спецыфіка́цыя, ‑і, ж.

1. Вызначэнне і пералік спецыфічных асаблівасцей чаго‑н.; размеркаванне на разрады, групы ў адпаведнасці са спецыфічнымі асаблівасцямі; класіфікацыя. Спецыфікацыя машын.

2. Тэхнічны дакумент, у якім ёсць пералік часцей і дэталей якога‑н. вырабу, а таксама ўказанні на іх колькасць, вагу, сорт і пад.; дакумент з пералікам умоў, якім павінен адпавядаць заказаны прадмет. Скласці спецыфікацыю на абсталяванне. □ [Барыс:] — Братка ты мой, колькі ж там клопату! Адгрузка, пагрузка, прыемна, разнарадкі, накладныя, спецыфікацыі — што, куды, як? — чорт яго разбярэ. Скрыган.

[Ад лац. species — від, разнавіднасць і facio — раблю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

little2 [ˈlɪtl] adj.

1. малы́, мале́нькі; мало́дшы;

a little house (мале́нькі) до́мік;

a little boy хло́пчык;

my little brother мой бра́цік;

the little ones дзе́ці

2. нязна́чны, нікчэ́мны;

little things дро́бязі

3. невысо́кі; нядо́ўгі, каро́ткі;

He was a little man. Ён быў чалавек не вялікага росту;

in a little while ху́тка

a little bird told me infml я чуў, што…

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

opinion [əˈpɪnjən] n.

1. ду́мка, по́гляд, меркава́нне, перакана́нне;

in my opinion на маю́ ду́мку, на мой по́гляд, па-мо́йму;

be of the opinion thatfml меркава́ць/лічы́ць/ду́маць, што…;

public opinion грама́дская ду́мка;

a matter of opinion спрэ́чнае пыта́нне

2. заключэ́нне спецыялі́ста; экспе́ртнае заключэ́нне;

have a high/low opinion of smb./smth. быць высо́кай/невысо́кай ду́мкі аб кім-н./чым-н.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

this

[ðɪs]

1.

adj., pl. these

1) гэ́ты, гэ́тая, гэ́тае

this child — гэ́тае дзіця́

After this you must go home — Пасьля́ гэ́тага ты му́сіш ісьці́ дамо́ў

2) This is newer than that — Гэ́ты наве́йшы за той

2.

pron.

гэ́та

This is my brother — Гэ́та мой брат

3.

adv.

гэ́та, гэ́так

before this — пе́рад гэ́тым

like this — так, гэ́так

this much — гэ́тулькі

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

дурны́, а́я, ‑о́е.

1. Разумова абмежаваны, тупы; неразумны. Дурная галава. □ Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурны. Якімовіч. // Наіўны, неспрактыкаваны, нездагадлівы. Лявон важна сказаў: — Дурныя вы, могілкі — самае бяспечнае месца. Асіпенка. // Які выражае разумовую абмежаванасць, сведчыць аб дурасці. — Калі сустрэнеш папа на дарозе — не к дабру, — кажуць людзі. Міхалка плюе, нібы верыць у гэты дурны забабон. Бядуля. // Выпадковы, беспадстаўны. Дурны смех.

2. у знач. наз. дурны́, о́га, м. Тое, што і дурань. Дурному закон не пісан. Прыказка.

3. Варты асуджэння; дрэнны, непрыемны. [Караневіч:] Была адна дурная гісторыя, пра якую мне не хочацца гаварыць. Крапіва. — Я гэта табе кажу для таго, каб ты зразумела мяне і не дакарала за мой дурны і недаравальны ўчынак. Лобан. / у знач. наз. дурно́е, о́га, н. Дурное лезе ў галаву.

4. Цяжкі, благі. Нешта садніла сэрца ў Ганны, настрой дурны навяваўся на яе. Нікановіч.

•••

Дурны як бот; дурны як баран — пра разумова адсталага чалавека.

Дурным голасам гл. голас.

З дурнога розуму гл. розум.

Няма дурных! гл. няма.

Як на маю дурную галаву (мой дурны розум) гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. □ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.

2. у знач. наз. ро́дныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.

3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. □ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.

4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.

•••

Родны склон гл. склон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяро́д, прыназ. з Р.

