сукупнасць умоў неарган. асяроддзя, якія ўплываюць на арганізмы і іх згуртаванні. Падзяляюцца на хімічныя (хім. састаў атмасферы, марскіх і прэсных водаў, глебы або донных адкладаў) і фізічныя — кліматычныя (т-ра, вільготнасць, бараметрычны ціск, вецер, цячэнні, радыяцыйны рэжым, колькасць ападкаў, ступень асветленасці і інш.). Фарміруюць умовы пражывання чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаюць занальнасць пашырэння, уплываюць на біял. рытмы, дынаміку іх колькасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУ́МБА (ад англ. clump група дрэў, кустоў),
від кветніка, які прыўзняты на 10—15 см над узроўнем глебы (дарожак, газонаў). Часцей сіметрычны ў плане (круг, квадрат, авал). Для стварэння К. выкарыстоўваюць адна-, двух- і шматгадовыя кветкава-дэкар. расліны, газонныя травы. Расліны падбіраюць для забеспячэння бесперапыннага цвіцення на працягу вегетац. перыяду. К. ўпрыгожваюць скульптурамі, дэкар. вазамі, фантанамі, вечназялёнымі кадушачнымі раслінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬЦАЎ (Цярэнцій Сямёнавіч) (10.11.1895, с. Мальцава Шадрынскага р-на Курганскай вобл., Расія — 1994),
савецкі раслінавод, наватар с.-г. вытворчасці. Ганаровы акад. УАСГНІЛ (1956). Герой Сац. Працы (1955). Аўтар новай сістэмы апрацоўкі глебы: глыбокага безадвальнага ўзворвання ў спалучэнні з паверхневай апрацоўкай і аптымальных тэрмінаў сяўбы. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІ́ДАЎСКАЯ ГАРА́.
На паўн. ускраіне в. Мілідаўшчына Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.; найвышэйшы пункт Ашмянскага ўзвышша. Выш. 320 м. Складзена з марэннага суглінку, валуннага галечніку і пяскоў, у ніжняй і сярэдняй ч. покрыва з пылаватых суглінкаў. Вяршыня з выпуклымі схіламі, стромкасць якіх на ПнЗ да 35°, на Пд — да 10°. Глебы дзярнова-падзолістыя. Прывяршынная ч. ўкрыта лесам, сярэдняя і ніжняя пад ворывам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУ́ЧЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, сцёблы якіх сцелюцца па паверхні глебы і ўкараняюцца з дапамогай прыдаткавых каранёў. Паўзучыя сцёблы з кароткімі міжвузеллямі наз. плецямі, з доўгімі — вусамі. Са сцябловых вузлоў П.р. акрамя прыдаткавых каранёў вырастаюць надземныя парасткі, а з іх вузлоў — новыя плеці і вусы, якія забяспечваюць вегетатыўнае размнажэнне. Сярод П.р. ёсць кармавыя (канюшына), харч., тэхн., лек. (агурок, батат, журавіны, суніцы), дэкар. (кураслеп) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ТНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя і арган. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння раслін азотам. Падзяляюцца на арганічныя ўгнаенні (гной, торф, кампост), якія акрамя азоту маюць у сабе інш. элементы, мінеральныя ўгнаенні (выпускаюцца прам-сцю ў цвёрдым ці вадкім стане) і зялёныя ўгнаенні (гл.Сідэрацыя). У мінеральных азот можа быць у аміячнай (NH3), аміячна-нітратнай (NH3 і NO3), нітратнай (NO3) і аміднай (NH2) формах. Асн. віды мінер. азотных угнаенняў: аміячныя, аманійныя, нітратныя, аманійна-нітратныя, амідныя, аманійна-нітратна-амідныя.
