Асігна́цыя. У Гарб. адзначана assignatio ў розных значэннях: ’распараджэнне, квітанцыя, прызначэнне’. Рус. ассигнация (у канцы XVII ст. з польскай — Вінаградаў, Очерки, 51; Шанскі, 1, А, 161), укр. асигнація, паводле Паўтарака, як і беларускае, з польскай, дзе з заходнееўрапейскіх (Бел. лекс., 153), польск. asygnacja мае крыніцай лац. assignatio. Слова asygnować сустракаецца ў польскай з XVI ст.; цалкам верагодна, што бел. асігнаваць сапраўды з полькай, калі гэта слова сустракалася ў старабеларускай, што, аднак, невядома. Асигнация ў стараўкраінскай вядома з канца XVIII ст. у кантэксце, які ўказвае на рускую крыніцу запазычання (рускія асігнацыі былі ў хаду з 1796 да 1843 г.). Да XVII ст. asygnacja не засведчана і ў польскіх слоўніках. Таму можна дапускаць, што асігнацыя запазычана з рускай мовы ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ацо́ўкнуць ’пачаць кіснуць, быць нясвежым (пра малако)’ (Сцяц.), ацоўкнуць, сцоўкнуць (слонім., Арх. Бяльк.), ацоўклае ’якое пачало кіснуць, але яшчэ не скісла (малако)’ (Сцяц., Арх. Бяльк.), цоўклое і цаўклое (малако) (КСТ). Хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор ад соўкнуць ’сунуць, стукнуць, піхнуць’ (семантыка, звязаная з ’біць, стукаць, піхаць, сунуцца’, тыповая для назваў пракіслага малака, параўн. осовуватэ ’абрызглае (пра малако)’ (драг., Вешт., дыс., магчыма, ад соваць); да фанетыкі параўн. цок сок’, цыроп ’сіроп’ (Сцяшк.). Менш верагодна ад цоўт (цовт) ’від печыва’ (Сцеп., 169); адпаведныя яму словы ў іншых славянскіх мовах могуць мець значэнне ’грудка, камяк’, параўн. укр. цовта ’груда’, чэш. calta masla (на сценках посуду); пра іх паходжанне гл. Махэк₂, 80; Брукнер, 55, і асабліва Хінцэ, ZfSl, 8, 733; тады ацоўклае < ацоўтлае ’малако, якое зрабілася камянямі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Злачы́нец ’той, хто парушыў закон’. Укр. злочи́нець, польск. złoczyńca, чэш., слав. zloćinec, ст.-чэш. zločincě, н.-луж. уст. złocyńc, славен. zločínec, серб.-харв. злочи́нац, балг. уст. кніжн. злочинец, макед. злочинец ’тс’. Ст.-рус. (XVII ст.) злочинець. Ст.-бел. (1529 г.) злочинца < польск. (Булыка, Запазыч., 123). Параўн. укр. зло́чин, польск. złoczyn, чэш., славац. zločin, серб.-харв. зло̏чӣн, зло̀чин, макед. злочин ’злачынства’, славен. zločín ’злачынства, злачынец’. Ад прасл. дыял. складанага слова zъlo + čin‑ (činъ ’дзеянне’ < činiti ’рабіць’, параўн. учынак, гл. чын) утвораны агентыўны назоўнік з паўн.-слав. суфіксам *‑ьca (параўн. ст.-чэш., польск., ст.-бел.) ці ‑ьcь. Паколькі ва ўсх.-слав. не пашырана слова *злочинъ (верагодна, укр. < польск.), магчыма, што злачынецўкр. злочинець) — пераафармленне запазычанага з польск. (чэш.?) злачынца паводле больш звычайнай мадэлі на ‑ец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Злы. Рус. злой, укр. злий ’тс’, польск., серб.-луж. zły ’кепскі, злы’, чэш., славац. zlý ’тс’, славен. zál, zèl ’злы’, ’някепскі’, серб.-харв. за̏о, балг. зъл, макед. зол. Ст.-слав. зълъ ’кепскі, злы’. Ст.