творчы метад літаратуры і мастацтва, эстэт. пастулаты якога грунтаваліся на сацыяліст. канцэпцыях светаўспрымання. У аснову маст.-выяўл. патрабаванняў былі пакладзены народнасць, гуманістычнасць, рамантыка, праўдзівасць гіст.-канкрэтнага адлюстравання рэчаіснасці ў яе эвалюц. развіцці. Генет. вытокі С.р. фіксуюцца ў рэв.-пралет. л-ры Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі (сярэдзіна — 2-я пал. 19 ст.), Расіі, Балгарыі, Польшчы, Украіны, Беларусі і інш.еўрап. краін (канец 19 — пач. 20 ст.). Тэрмін «С.р.» упершыню з’явіўся ў перыяд. друку ў 1932 і быў закліканы абазначыць маст. своеасаблівасць сав. л-ры, паняційна канкрэтызаваць іманентную сутнасць таго рэалізму, які пачаў дамінаваць у яе творчай практыцы. Існавалі варыянты азначальнай часткі тэрміна: «гераічны», «рамантычны», «рэвалюцыйны», «сацыяльны», «тэндэнцыйны», «манументальны» і г.д., але зацвердзіўся «сацыялістычны» як найб. універсальны. Паняцце С.р. замацавана на I Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў (1934) для абазначэння асн. метаду сав.маст. літаратуры і літ. крытыкі. У статуце Саюза пісьменнікаў СССР, прынятым на гэтым з’ездзе, дэкларавалася, што С.р. павінен забяспечыць маст. творчасці «выключную магчымасць выяўлення творчай ініцыятывы, выбару разнастайных форм, стыляў, жанраў». Тэарэт. асновы С.р. закладваліся ў працах эстэтыкаў-марксістаў Г.Пляханава, Д.Благоева, А.Луначарскага, Ю.Мархлеўскага, В.Вароўскага, А.Варонскага і інш. Адным з буйнейшых пачынальнікаў лічыцца М.Горкі (раман «Маці»). На Беларусі актыўным прапагандыстам новага метаду быў Ц.Гартны. У 1918 у лекцыі пра бел. л-ру, прачытанай студэнтам Бел.нар. ун-та ў Маскве, ён сфармуляваў вядучыя прынцыпы пралет. творчай дактрыны, у аснову якой быў пакладзены класавы кампанент. На гэту дактрыну ў сваёй творчай практыцы арыентаваліся члены літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Звенья», Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў, якія ўспрынялі заклік М.Горкага паказваць канфлікты сучаснай рэчаіснасці праз прызму гіст. аптымізму, адлюстроўваць іх у перспектыве грамадска-рэв. развіцця, маляваць велічны вобраз новага чалавека, стваральніка новага свету, рэалізатара спрадвечнай мары аб вольнай працы на вольнай зямлі. Аднак адразу быў узяты курс на ператварэнне С.р. з асноўнага ў адзіны для ўсіх творцаў маст. метад, а сац. аптымізм прадпісвалася разумець як лакіроўку рэчаіснасці. Неўзабаве з’явілася тэорыя бесканфліктнасці, якая выключала паказ сапраўдных грамадска-паліт. супярэчнасцей і недахопаў, дапускаючы адлюстраванне барацьбы, сутычак толькі добрага з лепшым, а лепшага з выдатным. Тэарэт. база С.р. пашыралася ідэямі народнасці (1930-я г.), сацыяліст. гуманізму (1950-я г.), прынцыпам эстэтычна адкрытай сістэмы (1970-я г.), што дазволіла стварыць шэраг высокамаст. твораў ва ўсіх жанрах л-ры (паэмы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка і інш., раманы І.Мележа, І.Шамякіна, І.Навуменкі, І.Пташнікава і інш., п’есы К.Крапівы, А.Макаёнка і інш.). С.р. — з’ява інтэрнацыянальная, яго прадстаўнікамі былі як савецкія (У.Маякоўскі, М.Шолахаў, К.Федзін, Л.Лявонаў, А.Фадзееў і інш.), так і зарубежныя (Л.Арагон, Г.Зэгерс, М.Пуйманава, Ж.Амаду, Я.Гашак і інш.) пісьменнікі. Метад С.р. быў пашыраны на ўсе віды мастацтва, у т. л. архітэктуру (пераважна аздабленне), выяўл. мастацтва, кіно, тэатр, музыку. Пасля распаду СССР С.р. не знік з творчай практыкі, але яго гіст. місія ацэньваецца даследчыкамі неадназначна.
Літ.:
Ленин В.И. О литературе и искусстве. 7 изд. М., 1986;
Марков Д.Ф. Проблемы теории социалистического реализма. 2 изд. М., 1978;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Гаранін Л.Я., Яскевіч А.С., Матрунёнак А.П. Нараджэнне новага мастацтва. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТАРА́С НА ПАРНА́СЕ»,
сатырычна-гумарыстычная паэма; помнік бел. літаратуры 19 ст. Верагодна, напісана ў 1850-я г. Доўгі час распаўсюджвалася ў рукапісах, упершыню апубл. як ананімны твор у газ. «Минский листок» (№37 за 16.5.1889). Праблема аўтарства складаная. Выказваліся думкі, што паэма належыць пяру В.Дуніна-Марцінкевіча ці А.Вярыгі-Дарэўскага, але творчая манера гэтых пісьменнікаў далёкая ад манеры аўтара паэмы. Меркавалі, што паэму напісаў В.Равінскі, з імем якога звязвалі паэму «Энеіда навыварат», або беглы дзекабрыст, які пад імем Яўхіма Крупенькі жыў у Клімавіцкім пав. на Магілёўшчыне. Большасць даследчыкаў аддавала перавагу меркаванню этнографа Е.Р.Раманава, што аўтар паэмы — адзін са студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Былі падставы думаць. што паэма напісана якім-н. пецярбургскім літаратарам-беларусам, цесна звязаным з рус.літ. коламі. Перспектывы для даследчыкаў адкрыў спіс паэмы з паметай: «К.Вераніцын, 15.4.1855, Гарадок» (гл.Вераніцын К.В.). Апошнім часам паэма ўсё часцей друкуецца як аўтарскі твор Вераніцына. У снежні 2001 у г. Гарадок Віцебскай вобл. і на радзіме Вераніцына ў в. Астраўляны Гарадоцкага р-на ўстаноўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы і яе верагоднага аўтара. Магчыма, у напісанні паэмы ўдзельнічаў гімназічны таварыш Вераніцына Я.Вуль.
Сюжэт твора — прыгоды палясоўшчыка Тараса, які, выправіўшыся аднойчы ў пушчу, трапіў знянацку на Парнас — месца знаходжання багоў і паэтаў. Некат. вонкавымі адзнакамі твор прымыкае да травесційных паэм (гл.Бурлеска), да «Энеіды навыварат». Але зніжэнне вобразаў стараж. багоў і герояў і барацьба з эстэтыкай класіцызму не гал. мэта аўтара. У паэме даецца яскравая, напоўненая мноствам рэалій карціна побыту бел. сялян. З вял. сімпатыяй і майстэрствам створаны вобраз Тараса — адзін з першых рэаліст. вобразаў чалавека з народа ў бел. л-ры. Другая важная тэма — адлюстраванне становішча ў рус. л-ры сярэдзіны 19 ст., барацьбы перадавога і рэакц. кірункаў у ёй. Гэтаму прысвечана сцэна ўзыходжання пісьменнікаў на Парнас. Сімпатыі аўтара цалкам на баку перадавых пісьменнікаў, якія вызначалі сваёй творчасцю развіццё л-ры. Сваёй эстэт. сістэмай, дэмакр. сутнасцю паэма скіравана супраць эстэтыкі афіц. народнасці, супраць булгарынскай псеўданар. эстэтыкі. У паэме сатыр. выпады супраць славянафільскай ідэалізацыі патрыярхальнага побыту, адмаўленне сентыменталізму, уласцівага некат. творам тагачаснай бел. л-ры. Паэма адстойвала сапраўдную народнасць л-ры, сцвярджала неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Твор напісаны 4-стопным ямбам пушкінскай школы, у аснове мовы — усх.-бел. гаворкі, якімі аўтар валодае віртуозна. Адчуваецца цесная сувязь з фальклорам, нар. гумарыстычным апавяданнем. Вялікую ролю адыгрываюць нар. параўнанні, выслоўі, устойлівыя звароты. Арыгінальным сюжэтам, высокім узроўнем маст. дасканаласці «Т. на П.» — якасна новая з’ява ў бел. л-ры. Яна адыграла вял. ролю ў станаўленні бел.літ. мовы, развіцці бел. л-ры, ва ўмацаванні дэмакр.рэаліст. кірунку ў ёй. Перакладзена на рус., укр., польск., англ. мовы.
Публ.:
Энеіда навыварат;
Тарас на Парнасе. Мн., 1982;
Тарас на Парнасе: Нар. паэма. Мн., 1998.
Літ.:
Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;
Шаўцоў П. Спрадвечнае. Мн., 1973;
Кісялёў Г.В. Пошукі імя. Мн., 1978;
Яго ж. Разыскивается классик...: Пер. с бел.Мн., 1989;
Скалабан В. Новыя матэрыялы з гісторыі беларускай літаратуры XIX ст. // Шляхам гадоў. Мн., 1990. [Вып. 1.];
Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX ст.Навук.-літ. альманах. Мн., 2000. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕЙНАЯ ОПТЫКА
Пачатак даследаванням у галіне нелінейнай оптыкі на Беларусі далі працы Б.І.Сцяпанава і В.П.Грыбкоўскага па разліку нелінейных эфектаў у паглынанні і вылучэнні святла, якія былі выкананы яшчэ да стварэння лазераў і адыгралі важную ролю ў развіцці даследаванняў лазернай генерацыі святла.
З 1961 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі, а потым у БДУ, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах, ін-тах электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН Беларусі, Міжнар. лазерным цэнтры сістэматычна вядуцца даследаванні ўласцівасцей і механізмаў утварэння нелінейных аптычных з’яў, распрацоўка метадаў і ўстройстваў для нелінейна-аптычнага пераўтварэння частаты і інш. параметраў лазернага выпрамянення і вывучэння характарыстык розных асяроддзяў. У выніку прадказаны і рэалізаваны схемы эфектыўнай генерацыі гармонік, складання і аднімання частот у крышталях (Б.В.Бокуць, М.С.Казак, А.Р.Хаткевіч), вымушанага камбінацыйнага рассеяння (П.А.Апанасевіч, В.А.Арловіч, А.С.Грабчыкаў); на гэтай аснове распрацаваны і створаны эфектыўныя нелінейна-аптычныя пераўтваральнікі частаты лазернага выпрамянення ў інфрачырвоным, бачным і ультрафіялетавым дыяпазонах. Адкрыта з’ява абарачэння хвалевага фронту пры чатырохфатонных узаемадзеяннях (Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў, Б.І.Сцяпанаў). Развіты фіз. асновы дынамічнай галаграфіі і прапанаваны новыя галаграфічныя метады кіравання прасторава-часавай структурай лазернага выпрамянення (П.А.Апанасевіч, А.А.Афанасьеў, Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, А.Л.Тоўсцік). Устаноўлены заканамернасці распаўсюджвання светлавых патокаў у анізатропных хваляводах, на межах з узмацняльнымі і аптычна нелінейнымі асяроддзямі, у бістабільных, інтэгральных і інш. нелінейна-аптычных сістэмах (Б.Б.Бойка, А.М.Ганчарэнка, Ф.У.Карпушка, М.С.Пятроў, Г.У.Сініцын). Вывучаны асаблівасці нелінейна-аптычнага пераўтварэння лазерных пучкоў беселевага тыпу (У.М.Белы, А.С.Грабчыкаў, М.С.Казак, М.А.Хіло), дзеянне магутнага лазернага выпрамянення на спектральныя і палярызацыйныя характарыстыкі паглынання, вылучэння і рассеяння святла атамамі і малекуламі (П.А.Апанасевіч, Я.С.Варапай, В.А.Гайсёнак, І.М.Гуліс, А.П.Нізоўцаў, А.М.Рубінаў). Развіты арыгінальныя падыходы ў тэорыі светлавых палёў і квантавых флуктуацый, эксперыментальна даследаваны макраскапічныя праяўленні квантавых шумаў у вымушаным камбінацыйным рассеянні (П.А.Апанасевіч, В.А.Арловіч, А.С.Грабчыкаў, С.Я.Кілін). Устаноўлены шэраг заканамернасцей у генерацыі і распаўсюджванні салітонаў, прадказаны новыя рэжымы распаўсюджвання светлых і цёмных салітонаў па аптычных хваляводах, выяўлены новыя тыпы салітонных хваль (А.А.Афанасьеў, А.М.Ганчарэнка, А.С.Грабчыкаў, Я.У.Доктараў, Р.А.Уласаў). Распрацаваны высокаадчувальныя метады нелінейнай лазернай спектраскапіі, створаны унікальныя лазерныя спектрометры: нана-, піка- і фемтасекундныя, кагерэнтнага чатыроххвалевага змяшэння, унутрырэзанатарныя; пры дапамозе іх даследаваны многія фотафіз. і фотахім. рэакцыі ў разнастайных асяроддзях (В.А.Арловіч, М.А.Барысевіч, В.С.Буракоў, Б.А.Бушук, А.П.Вайтовіч, Я.С.Варапай, В.А.Гайсёнак, В.П.Козіч, А.М.Рубінаў, У.С.Чырвоны). За работы па нелінейнай оптыцы Б.В.Бокуць удастоены Дзярж. прэміі СССР 1984, цыкл работ В.А.Арловіча, А.А.Афанасьева, У.М.Белага, М.С.Казака, У.А.Конанава, Т.Ш.Эфендыева адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 2000.
Літ.:
Апанасевич П.А. Основы взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
панара́ма, ‑ы, ж.
1. Від мясцовасці (звычайна з вышыні), якая цягнецца вельмі далёка. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама.Колас.Панарамы лясоў і балот, Краявіды імшыстых нізін... І на Захад, на Поўнач, на Усход — Я ды край мой — адзін на адзін.Таўбін.//перан. Агульны шырокі агляд, апісанне якіх‑н. падзей у жыцці, у мастацкім творы. Перад намі ж не асобны гістарычны эпізод, не адна якая-небудзь з’ява, а хада гадоў, панарама мноства падзей перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны.Перкін.З майстэрствам .. пададзена ў рамане К. Чорнага «Вялікі дзень» панарама мнагадзённых баёў за Брэсцкую крэпасць.Кудраўцаў.
2. Вялікая карціна з аб’ёмным першым планам, змешчаная ўнутры круглага будынка з верхнім асвятленнем. Севастопальская панарама.
3. Абсталяванне, пры дапамозе якога невялікія карціны здаюцца павялічанымі пры разглядзе праз аптычнае шкло.
4.Спец. Аптычная прылада для павелічэння дакладнасці наводкі гарматы. Было відаць, як хлопцы на хвіліну прыпыняліся, наводчык прыпадаў да панарамы, страляў, пасля ўсе пасоўваліся зноў далей.Карпюк.
[Ад грэч. pán — усё і hórama — відовішча.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разра́д1, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Група, катэгорыя асоб, прадметаў або з’яў, якія адрозніваюцца ад іншых падобных якімі‑н. агульнымі прыкметамі. Граматычны разрад слоў. □ Аднак самы вялікі разрад лацінізмаў старабеларускай мовы ўтвараюць словы абстрактнага значэння.Жураўскі.
2.(зпарадк.ліч.іпрым.). Ступень кваліфікацыі ў якой‑н. спецыяльнасці, у спорце і пад. Рэстаран першага разраду. □ Паслаў .. [Заслонаў] Жэню ў дэпо вучыцца на слесара, а праз два месяцы яму прысвоілі трэці разрад.Шчарбатаў.Вучняў запрашаюць на такія заводскія мерапрыемствы, як прысваенне кваліфікацыйных разрадаў, ушанаванне пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва.«Звязда».Красуцкі — высокага росту, прыгажун, здаравяк, мае спартыўны разрад і піша дысертацыі.Навуменка.
3. У арыфметыцы — месца, якое займае лічба пры пісьмовым абазначэнні ліку. Лічба другога разраду.
4.Гіст. Цэнтральная ўрадавая ўстанова ў Рускай дзяржаве 16–17 стст., якая ведала служылымі людзьмі, вайсковымі справамі і кіраўніцтвам паўдневых гарадоў і паветаў.
разра́д2, ‑у, М ‑дзе, м.
1.Дзеяннепаводледзеясл. разраджаць — разрадзіць (у 1 знач.).
2. Страта электрычнасці якім‑н. целам, якое мае электрычны зарад; з’ява, якая суправаджае гэтую страту. Электрычны разрад. Атмасферны разрад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
факт, ‑а, М ‑кце, м.
