лічынак ігласкурых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАДО́ФАРА (Cladophora),
род зялёных водарасцей сям. кладофаравых. Каля 150 марскіх і прэснаводных відаў. Пашырана амаль усюды. У вадаёмах Беларусі трапляюцца К. эгаграпільная (C. aegagropila), занесеная ў Чырв. кнігу, скручаная (C. glomerata), слабая (C. fracta), C. Kütz. sp.
Макраскапічныя водарасці ў выглядзе рыхлых дзярнінак, шчыльных паўшарападобных калоній ці бясформенных скопішчаў цёмна-зялёных нітак. Прымацаваны да субстрату рызоідамі або плаваюць свабодна, утвараючы ціну. Ніткі галінастыя, з адным радам выцягнутых шмат’ядравых клетак. Хларапласт сеткаваты. Размнажэнне вегетатыўнае (ч. талому, акінеты), бясполае (зааспоры), палавое (ізагамія). Адзначана чаргаванне пакаленняў: спарафіту і гаметафіту. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вырабу паперы. Культывуецца ў акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГАЎКА (Vanellus vanellus),
каня, птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пералётны від. Пашырана ў Еўразіі, на Беларусі трапляецца ўсюды. Жыве на вільготных лугах, травяністых балотах, забалочаных выганах; з 2-й пал.ліп. збіраецца чародамі. Зімуе ў Зах. Еўропе, на паўн. узбярэжжы Афрыкі. Нар. назвы кігіка, кныга, чайка.
Даўж. да 35 см, маса каля 200 г. Галава, шыя і валлё чорныя, з сіне-зялёным метал. бляскам, спіна аліўкава-зялёная з пурпуровым адлівам, грудзі і брушка белыя. На галаве доўгі вузкі чубок. Крылы шырокія, закругленыя на канцах. Корміцца насякомымі і інш. дробнымі беспазваночнымі, насеннем. Гняздуецца на зямлі невял. калоніямі і парамі. Нясе 4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМЫСАЛЯЧЭ́ННЕ,
ужыванне з лекавымі мэтамі пажыўнага напітку з кабылінага (радзей вярблюджага і каровінага) малака — кумысу. У качавых народаў вядома са стараж. часоў. Навук. абгрунтаванне К. ў Расіі дадзена М.В.Поснікавым (у 1883 пабудаваў кумысалячэбніцу непадалёку ад г. Самара). На Беларусі кумысалячэбніцы ў 2-й пал. 19 ст. існавалі ў г. Дуброўна (Віцебская вобл.) і Ігуменскім пав. (Мінская вобл.). К. пашырана пераважна на курортах паўд. раёнаў Расійскай Федэрацыі, у Казахстане, краінах Сярэдняй Азіі. Найб. дабратворны ўплыў яно аказвае пры туберкулёзе лёгкіх ці перыферычных лімфатычных вузлоў, павялічвае сакрэцыю страўніка, паляпшае састаў крыві; рэкамендуецца пры гастрытах, С-гіпавітамінозе, паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку.