празры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які прасвечваецца, прапускае святло. Празрыстая вадкасць. □ У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка. Грахоўскі. // Тонкі, праз які відаць іншыя прадметы; ажурны. Празрыстая тканіна. // Ясны, чысты, праз які добра відаць іншыя прадметы. Вада каля берага зеленавата-блакітная, чыстая і празрыстая, падобная па колеру на марскую. В. Вольскі. Далі, яркія, празрыстыя, як шкло, пачалі зацягвацца валокнамі шэрай павуціны. Бядуля. Далягляд быў празрысты, і палоска лесу на небасхіле акрэслівалася выразна на чыстым небе. Хадкевіч. // у спалучэнні са словам «вочы». Ясны. Празрыстыя цёмна-шэрыя вочы яшчэ глыбей западалі ў арбіты, абведзеныя чорнымі кругамі фарбы. Гартны. // перан. З тонкай, бледнай скурай. Пасекліся косы за дротам. У ноч успамінаў і мукі Іх запляталі з пяшчотай Празрыстыя, цёплыя рукі. Маляўка. А калі яшчэ [Люся] надзявала белую сукенку — хоць ты яе насі на руках, гэткая яна станавілася лёгкая, празрыстая. Ермаловіч. // перан. Прыемны для слыху, меладычны. — Гэта хто тут пасе каня? — гукнуў празрыстым голасам адзін з хлопцаў. Чарот. // перан. Зразумелы, ясны, выразны. Метафары ў рамане таксама празрыстыя і выразныя, яны не засмечваюць мову, не абцяжарваюць стыль. Хромчанка. [Чорны] любіў празрыстую прозу Чэхава. «Полымя».

2. перан. Які можна лёгка разгадаць; ясны. Празрысты намёк. □ Напісаная мовай паэтычнай алегорыі, паэма вельмі празрыстая сэнсам. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрыбе́т, ‑бта, М ‑бце, м.

1. Пазваночнік чалавека, жывёлы або рыбы. Поўсць на высокім хрыбце непрыгожа ўскудлачаная, брудна-бурая, а пад шыяй вісіць клоччам, як бывае вясной, калі звер ліняе. Шамякін. Абодва бакі жэраха пакрыты бліскучай серабрыстабелай луской, якая на самым хрыбце афарбавана ў шэры і нават цёмны колер. Матрунёнак. [Чабаноўскі] абапёрся на яе плячо. Ядзя абхапіла рукой яго спіну, праз тонкі шынель адчувала востры хрыбет. Асіпенка. // перан. Аснова, апора, касцяк. Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч.

2. Разм. Спіна (у чалавека або жывёлы). Пад зялёным хмызам Церлася хрыбтом, Хмыз бязрогім, лысым Кратала ілбом [ласяня]. Калачынскі. [Андрэй:] — А я нагой у хрыбет [вартавога], а рукой на рэгулятар. Лынькоў.

3. перан. Верхні край чаго‑н. (хвалі, страхі і пад.). На страсе, на самым хрыбце, селі два белыя галубкі і сядзяць, нікуды не хочуць ляцець. Пестрак. Вецер грае на прасторы, На хрыбтах імглістых хваль. Бядуля.

4. Рад гор, якія працягнуліся ў адным кірунку; горны ланцуг. Горны хрыбет. □ Раптам шлях засланілі хрыбты Алатау, Ля падножжа — у яблынях Алма-Ата. Панчанка. Унізе зялёная даліна, кветкі, сцюдзёная вада ў шумлівай рачулцы, а ўзнімеш вочы — не верыцца: хоць смаліць сонца, а вунь на хрыбтах снегавыя шапкі. Гроднеў. Над Аюдагам — над Мядзведзь-гарою — Хрыбет увесь імглой завалакло. Караткевіч.

•••

Спінны хрыбет — пазваночнік.

