род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 3 віды Р.: Жэрара (A. gerardii), стрэлкападобная (A. sagittata), павіслая (A. pendula). Трапляюцца ў хваёвых лясах, хмызняках, на палях, лугах. Як дэкар. расліны культывуюць Р. альпійскую (A. alpina), каўказскую (A. caucasica) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы з шараватым адценнем, пераважна апушаныя, прамастойныя, выш. 10—60 см, часам ляжачыя, лёгка ўкараняюцца. Лісце суцэльнае, густаапушанае, прыкаранёвае ў разетцы. Кветкі белыя, ружовыя, жаўтаватыя, простыя або махрыстыя, сабраныя ў невял. шчыльныя шчытка- ці парасонападобныя гронкі. Плод — стручок. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДА, грудніка (Sida),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. У Амерыцы і Еўропе культывуюць С. вострую (S. acuta) і шматгадовую (S. napala), у Індыі і Афрыцы — С. рамбалістую (S. rombifolia). На Беларусі інтрадукавана С. гермафрадытная (S. hermaphrodita).
Шматгадовыя травяністыя, кустовыя і паўкустовыя расліны. Сцёблы прамастойныя, выш. 2—4 м. Лісце чаргаванае, 5—7-лопасцевае, клінападобнае або суцэльнае. Дробныя кветкі белыя ці жоўтыя, адзіночныя або сабраныя па 5—10 у суквецце. Плод — каробачка. Сцёблы маюць 13—19% валакна, якое разам з ільняным, джутавым і кенафавым выкарыстоўваюць для вытв-сці грубых тканін і вяровак. Тэхн., кармавыя, меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́ЧКІ (Sempervivum),
род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. атожылкавыя (S. sobolifera), які часта выдзяляюць у род Jovibarba. Трапляюцца па сухіх пясчаных месцах у хваёвых лясах. Як дэкар. расліны вырошчваюць С. дахавыя (S. tectorum) і каўказскія (S. caucasicum).
Шматгадовыя травы выш. да 40 см. Лісце мясістае, чаргаванае, ніжняе — у шчыльнай разетцы. Неквітучыя атожылкі ў выглядзе шарападобных разетак. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, ружовыя, чырв ці пурпурныя ў шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — лістоўка. Пасля плоданашэння расліна адмірае. Лісце і маладыя парасткі спажываюць як салату. Дэкар., лек., харч., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Раст, мн. л. расты́, ’парастак’ (астрав., Жд. 1). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад расты́, параўн. расток, храсток (гл.). Сюды ж (калі гэта не запазычанне з украінскай) раст — “маленькія-маленькія, з галоўку шпількі, сінія, іншым часам белыя кветкі, вылазяць амаль адразу, як сыдзе снег” (Караткевіч, Маладосць, 1987, 1, 159). Параўн. укр.раст ’ключыкі, Primula veris L.; кураслеп, Anemona nemorosa L.’, макед.рас ’куст’, балг.раст ’дубчык’, ра́сте ’галінкі для тутавага шаўкапрада’. Параўн. таксама аналагічныя, але аддзеяслоўныя рус.дыял.раст ’лепшы час для росту зеляніны і пад.; для сенакосу, збору малака (на масла) і пад.’, ’маладая трава (на пашы)’, што, паводле БЕР, 6, 186, запазычаны са стараславянскай; а таксама славен.rȃst ’рост, расліннасць’, серб.-харв.ра̑ст ’расліна’, макед.раст ’рост’, ст.-слав.растъ ’рост, вырастанне’, якія з’яўляюцца рэгулярнымі адпаведнікамі прасл.*orstъ < orsti, гл. рост, расці.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АПЕЛЬСІ́Н (Citrus sinensis),
вечназялёнае дрэва сям. рутавых. Здаўна культывуецца ў трапічных і субтрапічных краінах (у Кітаі больш за 2 тыс. гадоў, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа з 11 ст., на Пд Еўропы з 15 ст.). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.
