ко́раб, ‑а; мн. карабы, ‑оў; м.

1. Пасудзіна, сплеценая з дубу, саломы і пад., для захоўвання, пераноскі, упакоўкі чаго‑н. Залез з перапуду [мужык] на гару і схаваўся там у кораб з пер’ем. Якімовіч. [Рыбакі] паставілі на фурманку вялізны кораб са шчупакамі, потым такі ж кораб з акунямі, і яшчэ адзін — з сялявай. В. Вольскі.

2. Разм. Тое, што і каробка (у 2 знач.). Некалькі год назад на цэнтральнай вуліцы горада высіўся між руін пануры, суровы кораб дома. Мележ.

•••

Поўны кораб — вельмі многа (звестак, навін і пад.).

Сем карабоў — вельмі многа (нагаварыць, наабяцаць і пад.).

Як з кораба — у вялікай колькасці (валіцца, сыпацца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зад, ‑а, М ‑дзе; мн. зады, ‑оў; м.

1. Задняя частка чаго‑н.; проціл. перад. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў. Адна хата стаяла задам у вокны другой. Чорны. // Задняя частка тулава жывёлы. [У вепра] доўгая вузкая галава з вялікім лычам.., вострая гарбатая спіна з высокім загрыўкам і вузкім задам. В. Вольскі. // Разм. Частка цела чалавека ніжэй спіны. [Кравец] быў гарбаты без гарба не ад роду: малым быўшы, зваліўся, накольнік, з вішні і ўбіў, як кажуць, ногі ў зад, не вырас. Брыль.

2. толькі мн. (зады́, ‑оў). Разм. Тое, што раней вывучана або ўсім вядома. Паўтараць зады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Павадка, прывычка. Нельга сказаць, каб не любіў.. [Макоўчык] пагаварыць з таварышамі, але меў звычку ў кожнай гаворцы шукаць нейкі сэнс, пагарджаў пустой балбатнёй. Мележ. Прыйшоўшы дадому,.. [Варвара] па звычцы спынілася ў дзвярах — выцерла ногі аб палавік. Васілевіч. У лесе егер Дзямід ведаў кожны кусцік, кожную птушку, кожнага звера з усімі яго звычкамі і норавамі. В. Вольскі.

2. Разм. Звычай, традыцыя. Нас ветрам прадзьмула дарога. І хоць не хацелі віна, Мы выпілі з нейкага рога, Па звычцы грузінскай — да дна. Калачынскі. У кожным краі свае звычкі. Недзе ж ядуць шампіньёны, а ў нас абыходзяць іх. Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марне́ць, ‑нею, ‑нееш, ‑нее; незак.

1. Засыхаць, чахнуць, чэзнуць. — Вы ж увесь свой век сады садзілі.., — не адступалася ад дзеда Наталька, — скажыце, што вы рабілі, калі расліна на вашых жа вачах сохла, марнела? Кулакоўскі.

2. Гібець, чахнуць (пра чалавека). [Мальвіна:] Людзі ў шчасці ды ў багацці жывуць, як мак у гародзе квітнеюць, а я марнею сабе ды сохну, як тая былінка занядбаная пры дарозе. В. Вольскі. Марнеў сын увачавідкі — нібы той лісток на бярозе, прыхоплены прымаразкам. «Беларусь».

3. Занепадаць, марна прападаць. Марнее гаспадарка. □ Так ён і марнеў, гэты кавалак [зямлі], без карысці, нават і жывёлу на ім не пасвілі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

межава́цца, мяжуюся, мяжуешся, мяжуецца; незак.

1. з чым і без дап. Мець агульную мяжу, быць сумежным. Мяжуюцца сенажаці суседзяў. Сталовы пакой мяжуецца з кухняй. □ Жыта межавалася з бульбаю, ячмень з грэчкаю і пры аўсе ліпела палоска льну. Чорны. // перан.; з чым. Быць блізкім да чаго‑н. Даверлівасць .. да знаёмых і таварышаў межавалася з дзіцячай непасрэднасцю і наіўнасцю. Хведаровіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), з чым. Перамяжоўвацца, чаргавацца. Любіць [янот] вялікія пералескі, якія мяжуюцца з паплавамі. В. Вольскі. [Слабодкі] забудоўваюцца без плана.. Даўжэзныя баракі мяжуюцца з наспех збітымі хацінамі і зямлянкамі. Жычка.