Ламаць хрыбет гл. ламаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БІЯАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

галіна арганічнай хіміі, якая вывучае сувязь паміж будовай арган. рэчываў і іх біял. функцыямі. Выкарыстоўвае пераважна метады арган. і фіз. хіміі, таксама фізікі і матэматыкі. У біяарганічнай хіміі даследуюцца біяпалімеры (бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, нуклеінавыя кіслоты і інш.), нізкамалекулярныя біярэгулятары (вітаміны, гармоны, прастагландзіны, антыбіётыкі, ферамоны і інш.); сінт. біялагічна актыўныя злучэнні, у т. л. лекі, пестыцыды, гербіцыды і інш. Спалучае аналіз хім. структуры, прасторавай будовы арган. злучэння з яго сінтэзам, мадыфікацыяй і вывучэннем хім. дзеяння ў сувязі з біял. функцыямі.

Склалася на мяжы біяхіміі і арган. хіміі, з’явілася лагічным працягам хіміі прыродных злучэнняў. Найб. значныя этапы станаўлення біяарганічнай хіміі: адкрыццё α-спіральнай структуры бялкоў (Л.​Полінг), вызначэнне хім. будовы нуклеатыдаў (А.​Тод), амінакіслотнай паслядоўнасці інсуліну (Ф.​Сенгер), працы па канфармацыйным аналізе біялагічна актыўных злучэнняў (Д.​Бартан, У.​Прэлаг), поўны хім. сінтэз рэзерпіну, хларафілу, вітаміну B12 (Р.​Вудвард). У Расіі і СССР уплыў на развіццё біяарганічнай хіміі зрабілі працы А.​М.​Бутлерава, М.​Дз.​Зялінскага, А.​Е.​Арбузава, У.​М.​Радыёнава, А.​М.​Белазерскага, І.​М.​Назарава, М.​А.​Праабражэнскага, М.​М.​Шамякіна, Ю.​А.​Аўчыннікава і інш. У 1960—70-я г. пачалі выкарыстоўваць у сінтэзе ферменты, напр., для камбінаванага хіміка-энзіматычнага сінтэзу гена (Г.​Карана). Энзімалагічныя метады сінтэзу далі магчымасць выбіральна ператвараць прыродныя злучэнні і атрымліваць новыя біялагічна актыўныя пептыды, алігацукрыды, нуклеатыды і нуклеінавыя кіслоты. У 1970—80-я г. інтэнсіўна развіваюцца сінтэз алігануклеатыдаў і генаў, мембраналогія, аналіз структуры складаных бялкоў, сярод якіх трансаміназа, β-галактазідаза, ДНК-залежная РНК-полімераза, γ-глабуліны, інтэрфероны і мембранныя бялкі (адэназінтрыфасфатаза, бактэрыярадапсін, цытахромы P-450); даследуюцца будова і механізм дзеяння нейрапептыдаў — рэгулятараў вышэйшай нерв. дзейнасці. Біяарганічная хімія звязана з практычнай медыцынай і сельскай гаспадаркай (стварэнне імунахім. сродкаў мікрааналізу біялагічна актыўных рэчываў, сінтэз антыбіётыкаў, гармонаў, вітамінаў, стымулятараў росту раслін і рэгулятараў паводзін жывёл і насякомых), біятэхналогіяй, хім. і мікрабіял. прам-сцю. Спалучэнне метадаў біяарганічнай хіміі і геннай інжынерыі дало магчымасць атрымаць інсулін чалавека, інтэрферон, гармон росту чалавека і інш. біялагічна актыўныя злучэнні бялкова-пептыднай прыроды.

На Беларусі развіццё біяарганічнай хіміі пачалося пасля ўтварэння ў 1974 Ін-та біяарган. хіміі АН на чале з А.​А.​Ахрэмам. Вывучаюцца і даследуюцца: структуры і функцыі бялкоў, ферментаў, нуклеінавых кіслот і нізкамалекулярных біярэгулятараў (стэроідных гармонаў, прастагландзінаў), тонкі арган. сінтэз пестыцыдаў, лек. прэпаратаў і іншых фізіялагічна актыўных біяхім. злучэнняў. Даследаваны: біяхім. ўласцівасці стэроідаў і прастагландзінаў (Ахрэм, Ф.​А.​Лахвіч, У.​А.​Хрыпач), стэроідных і бялковых гармонаў (А.​А.​Стральчонак), нуклеатыдаў і нуклеазідаў (І.​А.​Міхайлопула), механізмы дзеяння акісляльна-аднаўляльных ферментных сістэм і іх мадэлявання (Дз.​І.​Мяцеліца, С.​А.​Усанаў), структура і арганізацыя мембранна-звязаных ферментаў (В.​Л.​Чашчын), таксама сінтэз новых лек. прэпаратаў на аснове гетэрацыклічных злучэнняў (Л.​І.​Ухава) і інш.

