ДАКЕ́МБРЫЙ,

найстаражытнейшыя тоўшчы зямной кары і час, адпаведны іх утварэнню. Папярэднічаў кембрыйскай сістэме (перыяду). Ахоплівае ​6/7 геал. гісторыі Зямлі. Працягласць фарміравання слаёў Д. — ад узнікнення найстаражытнейшых парод з радыеметрычным узростам (больш за 3,9 млрд. гадоў назад) да пачатку кембрыю (каля 540—530 млн. гадоў назад).

Падзяляецца на архей, які ўключае глыбокаметамарфізаваныя і гранітызаваныя пароды (гнейсы, мігматыты, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, мармуры і інш.), і пратэразой, што аб’ядноўвае менш змененыя асадкавыя і вулканагенныя тоўшчы. Мяжа паміж імі праходзіла прыкладна 2,5 млрд. гадоў назад. З 1990 прынята больш дэталёвае стратыграфічнае расчляненне Д.: архей падзелены на ніжні і верхні (з раздзелам каля 3150 млн. гадоў); ніжні пратэразой — на ніжні і верхні (з раздзелам каля 1900 млн. гадоў); верхні пратэразой — на рыфей (ніжні, сярэдні, верхні) і венд (ніжні і верхні) з раздзелам каля 650 млн. гадоў. Адклады ранняга Д. (архей і ніжні пратэразой) складаюць фундамент стараж. платформаў. Яны выходзяць на паверхню шчытоў (Балтыйскага, Украінскага, Паўд.-Афрыканскага, Канадскага і інш.), а таксама знаходзяцца ў ядрах складкавых утварэнняў геасінклінальных абласцей. Д. — час павышанай тэктанічнай актыўнасці (гл. Дакембрыйская складкавасць). Мяркуюць, што з Д. звязаны пачатак працэсаў тэктонікі пліт, утварэнне асн. аб’ёму (60—80%) кантынентальнай зямной кары, узнікненне кіслароднай атмасферы, гідрасферы і зараджэнне жыцця, аб чым сведчаць шматлікія рэшткі блакітна-зялёных водарасцей, страматаліты, а таксама прыкметы існавання бесшкілетных жывёл. З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы жалезных, уранавых, марганцавых, хромавых, сульфідных нікелевых, кобальтавых і інш. руд, радовішчы алюм. сыравіны, золата, поліметалаў. У верхніх слаях Д. трапляюцца паклады нафты.

На тэр. Беларусі ўтварэнні Д. развіты ўсюды. Тоўшчы ранняга Д. падзяляюцца на серыі, шчучынскую і кулажынскую (архей); аколаўскую і жыткавіцкую (ранні пратэразой) і складаюць крышт. фундамент, у якім выяўлены радовішчы рэдкіх металаў, 2 радовішчы буд. каменю, 2 праяўленні жалеза (Аколаўскае і Навасёлкаўскае) і шэраг дробных — жалеза, каляровых і рэдкіх металаў, валастаніту, графіту. У верхнім Д. выяўлены вял. запасы падземных вод.

І.В.Найдзянкоў.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 27,7 тыс. чал. (1996). Сярэдняя шчыльнасць 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Горкі. 173 сельскія населеныя пункты. 12 сельсаветаў: Аўсянкаўскі, Будскі, Горацкі, Горскі, Добраўскі, Копцеўскі, Ленінскі, Маслакоўскі, Паршынскі, Рудкаўшчынскі, Рэкценскі, Саўскі.

Паверхня раёна пласкахвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Каля ⅔ тэр. занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай, на ПнУ — частка Смаленскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 190—200 м, найвыш. пункт 231,4 м (каля в. Майсеева). Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -8,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 183 сут. Рэкі: Проня з прытокамі Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Галыша; Бася з прытокамі Паўна і Галубіна; Рамясцвянка, Лебядзёўка, Дняпрэц, Мярэя. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лесам 17,9% тэр. раёна (на Пн вял. масіў Горацкая лясная дача); пераважаюць яловыя, хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. Пад балотамі 4,1% тэрыторыі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 81,6 тыс. га, з іх асушаных 18,8 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 7 саўгасаў, племзавод «Леніна», элеватар (каля в. Нівішча), міжгаспадарчае прадпрыемства «Дняпрэц». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (масласыраробнай), лёгкай (перапрацоўка льносыравіны) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Орша—Крычаў, аўтадарогі з г. Горкі на Оршу, Магілёў, Мсціслаў. На тэр. раёна знаходзіцца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і пед. вучылішча (в. Леніна). У раёне 12 сярэдніх, 6 базавых і 10 пач. школ, 2 муз. школы, 16 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, 21 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры — рэшткі касцёла (пач. 19 ст.) і сядзіба (канца 19 ст.) у в. Расна. Мемар. комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях».

