ІО́С ((Jooss) Курт) (12.1.1901, г.Васеральфінген, Германія — 29.5.1979),
нямецкі артыст балета, балетмайстар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў экспрэсіянізму ў танцы. Вучыўся ў Вышэйшай муз. школе ў Штутгарце (1919—21). З 1921 з Р. фон Лабанам працаваў у т-рах Мангейма і Гамбурга, балетмайстрам дзярж.т-ра ў Мюнстэры. Арганізатар (1927) і кіраўнік (1949—68) аддзялення танца «Фолькванг-шуле», адначасова балетмайстар трупы «Фолькванг-балет» у Эсене. У 1933 са сваёй трупай «Бале Іос» эмігрыраваў у Англію, адкрыў там уласную школу. Як балетмайстар-наватар стварыў танц. драму новага тыпу, сінтэзаваў танец мадэрн з тэхнікай класічнага танца і драм. пантамімы. Сярод лепшых пастановак: «Зялёны стол» на муз. Ф.Коэна (1932, 1-я прэмія на міжнар. конкурсе харэографаў у Парыжы), «Блудны сын» Коэна (1933), «Кампанія на заезным двары» на муз. Л.Бетховена—Кука (1943), «Пандора» Герхарда (1974). Творчасць І. зрабіла вял. ўплыў на развіццё харэаграфічнага мастацтва многіх краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ФЕ (Абрам Фёдаравіч) (29.10.1880, г. Ромны Сумскай вобл., Украіна — 14.10.1960),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў сав.фіз. школы. Акад.АНСССР (1920, чл.-кар. 1918). Герой Сац Працы (1955). Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1902). Арганізатар і першы дырэктар Фіз.-тэхн. ін-та (1921—51; цяпер імя І.), Ін-та паўправаднікоў (1955—60) АНСССР і Фіз.-агранамічнага ін-та (1932—60). Навук. працы па трываласці, пластычнасці, электраправоднасці цвёрдага цела. Зрабіў значны ўклад у фізіку і тэхніку паўправаднікоў: паклаў пачатак даследаванням паўправаднікоў як новых матэрыялаў для электронікі, прапанаваў тлумачэнне механізму выпрамлення эл. току ў паўправадніках, распрацаваў асн. аспекты вы карыстання тэрма- і фотаэл. уласцівасцей паўправаднікоў для пераўтварэння цеплавой і светлавой энергіі ў электрычную і інш.Дзярж. прэмія СССР 1942. Ленінская прэмія 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААПЕРАВА́ННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая мае на мэце ўстанаўленне працяглых вытв. сувязей прадпрыемстваў па сумесным вырабе канчатковай прадукцыі. К.в. можа быць галіновае (паміж прадпрыемствамі адной галіны прам-сці), міжгаліновае, унутрызаводскае (паміж цэхамі прадпрыемства), унутрыраённае (паміж прадпрыемствамі аднаго эканам. раёна) і міжраённае. К.в. вынікае са спецыялізацыі вытворчасці і мае тыя ж 4 формы: прадметнае, калі заводы пастаўляюць галаўному прадпрыемству вырабы, што ідуць на камплектаванне канчатковай прадукцыі; падэталёвае, калі галаўны з-д атрымлівае ад прадпрыемстваў-сумежнікаў асобныя дэталі і вузлы для гатовай прадукцыі; тэхналагічнае, калі адзінз-д выконвае для другога асобныя тэхнал. аперацыі або пастаўляе пэўныя паўфабрыкаты; функцыянальнае, калі спецыялізаванае прадпрыемства па аказанні паслуг выконвае для інш. прадпрыемстваў функцыі па абслугоўванні вытв-сці (рамонт абсталявання і інш.). К.в. дазваляе больш поўна выкарыстоўваць усе перавагі спецыялізацыі і канцэнтрацыі і скарачаць працягласць вытв. цыкла па вырабе канчатковай прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ (Восіп Міхайлавіч) (9.1.1801, г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. — 21.10.1878),
гісторык, адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расіі. Акад. Пецярбургскай АН (1847), праф. (1834). Скончыў Свіслацкую гімназію (1817), Віленскі ун-т (1821). З 1821 выкладаў у Віленскай гімназіі. У 1825 арыштаваны за ўдзел у тайных т-вах, высланы ў Казань, дзе ва ун-це вывучаў усх. мовы. У 1829—30 наведаў Манголію і Кітай. З 1833 выкладаў у Казанскім ун-це, заг. першай у Еўропе кафедры манг. мовы. У 1855—60 рэктар Казанскага ун-та. З 1862 у Варшаве, выкладаў усеаг. гісторыю ў Гал. школе (з 1869 ўн-т). Аўтар прац «Кароткая граматыка мангольскай кніжнай мовы» (1835), «Мангольская хрэстаматыя» (т. 1—2, 1836—37), «Мангольска-руска-французскі слоўнік» (т. 1—3, 1844—49, Дзямідаўская прэмія Пецярбургскай АН) і інш.
