БІ́ТВА,

рашучае сутыкненне буйных груповак войскаў (сіл) з мэтай дасягнення маштабных ваенна-паліт. вынікаў. Да 19 ст., калі рашучыя баявыя дзеянні адбываліся на абмежаванай прасторы, пры невял. колькасці войскаў, у адной Б. часам вырашаўся лёс дзяржавы, напр., Бітва каля Сініх вод 1362 паміж войскамі ВКЛ і аб’яднанымі войскамі некалькіх ордаў дала пачатак вызваленню ўсх.-слав. зямель ад ардынскага заняволення; Кулікоўская бітва 1380 азнаменавала канец мангола-татарскага панавання на Русі; Грунвальдская бітва 1410 спыніла агрэсію Тэўтонскага ордэна на ўсход і абумовіла яго заняпад як самаст. дзяржавы. Пазней тэрмін «бітва» пачалі выкарыстоўваць у значэнні сістэмы баёў і бітваў, аб’яднаных адной мэтай, напр., бітва пад Лясной 1708, Палтаўская бітва 1709, Аўстэрліцкая бітва 1805. У сувязі з вядзеннем працяглых ваен. дзеянняў у 19 ст. з’явілася новая катэгорыя — аперацыя, якая да пач. 20 ст. ўжывалася як сінонім бітвы. У 2-ю сусв. вайну тэрмін «бітва» абазначаў сукупнасць адначасовых і паслядоўных наступальных і абарончых аперацый гал. стратэг. сіл на важнейшых напрамках тэатра ваен. дзеянняў. Найбольшыя з іх: бітва за Атлантыку 1939—45, бітва за Англію 1940—41, Маскоўская бітва 1941—42, Сталінградская бітва 1942—43, Курская бітва 1943, бітва за Дняпро 1943, і інш. Працягласць бітвы — ад 30—40 дзён (Курская бітва) да 6 з лішнім гадоў (бітва за Атлантыку).

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА КАЛЯ́ СІ́НІХ ВО́Д 1362.

Адбылася паміж войскамі ВКЛ і аб’яднаным войскам Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў на р. Сінія Воды (Сінюха; левы прыток Паўд. Буга). Бітва была гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўд.-зах. Русі. У 1362 вял. кн. ВКЛ Альгерд, выкарыстаўшы паляпшэнне адносін з Польшчай і крыжакамі, выступіў супраць ардынскага панавання ў міжрэччы Дняпра і Дуная. Яго войска было сабрана ў ВКЛ, папоўнена на Валыні і Кіеўшчыне. Восенню Альгерд з войскам рушыў з Кіева на зах. Падолле. Войска татар, якое ўзначалілі князі Кутлубуг, Качубей (Качыбей, Хачыбей) і Дзімітр — «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі», падзялялася на 3 часткі. Альгерд свае 6 палкоў паставіў у лінію глыбокай абароны ў некалькі радоў, што не давала магчымасці варожай конніцы зайсці ў тыл. Лёгка адбіўшы націск татар, войскі Альгерда нанеслі ўдары ў цэнтры фронту і па флангах. Пасля нядоўгага бою супраціўленне татар было зламана і яны ратаваліся ўцёкамі. У час пагоні быў захоплены абоз ардынцаў. Асабліва вызначыліся ў бітве ратнікі з Новагародка, якімі камандавалі князі Карыятавічы. У выніку перамогі ВКЛ пашырыла сваю тэр. да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Пачалося вызваленне ўсх.-слав. зямель ад ардынскага панавання.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА НА ВО́РСКЛЕ 1399.

