КАРЫ́БСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́,

спецыялізаваны орган супрацоўніцтва краін Карыбскага басейна. Створаны ў 1969. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 12 краін-членаў Карыбскага супольніцтва (Барбадас, Беліз, Гаяна, Гранада і інш.), а таксама Багамскія а-вы, Канада, Вялікабрытанія і яе ўладанні на Карыбскіх а-вах. З 1972 членамі К.б.р. сталі Венесуэла і Калумбія. Афіц. мэта банка — садзейнічаць эканам. і сац. развіццю краін-членаў, аказваць ім тэхн. дапамогу і інш. Асн. крэдытнай крыніцай у рамках К.б.р. выступае Спец. фонд развіцця, створаны ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і Венесуэлай. Кіруючыя органы — Савет кіруючых і Выканаўчы к-т. Месцазнаходжанне — г. Брыджтаўн (Барбадас).

т. 8, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВЕНГУК ((Leeuwenhoek) Антані ван) (24.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1723),

нідэрландскі біёлаг-натураліст, заснавальнік мікраскапіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680). Зрабіў лінзы, якія павялічвалі ў 150—300 разоў. З іх дапамогай назіраў і замалёўваў бактэрыі (1683), эрытрацыты, прасцейшых, раслінныя і жывёльныя клеткі, будову мышцаў і інш. часткі і органы больш за 200 відаў раслін і жывёл. Адкрыў сперматазоіды чалавека (1677); лічыў, што ў сперматазоідзе ўтрымліваецца сфарміраваны зародак, а яйцо служыць сілкавальным матэрыялам. Апісаў партэнагенез у тлей. Адзначыў розніцу ў будове адна- і двухдольных раслін. Назіранні апісваў у лістах (каля 300), гал. чынам Лонданскаму каралеўскаму т-ву.

А.Левенгук.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАРТЫРАЛО́Г БЕЛАРУ́СІ»,

добраахвотнае грамадска-асветнае таварыства памяці ахвяр сталінізму. Створаны 19.10.1988 у Мінску на ўстаноўчым сходзе, які зацвердзіў статут і дэкларацыю т-ва. Кіруючыя органы «М.Б.» — канферэнцыя і грамадская рада, выканаўчыя — выканаўчая камісія і рабочыя групы. Асн. мэты — раскрыццё масавых рэпрэсій у 1920—50-я г., высвятленне колькасці тых, хто загінуў на Беларусі, у месцах высылкі і зняволення, увекавечанне іх памяці. Выдадзены бюлетэнь «Мартыралог» (1989), зняты дакумент. фільм «Дарога ў Курапаты» (1990, рэж. М.​Жданоўскі), праведзена канферэнцыя «Час, помнікі, людзі. Памяці рэпрэсіраваных археолагаў» (1993) створаны каталог памятных знакаў (больш за 40), устаноўленых на месцах пахавання ахвяр паліт. рэпрэсій.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (МАП; International Labour Organization),

спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1919 паводле рашэння Парыжскай мірнай канферэнцыі як аўт. арг-цыя Лігі нацый. У 1946 стала першай спецыялізаванай установай ААН. У 1999 у МАП больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. МАП аб’ядноўвае на роўных правах урады, прадпрымальнікаў і працоўных з мэтай выпрацоўкі мер па ахове і паляпшэнні ўмоў працы, забеспячэнні поўнай занятасці і росту ўзроўню жыцця, заахвочванні супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Органы МАП: Адм. савет і Міжнар. бюро працы. Месцазнаходжанне — г. Жэнева (Швейцарыя). Нобелеўская прэмія міру 1969.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНДА́ЛІНЫ,

вялікая колькасць лімфоіднай тканкі ў слізістай абалонцы верхніх дыхальных шляхоў і пачатковых аддзелах страўнікавага тракту наземных пазваночных жывёл і чалавека; органы лімфоіднай сістэмы. У млекакормячых жывёл і чалавека М. кальцом абкружаюць уваход у глотку, уключаюць М. парныя паднябенныя (паміж паднябеннымі дужкамі), трубныя (паміж адтулінамі еўстахіевых труб і мяккім паднябеннем), няпарныя языковую (каля кораня языка), глотачную (пасярэдзіне задняй ч. верхняй сценкі глоткі). Выконваюць ахоўную ролю арганізма ад мікробаў, удзельнічаюць у выпрацоўцы імунітэту. Захворванне М. — востры танзіліт, або ангіна. У многіх птушак і млекакормячых ёсць страваводная М. (у сценцы задняга аддзела стрававода).