-рус. зълый ’кепскі, злы’, ’варожы, грэшны’ (XI–XII стст.). Прасл. zъlъ, верагодна, мела значэнне ’кепскі’, адкуль потым развіваліся іншыя значэнні. Выводзяць з і.-е. *gʼhu̯el ’згінацца (у тым ліку духоўна)’, да якога адносяць іран. zūr ’хлусня’, ст.-грэч. φαλός ’дурны’, φῆλος ’зманлівы’, лац. fallo ’падманваю’, літ. atžúlas ’цвёрды, злы’. Шанскі, 2, З, 95; Фасмер, 2, 99 (дзе і літ-ра); Махэк₂, 716; Скок, 3, 642–643; БЕР, 1, 663–664; Абаеў, Этимология, 1966, 252; Траўтман, 372–373; Покарны, І, 489–490. Пра ст.-бел. ужыванне слова гл. Булахаў, Прыметнік, 3, 87–89.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуёк ’птушка Charadrius dubius ці Charadrius hiaticula’. Рус. зуёк, зуй ’тс’, у гаворках таксама назва іншых птушак (Tringa minuta, T. temincei, Totanus calidris, T. fuscus і інш.), серб.-харв. зу̏јак ’жук Scarabeus stercoririus’. Ст.-рус. зуй ’назва птушкі’ (XVII ст.). Зуёк памянш. да зуй, назвы птушкі, верагодна, гукапераймальнай (параўн. серб.-харв. зy̑j ’гудзенне’, зык. Гараеў, 119; Фасмер, 2, 108; Шанскі, 2, З, 114; Антропаў, дыс. Праабражэнскі пярэчыць Гараеву, але этымалогіі не дае). Младэнаў (ССУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 64) услед за Міклашычам (404) падводзіць пад корань *zu‑ < і.-е. *gʼheu̯‑, *gʼhou̯‑ (параўн. зваць), у Покарнага (1, 413) *gʼhau‑, *gʼhau̯ə‑ ’крычаць, зваць’, прычым піша, што гэта можа быць гукапераймальнае слова. Скок (3, 664) лічыць zújati гукапераймальным, адкуль і зујак. Параўн. яшчэ з зуй1, зуй2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казя́ўка ’ўсякае маленькае насякомае, кузурка’ (БРС, ТСБМ, Грыг., Касп., Сержп. Прымхі). Дакладны адпаведнік — у рус. козявка. Недастатковая інфармацыя як з бел., так і з рус. гаворак не дазваляе меркаваць з упэўненасцю аб статусе гэтага слова, магчыма, усх.-слав. утварэнне, а магчыма, рэгіянальнае бел.-рус. Утворана, відаць, ад казява ’маленькае насякомае, жук’, якое далей да коза (каза1). Фармальная сувязь з назвай жывёлы відавочная, параўн. рус. пск., смал. козявка ’козлы для распілоўкі дроў’, цвяр. козява ’жук’ і інш. Назва магла быць утворана суфіксальным спосабам ад каза1, а магла быць і пераносам ад казява ’каза’, апошняе менш верагодна, паколькі рэальна яно не засведчана ні ў рус., ні ў бел. гаворках. Матывацыя назвы: наяўнасць (мяркуемая) зааморфных адзнак у насякомага (магчыма, і канкрэтнага), паводле якой і ўтвараецца тэрмін.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяры́ла1 (перы́ло) ’аер, плюшнік’ (мазыр., Жыв. сл.), сюды ж, відаць, пяры́льцы ’хваснік, Hippuris’ (Кіс.). Параўн. укр. пери́ла, пери́ля ’расліна Perilla’, рус. пери́лла ’тс’, чэш. perilla ’тс’. Фармальная тоеснасць назваў дазваляе дапусціць перанос лацінскай назвы на іншыя расліны, магчыма, з-за знешняга падабенства: новалац. perilla узыходзіць да pira ’груша’ (плод-арэшак прыпамінае плод грушы), параўн. ЕСУМ, 4, 348. Больш верагодна да пяро́ ’доўгі ліст’ (гл.), параўн. перо́ ’перыстая трава’: накосіў колеснік сена, одно перо (ТС).