Адбылася паміж войскамі ВКЛ на чале з вял. кн. Вітаўтам і Залатой Арды на чале з ханам Цімурам-Кутлукам і цемнікам Едыгеем 12.8.1399 каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра; верагодна, на тым самым полі, дзе адбылася Палтаўская бітва 1709). Саюзнікамі Вітаўта былі некалькі тысяч татар, прыведзеных ханам Тахтамышам. Вітаўт абяцаў Тахтамышу дапамогу ў захопе ханскага трона Залатой Арды, за што Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык на Маскоўскае вял. княства, Ноўгарад, Пскоў. Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У войску ВКЛ былі атрады з Польшчы, Тэўтонскага ордэна, Валахіі. Аднак асн. сілу войска ў 15—20 тыс. чал. складалі харугвы прыкладна 50 князёў ВКЛ. Войска Залатой Арды (верагодна, большае за войска ВКЛ) сустрэла Вітаўта ў межах Залатой Арды каля пераправы цераз р. Ворскла. Спачатку татары зацягвалі час перагаворамі, а з падыходам асн. іх сіл войска Вітаўта было акружана і разбіта, тысячы воінаў загінулі ці трапілі ў палон. Вітаўт і Тахтамыш з рэшткамі войска ўцяклі. Перамога дала магчымасць Цімуру-Кутлуку ўчыніць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні. ВКЛ захавала кантроль над паўн. Прычарнамор’ем, хоць праваліліся планы Вітаўта дамагчыся панавання над усёй Руссю. Паражэнне садзейнічала заключэнню Віленска-Радамскай уніі 1401 ВКЛ з Польшчай.

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК ВАЕ́ННЫ,

ваенна-паліт. саюз або пагадненне дзяржаў для сумесных дзеянняў у вырашэнні агульных паліт., эканам. і ваен. задач. Ствараюцца пераважна ў мірны час.

Блокі ваенныя існавалі са стараж. часоў. У гісторыі найб. вядомыя блокі ваенныя: ваен. саюз Францыі, Даніі, Швецыі, Галандыі і італьян. дзяржаў супраць Іспаніі ў Трыццацігадовай вайне 1618—48, «Паўночны саюз» (Расія, Данія, Рэч Паспалітая, Саксонія, пазней Францыя і Турцыя), які выступіў супраць Швецыі ў Паўночнай вайне 1700—21, і інш. Да 1-й сусв. вайны ўтварыліся 2 асн. блокі ваенныя: Траісты саюз 1882 (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія); яму процістаялі ваен. саюз Францыі і Расіі (1892) і Антанта — саюз Вялікабрытаніі і Францыі (1904), якія ў 1907 аб’ядналіся ў «Траістую згоду» («Траістая Антанта) — саюз Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны створаны «Антыкамінтэрнаўскі пакт» 1936 паміж Германіяй і Японіяй, да якога далучыліся ў 1937 Італія, у 1939 Венгрыя, Іспанія і інш. Яму процістаяла антыгітлераўская кааліцыя (1942), у якую ўвайшлі Вялікабрытанія, ЗША, СССР, Францыя і інш. (усяго 26 краін). У перыяд «халоднай вайны» ўзнікла сістэма блокаў ваенных, гал. сярод якіх Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО, 1949) і Варшаўскі дагавор 1955 (распушчаны ў 1991). Створаны таксама Арганізацыя дагавору Паўднёва-Ўсходняй Азіі (СЕАТО, 1954), Арганізацыя Цэнтральнага дагавору (1955), Азіяцка-Ціхаакіянскі савет (АЗПАК, 1966), Ціхаакіянская ваенная групоўка (АНЗЮС, 1971).

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКАЯ ГРАДА́, Браслаўскае ўзвышша,