Аміячныя і аманійныя ўгнаенні: вадкі аміяк, аміячная вада, сульфаты амонію, амонію-натрыю. Раствараюцца ў глебавай вадзе, значная частка іонаў амонію звязваецца ў маларухомую форму, якая пад уздзеяннем спецыфічных бактэрый глебы пераходзіць у больш рухомую нітратную форму і засвойваецца раслінамі. Выкарыстоўваюцца для ўсіх с.-г. культур на някіслых глебах і кіслых пры іх вапнаванні. Нітратныя ўгнаенні: натрыевая і кальцыевая салетры. Іоны натрыю і кальцыю паглынаюцца цвёрдай фазай глебы і раслінамі спажываюцца менш, чым нітратны азот, што прыводзіць да падшчалочвання глебы. Выкарыстоўваюцца на ўсіх глебах для ўнясення перад сяўбой і для ўсіх відаў раслін у перыяд вегетацыі. Аманійна-нітратныя ўгнаенні: аміячная салетра, сумесі сульфат-нітрат амонію, вапнава-аміячная салетра. Выкарыстоўваюцца ў розных кліматычных зонах для розных глебаў. Амідныя ўгнаенні бываюць хутка дзейныя (карбамід) і павольна дзейныя (урэаформ—карбаміда-фармальдэгідныя ўгнаенні). Аманійна-нітратна-амідныя ўгнаенні — канцэнтраваныя растворы карбаміду, нітрату амонію і іх растворы ў аміячнай вадзе (аміякаты). Эфектыўныя пры ўнясенні ў глебу для падкормкі раслін, аміякаты — для невегетуючых с.-г. культур. На Беларусі (Гродзенскі азотна-тукавы завод) вырабляюць аміячную салетру, карбамід, вадкія ўгнаенні і сульфат амонію.
Літ.:
Агрохимия. М., 1982;
Баранов П.А., Алейнов Д.П., Олевский В.М. Азотные растворы... // Химия в сельском хозяйстве. 1983. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПА́Р, папарнае поле,
поле севазвароту, якое ўвесь вегетацыйны перыяд або частку яго застаецца незасеяным і неаднаразова апрацоўваецца для ачысткі глебы ад пустазелля і ўтрымання вільгаці. Папарная сістэма земляробства склалася ў эпоху феадалізму, замяніўшы лядную і лесапольную сістэмы трохпольнай (П., азімыя, яравыя). П. выкарыстоўваецца пераважна пад азімыя жыта і пшаніцу. Бывае чысты і заняты. Чысты П. — чорны (зяблевая апрацоўка ўгноенай глебы вядзецца ўвосень) і ранні (асн. апрацоўка вясною) — найчасцей выкарыстоўваюць у засушлівых раёнах. У нечарназёмнай зоне чысты П. пакідаюць на ўчастках з вял. колькасцю шматгадовага пустазелля. У інтэнсіўным земляробстве найб. эфектыўны заняты П., калі першую палавіну лета вырошчваюць культуры з кароткім вегет. перыядам (прапашныя, віка-аўсяная сумесь, кукуруза на сілас, кармавы лубін, канюшына і інш.), якія ўбіраюць за 3—4 тыдні да сяўбы азімых раслін. Сідэральны П. (разнавіднасць занятага П.) паляпшае якасць бедных, пераважна пясчаных і супясчаных глеб. Ён менш эфектыўны, чым П., заняты культурамі на кармы. На папарным полі вырошчваюць культуры (лубін і інш.), якія заворваюць на зялёнае ўгнаенне. Гл. таксама Сістэма земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫШНАГО́РСКАЕ ЎЗВЫ́ШШАПышнагоры,
частка Ушацка-Лепельскага ўзвышша, на Пн Беларусі, у паўд.ч. Віцебскай вобл.Выш. 175—200 м, найб: 228 м; над суседнімі нізінамі П.ў. прыўзнята на 50—60 м, над Лепельскім воз. больш чым на 80 м.
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты асадкамі верхнявендска-ніжнекембрыйскага, сярэднедэвонскага і антрапагенавага комплексаў. Для антрапагенавай тоўшчы, магутнасцю каля 100 м, характэрны адклады нараўскага, бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны ледавікова-акумулятыўны рэльеф створаны паазерскім зледзяненнем.