Пяры́ла2 ’прыстаронак’ (палес., Бел.-укр. ізал.), параўн. укр. бойк. пери́ло ’адгародка ў хляве для сена, саломы, збожжа’. Відаць, да пе́рыць ’біць’, параўн. перабо́йка ’перагародка’, перабі́ць ’адгарадзіць’ (гл.), польск. przepierzenie ’лёгкая перагародка’ ад przepierzyć ’перагарадзіць, раздзяліць’, паводле Банькоўскага (2, 887), з не зусім празрыстай семантыкай (< польск. pierzyć ’аздабляць пер’ем’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́пкі1 ‘цвёрды, не вязкі (грунт)’, ‘добра ўбіты, утаптаны’ (ТСБМ; Сцяц.; в.-дзв., Шатал.; гродз., стаўб., карэліц., З нар. сл.; навагр., Нар. словатв.), ‘цвёрды, гладкі’ (Сцяшк. Сл.); ту́пка, ту́пко ‘цвёрда, роўна’ (Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ), ‘там, дзе можна прайсці без цяжкасці, без рызыкі; утаптана, уходжана’ (слонім., Нар. лекс.), ту́пко ‘мелка, неглыбока (дзе можна прайсці балота)’ (Зайка Кос.; ганц., Ск. нар. мовы). Да ту́пкаць (гл.); верагодна, па фанетычных прычынах (змешванне у з о̂ закрытым) ідэнтыфікуецца з то́пкі ‘цвёрды (аб дне ракі)’ (Некр. і Байк., Янк. 2; уздз., Сл. ПЗБ) насуперак то́пкі ‘гразкі, багністы’ (ТСБМ, Сцяшк., ТС, Бяльк.), што выводзіцца з тапіць1 (гл.). Аналагічна тупко́е сала ‘тлустае’ (ЛА, 4), параўн. то́пкі ‘які пры смажанні дае шмат тлушчу’, што выводзіцца з тапіць2 ‘расплаўляць, тапіць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЛЯБО́ВІЧЫ,

ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Ляліва». Некат. даследчыкі выводзяць род ад Гедзіміна або ад маршалка літоўскага Манвіда. Найб. верагодна, што Глябовічы паходзяць ад баяр Смаленскай ці Полацкай зямлі. Валодалі г. Дуброўна, Заслаўе, маёнткамі ў Мазырскім, Ігуменскім, Аршанскім, Навагрудскім пав., на Смаленшчыне, Віцебшчыне, у Польшчы. Першы дакладна вядомы прадстаўнік роду — смаленскі ваявода Глеб (15 ст.), які меў сыноў Станіслава, Пятра і Юрыя. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Станіслаў Глебавіч (?—1513), намеснік мерацкі (1492), віцебскі (1495), браслаўскі (1501), полацкі (1502), маршалак дворскі (1492—1511), ваявода полацкі (1505). Удзельнічаў у пасольствах у Маскву ў 1492, 1499, 1503, 1504, 1511. Пётр Глебавіч (? — пасля 1522), намеснік навагрудскі (1502), крэўскі (1511—22). Юрый Глебавіч (? — пасля 1520), намеснік смаленскі (1492—99), староста жамойцкі (1494), намеснік аршанскі і аболецкі (1500—01), віцебскі (1503—08), смаленскі (1508—14), староста мерацкі (1514), ваўкавыскі (1520). У 1506 у складзе пасольства ў Маскву. Мікалай Юр’евіч (?—1514), сын Юрыя Глебавіча, староста драгічынскі і слонімскі. У бітве на Вядрошы 1500 разам з К.​Астрожскім трапіў у палон да рускіх, вярнуўся ў 1511. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 у 1513 узначальваў абарону Смаленска. Ян Юр’евіч (?—23.4.1549), сын Юрыя Глебавіча, маршалак гаспадарскі (1516—42), дзяржаўца мсціслаўскі (1527), ваявода віцебскі (1528), полацкі (1532), віленскі (1542), староста бабруйскі (1542), канцлер ВКЛ (1546). Быў прыхільнікам каралевы Боны і саюзу з Польшчай, пазней далучыўся да прыхільнікаў самастойнасці ВКЛ. Ян Янавіч (1544—90), сын Яна Юр’евіча, дзяржаўца упіцкі (1584), кашталян мінскі (1572), староста анікштынскі (1575), радашковіцкі (1576), падскарбі земскі і пісар ВКЛ (1580), кашталян трокскі (1585), ваявода трокскі (1586), староста упіцкі (1587). У Лівонскую вайну 1558—83 вызначыўся пры абароне Полацка ад войска Івана IV, трапіў у палон. Вярнуўшыся ўдзельнічаў у штурме Полацка, аблозе Пскова. Дзеяч Рэфармацыі. Мікалай Янавіч (? — 18.11.1632), сын Яна Янавіча, староста анікштынскі, падстолі ВКЛ (1605), ваявода смаленскі (1611), кашталян віленскі (1621). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, паходу на Маскву. Юрый Мікалаевіч (Ежы Кароль; — 18.4.1669), сын Мікалая Янавіча, староста анікштынскі, падстолі ВКЛ (1639), стольнік ВКЛ (1643), ваявода смаленскі (1643), староста жамойцкі (1653), ваявода віленскі (1668). Удзельнік перагавораў з Б.​Хмяльніцкім і з Расіяй у 1659—66. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду.