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ШЦЫ, мускулы,

органы, якія ажыццяўляюць рухальную функцыю арганізма і яго асобных органаў. Адрозніваюць 2 асн. групы М.: папярочнапаласатыя і гладкія. Пад уздзеяннем нерв. імпульсаў валодаюць уласцівасцю скарачальнасці. Сукупнасць гладкіх, папярочнапаласатых і сардэчнай М. утвараюць мышачную сістэму арганізма, якая складае ў чалавека 28—32% ад масы цела (жанчыны) і 35—45% (мужчыны). М. размешчаны пераважна на касцях шкілета (шкілетныя мышцы). Яны ажыццяўляюць перамяшчэнне цела ў прасторы, работу канечнасцей, рух галавы, пазваночніка, міміку, рух вачэй і інш. М. маюць актыўную ч. — цела і пасіўную — сухажылле (для прымацавання М. да касцей шкілета).

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ БЕЛАРУ́СКІ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ АТРА́Д,

створаны ў снеж. 1918 у Петраградзе Бел. секцыяй РКП(б) з беларусаў бежанцаў, чырвонаармейцаў і маракоў Балт. флоту. Налічваў каля 200 чал., у т. л. 90 камуністаў. Камандзір атрада А.​Я.​Казадоеў, камісар Р.​Р.​Каўшыла. У студз. 1919 два ўзводы атрада на чале з Каўшылам паводле пастановы канферэнцыі Бел. секцыі РКП(б) і выкліку Часовага рабоча-сял. сав. ўрада Беларусі адпраўлены ў Мінск, дзе частка асабовага складу атрада накіравана на работу ў Мінскую надзвычайную камісію (ЧК), у парт. і сав. органы, астатнія пазней уліліся ў Чырв. Армію.

В.​У.​Скалабан.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВО́ДНЫЯ ТКА́НКІ раслін,

тканкі, якія служаць для перамяшчэння па расліне пажыўных рэчываў. Па ксілеме ад каранёў да лісця з глебы паступае вада з мінер. рэчывамі, па лубе (флаэме) ад лісця да інш. органаў (каранёў, пупышак, кветак, пладоў) — рэчывы, што сінтэзуюцца ў лісці, пераважна прадукты фотасінтэзу. Ксілема і луб размяшчаюцца звычайна побач і ўтвараюць цяжы, ці праводныя пучкі, што фарміруюць у целе расліны бесперапынную разгалінаваную сістэму, якая злучае ўсе органы. У склад П.т. уваходзяць праводныя, мех., назапашвальныя і выдзяляльныя элементы. Высокаспецыялізаваныя П.т. з сасудамі развіліся ў працэсе эвалюцыі толькі ў вышэйшых, т.зв. сасудзістых раслін.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ (ад радые... + адчувальнасць),

адчувальнасць біял. аб’ектаў да іанізавальнага выпрамянення. Мера Р. — велічыня дозы апрамянення, якая выклікае гібель 50% апрамененых аб’ектаў (DL50). Розныя віды жывёл і раслін маюць неаднолькавую (відавую) Р. Індывід. (унутрывідавая) Р. залежыць ад полу, узросту, стану фізіял. сістэм і інш. фактараў. Індывід. адрозненні Р. маюць арганізм, яго тканкі, органы, клеткі і нават малекулы. Напр., марфал. змены ў крывятворнай тканцы выяўляюцца пры параўнальна меншых дозах, чым у мышачнай або касцявой. Маладыя клеткі, якія хутка размнажаюцца, валодаюць большай Р., чым спелыя. Адрозненні ў тканкавай Р. ўлічваюцца пры прамянёвай тэрапіі хворых на злаякасныя новаўтварэнні.

Н.​А.​Арцёмава.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фікса́тар

(фр. fixateur, ад лац. fixus = нерухомы, нязменны)

1) прыбор або прыстасаванне для рэгулявання, замацоўвання чаго-н.;

2) хімічнае рэчыва, якім фіксуюць клеткі, тканкі, органы для захавання іх прыжыццёвай структуры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)