КУШНЕ́РСТВА,

народны промысел па апрацоўцы аўчын і шкурак пушных звяроў. У бел. нар. К. гал. месца займаў выраб аўчын для пашыву зімовага адзення — кажухоў, паўкажушкоў, шапак. Апрацоўка шкурак упаляваных пушных звяроў (зайца, вавёркі, ліса, куніцы, тхара і інш.) мела другараднае значэнне; іх футра выкарыстоўвалася пераважна на шапкі і каўняры. Тэхнал. працэс традыц. К. ўключае некалькі паслядоўных аперацый. Адмочаную ў вадзе авечую шкуру ачышчалі ад мяздры на нахіленай паўкруглай дошцы на 2 ножках (калодзе) звычайнай касой, выкарыстоўвалі і скоблю (струг). Каб шкуру размякчыць і засцерагчы ад гніення пасля прасушвання яе заквашвалі ў «квасе» — кіслым растворы жытняй ці аўсянай мукі з соллю. Шкуры мякчылі спец. драўляным або жал. крукам, якім вадзілі па мяздры ўверх-уніз, пакуль уся паверхня не рабілася мяккай і белай. З 1830-х г. пачало практыкавацца дубленне аўчын. Да пач. 20 ст. побач з дубленымі кажухамі светла-карычневага колеру былі пашыраны і белыя нядубленыя. У пач. 20 ст. аўчыны пачалі фарбаваць хім. рэчывамі ў карычневы ці чорны колер. Падобным чынам апрацоўвалі і шкуркі пушных звяроў. Для іх сушкі і расцягвання выкарыстоўвалася дошка-канёк. З 1920-х г. кушнерская вытв-сць бытавала ў выглядзе хатняга промыслу, арцеляў і дзярж. прадпрыемстваў. У пасляваенны час кушнерскае рамяство заняпала. У наш час у некат. раёнах аўчыны і футры вырабляюцца на асабістыя патрэбы (гл. таксама Футра, Футравая прамысловасць).

Н.​І.​Буракоўская.

Да арт. Кушнерства. Традыцыйны кажух. Вёска Асаўніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 19 ст.

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САНАЦЫ́ЙНЫ РЭЖЫ́М»,

«санацыя» (ад лац. sanatio аздараўленне), назва ў гіст. л-ры аўтарытарнага паліт. рэжыму ў Польшчы ў маі 1926 — вер. 1939. Устаноўлены ў выніку ваен.-дзярж. перавароту 12—13.5.1926 Ю.​Пілсудскага і яго прыхільнікаў (прапагандавалі пераварот як народны і скіраваны супраць рэакцыі для аздараўлення эканомікі), падтрыманага Польскай сацыялістычнай партыяй, партыяй «Вызволене», Беларускай санацыяй і інш. Храналагічна ўмоўна падзяляецца даследчыкамі на 2 этапы: 1926—35 (ад перавароту Пілсудскага да яго смерці) і 1935—39 (час, калі пераемнікам Пілсудскага быў Э.​Рыдз-Сміглы). У 1928—35 абапіраўся на Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам. Легітымізаваны канстытуцыяй Польшчы 1935. Абараняў інтарэсы польскіх магнатаў, быў адметны паліт. нестабільнасцю і частай зменай урадаў, варожа ставіўся да СССР, імкнуўся да супрацоўніцтва (з 1932) з Германіяй (гл. Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). Адмаўляў існаванне самаст. бел. этнасу ў польскай дзяржаве, узмацніў паланізацыю насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны (беларусаў, літоўцаў, украінцаў, яўрэяў і інш.), у т. л. праз жорсткае праследаванне тут нац.-вызв. і нац.-культ. руху (адносна беларусаў гл. ў арт. Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, «Змаганне», Таварыства беларускай школы, Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Спыніў існаванне ў пач. 2-й сусв. вайны ва ўмовах ваен. паражэння Польшчы.

Літ.:

Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;

Лазько Р.Р. Перад патопам: Еўрап. палітыка Польшчы (1932—1939). Мн., 2000.

У.​М.​Міхнюк.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Людскі́, лю́цкій, лю́цькі, лю́дзкі, людськэ́й ’у якога высокая мараль, сумленны, шляхетны, зычлівы’, ’чалавечы’, ’прыстойны’, ’добры, прыгодны для чаго-небудзь’, ’людскі, чужы’, ’як у людзей’, ’ветлівы’, ’асабісты’ (Нас., Шат., Бяльк., ТСБМ, ТС; КЭС, лаг.), лю́дзка ’прыстойна, як у людзей’ (Шат.), лю́дско ’добра, удала’ (Сцяшк.); лю́дскі ’які належыць людзям’, ’уласцівы людзям’, ’уласцівы ніжэйшаму класу грамадства’, ’прызначаны для прыслугі’, ’меладычны (музыка)’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом.; КЭС, лаг.); ’сялянскі’ (шальч., драг., Сл. ПЗБ); ст.-бел. людъскый ’чалавечы, людскі, які мае месца сярод людзей’, а з XVI ст. узнікае значэнне ’чалавечы, гуманны’ (Будлахаў, Гіст., 119). Да прасл. lʼudьskъ < lʼudьje, lʼudъ > лю́дзі, люд ’уласцівы людзям’, якому адпавядаюць літ. liáudiškas ’народны’, лат. ļaudisks ’людскі’ (Слаўскі, 4, 369–371). Сюды ж больш новая лексема адцягненага значэння людскасць, людзкость ’чалавечнасць, свецкасць, спагадлівасць’, ’уменне жыць з людзьмі’ (Нас., Касп., Гарэц., ТСБМ, ТС), ’далікатнасць, шляхетнасць’ (КЭС, лаг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

national​2 [ˈnæʃnəl] adj.

