сувязі дэталей у вузлах машын, механізмаў, прылад, буд. канструкцый. Бываюць нерухомыя і рухомыя (пераважна ў машынах, вызначаюцца іх кінематыкай, напр., вал у падшыпніку). Нерухомыя З. падзяляюцца на раздымныя (дапускаюць паўторную зборку і разборку дэталей без іх пашкоджання і разбурэння) і нераздымныя (без магчымасці іх разборкі).
Да раздымных З. адносяцца: вінтавыя злучэнні, балтавыя, зубчастыя (шліцавыя), клемавыя, шпоначныя, баянетныя (гл.Баянет), З. штыфтамі і інш.; да нераздымных — зварныя злучэнні, заклёпачныя злучэнні, паяныя, прэсавыя, зробленыя вальцаваннем, скруткай, камбінаваныя. Асн. З. ў стальных канструкцыях — зварныя (найб. пашыраны), заклёпачныя і балтавыя; у драўляных — на ўрубках, шпонках, нагелях, балтах, шрубах, цвіках, клямарах, клеях; у зборных жалезабетонных канструкцыях — пераважна зварныя (зварваюцца выпускі арматуры або закладных дэталей з наступным заманалічваннем бетонам), часам балтавыя. З. шырока выкарыстоўваюцца ў прылада- і машынабудаванні, прамысл. і грамадз. буд-ве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛІ́СТЫКА (ад лац. criminalis злачынны),
прыкладная юрыд. навука, якая распрацоўвае сістэму спец. прыёмаў, метадаў і сродкаў збірання, фіксацыі, даследавання і выкарыстання доказаў судовых. Гэтыя прыёмы і метады прымяняюцца ў крымінальным судаводстве для папярэджання, раскрыцця і расследавання злачынстваў, а таксама выкарыстоўваюцца пры суд. разглядзе крымінальных і ў шэрагу выпадкаў цывільных спраў. Найб. важныя раздзелы сучаснай К.: агульная тэорыя К., крыміналістычная тэхніка, крыміналістычная тактыка і методыка расследавання. Крыміналістычная тактыка ўключае сістэму тэарэт. палажэнняў і практычных рэкамендацый па арг-цыі і планаванні расследавання злачынстваў, якія дазваляюць найб. эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці следчага і суд. дзеяння і аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў з улікам канкрэтнай сітуацыі па справе. Яна ахоплівае планамернасць і хуткасць дзеянняў, агляд месца злачынства, фіксацыю і ацэнку слядоў, атрыманне доказаў, правамернасць (законнасць) дзеянняў. Крыміналістычная тэхніка ўключае сістэму спец. прыёмаў і навук.-тэхн. сродкаў па збіранні, фіксацыі і даследаванні доказаў. Да яе адносяццасуд.балістыка, трасалогія, дактыласкапія, судовая фатаграфія, тэхніка правядзення крыміналістычных экспертыз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСАПАДО́БНЫЯ ПАРО́ДЫ,
асадкавыя горныя пароды палевага або жоўтага колеру, якія па марфалогіі і саставу нагадваюць лёс і адносяцца да пылаватых суглінкаў і супескаў. Ад лёсу адрозніваюцца неаднароднасцю будовы, наяўнасцю слаістасці і праслояў грубага пясчанага і галечнага матэрыялу, больш гліністым саставам, меншай порыстасцю і прасадачнасцю, уключэннем ракавін прэснаводных малюскаў і інш. Л.п. і лёсы аб’ядноўваюць пад назвай «лёсавыя пароды». Могуць быць рачнога, азёрнага, пралювіяльнага, дэлювіяльнага, элювіяльнага паходжання. Пераважаюць пылаватыя (0,05—0,005 мм) фракцыі (60—80%). Асн. пародаўтваральныя мінералы — кварц (70—85%), палявыя шпаты, карбанаты, слюды і інш. На Беларусі Л.п. займаюць 14% тэрыторыі. Вылучаны 7 раёнаў пашырэння Л.п.: Аршанска-Магілёўска-Гомельскі, Мінскі, Слуцкі, Навагрудска-Карэліцкі, Лёзненскі, Мазырска-Хойніцка-Брагінскі, Тураўскі. Магутнасць Л.п. 0,5—12 м. Пакатахвалістая паверхня часта ўкрыта суфазійнымі лейкападобнымі западзінамі. На Л.п. сфарміраваліся ўрадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя глебы, на якіх парушэнне правіл агратэхнікі вядзе да ўтварэння яроў. Некаторыя Л.п. прыдатныя для вырабу цэглы, аглапарыту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗО́НЫ [ад мез(а)... + (электр)он],
нестабільныя элементарныя часціцы, якія адносяцца да класа адронаў, маюць цэлалікавы спін і нулявы барыённы зарад. Да М. адносяць пі-мезоны, К-мезоны і многія рэзанансы. Да М. не адносяць мю-М. (мюоны) таму, што яны маюць спін 1/2 і не ўдзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях.