1. Сапраўдны, нявыдуманы выпадак, з’ява, здарэнне; тое, што адбывалася на самай справе. Падзеі, якія адбываюцца ў п’есе «Раскіданае гняздо», абапіраюцца на жыццёвыя факты.Рамановіч.// Прыклад, выпадак. [Краўчанка:] — А факты адгрузкі пустой пароды? Гэта ж усё абгрунтоўваецца .. [Берднікавым] навукова.Мікуліч.Сам факт паездкі [моладзі] на цаліну зробіць карысны ўплыў на калгаснікаў, паспрыяе ўзмацненню працоўнай актыўнасці.Дуброўскі.// Матэрыял для якога‑н. вываду, заключэння. У час вайны Даніла Мікалаевіч не аднойчы сустракаўся з фактамі, якія прывучылі яго да больш разважлівых вывадаў.Паслядовіч.Шэркас расказаў.. падрабязна і кожны свой довад пераканальна пацвердзіў фактамі.Кулакоўскі.
2. Рэальнасць, рэчаіснасць. [Доктар:] — Я рэвалюцыі чакаў і нават памагаў яе рабіць, пакуль яна не была фактам.Чорны.// Наяўнасць чаго‑н. У падмацаванне факта гэтай распусты Аленчына маці расказала некалькі прыкладаў.Колас./узнач.вык.Разм. Пра бясспрэчную ісціну. [Янукевіч:] — Нашым механізатарам цяпер ёсць чым пахваліцца — гэта факт.Хадкевіч.[Сцяпан Пятровіч:] — У мяне двое дзяцей. І што я іх люблю — факт.Ермаловіч.
3.узнач.сцвярджальнайчасціцы. Разм. Ужываецца ў значэнні: сапраўды, зразумела, бясспрэчна. [Інжынер:] — Ох, і хітр[ы] ж .. гэты Маслабоеў! Чуў, куды ён гне? Залагоджвае начальства, факт!Каршукоў.
[Ад лац. factum — зробленае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фу́нкцыя, ‑і, ж.
1.Кніжн.З’ява, якая залежыць ад другой асноўнай з’явы і змяняецца ў залежнасці ад змянення другой з’явы. Можа, падкрэсліванне выключнасці грамадскіх функцый мастацтва было звязана ў Багдановіча з палемічным духам амаль усіх яго твораў, напісаных на тэму аб мастацтве.Лойка.
2. У матэматыцы — залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх; пераменная велічыня, значэнне якой адпавядае другой велічыні або залежыць ад яе. Трыганаметрычныя функцыі. □ Янча перагортвае табліцу лагарыфмаў і, адшукаўшы патрэбную функцыю вугла, запісвае яе ў сшытак.Васілевіч.
3. У фізіялогіі — спецыфічная дзейнасць жывёльнага ці расліннага арганізма, яго органаў, тканак і клетак. Жыццёвыя функцыі арганізма. Дыхальная функцыя скуры.
4.перан. Абавязак, кола дзейнасці; работа, задача. Службовыя функцыі. □ [Калатухін:] Даруйце, таварыш старшыня, што я, так сказаць, бяру на сябе функцыі гаспадара, але прашу загадаць усім пабочным выйсці.Мележ.Пеця абраны сакратаром гуртка і вось выконвае сваю функцыю — чытае праграму Грамады.Пестрак.А Штрыпке ўсё бегаў ля вагонаў — гэта не ўваходзіла ў функцыі Багуцкага, той гаспадарыў у дэпо.Лынькоў.
5. Значэнне, прызначэнне, роля. У сказе назоўнікі звычайна выконваюць функцыю дзейніка або дапаўнення, што абумоўліваецца іх прадметным значэннем.Граматыка.
[Ад лац. functio — выкананне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цуд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Паводле рэлігійных уяўленняў — невытлумачальная з’ява, якая выклікаецца чарадзействам. [Селянін:] — Заўсёды перад кірмашом штогод.. бывае яшчэ адзін цуд: за год святыя сляды абрастаюць мохам.Бядуля.