1. У прамежку паміж краямі якой‑н. прасторы, пераважна ў роўнай адлегласці ад іх; пасярод. Стаяць сярод пакоя. □ Мікола чытаў, стоячы сярод хаты. Брыль. Палеткі калгаса «Рассвет» былі сярод лясоў. Кавалёў. // У прамежку паміж пачаткам і канцом якога‑н. адрэзка часу; на працягу чаго‑н. Сярод ночы.

2. У акружэнні каго‑, чаго‑н. (якіх‑н. аднародных прадметаў, з’яў, асоб); паміж кім‑, чым‑н. Карабель сярод ільдоў. Хата сярод лесу. □ Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых, Сярод якіх душой і я. Колас. Учора, як разыходзіліся ад пакгауза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш. Лынькоў. // У ліку, у саставе каго‑, чаго‑н. Сярод тых, хто варочаўся паражняком, былі і Арсень з Міхасём. Каваленка. Сярод трафеяў было некалькі афіцэрскіх мундзіраў. Грахоўскі. // У асяроддзі, у акружэнні каго‑н. [Алаізе] так многа далі простыя людзі, сярод якіх яна жыла. Яны навучылі яе любіць кожную травінку на роднай зямлі, захапляцца паэзіяй паданняў, легенд. Арабей.

•••

Сярод белага дня гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРЛО́Ў Уладзімір Аляксеевіч

(н. 25.8.1953, г. Полацк),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн. літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРБЕ́РАВА Ніна Мікалаеўна

(8.8.1901, С.-Пецярбург — 1993),

руская пісьменніца. У 1922 разам з мужам У.Хадасевічам эмігрыравала. Жыла ў Парыжы, літ. супрацоўнік газ. «Последние новости», дзе апублікавала цыкл апавяданняў «Біянкурскія святы» (1928—40). У 1950 пераехала ў ЗША, выкладала рус. мову ў Іельскім і інш. ун-тах; праф. л-ры. Раманы «Апошнія і першыя: раман з эмігранцкага жыцця» (1930), «Валадарка» (1932), «Без канца» (1938) пра лёс салдат і афіцэраў белай гвардыі. Аўтар кніг «Чайкоўскі, гісторыя адзінокага жыцця» (1936, СПб., 1993), «Барадзін» (1938), аўтабіягр. кнігі «Курсіў мой» (на англ. мове, 1969, на рус. мове 1972; 2 выд., т. 1—2, 1988), рамана «Жалезная жанчына» (1981, М., 1991) пра неардынарнае жыццё рус. эмігранткі, даследавання «Людзі і ложы: Рускія масоны XX ст.» (1986). Пісала вершы, крытычныя артыкулы пра творчасць Хадасевіча, У.Набокава, рус. сав. літаратуру.

Тв.:

Стихи, 1921—1983. Нью-Йорк, 1984;

Повести. М., 1992;

Рассказы в изгнании. М., 1994.

С.Ф.Кузьміна.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў Гомелі ў 1968 з групы лялечнікаў, якая з 1963 працавала пры Гомельскім абл. драм. т-ры. Адкрыўся спектаклем «Снягурчына школа» Г.Ландаў. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Каб не змаўкаў жаваранак» і «Чортаў скарб» А.Вольскага, «Свецяць зорачкі калядныя» (інсцэніроўка У.Матроса), «Кветка папараці» Г.Каржанеўскай, «Казка пра храбрага салдата» Я.Шварца, «Казка пра цара Салтана» паводле А.Пушкіна, «Чалавек з хвастом» Р.Остэра, «Бука» М.Супоніна, «Запалка-невялічка» Г.Сцяфанава, «Халоднае сэрца» Ю.Каранца, «Здарэнне ў лялечным тэатры» А.Барысавай, «Алі-баба і разбойнікі» У.Маслава, «Калабок» Я.Патрыка, «Я — кураня, ты — кураня» Г.Усач і Я.Чапавецкага, «Аперацыя — ліквідацыя» М.Азава і В.Міхайлоўскага, «Мой тата — воўк» У.Арлова і інш. Гал. рэжысёры: В.Чарняеў (1968—85), У.Матрос (з 1986), гал. мастакі: А.Чабатароў (1968—78), Н.Баяндзіна (з 1980).

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)