Літ.:

Овчинников Ю.А. Биоорганическая химия М., 1987;

Дюга Г., Пенни К. Биоорганическая химия: Хим. подходы к механизму действия ферментов: Пер. с англ. М., 1983;

Бендер М., Бергерон Р., Комияма М. Биоорганическая химия ферментативного катализа: Пер. с англ. М., 1987.

Дз.​І.​Мяцеліца.

т. 3, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

scharf

1. a во́стры

2) рэ́зкі, прані́злівы

3) е́дкі

4) во́стры, то́нкі (пра слых)

5) мо́цны (пра акуляры);

~e Patrnen баявы́я патро́ны [набо́і];

ein ~er Schuss тра́пны стрэл;

auf j-n [auf etw.] ~ sein мо́цна ціка́віцца кім-н. [чым-н.]; разм. пра́гнуць, мо́цна хаце́ць [жада́ць] (чаго-н.), ква́піцца (на што-н.)

2. adv

1) во́стра (навастрыць)

2) дакла́дна; ува́жліва; пі́льна;

~ bewchen пі́льна ахо́ўваць

3) рашу́ча; рэ́зка; энергі́чна;

~ drchgreifen* прыня́ць рашу́чыя ме́ры;

~ mchen падбухто́рваць, ве́сці кампа́нію супро́ць каго́-н.

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Страла́1тонкі прут для стральбы з лука’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Янк. 2), ‘журавель, доўгае бервяно ў калодзежы’ (Некр., Жд. 2, Янк. 2), ‘саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 808), ‘пярун, маланка’ (ТС), ‘крэмневы завостраны цыліндрык’ (ТС, Маш.), ‘белемніт’, ‘выкапнёвая каменная сякерка’ (Машынскі, Atlas): перуно́вая стрэла́ ‘тс’ (Пятк. 2), ‘стрэлка ў гадзінніку’ (Сцяшк.), ‘бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе’ (ТСБМ), памянш. стрэ́лка (гл.). Параўн. укр. стріла́, рус. стрела́, стараж.-рус. стрѣла, польск. strzała, в.-луж. třěła ‘снарад’, н.-луж. stśěła ‘прамень’, чэш. střela ‘страла, маланка’, славац. strela ‘снарад’, серб.-харв. стријѐла, славен. stréla, балг. стрела́ ‘страла, маланка’, макед. стрела ‘страла’, ст.-слав. стрѣла ‘страла’, дыял. (салун.) strʼälá ‘гром’. Прасл. *strěla, дэрыват ад незасведчанага і.-е. дзеяслова (Шустар-Шэўц, 1368). Борысь (583) следам за Покарным (1028) мяркуе, што слова з’яўляецца вытворным ад і.-е. кораня *ster‑, які ў распасцерці (гл.). Роднасныя лат. stręlā ‘страла, кідальны снарад, паласа, струмень’, літ. strėlà ‘страла’, ст.-в.-ням. strâl(a) ‘страла, маланка’, ням. Strahl ‘прамень’, на падставе якіх Борысь (там жа) узнаўляе слав.-балта-герм. праформу *strē‑lā. Махэк₂ (586) лічыць усе гэтыя словы запазычаннем з “праеўрапейскага субстрата”. Гл. таксама Глухак, 589; Бязлай, 3, 326.

