ДУ́БАЙ,

курганны могільнік (7 — пач. 6 ст. да н.э.) мілаградскай культуры каля в. Дубай Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Больш за 80 насыпаў. Зафіксаваны незвычайны для мілаградскай культуры на тэр. Беларусі пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце галавой на ПдУ (1—3 нябожчыкі ў кургане), побач клалі інвентар, над магілай рабілі драўляную дамавіну, зверху насыпалі курган. Сярод знаходак жал. наканечнікі дзід, залатая завушніца, вял. грушападобныя пасудзіны.

С.​Я.​Расадзін.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎКА,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу і пяскоў у Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Дуброўка. Паклад звязаны з надмарэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Жвірова-пясчаная парода шаравата- і буравата-жоўтая, месцамі гліністая; пяскі розназярністыя. Разведаныя запасы 25,1 млн. м³, перспектыўныя 6,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—12,6 м, ускрышы (супескі, пяскі) 0,2—7 м. Жвір і пяскі прыдатныя для дарожнага буд-ва. Радовішча распрацоўваецца.

А.​П.​Шчураў.

Дуброўка белая.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЛЯЎШЧЫ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

у Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Дуляўшчына. Лінзападобны паклад звязаны з адкладамі шклоўскага міжледавікоўя. Гліны шэрыя, шчыльныя, з рэдкімі праслоямі і гнёздамі гліністага пяску, месцамі пераходзяць у суглінкі і тонкія супескі. Разведаныя запасы 6,7 млн. м³, перспектыўныя 0,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,8—12,4 м, ускрышы (розназярністыя пяскі, марэнныя супескі) 0,2—7,5 м. Гліны прыдатныя для вытв-сці цэменту.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМУЛЕ́Н ((Desmoulins) Каміль) (2.3.1760, Гіз, каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 5.4.1794),

дзеяч франц. рэвалюцыі канца 18 ст., адвакат і журналіст. Напярэдадні паўстання 14.7.1789 заклікаў народ да ўзбр. барацьбы супраць манархіі. Рэдагаваў шэраг дэмакр. газет. У Канвенце выступаў супраць жырандыстаў, прыхільнік Ж.Ж.Дантона. У канцы 1793 — пач. 1794 выдаваў час. «Le Vieux Cordelier» («Стары кардэльер»), у якім патрабаваў адмены закону аб максімуме, змякчэння рэв. тэрору, крытыкаваў палітыку М.Рабесп’ера. Паводле рашэння рэв. трыбунала гільяцінаваны.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА,

пасёлак у Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Ясельда і Палескім возеры. На аўтадарозе Пінск—Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 12 км на ПнУ ад г. Пінск, 187 км ад Брэста, 0,5 км ад чыг. ст. Ясельда, 938 ж., 290 двароў (1996). Мэблевая ф-ка, АТС, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — манастырскі будынак (18 ст.). Каля вёскі археал. помнікі — Гарадзішча.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́К,

археалагічныя помнікі (4 стаянкі каменнага і бронзавага вякоў, гарадзішча мілаградскай культуры, селішчы ранняга жал. веку) каля в. Гарадок Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. На адной са стаянак выяўлены рэшткі агнішча і гасп. ям, крамянёвыя прылады працы днепра-дзяснінскай культуры (гл. ў арт. Сожская культура), рэшткі 3 агнішчаў і крамянёвыя прылады працы днепра-данецкай культуры. На гарадзішчы знойдзены фрагменты керамічных пасудзін, на селішчы — рэшткі грубаляпной таўстасценнай керамікі і фрагменты жал. рэчаў.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЦО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён ранняй пары верхняга палеаліту (каля 40—24 тыс. г. назад), што насялялі вярхоўі Дона. Назва ад прозвішча аднаго з першых даследчыкаў культуры В.​А.​Гарадцова. Насельніцтва займалася паляваннем на мамантаў і коней, жыло у наземных жытлах, пабудаваных, верагодна, з выкарыстаннем дрэва. Вырабляла крамянёвыя долатападобныя прылады, дробныя скрабкі, скрэблы, багата арнаментаваныя касцяныя прылады, упрыгожанні, лапатачкі т.зв. «гарадцоўскага тыпу» (вёслападобныя прылады са сценак трубчастых галёначных касцей маманта).

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́НЫ,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Зах. Дзвіна. Чыг. ст. на лініі Полацк—Віцебск. На аўтадарозе Полацк—Віцебск. Цэнтр сельсавета і калгаса-камбіната. За 18 км на ПдУ ад г. Полацк, 77 км ад Віцебска. 750 ж., 273 двары (1996). Лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі гарадзішча (7—2 ст. да н.э.).

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РДЗІ, Хардзі (Hardie) Джэймс Кейр (15.8.1856, Легбранак, каля г. Ланарк, Вялікабрытанія — 26.9.1915), дзеяч англ. рабочага руху. У 1870—80-я г. прафс. лідэр шатл. гарнякоў. У 1888 заснаваў Шатл. рабочую партыю, у 1893 — Незалежную рабочую партыю Вялікабрытаніі. У 1892—95, 1900—07 чл. Палаты абшчын англ. парламента. Пасля стварэння Лейбарысцкай партыі (1900) адзін з яе лідэраў. Асуджаў англа-бурскую вайну 1899—1902, у 1-ю сусв. вайну на пацыфісцкіх пазіцыях.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ВА,

рака ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 29 км. Пл. вадазбору 631 км². Выцякае з воз. Урада, цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага ўзв., працякае цераз азёры Атолава, Турасы, Бярозаўскае і Павульскае, упадае ў воз. Янова. Каля 12% вадазбору Дз. прыпадае на 130 азёр Ушацкай групы. Пры выхадзе з кожнага возера на некаторай адлегласці рака не замярзае ў самы моцны мароз, а над вадой стаіць пара.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)