фізіка-геаграфічны раён прав. Усх. Прыбалтыка, на З Віцебскай вобл. ў Браслаўскім і Мёрскім р-нах. На Пн абмежавана далінай Зах. Дзвіны, на У і Пд — Полацкай нізінай, на З прадаўжаецца як Балтыйская града. Працягнулася з З на У на 66 км, з Пн на Пд амаль на 60 км. Пл. каля 1,9 тыс. км². Найб. выш. 210 м над узр. м. Прымеркавана да Прыбалтыйскай монакліналі — паўн.-зах. схілу Беларускай антэклізы. Сфарміравалася як канцова-марэнае ўзвышша ў час браслаўскага стадыялу паазерскага зледзянення. Рэльеф вызначаецца маладосцю і свежасцю формаў. Краявы ледавіковы рэльеф утвораны з градаў, якія веерападобна разыходзяцца на Пн, ПнУ і У, ствараючы водападзелы паміж паніжэннямі з азёрамі. Пашыраны камы і озы (найб. вядомы каля воз. Поцех). Характэрны таксама ўзгорысты і раўнінны рэльеф асн. марэны, участкі зандравай і водна-ледавіковай нізін. Трапляюцца тэрмакарставыя западзіны. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 550 мм за год. Найб. рака — Друйка (бас. Зах. Дзвіны), якая цячэ праз некалькі азёр. Пад азёрамі каля 10% тэрыторыі, большасць з іх належыць да Браслаўскай групы азёр. Лясы займаюць 20%, пад ворывам 60% плошчы. У межах Браслаўскай грады нац. парк Браслаўскія азёры, зоны адпачынку, санаторыі, турбаза.

Л.​У.​Мар’іна.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́НЬ,

з’ява, звязаная з працэсам гарэння; уключае вонкавае і сенсорнае ўспрыманне яго чалавекам. Сляды агню археолагі знаходзяць пры раскопках паселішчаў сінантрапаў і неандэртальцаў.

Доўгі час людзі карысталіся прыродным агнём, які ўзнікаў пры самазагаранні дрэў і раслін ад маланкі, вывяржэння вулканаў, загарання прыроднага газу і інш., і падтрымлівалі гарэнне ў ямах і агнішчах. У пач. верхняга палеаліту людзі навучыліся здабываць агонь ад трэння кавалкаў дрэва. Пазней (у пач. жал. веку) агонь высякалі з крэменю пры дапамозе жал. крэсіва, з 19 ст. сталі выкарыстоўваць запалкі, запальнічкі. Авалоданне агнём спрыяла канчатковаму аддзяленню першабытнага чалавека ад жывёльнага свету і зрабіла вызначальны ўплыў на развіццё агульначалавечай культуры і ўзаемаадносін паміж людзьмі. У стараж. беларусаў агонь лічыўся радавым і хатнім бажаством, абаронцам хатняга ачага і лек. сродкам. Уяўленні пра яго надпрыродную сілу захаваліся ў рытуальных звычаях раскладваць купальскія вогнішчы, скакаць цераз іх парамі для «ачышчэння» і інш. Да канца 19 ст. на Беларусі існавалі ахвяраванні ў гонар агню (спальвалі першы сноп жыта перад тым як сушыць у асеці); «жывым агнём», г. зн. здабытым ад трэння кавалкаў дрэва, абносіліся паселішчы ў час эпідэміі і эпізаотыі, пасевы ў час засухі ці вымакання. Багамі агню ва ўсіх славян лічыліся Сварожыч і Жыжаль. Некаторыя народы Індыі, Ірана і цяпер пакланяюцца агню.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НАЯ СІСТЭ́МА ЭЛЕКТРО́ННЫХ ВЫЛІЧА́ЛЬНЫХ МАШЫ́Н (АС ЭВМ),

сям’я ЭВМ агульнага прызначэння малой, сярэдняй і вялікай прадукцыйнасці, якая характарызуецца праграмнай сумяшчальнасцю; адносіцца да 3-га пакалення электронных вылічальных машын. Пабудавана па модульным прынцыпе на аснове стандартнай сістэмы сувязяў паміж прыстасаваннямі. Распрацавана супольна краінамі — членамі СЭУ.