Паверхня П.ў. дробнаўзгорыстая, участкамі сярэднеўзгорыстая і платопадобная. Марэнныя ўзгоркі (выш. 5—7, радзей 10 м і больш) часта трапляюцца разам з камамі. Характэрны лагчыны сцёку. Узвышша складзена з валунных суглінкаў, месцамі з пясчана-галечнага матэрыялу, на асобных участках укрыта маламагутным покрывам з лёсападобных суглінкаў. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя сярэдне і слабаападзоленыя глебы, трапляюцца дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках. Невял. ўчасткамі на марэнных узгорках захаваліся яловыя, на камах — хваёвыя лясы. Слабадрэнажаваныя платопадобныя ўчасткі заняты злакавымі сухадольнымі лугамі. Урадлівыя глебы разараныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МАНІТО́РЫНГ,
сістэма доўгачасовых пастаянных назіранняў, якая дае інфармацыю аб радыеактыўным забруджванні прыроднага асяроддзя для ацэнкі яго сучаснага стану і прагнозу змен у будучым. Асн. аб’екты Р.м. — атм. паветра, паверхневыя і падземныя воды, глебы (у т. л.с.-г. і лясныя ўгоддзі), лясная расліннасць. На Беларусі Р.м. уваходзіць у Нац. сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя; галаўная арганізацыя па Р.м. — Рэсп. цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя Дзярж.к-та па гідраметэаралогіі (засн. ў 1980). Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) на тэр. краіны ажыццяўляюцца назіранні за магутнасцю экспазіцыйнай дозы (гл.Дозы выпрамянення) гама-выпрамянення ў абл. і раённых цэнтрах (58 пунктаў назіранняў), узроўнем радыеактыўных выпадзенняў (30 пунктаў) і аэразолей у паветры (8 пунктаў). Праводзіцца Р.м. паверхневых вод на рэках Дняпро, Сож, Прыпяць, Іпуць і Беседзь (вызначаецца колькасць цэзію-137, стронцыю-90 і сумарная бэта-актыўнасць) і глебы на рэперных пляцоўках і 18 ландшафтна-геахім. палігонах. Паводле вынікаў назіранняў вызначаецца радыяцыйны стан мясцовасці, верт. і гарыз. міграцыя радыенуклідаў, робіцца доўгатэрміновы прагноз (на 30 і больш гадоў). Гл. таксама Радыяцыйная экалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ТА ЎРАДЖА́Ю,
святкаванне заканчэння ўборкі ўраджаю. Першыя С.ў. прымяркоўвалі да Пакроваў — стараж. земляробчага свята заканчэння палявых работ. У ім прымалі ўдзел калектыўныя і аднаасобныя гаспадаркі; праводзілі яго ў школах, хатах-чытальнях, нар. дамах, на плошчах. У падрыхтоўцы свята ўдзельнічалі выканкомы мясц. Саветаў, парт., камсамольскія, прафс. арг-цыі. Асн. мэта першых С.у. — прапаганда с.-г. вопыту. Суправаджалася выстаўкай узораў с.-г. прадукцыі, прылад працы, паказам прыёмаў апрацоўкі і ўгнаення глебы і інш. У час свята дэманстравалі апрацоўку глебы трактарам, арганізоўвалі выстаўку калгаснай прадукцыі, кірмашы. Састаўнымі элементамі С.ў. былі маст. інсцэніроўкі, канцэрты, танцы, гульні, спаборніцтвы (у прыватнасці, конныя), часам карнавальныя шэсці. Высокі эмац. настрой святу надавалі духавыя аркестры. Мастацкія рысы С.ў. ўзмацніліся ў 1960—90-я г. Яно ўзбагацілася традыц. сімваламі дажыначных абрадаў (апошні сноп жыта, ячменю, лёну, дажынкавы вянок, каравай з зерня новага ўраджаю; гл.Дажынкі). Своеасаблівасць свята выражаюць святочныя персанажы «Ураджай», «Колас», «Каласкі» і інш. Праводзяцца парады тэхнікі, выступленні ўдзельнікаў маст. самадзейнасці, спарт. выступленні, конкурсы, латарэі. Змяніліся сутнасць і значэнне свята. Яно стала святкаваннем заканчэння ўборкі ўраджаю, днём падвядзення вынікаў працы, ушанавання пераможцаў.