2. Што‑н. нечаканае, незвычайнае. І тады стаўся цуд: Капейка ўстаў і пачаў гаварыць.Брыль.Можа стане цуд і з’явіцца Якім, як бы нічога не бывала!Машара.//узнач.прысл.цу́дам. Разм. Незвычайным, неверагодным чынам; выпадкова. На Ленінградскай вуліцы Тумаш павёў іх [варшаўцаў] у чатырохпавярховы дом, які цудам уцалеў у час бамбёжак.Новікаў.
3. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваімі выдатнымі якасцямі, прыгажосцю і пад. У саснячку густым, смалістым — Загледзішся на цуд такі — У беленькіх манішках чыстых Стаяць фарсіста маслякі.Цвірка.Ну не кулеш, а — цуд! Духмяны, залацісты, смакавіты.Валасевіч.//чаго. Пра тое, што з’яўляецца ўзорам дасканаласці ў якой‑н. галіне. Задаволеная, што так добра выканала даручэнне, Муза Сымонаўна хутка везла цуд мастацтва.Арабей.Крок за крокам прасочвае паэт ператварэнне дрэва ў цуд музыкі і весялосці.Бярозкін.
4.узнач.вык. Дзіўна, незвычайна. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд.Лужанін.
•••
Цуда ў рэшаце — пра што‑н. незвычайнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эпізо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Асобнае здарэнне, падзея, выпадак з жыцця. Дзед Талаш расказваў пра сваё спатканне з пакрыўджанымі людзьмі, пра розныя эпізоды з іх жыцця.Колас.Генадзь расказвае найцікавейшыя эпізоды з сваіх вандровак па Беларусі.Сабаленка.// Адзін з момантаў якой‑н. з’явы, працэсу і пад. Мітусіліся перад вачыма розныя эпізоды бою.Кулакоўскі.// Выпадковае, пабочнае здарэнне, падзея. [Зачэпа:] — Калі б змова ўдалася Каталіну, дык ваш сацыялізм быў бы пабудаваны тысячу год назад.. А што такое Каталіна? Эпізод, пра які забыліся праз дзесяць гадоў.Асіпенка.
2. Сцэна, фрагмент якога‑н. мастацкага твора, які мае пэўную самастойнасць і закончанасць. Вялікае сэрца Макоўчыка раскрываецца ў гэтым цэнтральным эпізодзе апавядання. Чытач адчувае, на які подзвіг здольны гэты салдат.«Полымя».// У тэатральных пастаноўках — устаўка (з’ява, сцэна), не звязаная з развіццём дзеяння. [Галіна:] — Я вось скончыла тэатральны інстытут, ужо год як я працую ў тэатры і яшчэ не сыграла ніводнай адказнай ролі. Усё на выхадах і на эпізодах.Рамановіч.// Частка кінафільма, якая з’яўляецца сюжэтна закончаным урыўкам. Кінастудыя здымала фільм пра вайну. Рыхтаваўся эпізод — бежанцы на дарозе.Арабей.
[Ад грэч. epeisódion — устаўка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЛАКА́Т (ням. Plakat ад франц. placard аб’ява, афіша),
выява на буйным аркушы паперы інфармацыйнага, рэкламнага ці прапагандысцкага зместу; від графікі, графічнага дызайна. Спецыфіка маст. мовы П. — падкрэсленая кідкасць, абагульненасць форм, лаканізм, кампазіцыйны сінтэз шрыфту і выявы, выяўл. метафары, эфектныя супастаўленні вобразаў, маштабаў, ступеней умоўнасці, якія ўспрымаюцца на вял. адлегласці. Мае 3 асн. жанры: відовішчны (тэатр., цыркавы, кінаплакат і інш., гл. таксама Афіша), рэкламны, сац. (паліт., прапагандысцкі і інш.). Арыгінал П. можа быць маляваны, выкананы ў тэхніцы гравюры (часцей літаграфіі), серыграфіі, з дапамогай калажу, фатаграфіі, камп’ютэрнай тэхнікі. Размнажаюць паліграф. спосабам.