У склад перыферыйнага абсталявання ўваходзяць запамінальныя прыстасаванні на магн. барабанах (ёмістасць да 16 Мбайт), пастаянных магн. дысках (да 100 Мбайт), зменных магн. дысках (да 29 Мбайт), магн. стужках (да 40 Мбайт) і інш.; прыстасаванні ўводу-вываду інфармацыі на перфастужках, перфакартах, алфавітна-лічбавыя друкавальныя прыстасаванні, планшэтныя і рулонныя графапабудавальнікі; прыстасаванні непасрэднай сувязі чалавек—ЭВМ: алфавітна-лічбавыя і графічныя дысплеі, эл. друкавальныя машынкі і інш. Асобную групу складаюць прыстасаванні і прылады для падрыхтоўкі даных. Для стварэння выліч. сістэм калект. карыстання ў склад АС ЭВМ уключаны сродкі тэлеапрацоўкі і перадачы даных (мадэмы, прыстасаванні для аховы ад памылак, выклікальныя), прыстасаванні спалучэння каналаў з апаратурай перадачы даных, абаненцкія пункты (тэрміналы), забяспечаныя прыстасаваннямі ўводу-вываду інфармацыі і яе адлюстравання. На Мінскім вытв. аб’яднанні выліч. тэхнікі асвоены выпуск ЭВМ ЕС-1020 (1971), ЕС-1022 (1975), ЕС-1035 (1977), ЕС-1060 (1978). За распрацоўку, асваенне і ўкараненне аперацыйных сістэм АС ЭВМ супрацоўнікам Мінскага з-да выліч. машын і НДІ ЭВМ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

клас фарбавальнікаў, у малекуле якіх адна ці некалькі азагруп -N=N-, звязаных з радыкаламі арган. злучэнняў (араматычных, гетэраараматычных, з актыўнымі CH2-групамі). У склад малекулы ўваходзяць таксама замяшчальныя і незамяшчальныя аміна- і гідраксігрупы, сульфакіслотная група SO3H, нітратная NO3, карбаксільная COOH і інш. Сінтэз азафарбавальнікаў заснаваны пераважна на рэакцыі азаспалучэння. Па колькасці азагруп адрозніваюць мона-, ды- і поліазафарбавальнікі.

Колер монаазафарбавальнікаў залежыць ад хім. будовы радыкалаў, звязаных з азагрупай, колькасці і месцазнаходжання замяшчальнікаў у іх. Прасцейшыя азафарбавальнікі звычайна жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру. Паглыбленне колеру звязана з колькасцю аміна-, гідраксі- і азагруп, велічынёй сістэмы спалучэння малекулы азафарбавальнікаў, яе палярызацыяй, наяўнасцю спалучэння паміж азагрупамі. Паводле хім. будовы, асаблівасцяў узаемадзеяння з матэрыяламі азафарбавальнікі падзяляюцца на: пігменты; дысперсныя азафарбавальнікі (нерастваральныя ў вадзе, растваральныя ў арган. растваральніках і палімерах); асноўныя фарбавальнікі; кіслотныя фарбавальнікі; лакі (звычайна нерастваральныя ў вадзе солі барыю ці кальцыю кіслотных фарбавальнікаў); пратраўныя фарбавальнікі, прамыя фарбавальнікі; актыўныя фарбавальнікі (уступаюць ў хім. рэакцыі з малекуламі матэрыялаў); азагены; металазмяшчальныя комплексныя злучэнні азафарбавальнікаў. Уключаюць фарбавальнікі ўсіх колераў і адценняў, усіх груп па тэхнал. выкарыстанні. На долю азафарбавальнікаў прыпадае больш за палову вытв-сці фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца на фарбаванне прыродных і сінт. валокнаў, скуры, паперы, гумы, пластмас, як пігменты для лакаў, фарбаў, пры вытв-сці каляровых алоўкаў і інш.

Літ.:

Аналитическая химия синтетических красителей: Пер. с англ. Л., 1979.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ МЕХА́НІКА,

раздзел механікі, у якім рух сістэм матэрыяльных пунктаў (цел) даследуецца пераважна метадамі матэм. аналізу. Вывучае складаныя мех. сістэмы (машыны, механізмы, сістэмы часціц і інш.), рух якіх абмежаваны пэўнымі ўмовамі (гл. Сувязі механічныя).