Страла́2 ‘страказа’ (лудз., Сл. ПЗБ), стрэ́лка ‘тс’ (Некр. і Байк., Касп.; в.-дзв., смарг., паст., рас., даўг., Сл. ПЗБ). Да страла1, стрэлка2 (гл.). Назва па доўгім, выцягнутым брушку. Параўн. рус. дыял. стре́лка ‘тс’.

Страла́3 ‘карагод’ (Нар. Гом.). Ад назвы абрада “ваджэнне і пахаванне стралы”, відаць, да страла1 (гл.). Аб семантыцы абрада гл. Барташэвіч, Бел. фальк., 2, 563–565.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

во́стры, ‑ая, ‑ае.

1. З завостраным канцом або краем. Востры канец палкі. □ Свежыя адбіткі вострых капытоў.. сведчылі, што гэта была не здань, а жывы, рэальны алень. В. Вольскі. // Добра навостраны. Серп востры, аж кусаецца, як спрабуе яго пішчыкам пальца Яніна. Мурашка.

2. Які звужвацца пад канец. Востры твар. Вострыя насы туфель. □ Над галавою,.. з свістам рассякаючы паветра вострымі крыламі, праляцела качка. Нікановіч.

3. перан. Які выразна і моцна адчуваецца, праяўляецца. Вострыя пачуцці. □ У Шуры да дэсантнікаў вострая цікавасць, але падступіцца да іх нельга. Навуменка. Разгубленасць саступіла месца вострай трывозе. Лынькоў.

4. перан. Добра развіты, тонкі. Востры зрок, нюх. Востры розум. // Праніклівы, пранізлівы. З-пад .. брывей.. бліснуў востры, як лязо брытвы, позірк. Лынькоў.

5. перан. Дасціпны, з’едлівы. Вострае слова. □ Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў.

6. Не прэсны, з вялікай колькасцю солі, спецый. Вострыя прыправы. Востры сыр. // Рэзкі. Востры пах. □ Лёгкі подых ветру нёс востры смалісты водар прасохлага на сонцы бярвення. Дуброўскі.

7. Які бурна развіваецца, рэзка адчуваецца (пра хваробы); не хранічны; раптоўны, моцны. Вірусны грып — вострая інфекцыйная хвароба. Востры апендыцыт. □ Нагу працяў нясцерпны, востры боль. Гамолка.

8. перан. Вельмі напружаны, крытычны. Вострая сітуацыя. Вострае становішча. □ Крапівінскія байкі прыцягвалі і прыцягваюць перш за ўсё сваім трапным словам, жывым вострым дыялогам. Казека.

•••

Востры язык гл. язык.

Востры на язык — пра чалавека, які ўмее дасціпна, колка сказаць.

Згладзіць вострыя вуглы гл. згладзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАЛЮ́НАК,

выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).

Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.​Гольбейн, А.​Дзюрэр, Ф.​Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.​Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.​Вато, Ф.​Гвардзі, К.​Ларэн, Н.​Пусэн, П.​П.​Рубенс, Рэмбрант, У.​Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.​Гоя, Э.​Дэга, Э.​Дэлакруа, А.​Матыс, А.​Менцэль, П.​Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.​А.​Энгр і інш.; у Расіі — К.​Брулоў, А.​Венецыянаў, А.​Кіпрэнскі, В.​Сяроў, М.​Урубель, У.​Фаворскі, А.​Ягораў і інш.

На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.​Радзівіла да арх. планаў, А.ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.​Аляшкевіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, В.​Ваньковіч, Г.​Вейсенгоф, Я.​Дамель, Ф.​Рушчыц, Н.​Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.​Аксельрод, А.​Астаповіч, В.​Букаты, С.​Герус, П.​Гуткоўскі, М.​Гуціеў, В.​Дваракоўскі, Я.​Драздовіч, Я.​Зайцаў, Б.​Звінагродскі, Г.​Змудзінскі, С.​Раманаў, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук, М.​Тарасікаў, А.​Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.​Александровіч, Л.​Асецкі, В.​Баранаў, М. і У.Басалыгі, У.​Вішнеўскі, А.​Дзямарын, П.​Драчоў, Я.​Жылін, М.​Карпук, А.​Кашкурэвіч, Я.​Кулік, М.​Купава, А.​Г.​Лось, Л.​Марчанка, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч, У.​Савіч, М Селяшчук, Р.​Сітніца, Г.​Скрыпнічэнка, В.​Славук, В.​Шаранговіч і інш.