Літ.:
Міхнюк У.М., Шалькевіч В.Ф. Усходазнаўца Восіп Кавалеўскі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ (Восіп) (Юзаф) Антонавіч (1757, б. хутар Казлоўскі, Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл. — 11.3.1831),
кампазітар. Муз. адукацыю атрымаў у капэле св. Яна ў Варшаве. З 1775 настаўнік музыкі М.К.Агінскага ў Слоніме. У 1786—96 афіцэр рус. арміі. У 1799—1819 у Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу (з 1803 дырэктар музыкі). У апошнія гады жыцця разам з дачкой арфісткай М.Казлоўскай кіраваў хорам і аркестрам графа Мурамцава ў Прапойску (сучасны г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.). Адзін з пачынальнікаў рус. раманса (найб. каштоўны зб. «Расійскія песні» з 30 твораў на тэксты рус. паэтаў). Аўтар героіка-патрыят. паланэзаў для хору і аркестра, у т. л. «Гром перамогі, гучы», манум. «Рэквіема» (1798), уверцюр і антрактаў для аркестра, якія падрыхтавалі глебу для рус. праграмнага сімфанізму, музыкі да трагедый У.Озерава, Я.Княжніна, П.Каценіна і інш. Наблізіў жанр «трагедыі на музыцы» да оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАВАЯ ЗВА́РКА,
зварка, пры якой дэталі злучаюць награваннем месца кантакту эл. токам і адначасовым сцісканнем (асаджваннем); адзін з найб. прадукцыйных спосабаў зваркі. Бывае кропкавая, стыкавая, шыўная (ролікавая) і рэльефная; зварка аплаўленнем (месца злучэння награваюць да аплаўлення), супраціўленнем (да пластычнага стану) і кандэнсатарная (з выкарыстаннем імпульсаў ад батарэі кандэнсатараў).
Найб. пашырана кропкавая К.з., пры якой асобнымі кропкамі-кружкамі злучаюць ліставыя канструкцыі ў нахлёст. Пры стыкавой зварцы дэталі злучаюць па ўсёй плошчы сутыкнення (дрот, арматура, трубы, рэйкі і інш.). Пры шыўнай К.з. (робяць ролікамі-электродамі) кожная зварная кропка перакрывае папярэднюю і ўтварае зварное шво; пры рэльефнай месца зварных кропак вызначаецца загадзя створанымі выступамі. Для К.з. выкарыстоўваюць машыны (устаноўкі) з канструктыўна аб’яднанымі зварачным трансфарматарам (пераўтваральнікам) і мех. прыстасаваннем для сціскання дэталей.