Прадказаны ў 1935 Х.Юкавай для тлумачэння прыроды ядзерных сіл; эксперыментальна адкрыты ў 1947 у касм. прамянях С.Ф.Паўэлам. Назва звязана з тым, што першыя з адкрытых М. (пі- і К-М.) мелі масу, прамежкавую паміж масамі пратона і электрона. У далейшым былі адкрыты М., масы якіх у некалькі разоў перавышаюць масу пратона. Складаюцца з кварка і антыкварка і глюонаў. Утвараюцца пры сутыкненнях пратонаў з пратонамі ці атамнымі ядрамі, а таксама пры анігіляцыі электронаў і пазітронаў. Маюць адмоўны, нулявы або дадатны эл. зарад, роўны эл. элементарнаму зараду, і час жыцця ад 10−8 да 10−24с. Распадаюцца на больш лёгкія М., лёгкія М. і лептоны або лептоны і гама-кванты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА СЯБРО́Ў МУ́ЗЫКІ.
Існавала ў 1910-я г. ў Мінску. Засн. ў ліст. 1912 з мэтай аб’яднання муз. дзеячаў Мінска, развіцця муз. мастацтва і муз. адукацыі. У склад праўлення ўваходзілі Г.Бах, І.Гянко, Л. фон Зіберштэйн, І.Патулаў, Н.Рубінштэйн. Т-ва наладжвала сімф. (дырыжор Рубінштэйн) і камерныя канцэрты, муз. вечары, заснавала бібліятэку-чытальню пры Мінскім муз. вучылішчы, выплачвала стыпендыі мінчанам — студэнтам Пецярбургскай кансерваторыі. Гал. дасягненне т-ва — арганізацыя канцэртаў, якія карысталіся вял. поспехам, у т. л. ў рабочых кварталах. Звычайна канцэртам папярэднічалі лекцыі пра творчасць вядомых кампазітараў. Значную ролю ў дзейнасці т-ва адыгрываў смыковы квартэт (1-я скрыпка — Рубінштэйн, 2-я — І.Ягудкін, І.Гапенка, В.Васільеў, альт — М.Фідэльман і А.Магілевіч, віяланчэль — фон Зіберштэйн і Н.Качаровіч), які выконваў творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў. У час 1-й сусв. вайны наладжваліся выступленні ў вайск. часцях, шпіталях, дзіцячым прытулку. Апошнія звесткі ў друку пра дзейнасць т-ваадносяцца да 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮО́НЫ, мю-мезоны,
нестабільныя зараджаныя элементарныя часціцы, якія маюць спін ½, час жыцця 2,2∙10−6 с і масу прыкладна ў 207 разоў большую за масу электрона; адносяцца да лептонаў. Адмоўна зараджаны (μ−) і дадатна зараджаны (μ+) М. з’яўляюцца антычасціцамі адзін аднаго.
Эксперыментальна выяўлены ў касм. праменях амер. фізікамі К.Андэрсанам і С.Недэрмаерам (1936—37). Асн. крыніцы М. — распад піонаў і каонаў (гл.Мезоны), якія інтэнсіўна нараджаюцца пры сутыкненнях адронаў, працэс нараджэння пар μ− μ+ фатонамі высокіх энергій, распады гіперонаў, «зачараваных» часціц і інш. Па сваіх уласцівасцях ва ўсіх вядомых узаемадзеяннях μ− паводзіць сябе аналагічна электрону, ад якога адрозніваецца толькі масай (μ — е-універсальнасць). Слабае ўзаемадзеянне М. выклікае іх распад на электрон (ці пазітрон) і адпаведнае нейтрына, што вызначае час жыцця М. у вакууме. У рэчыве павольныя М. страчваюць энергію на іанізацыю атамаў і могуць спыняцца. Пры гэтым μ− прыцягваецца ядром атама і ўтвараецца мезаатам, а μ+ далучае да сябе электрон і ўтвараецца мюоній.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць неарган. галоўны ланцуг і не маюць арган. бакавых радыкалаў. Вядомы прыродныя і сінтэтычныя. Структурная класіфікацыя (паводле будовы макрамалекулы) адпавядае класіфікацыі арган. і элементаарган. палімераў (гл.Высокамалекулярныя злучэнні). У прыродзе найб. пашыраны сеткавыя Н.п., якія ў выглядзе мінералаў уваходзяць у склад зямной кары (напр., кварц). Такія Н.п. ў адрозненне ад арган. палімераў не могуць існаваць у высокаэластычным стане.