1. нацыяна́льны, наро́дны;

national dress нацыяна́льны касцю́м;

national economy нацыяна́льная экано́міка, наро́дная гаспада́рка;

national heritage нацыяна́льная (культу́рная) спа́дчына;

national identity нацыяна́льная самабы́тнасць;

a national minority нацыяна́льная ме́ншасць;

the national team sport нацыяна́льная збо́рная (кама́нда), збо́рная (кама́нда) краі́ны;

national unity адзі́нства наро́да, нацыяна́льнае адзі́нства

2. дзяржа́ўны;

a na tional anthem дзяржа́ўны гімн;

a national boundary дзяржа́ўная мяжа́;

a national ho liday дзяржа́ўнае свя́та;

National Insurance дзяржа́ўнае сацыя́льнае страхава́нне (у Вялікабрытаніі);

the Royal National Theatre Карале́ўскі нацыяна́льны тэа́тр (у Лондане)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Сурма́ 1 ’хімічны элемент’, ’чорная фарба для валасоў, броваў і пад.’, сурмі́ць ’фарбаваць сурмой’ (ТСБМ). Праз рус. сурьма ’тс’ з цюркскіх моў, параўн. тур., крым.-тат. sürmä ’сурма’ ад sür ’фарбавальнік’, тат. sørmä ’сурма’; гл. Фасмер, 3, 809 (з літ-рай). У народнай мове не распаўсюджана, параўн. іншыя назвы: антымон ’сурма’ (Некр. і Байк.), антымонія ’тс’ (Ласт.), параўн. таксама анцімонія, гл.

Сурма́ 2 ’старажытны народны музычны інструмент у выглядзе доўгай драўлянай трубы’ (ТСБМ), су́рма ’духавая труба’ (ЭШ), ’морда’ (Сл. рэг. лекс.), сурма́ч ’сігналіст, які падае сігнал сурмою, грае на сурме, трубач’ (ТСБМ), ст.-бел. сурма ’духавы музычны інструмент’ (Ст.-бел. лексікон), сурмач ’трубач’ (там жа). Укр. сурма́, рус. сурна́ ’тс’, славац. surma, surmita ’труба пастухоў авец’. Бел. сурма запазычана ў сярэдзіне XVII ст. са ст.-польск. surma (XVI ст.), якое праз тур. surna з пярс. sūmāj ’святочная флейта’ (Булыка, Лекс. запазыч., 167). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 480; Брукнер, 526; SWO, 714.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА да народаў Беларусі,

юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНК Зах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр. бел. вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.​Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.​Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЯС,

пас, доўгая вузкая стужка (са скуры або плеценая, тканая, вітая з нітак) для падпяразвання. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ў многіх народаў свету. Неад’емная частка нац. адзення беларусаў. Бытавалі пераважна П. тканыя, плеценыя, вітыя, а таксама вязаныя пруткамі і кручком. Яны мелі даўж. 150—300 см, шыр. 1,5—30 см. Арнаментыка нар. П. вызначаецца разнастайнасцю геам. узораў: падоўжаныя, папярочныя і касыя палоскі, крыжыкі, ромбы і інш. Іх аздаблялі кутасамі, махрамі, бісерам, уплеценым паміж тканымі палоскамі, саламянымі ўстаўкамі, нашытымі кавалачкамі тканіны. Пераважала спалучэнне чырвонага колеру з белым фонам (у невял. колькасці ўводзіўся зялёны, сіні, жоўты і інш.). Паліхромнасць уласціва для П. Зах. Палесся. Сусветную вядомасць набылі шаўковыя слуцкія паясы. П. падпяразвалі кашулі і верхняе адзенне (мужчынскія П. былі звычайна шырэйшыя за жаночыя і дзіцячыя). Завязвалі іх вузлом спераду або збоку; у залежнасці ад памераў абкручвалі вакол стану 1—3 разы, падтыкалі па баках так, каб канцы звісалі на 20—40 см. На П. ці за П. насілі сякеру, нож, шабету, капшук, грабеньчык, ключы. У лес або ў поле на П. неслі збан з вадой, каробку, палатняную торбу, спарыш з абедам. Спец. П. — спавівачом — спавівалі немаўлят, вузкія ўзорыстыя П.-подвязкі служылі і аборамі. П.-крайкі прышывалі да спадніц і фартухоў, а вузкімі плеценымі або вітымі П. абшывалі каўняры, барты і рукавы світ, падолы спадніц. П. паўсюдна выраблялі да 1940-х г. У наш час вырабляюцца асобнымі майстрамі і некат. фабрыкамі маст. вырабаў.