В.​Я.​Буйвал.

Да арт. Малюнак. В.ван Гог. Sorrow. 1882.
Да арт. Малюнак. А.​Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.
Да арт. Малюнак. В.​Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.
Да арт. Малюнак. А.​Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.
Да арт. Малюнак. М.​Урубель. Аўтапартрэт. 1904.

т. 10, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ліст 1, ‑а і ‑у, М ‑сце; мн. лісты, ‑оў і (разм.) лісці, ‑яў; м.

1. ‑а. Орган паветранага жыўлення і газаабмену раслін у выглядзе тонкай, звычайна зялёнай пласцінкі на чаранку. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Крапіва. Усё відаць, як на далоні .. Нават бачыш, як трапечацца зжаўцелы ліст на бліжняй бярозе. Лынькоў. Асенніх лісцяў плаўленая медзь кладзецца, астываючы, пад ногі. А. Вольскі.

2. ‑у; у знач. зб. Лісце. Ачнецца гай І з песнямі У зялёны ліст Адзенецца. Колас. // Засушанае лісце некаторых раслін, якое ужываецца як прыправа, а таксама для прыгатавання настояў, лекаў. Лаўровы ліст. Эўкаліптавы ліст. Александрыйскі ліст.

•••

Лістам слацца гл. слацца.

ліст 2, ‑а, М ‑сце; мн. лісты, ‑оў; м.

1. Тонкі пласт якога‑н. матэрыялу (паперы, металу, фанеры і пад.). У дашчанай майстэрні Ігнась з грукатам і лёскатам выпростваў на холадзе вялікія лісты бляхі. Мурашка. Вулай скамечыў ліст ватману, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.

2. Пісьмо. Як шкада мне, Што паштовы голуб Ад цябе ліста не прынясе. Аўрамчык. Ліст ад геолага-сына Маці чытае старая — Аб сваіх справах хлапчына Піша з далёкага краю. Смагаровіч.

3. (звычайна з азначэннем). Дакумент, якім што‑н. пацвярджаецца або загадваецца. Абходны ліст. Маршрутны ліст. Бальнічны ліст. // Бланк для занясення якіх‑н. звестак. Падпісны ліст.

•••

Акладны ліст — афіцыйнае паведамленне аб аблажэнні падаткам, страхоўкай і пад.

Выканаўчы ліст — юрыдычны дакумент на права спагнання паводле рашэння суда.

Тытульны ліст — старонка ў пачатку кнігі, дзе надрукавана яе назва.

З ліста — адразу, без папярэдняй падрыхтоўкі (іграць, чытаць і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Раптоўны ваенны ўзброены напад на каго‑, што‑н. Атрады зрабілі налёт на станцыю, разграмілі нямецкі гарнізон і ачысцілі вялікі ўчастак чыгункі ад варты. Шамякін. Налёт нашых самалётаў па станцыю ў горадзе быў вельмі ўдалым. Шахавец. // Нечаканы, масіраваны абстрэл. Артылерыйскі налёт. Агнявы налёт.

2. Напад з мэтай грабяжу, вобыску і пад. Налёт на кватэру. Налёт на банк. □ [Банда] рабіла налёты на мястэчкі і сёлы, радавала ўсё, што ў каго можна было. Сабаленка. Раптам на базар камендант зрабіў налёт. Гурскі. // Разм. Набег на чужы сад, агарод. Вясковыя хлапчукі, сярод якіх быў і герой апавядання Мікітка, зрабілі налёт на суседскі сад. Шкраба.

3. Тонкі слой якога‑н. рэчыва, што асела ці з’явілася на паверхні чаго‑н. Налёт сажы. Налёт іржы. □ [Лілія Віктараўна] здзьмухнула з крэсла налёт пудры і запрасіла Рамана сесці. Васілёнак. На чорны гарнітур Макушэнкі і на боты Лескаўца лёг светла-шэры налёт. Шамякін.