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калычы́ ’гетры’ (гарад., Касп.; Німа калычоў адзець, а сцюдзёна). Цікава, што лексема звярнула на сябе ўвагу Эпімаха–Шыпілы (гл. таксама Сл. Эп.-Шып.). З іншаславянскіх магчымых паралелей серб.-харв. не зусім дакладвае кальаче ’галёшы’, якое ў Слаўскага, 2, 32, разглядаецца як даволі архаічнае запазычанне, параўн. аднак Скок, 2, 37. дзе kaljaće разглядаецца як белградскі неалагізм, вынік кантамінацыі kalošne < galošne і kaljati (да käo, прасл. каlъ). Фактычна (паколькі версія Скока не бездакорная ў фармальным плане) этымалагічная праблема бел. і серб.-харв. слоў аднолькавая: або параўнальна новае запазычанне і яго магчымая трансфармацыя, або даўняе ўтварэнне (хутчэй за ўсё запазычанне). Цяжкасць нашай задачы ў тым, што слова зафіксавана толькі аднойчы, а ілюстрацыя дадатковай інфармацыі не дае. Перыферыйны характар лексемы сапраўды не выключае, што яна рэпрэзентуе архаічную фор%іу запазычання; параўн. ‑c‑ у *xolša, а таксама меркаванні Скока, І, 670, адносна паходжання ‑sri‑ у klašnja⇉(sn < cčbn). Відавочна, што структура бел. лексемы параўнальна з іншымі магчыма роднаснымі (гл. пад калоша) вымушае дапускаць трансфармацыю структуры (у выніку адаптацыі запазычання?). Бачыць тут новае запазычанне з той жа крыніцы, да якой узыходзіць рус. калошы ’галёшы’, няма падстаў як з фармальнага пункту погляду, так і паводле семантычнага крытэрыю. Семантыка бел. слова сведчыць на карысць архаічнага паходжання, паколькі адпавядае даўняму сінкрэтызму значэнняў гэтай рэаліі. Нельга выключыць, што разглядаемая лексема з’яўляецца слав. архаізмам (а поўнач Беларусі — зона магчымай кансервацыі лексічнай архаікі) або слав. інавацыяй; на гэту магчымасць звярнуў увагу Мартынаў (вусн. паведамл.), маючы на ўвазе як семантычную паралель лац. tibiāle (да tlbia ’галёнка’) ’род галёнкавай абмоткі або панчохі’, тое ж і нагавіцы і да т. п. Калі разумець калымы як славянскае ўтварэнне, можна паспрабаваць, як паказвае лац. прыклад, звязваць бел. лексему з гіпатэтычнай назвай галёнкі *kol∼. Цяжкасці такога рашэння відавочныя. Можна прапанаваць разуменне семантыкі, якое выцякае з магчымага супастаўлення з слав. kolo або з дзеясловам *koliti, рэальна зафіксаваны як быццам толькі ў ст.-польск. мове. З пункту погляду рэалій разумець калымы як першапачатковае ’анучы’, ’шырокія абмоткі’ цалкам магчыма, больш цяжка вытлумачыць слова* утварэнне. Ёсць яшчэ і такі варыянт тлумачэння, які дапускае, што слова можа быць мясцовай інавацыяй, напрыклад, семантычнай, калі яно суадносіцца з рус. уладз. калышки ’жаночыя чаравікі з суконных абрэзкаў’, ярасл.рэшткі стаптанага і падранага абутку, апоркі’. Параўн. уладз. палички ’чаравікі’. Інавацыя магла адбыцца на базе значэння ’палатняны абутак, якім абмотваюць ногі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́рнік1 ’расліна Agropyron Gaertn.’ (Нас., Гарэц., Кіс., Бяльк., Мат. Гом., Воўк-Лев., Татарк.), ’расліна Triticum repens L.’ (Мядзв., Шат.), ’расліна ажыка, Luzula pilosa (L.) Wild.’ (маг., Кіс.), ’пустазелле, метлюжок’ (Сцяшк.), ’род мнагалетніх раслін сямейства злакавых, пустазелле’ (ТСБМ; дзісн., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), нырай ’тс’ (Янк. I, Сцяшк., Скарбы), пырэй ’тс’ (Сцяц., Ян.; ЛА, 1; Сл. Брэс., Мат. Гом.), нырай ’тс’ (Мат. Гом.), пу́рэй ’тс’ (ТС; ЛА, 1), пірэй ’тс’ (Бес., ПСл), пырава ’тс’ (ЛА, 1), пы‑ равіца (лід., карэл., Сл. ПЗБ), ныраў ’тс’ (любч., Нар. словатв.), ныряк ’пырай паўзучы, Agropyron Gaertn. repens Р.В.’, нырын ’тс’ (навагр., Жыв. сл.), зборн. пу́рʼе, пурʼё ’пустазелле’ (ТС; свісл., Шатал.; Янк. 2), пуріна ’адно сцябло пырніку’, параўн. укр. пирій, перш, рус. пырей, польск. perz, чэш. ру́г, риг, славац. руг, в.-луж. руг, н.-луж. руг, славен. pirą, pirnica, харв. ріг, pirevina, балг. нирей, макед. пир, нирей, ст.-слав. ігьіро ’проса’. Прасл. *ругь роднаснае ст.-прус. риге ’каласоўнік, касцёр’, літ. мн. л. pūrai ’азімая пшаніца, pūras ’зерне азімай пшаніцы’, лат. мн. л. pup ’пшаніца’, грэч. πύρός ’тс’, англ.-сакс. fürs ’пырнік’, што ўзводзяць да і.-е. pūro ’зерне’, гл. Бязлай, 3, 39; Фасмер, 3, 419; Шустар-Шэўц, 2, 1197; Сной, 445; Банькоўскі, 2, 532. Параўн. нур (гл.).

Пы́рнік2 ’аладка з тварагом’ (лід., Сцяшк. Сл.). Утварэнне на базе прасл. *ругь ’тлеючыя вуглі’, параўн. укр. нирей, нерій ’жар, попел’, нирний ’востры, пякучы’, рус. пырей ’загнетка ўпечы’, польск. perz ’тлеючыя вуглі, жар; рэшткі гарэлага’, perzyna ’тс’, ст.-польск. pyrz ’тс’, чэш. дыял. ру́г ’жар’, ст.-чэш. ру́гіе ’гарачае вуголле’, славац. ру́г ’чырвань на твары’, ругіна ’попел’, н.-луж. ругіна ’попел ад выкуранага тытуню’, сюды ж в.-луж. ругіс ’паліць у печы’, славен. pirav, perav ’тленны’, харв. pirjan ’вэнджанае мяса’, балг. ньржен ’смажаны, пражараны’. Магчыма, архаізм, гл. ст.-слав. пырсні* ’ляпёшка з оркішу (пала-віцы)’, славен. pirert ’пшанічны’, якія выводзяць з прасл. *ругь/*руго, параўн. серб.-харв. раг (Вук: “некакво жито”), piro, славен. pirą ’оркіш’, ujTo можа быць звязана з *ругь ’агонь’. Парабі, тыпалагічнуіо паралель: ватрушка ’піражок з тварагом’ ад ватра ’агонь’ (Фасмер, 1, 279). Больш падрабязна адносна ст.-слав. слова гл. ESJSt, 12, 736. Параўн. папярэдняе слова (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

смалі́ць 1, смалю, смоліш, смоліць; незак., што.

Мазаць, насычаць смалой. Смаліць лодку. Смаліць канат. □ [Шура:] — Двух чалавек на станцыю. Смаліць шпалы. Майстар загадаў. Навуменка.

смалі́ць 2, смалю, смаліш, смаліць; незак., каго-што.

1. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апякаць. [Арцём і Міхалка] палілі запалку за запалкай, злаваліся, што запалкі псуюць і пальцы смаляць. Бядуля. Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. Жычка. // безас. Пра адчуванне смылення, пякоты. [Сцяпан:] — Смаліць нешта ў грудзях. Мележ. Твар, шыю, плечы, рукі смаліла агнём. Юрэвіч.

2. Абпальваючы агнём, знішчаць шэрсць, рэшткі пуху і пад. Смаліць парсюка. Смаліць курыцу.

3. Прыпякаць, пячы (пра сонца). Кожны дзень — сонца, і так смаліць, што на дарогах не гразь ужо, а пыл, калі вецер пачынаецца. Савіцкі. Смаліла сонца, трэскаліся губы ад смагі, павекі апухалі ад бяссонніцы. Грахоўскі. / у безас. ужыв. На дварэ смаліць, горача.

4. Разм. Курыць. Таццяна Андрэеўна падумала: «Яму няможна курыць, а ён усё самасад смаліць...» Шамякін. Зіму і лета дзед не злазіць з печы. Хіба толькі злезе накрышыць сякерай на лаве тытуню, які ён смаліць за комінам без [пера]дыху. Васілевіч.

5. Разм. Паліць, спальваць што‑н. — Неба чырвонае, дзень і ноч смаляць, душагубы, — сказаў Мікола. Шчарбатаў.

смалі́ць 3, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Біць, удараць. Фурман чуць не зляцеў з воза, а потым прыпаў галавою ў перадок і смаліў пугаўём каню па клубах. Крапіва.

смалі́ць 4, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Страляць. Добра відаць, як з яліны адна за другой бзыкаюць у неба тры іскрынкі: патрулі смаляць уверх, баяцца высунуць з ямы галовы. Карпюк. Ляцяць наперад [гітлераўцы] на ўвесь дух і час ад часу смаляць з вінтовак і з аўтаматаў. Паслядовіч.

смалі́ць 5, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Рабіць што‑н. хутка, спрытна, умела. [Зыгмусь:] — Азірнуўся я — смаліць за мною верхам на кані кудлаты мужык без шапкі, толькі касмыкі на галаве трасуцца. Колас. Нават стары Пахілка пайшоў з касою: смаліць — любата зірнуць. Савіцкі. [Мікола:] Аўгіння, там Пятрок з дзяўчатамі вальса смаліць, а ты тут сядзіш! Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стол, стала, м.

1. Прадмет мэблі ў выглядзе шырокай гарызантальнай дошкі на высокіх падпорах (ножках), часам з шуфлядамі, тумбачкамі, на які кладуць, ставяць што‑н. Пісьмовы стол. Кухонны стол. Чарцёжны стол. □ З поля гадзінкаю шэрай Вярнуся, сяджу за сталом, Краплюся паціху вячэрай, Лучынка міргае агнём. Купала. Маці паставіла на стол усяго, што толькі было ў іх. Чорны. Зайшоў у свае сцены, і тут табе ўсё: вось твой стол, сядай за яго і што хочаш — еш, чытай, пішы, лічы. Ракітны.

2. У выразах, якія абазначаюць: прыём ежы, яда. За сталом (у час яды). Садзіцца за стол (садзіцца есці). Уставаць з-за стала (уставаць, кончыўшы есці). Ісці да стала (ісці есці). Запрашаць да стала (запрашаць есці). Накрыць (на) стол (прыгатаваць усё для яды). Прыбраць са стала (пасля яды прыбраць посуд, рэшткі яды). Сабраць на стол (прыгатаваць, паставіць усё неабходнае для яды). □ Не хачу з імі [багатымі] быць за сталом, На сваё паніжэнне глядзець, Як, мінаючы чаркай з віном, Ад парогу накажуць сядзець. Купала. Адным словам, Сымон Карызна сеў за стол у добрым гуморы. Зарэцкі. Стол накрылі ў пакоі, які займалі немцы. Новікаў. // Сталаванне, харчаванне. К вечару другога дня .. [Кастравіцкі] знайшоў сабе стол — у вёсачцы, размешчанай па суседству з біястанцыяй. Навуменка.

3. Страва, ежа; тое, што гатуюць, падаюць для яды. Затраты на стол. Рабіць разнастайныя свой стол. // з азначэннем. Від стравы, ежы; рэжым харчавання. Вегетарыянскі стол. Дыетычны стол.