В.​І.​Селівончык.

Беларускі народны жаночы касцюм з поясам. Вёска Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1900—20.
Паясы. Заходняе Палессе. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 12, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

суддзя́ м.

1. юрыд. Ríchter m -s, -;

траце́йскі суддзя́ Schíedsrichter m;

наро́дны суддзя́ Vólksrichter m;

адве́сці [адхілі́ць] суддзю́ éinen Ríchter áblehnen;

2. спарт. Schíedsrichter m -s, -;

суддзя́ спабо́рніцтваў Kámpfrichter m;

суддзя́ на лі́ніі Líni¦enrichter m;

суддзя́ на ры́нгу (бокс) Ríngrichter m;

суддзя́-секундаметры́ст Zéitnehmer m -s, -;

◊

я табе́ не суддзя́ разм. ich will mich nicht zu déinem Ríchter áufwerfen

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Ву́згалавак ’плашка, у якой замацоўваюцца ручкі ў возе’ слонім., ваўк., маст., бераст., свісл., шчуч. (Сцяц., Словаўтв.), ву́зголовок ’тс’ (палес., Маслен.), ву́згалаўка ’тс’ (Янк. II), узгалавак ’тс’ (Сержп., Грам.). Народны тэрмін хутчэй за ўсё ўзнік шляхам метафарычнага пераносу з бытавой сферы, пра што могуць сведчыць адпаведныя словы ў іншых слав. мовах; параўн. польск. wezgłówek ’падушка’, серб.-харв. у́зглавак ’тс’, балг. възгла́вка ’тс’, а таксама іншую назву той жа дэталі паду́шка, аднак адсутнасць нетэрміналагічнага ўжывання слова ў беларускай мове дазваляе бачыць у ім самастойнае ўтварэнне тыпу узмежак, згодна Карскаму (2–3, 91), з прыназоўнікавага спалучэння уз галавы́ ’каля галавы’, дзе галава́ — пярэдняя частка воза ці адна з дэталей у ім; параўн. гало́ўкі ’загнутыя канцы палазоў’ і ву́згалавак ’пярэдняя частка саней’ (Сцяц.); сувязь тэрміналагічнай і бытавой сферы ўжывання дэманструюць узгалава́шка ’дэталь у возе’ (Пятк., 1) і маг. гылыва́шкі ’галовы, узгалоўе, месца ў пасцелі, дзе ляжыць галава’ (Бяльк.). Параўн. таксама рус. головя́шка ’пярэдні загнуты канец саннага полаза’. Сцяцко (Словаўтв., 179) разглядае ву́згалавак як прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад галава́. Параўн. ву́згалаўе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗАХОДНЕРУСІ́ЗМ,

кірунак грамадска-паліт. думкі ў 19 — пач. 20 ст. Быў пашыраны сярод гар. насельніцтва (інтэлігенцыя, дзярж. служачыя, правасл. духавенства і інш.), пераважна на У Беларусі. Прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку З. (К.​Гаворскі) лічылі этнічныя асаблівасці беларусаў вынікам польска-каталіцкага ўплыву, які перашкаджаў аднаўленню «спрадвечна-рускага характару краю». Прыхільнікі ліберальна-памяркоўнага кірунку З. (М.​Каяловіч, А.​Пшчолка) прызнавалі гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але адмаўлялі магчымасць яе нац.-культ. і дзярж. самавызначэння. За беларусамі прызнавалася толькі права на этнаграфічнае развіццё — на «мясцовы дыялект, на народную песню, і, наогул, на вясковы быт». Найб. сістэматызаванае абгрунтаванне З. атрымаў у працах М. Каяловіча «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя рускай самасвядомасці» (1884). Арыентацыі на З. ў пытаннях нац.-культ. развіцця Беларусі, неабходнасці яе «больш цеснага яднання з астатняй Руссю» прытрымліваліся Л. і І.​Саланевічы, І.​Бажэлка, Л.​Паеўскі, часткова А.​Сапуноў, Я.​Карскі, Е.​Раманаў і інш. Праваднікамі З. былі час. «Вестник Западной России», газеты «День», «Минское русское слово» (1912—13) і інш. Ідэалогія З. была пакладзена ў аснову практычнай дзейнасці такіх грамадскіх аб’яднанняў, як «Селянін», «Беларускае таварыства», «Саюз беларускай дэмакратыі», «Беларускі народны камітэт», «Рускае ўскраіннае таварыства» і інш., а таксама мясц. арг-цый «Саюза рускага народа» і «Саюза 17 кастрычніка», дзейнасць якіх была накіравана супраць бел. нац.-вызв. руху. У сваіх друкаваных органах — час. «Крестьянин», газеты «Окраины России» (1906—12), Масква, «Белорусский вестник» — яны імкнуліся паказаць неаддзельнасць гісторыка-культ. лёсу Беларусі ад лёсу Расіі.

Літ.:

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм». Нарысы з гісторыі грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;

Самбук С.М. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1976.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)