4. перан. Слаба выражаная адзнака, рыса; слабае адбіццё ўнутранага стану, пачуцця. Налёт сентыментальнасці. □ Рыгора ўразілі вочы. Не тое каб вялікія, а нейкія нерухомаспакойныя, з налётам незразумелай тугі і смутку. Б. Стральцоў.

5. Колькасць налятанага часу або налятавай адлегласці. Дзвесце гадзін налёту на самалёце. □ [Кудлач:] — У складаных умовах [лётчыкі] ляталі многа. Агульны налёт таксама не дрэнны... Алешка.

6. Гнойнае ўтварэнне на якім‑н. органе або ране. Налёты на дыхальным горле.

•••

З налёту — а) з разгону, не спыняючы руху, на поўным хаду. Клюе верхаводка з налёту. Матрунёнак; б) хутка, адразу, не задумваючыся. Амаль усё, за што ні браўся хлопец, давалася яму лёгка, проста з налёту. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ліст1 ’орган расліны’, ’лісце’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Бяльк., Касп., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лісць ’лісце’ (Нар. Гом., Яруш.), лі́сце ’тс’ (ТСБМ, Кл., Бес., Бяльк., Сцяшк.), лісцейко, лісціка, лістейка ’тс’ (Нас., Кл., Растарг.), лацінка, лісціна ’асобны ліст’ (Бяльк., Нас., ТС; полац., Нар. лекс.), ’ліст капусты’ (Жд. I; в.-дзв., Шатал.), лісток, лісцік (Яруш., Бяльк., Нас., Шат., ТСБМ); лістам слаць ’дагаджаць, красамоўна гаварыць’ (Ян.). Укр., рус. лист, польск., н.- і в.-луж., чэш., славац. list, палаб. lai̯st, славен. lȋst, серб.-харв. ли̑ст, макед. лист, listu, балг. лист, листът, ст.-слав. листъ. Прасл. listъ ’ліст расліны’. Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. laĩškas ’ліст дрэва, капусты’, лат. laiska ’лісток ільну’, laikse ’гарлачык белы, Nymphaea alba L.’, ст.-прус. lāiskas ’кніга’ — усе да праформы *laiska‑ (< і.-е. *lisk‑to, гл. Скок, 2, 307), якая фанетычна разыходзіцца з прасл. праформай *leistu‑. Такое чаргаванне зычных у слав. і балт. словах, аднак, з’яўляецца рэгулярным, параўн. прасл. bṛzъ/bṛzdъбалт. brzgъ ’хуткі’, літ. burzdùs/burzgùs ’жвавы’. Мартынаў (Слав. акком., 68) адрозненне ў суфіксацыі слав. (‑to‑) і балт. (‑ko) тлумачыць змешваннем і на карысць . Педэрсэн (IF, 5, 79) прабалт. лексему спрабуе рэканструяваць як *laištkas. Іншыя індаеўрапейскія адпаведнікі не знойдзены. Больш падрабязна гл. Слаўскі, 4, 282; Фасмер, 2, 500–501; Скок, 2, 307–308; Бязлай, 2, 144. Махэк 2 (335) звязвае балт. і слав. лексемы праз зборнае слав. listvьje < lisk ‑tvьje. Сюды ж ліст ’бляхі, на якіх пякуць піражкі, мяса’ < ліст ’ліст капусты, дуба, на якім пякуць хлеб’; ліставы, лісцвянны, лісцёвы, лісцясты, лісцвячы, лісцявы (Сл. ПЗБ, ТСБМ, Сцяшк., ветк., Мат. Гом.).

Ліст2тонкі пласт матэрыялу (паперы, металу, фанеры)’, ’допіс’, ’афіцыйная папера, дакумент’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Мал., Касп., Шат., Бяльк.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. листъ ’грамата’. Запазычана са ст.-польск. list ’тс’, якое да ліст1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)