3. Зал. да межаваць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мур, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Мураваны будынак. На месцы халупы — Будуецца мур, Жыццё ў берагі ўлілося. Лявонны. Цьмяны водсвет ліхтароў чуць-чуць мігаў над дахам бакавога муру. Гартны. Святлее мур у старасвецкіх ліпах, Калыша лісце Шчары лёгкі плёс... Лойка. // ‑у. Цагляная або каменная сцяна вакол чаго‑н. Ужо сцямнела, як прыйшла [Наталля] да сябе ў пакоік і, сеўшы на ложку, аддалася думкам.. Паўстаў астрог — хмуры, жоўты будынак, агароджаны высокім мурам. Гартны. Старадаўні чырвоны цагляны мур з чатырохкутнымі вежамі і высокімі брамкамі цягнецца ад берага ракі праз увесь горад да каралеўскага палаца. В. Вольскі.

2. ‑у. Кладка (у 2 знач.).

[Ням. Mauer, з лац. murus — сцяна.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напо́ўніцца, ‑ніцца; зак.

1. Стаць поўным, запоўніцца да верху. Дарога стала слізкай, каляіны і лагчынкі напоўніліся вадой. Мележ. Калі коўш напоўніўся, высокі смуглы плавільшчык.. кінуў у коўш пакецік. Карпаў. // Насыціцца, запоўніцца (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Цёплы пакой адразу напоўніўся пахамі саляркі, сена, жалеза, дрэва, аўчыны, снегу. Шамякін. Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі.

2. перан. Стаць поўнасцю занятым якімі‑н. думкамі, пачуццямі і пад. Сэрца напоўнілася гонарам за сына. □ Саша пачырванела, і сэрца яе ўраз напоўнілася пяшчотай да гэтай добрай жанчыны. Шамякін. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніжэ́й,

1. Выш. ст. да прысл. нізка ​2.

2. прысл. Далей (пры спасылцы на наступнае месца тэксту).

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «ніжэй» выражае прасторавыя і колькасныя адносіны: а) уніз ад якой‑н. прасторавай мяжы. Другім сваім паўкругам Гнілое балота ўпіралася ў Сухія груды. Груды былі значна ніжэй процілеглага вала. Колас; б) па цячэнню ракі ўніз ад якога‑н. месца. Рэчка ніжэй завадзі пашыраецца і цячэ неглыбокай бліскучай стужкай. Аляхновіч; в) менш за якую‑н. колькасць, у напрамку памяншэння па лічбаваму раду. Тэмпература ніжэй нуля. □ Ісці ніжэй трох долараў прадавец яўна не хацеў. В. Вольскі.

•••

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нястры́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Якога немагчыма стрымаць, утрымаць. Натоўп рынуўся да вагонаў нястрымнай дзікаватай лавінай. Кулакоўскі. Смех — гучны, нястрымны смех — так і падхапіў.. [Сілівона]. Лынькоў.

2. Такі, якога цяжка ўтаймаваць; які з цяжкасцю стрымліваецца. У такіх выпадках [калі статку пагражае небяспека] зубры заўсёды становяцца асабліва злымі, лютымі і нястрымнымі ў нападзе. В. Вольскі. [Сцяпан] разважлівы, калі што-небудзь абдумвае, нястрымны і лаканічны, калі спрачаецца. Ярош.

3. Такі, што цяжка вытрымаць; нясцерпны, невыносны. Арлоўскі рвануўся, каб устаць. Першае, што ён адчуў ад гэтага руху, быў нястрымны боль, які працяў яго навылёт. Паслядовіч. У духоўцы ў нястрымнай гарачыні пяклося прыгатаванае па ўсіх правілах пячэнне. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастаўля́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.

Забяспечваць чым‑н. па дагавору, дастаўляць што‑н. па адпаведных умовах. У вялікай колькасці пастаўляе цяпер Беларусь на ўсесаюзны рынак мяса, малако і малочныя прадукты, лён, садавіну і гародніну. В. Вольскі. [Езуп Юрканс] заключыў з Шаплыкам саюз: той будзе пастаўляць, а Езуп прадаваць яго выраб. Броўка.

пастаўля́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Паставіць усё, многае. — Хлявы, гумны пастаўлялі, хаты от канчаем ды будзем і жыць. Скрыган. Пакуль мужчыны, прывітаўшы маладую гаспадыню, курылі на панадворку, жанкі пры ўдзеле дзядзькі Цімоха пастаўлялі ўсё на стол, што парэзалі, што валілі смятанай, а што і падсмажылі. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)