4. які або чаго. Аддзел ва ўстанове, а таксама сама ўстанова, якія займаюцца спецыяльным колам пытанняў. Стол рэгістрацыі шлюбаў у ЗАГСе. Стол даведак. Пашпартны стол. // Форма абслугоўвання насельніцтва. Стол заказаў. Стол раскрою.

•••

Адрасны стол — установа, якая рэгіструе асоб, што пражываюць у пэўнай мясцовасці, і выдае даведкі пра іх месцажыхарства.

Стол знаходак — установа, у якую здаюць знойдзеным рэчы для перадачы іх уладальнікам.

За круглым сталом — пра сустрэчу, нараду і пад., калі ўдзельнікі маюць аднолькавыя правы і пры абмеркаванні якіх‑н. пытанняў выказваюцца ў пэўным парадку.

Пад стол пяшком хадзіць гл. хадзіць.

Садзіць за стол гл. садзіць.

Царскі стол — пра багаты пачастунак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНТРАПАГЕНЕ́З

(ад антра́па... + ...генез),

1) станаўленне чалавека як біял. віду ў працэсе фарміравання супольнасці — сацыягенезу.

2) Раздзел антрапалогіі, які вывучае гэту з’яву. Тэорыя антрапагенезу дае адказы на пытанні, дзе і пры якіх абставінах з’явіўся чалавек на Зямлі. Тэорыя эвалюцыі грунтуецца на выніках біял. і грамадскіх навук. Іх узаемадзеянне па пытанні ўзнікнення чалавека і яго развіцця склала паняцце «сінтэтычная тэорыя эвалюцыі». Факты, якія пацвярджаюць роднасныя сувязі чалавека і жывёл, падзяляюцца на прамыя (касцявыя рэшткі выкапнёвага чалавека, яго бліжэйшых продкаў і блізкія да іх формаў) і ўскосныя (параўнальна-анатамічныя, фізіялагічныя, біяхімічныя, генетычныя і інш.).

Асн. прынцыпы навук. тэорыі антрапагенезу (роднаснасць продкаў чалавека з чалавекападобнымі малпамі шымпанзэ, гарылай, арангутангам) абгрунтавалі ў канцы 19 ст. Ч.Дарвін і Т.Гекслі. Вывучэнне выкапнёвых рэшткаў паказала, што ў чалавека і ў сучасных малпаў былі агульныя продкі, якія засялялі Афрыку, Азію, часткова Еўропу больш за 20 млн. г. назад. У біял. эвалюцыі чалавека вылучаюць паслядоўныя стадыі: пераходных істот, або аўстралапітэкаў, якія з’явіліся каля 5 млн. г. назад; архантрапаў (жылі каля 1,5 млн. — 200—150 тыс. г. назад); палеаантрапаў (жылі больш за 100—35 тыс. г. назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens; з’явіўся больш за 50 тыс. г. назад). Найб. важныя фактары антрапагенезу — прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.

Вылучаецца біял. адаптацыя, у ходзе якой мяняюцца марфалагічныя асаблівасці (прамахаджэнне і звязаная з ім зменлівасць верхніх і ніжніх канечнасцяў, будова таза і інш.), і адаптацыя паводзін, звязаных са зменай спосабаў жыцця (гл. Адаптацыя сацыяльная). Развіццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біял. эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы з’явіліся больш за 2 млн. г. назад. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапаў. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, якія працягваюць развівацца ў людзей больш позніх відаў, а таксама выявіліся культ. адрозненні — аснова сучасных этнічных асаблівасцяў.

Літ.:

Алексеев В.П. Становление человечества. М., 1984;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;

Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ. М., 1990.

Л.І.Цягака.