Ю.​А.​Заяц.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 — пач. 19 ст. ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны на высокім левым беразе Нёмана. Прамавугольны ў плане (64 × 87 м), быў умацаваны валунамі, з 3, Пд і У — ровам (шыр. каля 30 м, глыб. 7—10 м). На паўд.-зах. і паўд.-ўсх. вуглах замчышча размяшчаліся 2 мураваныя вежы. Паўд.-зах. вежа-брама (10,15 × 9,8 м) мела выгляд куба, які на вы ш. каля 8 м пераходзіць у 8-гранную прызму. Падмурак быў складзены з вял. камянёў на вапне, выш. 3,85 м. Вежа мела 4 ярусы бою. Аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй гэта вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага замкава-паркавага комплексу і некат. абарончых вежаў Віцебскага Верхняга замка. Паводле выкарыстання мяшанай гатычна-рэнесансавай муроўкі яе можна датаваць 2-й пал. 16 ст. Пра гэта сведчыць і знойдзены флюгер-ветранік з гербам Радзівілаў і лічбамі «1581». Напачатку вежа была, відаць, адзінай мураванай у драўляным замку, пра што ўскосна сведчаць прасла, што прымыкае да яе мураванай сцяны, і 2-я вуглавая паўд.-ўсх. вежа, якая адрозніваецца формай, памерамі (8,3 × 8,3 м) і рэнесансавай муроўкай. Яе пабудавалі, верагодна, у пач. 17 ст., бо на гербе Любчы, атрыманым у 1644, намаляваны 2 вежы. Яна таксама стаіць на падмурку выш. каля 4 м. У вежы былі 3 ярусы бою. Прасла замкавай сцяны паміж вежамі таксама рэнесансавай муроўкі мела таўшчыню 1,3 м. На паўд. баку замчышча, па-над Нёманам, паміж 2 невял. вежамі размяшчаўся палац. Паводле інвентара Л.з. за 1661 вежы мелі бляшаныя дахі з купаламі, на якіх знаходзіліся флюгеры з гербам Радзівілаў. Паўд.-зах. ўязная вежа запіралася дубовай брамай, перад ёю цераз роў быў перакінуты пад’ёмны мост. Пад вежай размяшчаліся скарбец і вязніца. На сцяне, звернутай у бок замкавага падворка, знаходзіўся гадзіннік. Справа ад увахода была кардэгардыя (каравульнае памяшканне), ва ўсх. частцы замкавай сцяны — фортка, якая выводзіла на 2-і мост. У 1655 Л.з. быў узяты казакамі І.​Залатарэнкі. У 18 ст. замак страціў сваё абарончае значэнне. Паводле апісання Л.з. за 1813, тут былі толькі 2 вежы, 2 масты злучалі замак з мястэчкам і фальваркам.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

М.​А.​Ткачоў.

Любчанскі замак у пачатку 19 ст. 3 акварэлі Ю Пешкі.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)