ЖЫРО́ВІЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

бел рукапісны помнік 15 ст. Назва ад в. Жыровічы (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.), дзе евангелле захоўвалася да сярэдзіны 19 ст. ва Успенскім саборы. На 376—377-м аркушах па-беларуску зроблены фундушавы надпіс канцлера ВКЛ Льва Сапегі (адсюль другая назва рукапісу — «Евангелле Сапегі»), Пісана ўставам на 404 аркушах. Багата аздоблена застаўкамі, мініяцюрамі з выявамі евангелістаў, шматлікімі ініцыяламі. Мініяцюры абведзены шырокімі залачонымі рамкамі, арнаментаванымі геам. і раслінным узорамі; у іх выкананні адчуваецца сувязь з візант. маст. традыцыяй. Малюнкі вызначаюцца пластычнасцю, выразнай індывідуалізацыяй, жанравасцю задумы і мажорнасцю каларыту (фарбы кадміева-чырвоныя, сінія, зялёныя і вохрыста-залацістыя). Зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.

В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Жыровіцкае евангелле. Мініяцюра з выявай евангеліста Матфея.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ КА́ЗКІ, ланцужковыя казкі,

група нар. казак са спецыфічнымі кампазіцыйнымі і стылявымі асаблівасцямі, найчасцей казак пра жывёл. Трапляюцца ў рус., бел., укр. і інш. фальклоры. Назва ад лац. cumulare — накопліваць, павялічваць. У іх кампазіцыі — шматлікія нарастаючыя паўторы аналагічных ці падобных дзеянняў, якія канчаюцца завяршэннем казачнага ланцуга падзей (адсюль другая назва — ланцужковыя) у адваротным парадку. Звёны казкі далучаюцца або адно за адным, або кожны раз пры далучэнні новага звяна ранейшыя паўтараюцца. Напр., «Галінка і верабей» (вершаваная апрацоўка М.​Танка), «Як курачка пеўніка ратавала», «Пшанічны каласок», «Рэпка», «Звяры ў яме» і г.д.

Літ.:

Пропп В.Я. Кумулятивная сказка // Пропп В.Я. Фольклор и действительность. М., 1976;

Лойтер С.М. О жанровой специфике кумулятивной сказки // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1979. Вып. 6.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАНО́ГІЯ (Phyllopoda),

атрад шчэлепаногіх ракападобных. 3 падатр.: шчэлепаногія (Anostraca), шчытні (Notostraca) і ракавінныя (Conchostraca). Больш за 600 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўнутр. вадаёмах. Найб. прымітыўныя з сучасных ракападобных. Выкапнёвыя вядомы з марскіх (кембрый—дэвон) і кантынентальных (карбон—антрапаген) адкладаў. На Беларусі рэшткі Л. адзначаны ў пародах дэвону—трыясу. Найб. вядомыя — дафніі, шчытні, басміна даўгадзюбая (Bosmina longirostris) і інш.

Даўж. да 30 мм. Большасць з хіцінавай ракавінай, на галаве шчыток. Органы руху — да 7 (зрэдку да 70) пар лістападобных ног (адсюль назва) і другая пара галінастых вусікаў. Вочы фасетачныя. Раздзельнаполыя, размнажэнне часта шляхам партэнагенезу. Развіццё прамое або з метамарфозай. Кормяцца пераважна мікраарганізмамі, дэтрытам. Фільтратары, індыкатары забруджвання вады. Некат, Л. (дафніі, басміны і інш.) — корм для рыб.

В.​В.​Вежнавец, П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 9, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Артамон Сяргеевіч) (1625—25.5.1682),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, баярын. Удзельнік рас. дэлегацыі на Пераяслаўскай радзе 1654, пасольства ў Рэч Паспалітую ў 1656—57. З 1669 узначальваў Маларасійскі прыказ, з 1671 адначасова Пасольскі прыказ і інш. У 1672 на перагаворах з Рэччу Паспалітай дамогся замацавання за Расіяй Кіева. Быў адукаваным чалавекам, адным з першых прадстаўнікоў рас. заходніцтва. Ініцыятар стварэння ў 1672—73 прыдворнага тэатра, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча (1676), другая жонка якога Н.​К.​Нарышкіна была выхаванкай М., сасланы на Поўнач. У 1682 вернуты ў Маскву Пятром I. Забіты ў час Маскоўскага паўстання 1682.

Літ.:

«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989. С. 146—179.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ БЕЛАРУ́СКІХ, РУ́СКІХ, ЛАТЫ́ШСКІХ І ЛІТО́ЎСКІХ ПАРТЫЗА́Н у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адкрыты ў 1981 у г.п. Расоны Віцебскай вобл. Да 1990 філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 683 м², больш за 5,3 тыс. экспанатаў асн. фонду, 13 залаў (2000). Адна зала прысвечана кіраўніку Расонскага патрыят. падполля П.М.Машэраву, другая — падзеям перыяду станаўлення сав. улады на Расоншчыне, астатнія — падзеям часоў Вял. Айч. вайны. Экспазіцыя расказвае пра ход абарончых баёў у 1941, удзел землякоў у баях, арганізацыю падполля і партыз. руху ў Расонска-Асвейскім краі, дзейнасць падп. райкомаў, злачынствы акупантаў у партыз. краі, вызваленне рэгіёна ад захопнікаў. Асн. экспазіцыя распавядае пра сумесную барацьбу партызан Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі супраць фаш. захопнікаў.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЧЭ́РА,