т. 1, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМІ́ЛЫ,

багумілы, адна з буйнейшых ерэтычных сектаў еўрап. сярэднявечча (назва, верагодна, ад спалучэнняў слоў «Бог» + «мілы», магчыма, ад імя заснавальніка секты балг. святара Багаміла). Узніклі ў 10 ст. на Балканах пад уплывам паўлікіянства. У 11 ст. рух багамілаў (багамільства) пашырыўся ў М. Азіі, Італіі, Францыі, дзе на гэтай глебе ўзніклі секты катараў і альбігойцаў. У 13 ст. было 16 цэркваў багамілаў, у т. л. 3 у Францыі, 7 у Італіі; на Балканах — 3 дыяцэзіі (Балгарская, Драгавіцкая, Баснійская); у Малаазійскай Філадэльфіі — біскупства. У 14 ст. існавалі і на Афоне. Паводле веравучэння, багамілы — нашчадкі маніхейскага дуалізму. Згодна з іх дагматыкай, у свеце існуюць 2 апазіцыйныя сілы — Дабро і Зло (часам прадстаўленыя Белабогам і Чарнабогам). Вярхоўны Бог стварыў нябачны духоўны свет і анёлаў; матэрыяльны свет (зямлю, чалавека) — яго першародны сын Сатанаіл (шатан), які за бунт супраць бацькі быў скінуты з неба. Свет заставаўся ва ўладзе шатана, пакуль Бог не паслаў на зямлю другога свайго сына — Хрыста, які адабраў у шатана рэшткі боскай сілы і вярнуўся на неба. Багамілы адмаўлялі Стары Запавет, хрысц. царкву і яе таямніцы (сакраманты), асуджалі багацце, выступалі супраць эксплуатацыі. Падзяляліся на 2 катэгорыі: вышэйшую — дасканалыя і ніжэйшую — вернікі. Лад жыцця дасканалых быў сурова аскетычны, накіраваны на адыход ад свету зла — матэрыяльнасці. Барацьба з багамільствам пачалася з 10 ст. У 11 ст. ў Канстанцінопалі спалены лідэр іх абшчыны Базыль, у 1180 у Сербіі спалены лідэры багамілаў і іх кнігі. У 1237 папа рымскі Ганоры III склікаў крыжовы паход супраць баснійскіх багамілаў, але пасля нашэсця татараў на Венгрыю багамільства ў Босніі на 2 стагоддзі ператварылася ў нац. рэлігію. У 1450 кароль Томас загадаў падданым вярнуцца да каталіцкай веры, якую пасля захопу туркамі Босніі (1463) і Герцагавіны (1482) многія змянілі на іслам. Пазней багамільства складалася з асобных сектаў, якія праіснавалі да 18 ст.

Літ.:

obolensky D. The Bogomils: A study in Balkan neomanichaeism. Cambridge, 1948;

Runciman S. The medieval Manichee: A study of the Christian Dualist Heresy. Cambridge, 1947.

І.М.Дубянецкая.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́СК,

араб. Дымашк, Дымішк, горад, сталіца Сірыі. Адм. ц. мухафазы Дамаск. Знаходзіцца ў даліне р. Барада, ва ўсх. перадгор’ях Антылівана. 1444 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (асабліва цукр., мукамольная, піваварная, тытунёвая, шакаладная, вытв-сць цукатаў), цэм., шкляная, тэкст., фармацэўтычная, радыёэлектронная, металічная. Рамесніцкая вытв-сць (залатыя, сярэбраныя, медныя, латунныя, скураныя, драўляныя вырабы, дываны, парчовыя тканіны). Цэнтр турызму. Ун-т. Дамаская і Арабская акадэміі. Музеі, тэатры.

Упершыню ўпамінаецца ў 16 ст. да н.э., калі знаходзіўся пад уладай егіп. фараонаў. З канца 11 да 732 да н.э. цэнтр Дамаскага царства, пазней у складзе Ахеменідаў дзяржавы. з 4 ст. н.э. пад уладай Візантыі. У 635 заваяваны арабамі. Росквіту дасягнуў, калі стаў сталіцай Амеядаў халіфата (661—750). З канца 11 ст. цэнтр супраціўлення крыжаносцам (у 1148 беспаспяховая аблога горада Конрадам III). У 13 — пач. 16 ст. цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва. У 1260 захоплены мамлюкамі, у 1401 — Цімурам, у 1516 —туркамі на чале з Селімам I. Фанатыкі-мусульмане ў 1840 выразалі яўр., у 1860 — хрысц. насельніцтва горада. Да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. У 1920—43 адм. ц. франц. падмандатнай тэрыторыі. З 1943 сталіца Сірыі.