Як маст.з’ява П. пашырыўся ў 1880-я г. Пластычная мова ў вял. ступені фарміравалася пад уплывам панегірычных гравюр, гравюр-тэзісаў (вял. гравюра з тэкстамі, якія інфармавалі пра навук. дыспуты), а таксама жывапісу класіцызму. П. стваралі Э.Манэ, Гранвіль, Г.Клімт і інш. З’яўленне ў Зах. Еўропе каляровай літаграфіі ў 2-й пал. 19 ст. дазволіла ствараць кідкія шматтыражныя рэкламныя П. выяўленчага характару (Ж.Шэрэ, Т.Стэйнлен). Мастацкае афармленне П. дасягнула росквіту ў творчасці А.Тулуз-Латрэка. На мяжы 19—20 ст. набылі папулярнасць арнаментальна-дэкар. П. ў духу стылю мадэрн (А.Муха ў Чэхіі і Францыі, О.Бёрдслі ў Англіі). Новы стыль П. з выразным лаканізмам і лапідарнай сімволікай стварылі Л.Бернхард у Германіі, М.Касандр у Францыі, А.Бенуа ў Расіі. У 1930-я г. ў асобныя кірункі вылучыліся кінаплакат і паліт. П. Сярод буйнейшых мастакоў-плакатыстаў К.Кольвіц, Дж.Гартфілд (Германія), Л.Мендэс (Мексіка), А.Дайнека, Л.Лісіцкі, Дз.Маор, Кукрыніксы (Расія), І.Таідзе (Грузія). Своеасаблівай агітацыйна-паліт. хронікай былі «Окна РОСТА» (У.Маякоўскі, М.Чарамных). Вобразнай выразнасцю вылучаюцца П. А.Родчанкі, В. і Г. Стэнбергаў, Я.Цвіка (Расія). На плакатнае мастацтва моцна паўплывалі экспрэсіянізм, кубізм, канструктывізм і «Баўгауз», што праявілася ў імкненні да лаканізму пластычнай мовы праз памяншэнне колькасці графічных элементаў. У 2-й пал. 20 ст. набылі вядомасць школы П. Польшчы (Г.Тамашэўскі, С.Эйдрыгявічус, В.Свежы, М.Васілеўскі), Японіі (К.Нагаі, С.Фукуда, І.Танака, М.Тода), Чэхіі (К.Мішак, В.Растока).
На Беларусі на развіццё П. паўплывалі панегірычныя гравюры. У 19 ст. з’явіліся першыя друкаваныя тэатр. афішы. Аўтарам першага П. на бел. мове з’яўляецца Ф.Рушчыц («Першая краёвая выстаўка хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні», 1913). У пач. 20 ст. да П. звярталіся Я.Драздовіч, А.Быхоўскі, Г.Змудзінскі, П.Гуткоўскі і інш. Уклад у развіццё мастацтва П. зрабіла аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (УНОВИС; Лісіцкі, М.Суэцін і інш.). П. друкаваліся ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. гарадах. Традыцыі «Вокнаў РОСТА» прадоўжылі ў Вял.Айч. вайну плакат-газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка». Выяўл. мова П. 1940—70-х г. адлюстроўвала агульныя тэндэнцыі развіцця тагачаснага выяўл. мастацтва. У галіне П. працавалі А.Волкаў, М.Гуціеў, Л.Замах, Т.Ігнаценка, Л.Кроль, Я.Тарас і інш. У 1966—90 выходзілі перыяд. выданні «Агітплаката». На 2-ю пал. 1980—90-х г. прыпадае высокі ўздым плакатнага мастацтва Беларусі. Сярод мастакоў гэтага перыяду М.Анемпадзістаў, У.Васюк, С.Войчанка, С.Яўлампіеў, У.Жук, Л.Кальмаева, А.Кітаева, У.Крукоўскі, Г.Мацур, А.Наважылаў, В.Смаляк, Дз.Сурскі, К.Хацяноўскі, У.Цэслер і інш.
Літ.:
Ганчароў М.І. Беларускі палітычны плакат. Мн., 1989;
Henatsch M. Die Entstehung des Plakates. Hildesheim; Zürich; New York, 1994.
М.Р.Баразна.
Да арт.Плакат. С.Войчанка, У.Цэслер, А.Шалюта. Ад міжнароднага года міру — да міру без войнаў і зброі. 1986.Да арт.Плакат. Г.Мацур. Францыск Скарына. 1989.Да арт.Плакат. Л.Лісіцкі. Клінам чырвоным бі белых. 1920.Да арт.Плакат. А.Кітаева. Казімір Малевіч. 1989.Да арт.Плакат. У.Цэслер, С.Войчанка. Афган. 1989.