Найб. падобныя да арган. палімераў (паводле ўласцівасцей) лінейныя гетэраланцуговыя Н.п. (з атамаў розных элементаў), да якіх адносяцца поліфасфазэны (напр., поліфосфанітрылхларыд [—Cl2PN—]n — неарган. каўчук), палімерныя аксіды серы, фасфаты, сілікаты. Гомаапамныя ланцугі (з атамаў аднаго элемента) са ступенню полімерызацыі n≥100 утвараюць толькі вуглярод (лінейныя палімеры — кумулены =C=C=C=C... і карбін —C≡C—C≡C—..., а таксама кавалентныя крышталі: двухмерныя — графіт, трохмерныя — алмаз) і элементы VI групы — сера, селен, тэлур. Расплавы прыродных Н.п. у прысутнасці спец. дабавак для стабілізацыі сярэднеразгалінаваных структур перапрацоўваюць у шкло, валокны, сіталы, кераміку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРА́ЛЬНАЯ ЛЕ́КСІКА,
лексіка, якая абслугоўвае ўсе стылі мовы. Складае аснову слоўнікавага складу вуснай і пісьмовай мовы. Да Н.л. адносяцца словы розных часцін мовы: назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, займеннікі, лічэбнікі (усе), злучнікі і інш., акрамя выклічнікаў. Н.л. не мае стылістычнай і экспрэсіўнай афарбоўкі і служыць фонам стылістычнай кваліфікацыі лексікі, што ў лексікаграфіі абазначаецца спец. паметамі (разм., кніжн., навук. і інш.). Нейтральныя словы суадносяцца са словамі інш. стыляў мовы: «біць» і размоўнае «таўчы», «лупіць»; «ваенны» і ўстарэлае, высокае «ратны». Паміж Н.л. і лексікай, замацаванай за пэўнымі стылямі мовы, не існуе рэзкай мяжы. Мнагазначныя словы ў адным значэнні могуць выступаць як нейтральныя, у другім — як замацаваныя за пэўным стылем мовы; у кантэксце нейтральныя словы набываюць пэўную стылістычную ці экспрэсіўную афарбоўку: «Дарога па лесе была разбітая і гразкая. Шафёр баяўся сесці і тры доўгія кіламетры стагнаў: — Тут сярод ночы сядзеш-пакукуеш» (І.Шамякін).
Літ.:
Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;
Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУ́ЦЦЯЎ О́РГАНЫ,
высокаспецыялізаваныя органы, з дапамогай якіх чалавек і жывёлы атрымліваюць інфармацыю з навакольнага асяроддзя.
Кожны П.о. складаецца з адчувальных (рэцэптарных) нерв. клетак і дапаможных структур; трансфармуе ў працэс нерв. ўзбуджэння толькі пэўны від энергіі, які ўздзейнічае на рэцэптары і перадае інфармацыю ў ц. н. с. Уяўляюць сабой сенсорныя сістэмы, складаюцца з 3 ч.: перыферычнай (рэцэптары), прамежкавай (перадача нерв. імпульсаў па правадных шляхах да падкоркавых цэнтраў), цэнтральнай (кара галаўнога мозга, дзе адбываецца аналіз і сінтэз адчуванняў). У залежнасці ад асаблівасцей развіцця, будовы, функцый нерв. і гліяльных кампанентаў П.о. падзяляюцца на 3 групы. Да 1-й адносяццазроку органы і нюху органы; рэцэптарныя клеткі органаў зроку і нюху — нерв. (нейрасенсорныя). 2-я група: слыху органы, смаку органы, раўнавагі органы, утрымлівае гліяльныя клеткі (сенсаэпітэліяльныя), якія ўспрымаюць раздражненне і перадаюць узбуджэнне адчувальным нерв. клеткам. 3-я група: рэцэптарныя інкапсуляваныя і неінкапсуляваныя цельцы (перыферычныя ч. аналізатараў дотыку, ціску і інш.). П.о. садзейнічаюць найб. дасканаламу прыстасаванню арганізма да навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
прыстасаванні, прылады, агрэгаты, машыны для пераўтварэння (змены параметраў) электрычнага току (па напружанні, частаце, фазе і інш.). Выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, на электрыфікаваным чыг. транспарце, у электрапрыводах станкоў, электрахіміі, электратэрміі і інш.
Устройствы П.т. пераўтвараюць: пераменны ток у пастаянны або ў пульсоўны аднанакіраваны (выпрамнікі току з асн. прыладай — вентылемэл.); пастаянны ці пульсоўны аднанакіраваны ток у пераменны (інвертары); частату, напружанне і інш. параметры пераменнага току (пераўтваральнікі электрычныя, напружання рэгулятары), пераменны аднафазны ток у трохфазны (асінхронныя або сінхронныя электрамашынныя расшчапляльнікі фаз). Часта выкарыстоўваюцца камбінацыі пераўтваральнікаў розных тыпаў. Да П.т. адносяцца таксама бескантактавая камутацыйная апаратура, кіравальныя і некіравальныя пераўтваральныя агрэгаты пераменнага току ў пастаянны і наадварот (статычныя на аснове тырыстараў і дыёдаў, вярчальныя тыпу рухавік-генератар). Асн. характарыстыкі пераўтваральнікаў: ккдз, каэф. магутнасці, рэгуліровачныя характарыстыкі.