Рэгулярная планіроўка асобных кварталаў бярэ пачатак ад эліністычнага і рым. перыядаў. Сярод помнікаў рым. часу рэшткі абарончых сцен, акведук (функцыянуе), карынфская каланада ўвахода ў свяцілішча Юпітэра Дамаскага (1 ст. н.э., на месцы арамейскага храма Хадада, у візант. час перабудаваны ў царкву Іаана Хрысціцеля). Помнікі сярэдневяковай араб. архітэктуры: Амеядаў мячэць, марыстан Нур-ад-дзіна (1154, засн. як шпіталь і мед. школа), маўзалей Салах-ад-дзіна (12 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.), медрэсэ ан-Нурыя (1172), Адылія (1171—1222, цяпер Араб. акадэмія) і Захірыя (1277, цяпер Нац. б-ка), мячэці асманскага часу Такія Сулейманія (1554, арх. Сінан), Дэрвішыя (1574), Сінан-пашы (1586—91), шматлікія караван-сараі (ханы) 15—18 ст., палац Азема (1749, цяпер Музей нар. мастацтва). Забудоўваецца па генпланах 1929 і 1967. Старадаўні цэнтр маст. рамёстваў. Стары Д. уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,

узброеныя фарміраванні ў паветах Гродзенскай губ. ў ходзе паўстання 1863—64. Першым іх буйным выступленнем быў напад у ноч на 11.1.1863 паўстанцкіх атрадаў (усяго больш за 1000 чал.) пад агульным камандаваннем У.Ціхорскага (Замэчка) на гарнізон г. Сураж. Паўстанцы разграмілі ротны цэйхгаўз, папсавалі чыг. і тэлегр. сувязь. Да 20.1.1863 атрады Ціхорскага, Р.Рагінскага, С.Сангіна, Б.Рыльскага, В.Левандоўскага (усяго каля 5000 чал.) сканцэнтраваліся ў мяст. Сямяцічы Бельскага пав. (цяпер тэр. Польшчы), аднак 26 студз. былі выбіты адтуль. У крас. 1863 у Сакольскім пав. (цяпер Польшча) сфарміраваны атрад В.Урублеўскага, які аб’яднаўся з беластоцкім (узначальвалі афіцэры А.Баранцэвіч, Ю.Эйтмановіч і інш.), а таксама з атрадам з Бельскага пав. на чале з Э.Кярсноўскім. Адначасова ў Гродзенскім пав. створаны атрад А.Лянкевіча (Ляндара, 200 чал.), які пасля бою 22 крас. каля мяст. Азёры пайшоў у Ваўкавыскі пав., дзе злучыўся з мясц. атрадам Г.Стравінскага (Млотка). У ходзе бою 2—3 мая паблізу в.Міхалін Кобрынскага пав. пад націскам паўстанцаў (500—800 чал.) урадавыя войскі (2 роты салдат і каля 100 казакоў) адступілі. У Пружанскім пав. ў крас. быў сфарміраваны атрад Ф.Влодэка, у Слонімскім пав. дзейнічаў атрад Ф.Юндзіла (каля 250 чал.). У Кобрынскім пав. 25 крас. — 1 мая створаны атрад Р.Траўгута (Кракаўскага), да якога ў маі далучыўся брэсцкі атрад на чале з Я.Ваньковічам (Лялівам). У Брэсцкім пав. сфарміраваны атрад Стасюкевіча (каля 300 чал.). На тэр. Гродзенскай і Аўгустоўскай губ. дзейнічаў таксама атрад Тышкі (каля 100 чал.), у Гродзенскай пушчы з лют. 1863 — атрад Л.Нарбута (пасля яго гібелі атрад ўзначальваў К.Парадоўскі, у ім змагаліся М.Э.Андрыёлі і Ф.Багушэвіч). На тэр. губерні дзейнічалі і больш дробныя атрады. Самая вял. бітва адбылася ў маі 1863 каля в.Мілавіды (гл. Мілавідская бітва 1863). Асаблівасцю Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў было адносна шырокае прадстаўніцтва ў іх сялян. Атрады захоплівалі павятовыя канцылярыі, знішчалі дакументы, вярталі сялянам сабраныя падаткі, а казённыя грошы пад распіску бралі на патрэбы атрада. У канцы лета — пач. восені 1863 паводле рашэння Выканаўчага аддзела Літвы ўзбр. барацьба на тэр. Беларусі і Літвы, у т. л. ў Гродзенскай губ., спынена. Рэшткі Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў адышлі ў Падляшша, дзе пэўны час працягвалі барацьбу.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)