Схемы кантактавай зваркі: а — стыкавой; б — кропкавай; в — шыўнай (ролікавай); 1 — дэталі, якія зварваюцца; 2 — электроды; 3 — зварачны трансфарматар; P — сіла, што сціскае дэталі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПІ́НСКІ (Аляксандр Пятровіч) (7.1.1847, г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобл., Расія — 15.7.1936),
расійскі геолаг, заснавальнік рускай геал.навук. школы. Акад.АНСССР (акад. Пецярбургскай АН з 1896), Акад.АН Беларусі (1928). Чл. многіх замежных акадэмій і навук. таварыстваў. Скончыў Горны ін-т у Пецярбургу (1866), дзе выкладаў у 1869—96. Адзін з арганізатараў (1882) і дырэктар Геал.к-та (1885—1903). Першы выбарны прэзідэнт Рас.АН (1917—25), прэзідэнт АНСССР (з 1925). Навук. працы па стратыграфіі і палеанталогіі, тэктоніцы і палеагеаграфіі, петраграфіі, генезісе рудных радовішчаў і інш. Стварыў агульную наменклатуру стратыграфічных падраздзяленняў, склаў зводныя геал. і тэктанічныя карты Еўрапейскай ч.СССР, Урала і Зах. Еўропы. Прэзідэнт Мінералагічнага т-ва (1899—1936). Імем К. названы горад у Свярдлоўскай вобл., вулкан на в-ве Парамушыр (Курыльскія а-вы), гара на Паўн. Урале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКІ КРЫ́ЗІС 1962, Кубінскі крызіс,
канфлікт паміж ЗША і СССР вакол Кубы; адзін з найб. небяспечных для міжнар. міру эпізодаў «халоднай вайны». Выкліканы тайным размяшчэннем з чэрв. 1962 сав.ядз. ракет сярэдняй далёкасці на в-ве Куба. 16.9.1962 амер. разведвальны самалёт У-2 выявіў сав. ракеты на Кубе. Прэзідэнт Дж.Ф.Кенэдзі абвясціў марскую блакаду вострава (ажыццяўлялася 24.10—21.11.1962 сіламі 183 караблёў ВМС ЗША) і запатрабаваў ад СССР вывесці ракеты з Кубы. Абодва бакі прывялі ў стан баявой гатоўнасці свае стратэг.ядз. сілы, што пагражала выбухам ядз. вайны ў свеце. СССР пагадзіўся на вывад ракет у абмен на гарантыі бяспекі для Кубы і абяцанне вывесці амер. ракеты з Турцыі. Дагаворы аб гэтым дасягнуты ў канцы кастр. — пач.ліст. 1962 на сав.-амер. перагаворах з удзелам кубінскіх прадстаўнікоў і ген. сакратара ААН. У выніку К.к. была наладжана пастаянная прамая тэлеф. ўрадавая сувязь («гарачая лінія») паміж Масквой і Вашынгтонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЯ́К (Іван Іванавіч) (1909, в. Горы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 13.3.1989),
бел. грамадскі дзеяч у эміграцыі, публіцыст. Вучыўся ў Віленскім ун-це, скончыў політэхн.ін-т у Львове (1941). Са жн. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, з кастр. 1941 заг. аддзела культуры Мінскага акр. аддзела Бел.нар. самапомачы. У 1944 акруговы намеснік Бел.цэнтр. рады (БЦР) у Глыбокім. Чл.Бел.навук.т-ва. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Бел. аўтакефальнай правасл. царквы. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса ў Мінску (чэрв. 1944), потым выехаў у Германію, з канца 1940-х у ЗША. Удзельнічаў у працы БЦР у эміграцыі, старшыня Бел. кангрэсавага к-та Амерыкі (1957—89). Супрацоўнічаў з час. «Беларуская думка», бел.рэліг.-грамадскім цэнтрам у Саўт-Рыверы. Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі.
Тв.:
З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Йорк, 1956;
Беларусь учора і сяньня. Мн., 1993 (разам з Я.Найдзюком).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎПА́К (Сідар Арцёмавіч) (25.5.1887, г.п. Кацяльва Палтаўскай вобл., Украіна — 11.12.1967),
украінскі дзярж. дзеяч і военачальнік, адзін з арганізатараў партыз. руху на Украіне ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1942, 1944). Ген.-маёр (1943). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1937—41 старшыня Пуціўльскага гарсавета Сумскай вобл. У Вял.Айч. вайну камандзір Пуціўльскага партыз. атрада, злучэння партыз. атрадаў Сумскай вобл. (са студз. 1944—1-я Укр.партыз. дывізія імя Каўпака), чл. падпольнага ЦК КП(б)У. Узначальваў 5 рэйдаў партызан па ням.-фаш. тылах, у т. л. ў 1942—43 — з бранскіх лясоў па тэр. Гомельскай, Палескай, Пінскай, Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей. У студз. 1943 на воз. Чырвонае (Жыткавіцкі р-н) партызаны К. разам з бел. партызанамі стварылі аэрадром. З 1947 нам. старшыні, з 1967 чл. Прэзідыума Вярх. Савета Украіны. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1946—67. Аўтар успамінаў.