старажытнае угра-фінскае племя, якое ў 2—15 ст. жыло ўздоўж сярэдняга цячэння р. Ака ў Расіі. Культура М. блізкая да стараж.-мардоўскай. Захаваліся могільнікі і гарадзішчы М. 2—12 ст. У 1152 суздальскі кн. Юрый Далгарукі заснаваў на землях М. горад Гарадзец-Мяшчэрскі (з 1471 Касімаў). М. згадваецца ў Тлумачальнай Палеі — помніку стараж.-рус. л-ры 13 ст., у рус. летапісах, у т. л. ў сувязі з Казанскімі паходамі 1545—52. Б.ч. М. да 16 ст. асімілявана рус. насельніцтвам, другая частка, што жыла на тэр. Казанскага ханства (15—16 ст.), злілася з татарамі. Паводле большасці даследчыкаў, нашчадкамі М. з’яўляецца этнагр. група татар-мішараў (старая назва мешчаракі) у Татарстане і Башкортастане. Ад племя М. паходзіць назва Мяшчорскай нізіны.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́ТРЫЯ, бабёр балотны (Myocastor coypus),

млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Адзіны прадстаўнік сям. нутрыевых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы (мясц. назва каіпу). Акліматызавана ў шэрагу краін Еўропы і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — у пач. 1950-х г. Паўводная цеплалюбівая жывёла, у натуральных умовах жыве па берагах вадаёмаў, на балотах (адсюль другая назва), у зарасніках трыснягу ці ў норах. Добра плавае і нырае.

Даўж. да 85 см, хваста да 50 см, маса да 12 кг. Поўсць цёмна-карычневая. Хвост укрыты валаскамі. Заднія канечнасці з плавальнымі перапонкамі. Расліннаедныя, часам спажываюць жывёльныя кармы (малюскі, ракападобныя, рыба і інш.). Нараджаюць да 14 (звычайна 4—6) дзіцянят двойчы за год. Мяса ядомае. Аб’ект промыслу і гадоўлі (выведзены Н. з розным колерам футра).

Э.​Р.​Самусенка.

Нутрыя.

т. 11, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ННІЦЫ,

слінявіцы (Cercopidae, або Aphrophoridae), сямейства сысучых насякомых падатр. цыкадавых атр. раўнакрылых. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ў тропіках і ўмераных зонах. Жывуць пераважна ва ўвільготненых мясцінах. На Беларусі 8 відаў; найб. пашыраны П. альховая (Aphrophora alni), звычайная, або слінявая (Philaenus spumantis), цвердакрылая (Lepyronia coleoptrata). П. звычайная шкодзіць сцёблам і лісцю пладовых дрэў, пладовых і дэкар. кустоў, суніц і інш.

Даўж. да 12 мм. Афарбоўка зеленаватая, бурая, радзей чорная або плямістая. Спіна апушаная, надкрылы шчыльныя, скурыстыя Заднія ногі скакальныя. Кормяцца сокамі раслін. Лічынкі развіваюцца на раслінах у камяках пенападобнай слізі, т.зв. «зязюліны сліны» (адсюль другая назва). якую выдзяляюць спец. васковыя залозы. У тропіках некат. віды П. утвараюць капеж з выдзяленняў.

С.​Л.​Максімава, А.​С.​Шалапёнак.

Пенніцы: 1 — альховая; 2 — звычайная.

т. 12, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОТАБАЛГА́РЫ, прабалгары,

цюркскамоўны народ, які ўдзельнічаў у этнагенезе балгар і шэрагу сучасных цюркскамоўных народаў (казанскія татары і інш.). Першыя звесткі пра П. адносяцца да 4 ст. У 1-й пал. 7 ст. ў Прыазоўі і Ніжнім Паволжы склаўся саюз протабал. плямён на чале з ханам Кубратам, які распаўся ў сярэдзіне 7 ст. У 2-й пал. 7 ст. пад націскам хазар ч. П. перасялілася на Пн у бас. р. Кама, дзе ў далейшым узнікла дзяржава Балгарыя Волжска-Камская. Другая група П. на чале з ханам Аспарухам пасялілася ў ніжнім цячэнні Дуная, дзе ў саюзе з мясц. славянамі стварыла ў канцы 7 ст. Балгарскае царства (гл. Балгарыя). Частка П. захавалася на Паўн. Каўказе і прыняла ўдзел у этнагенезе карачаеўцаў, балкарцаў і інш.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лівандрэк ’лекі — забабоны ад урокаў у выглядзе чорных кавалкаў нейкай смалы, якую чапляюць, напрыклад, на рогі карове, калі яна ацялілася’ (КЭС, лаг.). Няясна. Магчыма, звязана паходжаннем са словам Levant ’Усход’, абазначаючы нейкі магічны сродак, які прыйшоў з Усходу, а другая частка з ням. Dreck ’бруд, кал’, ’дрэнь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)