рэзідэ́нцыя, ‑і, ж.

Месца, дзе пастаянна знаходзяцца ўрад або асобы, якія займаюць высокія адміністрацыйныя пасады. Доўгі час, на працягу некалькіх стагоддзяў, Пражскі град быў рэзідэнцыяй чэшскіх каралёў. Мележ. У самым цэнтры горада размешчана рэзідэнцыя прэзідэнта — Белы дом. Новікаў. // Разм. Наогул месцазнаходжанне каго‑н. Па ўсім абсталяванні пакоя, якое кінулася Рыгору ў вочы, відаць было, што гэта рэзідэнцыя... гаспадыні. Гартны. А некаторыя [настаўнікі] цішком наведваліся ў каморы і сенечкі, дзе мелі свае рэзідэнцыі абранніцы іх сэрца. Колас.

[Ад лац. residentio — месцазнаходжанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаме́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скамячыць.

2. у знач. прым. Змяты, ператвораны ў камяк, у жмут. Гэля.. ўстала з месца, паправіла на сабе скамечанае адзенне і падліла ў шклянкі піва. Гартны. Міма.. [Карпа] прайшоў малады партызан і непрыкметна сунуў яму ў руку скамечаную паперку. Шамякін.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Стомлены, змардаваны (пра твар). Бледны, скамечаны твар, рэдка калі паголены.. — усё гэта гаварыла за тое, што Селядцоў расчараваўся ў жыцці. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапка́ч, ‑а, м.

1. Ручнік з доўгімі махрамі. У мыцельніку, пад чысцюсенькім, надвое зложаным трапкачом, ляжаў касцёр блінцоў. Гартны. — Вось тут, бліжэй да стала садзіцеся са сваёй канторай, — змахнула трапкачом стол Параска Карпаўна. Бялевіч.

2. Разм. Лупцоўка, біццё такім ручніком. [Баба] схапіла Віцю за руку, не даўшы нават распрануцца, задрала [ф]уфайку і — трапкача, трапкача! — «каб ведаў, .. як пад рукі злыдням лезці!». Паўлаў. [Маці] дала яму добрага трапкача, прагнала з хаты, сказаўшы: — Не руш чужое! Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уля́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Абляпацца чым‑н., вымазацца чым‑н. Уляпацца глінай.

2. Трапіць у бяду, непрыемную справу. [Фіма:] — Будзем прадаваць пралескі.. Ніхто з дэлегатаў сходу не ведае, дзе будзе збор. Такому чалавеку кажы: «Налева, да канца квартала». Бора там да трэцяга пашле, а трэці — да чацвёртага... Глядзі, не ўляпайся!.. Баранавых.

3. Закахацца ў каго‑н. [Васіль:] — Зоська, бач, так уляпалася ў Рыгора, што ані рады; вунь лісты ад яго мае, ды што... Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утулі́цца, утулюся, утулішся, утуліцца; зак.

1. Уткнуўшыся, прыціснуцца да чаго‑н. Гэля маўчала, утуліўшыся тварам у падушку. Гартны. Кастусь Прыбыткоўскі.. убачыў, што Мішурын шпурнуў гранату пад танк і сам кінуўся на зямлю і ўтуліўся ў яе. Чорны. // Адасобіцца, схавацца куды‑н. Васіль яшчэ глыбей утуліўся ў змрочны куток вагона і думаў, думаў, прыкрыўшы вочы. Пестрак.

2. Захутацца ў што‑н. Мы ўтуліліся ў сваё, даволі лёгкае адзенне, сцішыліся і слухалі гутарку вады з вадою. Сташэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчу́нак, ‑нку, м.

1. Пакаранне, спагнанне. Не зважаючы на ўсю сваю пераканаўчасць, гэты выпрабаваны сродак ушчунку [пужкаю па пятах] не дапамог: хвароба была загпана ў сярэдзіну. Лужанін. [Маці] сказала якраз пра тое, пра што я думаў: — Які з яго настаўнік! Ён жа дзіця яшчэ. А малыя ж вунь якія гарэзы! На іх ушчунак патрэбен. Якімовіч.

2. Дакор, папрокі. [Служанка:] — Бегаеш, таўчэшся за якіх-небудзь няшчасных восем рублёў у месяц, і яшчэ колькі ўшчункаў ды папрокаў атрымаеш. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цуро́к, ‑рка, м.

1. Нешырокі струмень вады, вадкасці. З мяне на саматканы палавічок сцякалі цуркі вады. Грахоўскі. Барадаты рабочы, з цуркамі поту на поўным твары, адышоў ад хваіны. Гартны.

2. у знач. прысл. цурко́м. Струменем, бесперапынна (цячы, ліцца і пад.). Наташа адчувала, як па спіне цурком збягае пот. Асіпенка. Са стрэх лілося цурком; такога капяжу не было яшчэ ў гэтым годзе. Чарнышэвіч. Полымя ажно хапае за пальцы, і воск цурком цячэ ў місу. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што́сьці ​1, чагосьці, чамусьці, штосьці, чымсьці, аб чымсьці, займ. неазначальны.

Нейкі, невядома які прадмет, нейкая з’ява і пад.; нешта. [Банадысь] нешта яшчэ кешкаўся на таку, стукаў.. па чымсьці драўляным і пустым. Чорны. Адчувалася, што Уладзіміру ёсць пра што расказаць і, відаць, штосьці яго стрымлівае. Кавалёў.

што́сьці ​2, прысл.

Невядома чаму, невядома з якой прычыны; чамусьці. Не ездзіцца штосьці сёння Віцю на веласіпедзе. Васілёнак. У гэты час Марына штосьці бразгала пасудаю і ўвіхалася з самаварам. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акцэ́нт, ‑у, М ‑нце, м.

1. Націск у слове. // Знак націску.

2. Своеасаблівае вымаўленне, уласцівае для тых, хто гаворыць на чужой мове. Гаварыць з акцэнтам. // Адметнасць вымаўлення ў той ці іншай мясцовай гаворцы або мове. Уральскі акцэнт. Палескі акцэнт. □ Вясковы, беларускі акцэнт не псаваў, а як бы скрашваў высечаныя з граніту сказы. Гартны. Мы цокалі на польскай мове — .. [Стася] з паморскім акцэнтам, скорагаворкай, а я нараспеў, як усе беларусы. Бажко.

•••

Рабіць акцэнт на чым‑н. гл. рабіць.

[Лац. accentus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абабра́цца, абяруся, абярэшся, абярэцца; абяромся, аберацеся; зак.

1. каго-чаго; толькі з адмоўем. Разм. Пра немагчымасць пазбавіцца каго‑, чаго‑н., справіцца з чым‑н. Не абабрацца клопату, бяды. □ Мала часу асталося да вяселля, і працы не абабрацца. Гартны.

2. Вылучыцца, вызначыцца, знайсціся. Тры гаспадары сядзелі за сталом і гаварылі аб пчолках. Галоўным бортнікам абабраўся Доўба. Колас. // Узяцца, падахвоціцца. [Адзін з паляўнічых:] — Ну, ці знойдзецца стралец, Хто галінку зніжа куляй?.. Вось адзін з іх абабраўся, Стрэліў — дуб той захістаўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)