Галаномная сістэма (мех. сувязі залежаць толькі ад каардынат і часу) у патэнцыяльным полі характарызуецца функцыяй Лагранжа L = T − U , дзе T — кінетычная і U — патэнцыяльная энергія сістэмы. Калі вядома канкрэтная залежнасць L=L(q,q́,t), дзе q — абагульненыя каардынаты, q́ = dq dt — абагульненыя скорасці, t — час, то пры дапамозе прынцыпу найменшага дзеяння можна знайсці дыферэнцыяльныя ўраўненні руху мех. сістэмы. Іх інтэграванне пры зададзеных пачатковых умовах дазваляе вызначыць закон руху сістэмы, г.зн. залежнасці qi=qi(t), дзе i=1, 2, ..., S, S — лік ступеняў свабоды.

Асн. Палажэнні аналітычнай механікі распрацаваў Ж.​Лагранж (1788), значны ўклад зрабілі У.​Гамільтан, М.​В.​Астраградскі, П.​Л.​Чабышоў, А.​М.​Ляпуноў, М.​М.​Багалюбаў, А.​Ю.​Ішлінскі і інш. Метады аналітычнай механікі далі магчымасць выявіць сувязь паміж асн. паняццямі механікі, оптыкі і квантавай механікі (оптыка-мех. аналогіі). Абагульненне варыяцыйных прынцыпаў механікі на неперарыўныя квантава-рэлятывісцкія сістэмы склала матэм. аснову тэорыі поля. Дасягненні аналітычнай механікі садзейнічалі развіццю балістыкі, нябеснай механікі, тэорыі ўстойлівасці, тэорыі аўтам. кіравання і інш.

Літ.:

Кильчевский Н.А. Курс теоретической механики. Т. 2. М., 1977.

А.​І.​Болсун.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ЙГЕЛЬ (дакладней Брогел) Старэйшы, ці «Мужыцкі» (Bruegel de Oude, Boeren Brueghel) Пітэр (паміж 1525 і 1530, г. Брэда, Нідэрланды — 5.9.1569), нідэрландскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў флам. і галандскага рэаліст. мастацтва. У 1551 прыняты ў Антверпенскую гільдыю жывапісцаў. З 1563 працаваў у Бруселі. У раннія гады зазнаў уплыў Х.Босха. У яго творчасці ўвасобіліся пачуцці і страсці эпохі; складана перапляталіся гумар і трагізм, гратэск і грубаватая прастата з горыччу, сарказм з сатыр. павучальнасцю. Свайго гал. героя — сучасніка ён маляваў бескампрамісна («Сялянскае вяселле», «Сялянскі танец», абедзве каля 1566—67). Пачуццё бязмежнай велічы сусвету і неабходнасці ва ўсіх выпадках памятаць пра вечнасць жыцця і арыентавацца на яго першародныя законы не пакідалі мастака і тады, калі ён звяртаўся да тэмы вайны, голаду і смерці. Сэнс яго твораў неадназначны і часам глыбока зашыфраваны: «Перапіс у Віфлееме» (1566), «Сарока на шыбеніцы» (1568), «Сляпыя» (1568). Вял. значэнне ў яго творчасці мелі нідэрл. традыцыі, фальклор і нар. міфатворчасць. Нярэдка прыказка ці прытча выкарыстоўваліся ім як іншасказальная форма для глыбокага роздуму пра лёс краіны і свайго народа («Краіна гультаёў», 1567). У канцы жыцця звяртаўся да сцэн сял. жыцця, пейзажа («Змрочны дзень», «Поры года», «Вяртанне статка», «Паляўнічыя на снезе», «Жніво», усе 1565).

Літ.:

Гершензон-Чегодаева Н.М. Брейгель. М., 1983.

А.​В.​Кашкурэвіч.

П.Брэйгель. Сялянскае вяселле. Каля 1566—67.

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)