Выш. 7—12 м. Лісце авальнае, кветкі адзіночныя або сабраныя ў суквецці, белыя, пахучыя. Плод — шматгняздовая ягада розных памераў, формы і афарбоўкі скуркі (ад светла-жоўтай да чырвона-аранжавай), сакаўны, салодкі ці кісла-салодкі, масай 100—500 г. Багаты цукрамі, лімоннай к-той, вітамінамі C, групы B, P. У скурцы да 2% эфірнага алею, які выкарыстоўваецца ў парфумернай і кандытарскай прам-сці. Меданос. Размнажаецца прышчэпкай на трыфаліяце, памяранцы, сеянцах мясц. сартоў. Цепла- і вільгацелюбівая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛА́Н-БЕЛАХВО́СТ (Haliaeetus albicilla),
птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі надзвычай рэдкі гнездавальны від, вядома каля 20 пар, якія гняздуюцца, з іх палова ў Віцебскай вобл. Трапляецца спарадычна. Жыве каля вял. азёраў, у далінах рэк, на вял. балотах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела 0,8—1 м, маса да 6,5 кг, размах крылаў да 2,5 м. Апярэнне цёмна-бурае. Хвост у дарослых белы (адсюль назва), кароткі, клінападобны. Дзюба і лапы жоўтыя. Прылягае ў сак.—красавіку. Гнёзды масіўныя, на верхавінах высокіх (15—25 м) дрэў. Утварае пастаянныя пары. Нясе звычайна 2 (радзей 1, 3) белыя яйцы. Птушаняты вылятаюць у канцы чэрв. — пач. жніўня. Здабыча на Беларусі забаронена з 1978. Ахоўваецца ў шэрагу краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУ́Н (Ledum),
род кветкавых раслін сям. верасовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў халодных і ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі ўсюды трапляецца багун балотны (Ledum palustre). Расце на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах, утварае зараснікі.
Шматгадовазялёны куст выш. 30—120 см з прамастойным галінастым сцяблом. Верхавінкі маладых галінак, кветаножкі і лісце знізу ўкрытыя ржава-бурым лямцам. Лісце чаргаванае, лінейна-падоўжанае, на кароткіх чаранках, шчыльнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белыя, адурманьвальна-духмяныя, у верхавінкавых парасонападобных шчытках. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек. (адхарквальны сродак), інсектыцыдная і меданосная расліна. Мае ў сабе дубільныя і фарбавальныя рэчывы, ядавіты — гліказіды арбуцін і андрамедатаксін, да 7,5% эфірнага алею з рэзкім пахам і горкім смакам, які валодае раздражняльным і наркатычным дзеяннем, у значных дозах паралізуе нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКУ́Н, буркун (Melilotus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы; інтрадукаваны ў Паўн. Амерыку, Аўстралію. На Беларусі 3 дзікарослыя віды — баркун белы (Melilotus albus), жоўты, або лекавы (Melilotus officinalis), і волжскі (Melilotus wolgicus) — рэдкая занесеная расліна. Растуць на парушаных месцах уздоўж дарог, каля жылля, на сметніках, па далінах рэк.
Двух-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1,5—2 м. Лісце трайчастае, з дробных пілаватазубчастых лісточкаў. Кветкі дробныя, паніклыя, розных колераў (часцей белыя, бэзавыя, жоўтыя), у пазушных гронках. Плод — невялікі яйцападобны сціснуты струк. Кармавыя, лек., меданосныя, сідэратныя і араматычныя (маюць духмянае рэчыва кумарын) расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай і харч. прам-сці, у медыцыне і сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́ЦЫЯ (Acacia),
род раслін сям. бабовых. 750—800 відаў, пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў, большасць расце ў Аўстраліі (выява акацыі — нац. эмблема), дзе яны, як і ў Афрыцы, істотны элемент саванны. У бат. садах і парках Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа ў 19 ст. акліматызавана каля 10 відаў. Найб. вядомыя: акацыя серабрыстая (acacia dealbata), якую вырошчваюць як дэкар. расліну (т.зв.мімоза); акацыя белая, або псеўдаакацыя (Robinia pseudoacacia) з роду рабінія; акацыя жоўтая, або караганнік дрэвападобны (Caragana arborescens) з роду карагана. На Беларусі як дэкар. расліны вырошчваюць апошнія 2 віды.
Пераважна вечназялёныя дрэвы, кусты, зрэдку травы. Кветкі жоўтыя або белыя, дробныя. Плод — боб. З шэрагу відаў атрымліваюць дубільныя рэчывы і гуміарабік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКІ (Pieridae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 500 відаў. На Беларусі 12. Пашыраны на ўсіх мацерыках, найб. вядомыя бялянкі капусная, або капусніца (Pieris brassicae), рэпніца (P. rapae), бручніца (P. napi).
Дзённыя матылі, крылы ў размаху да 8 см. Афарбоўка часцей белая, жоўтая або аранжавая, з чорным малюнкам. Вусені зялёныя або стракатыя, звычайна ўкрытыя кароткімі валаскамі. Кукалкі жаўтаватыя або шаравата-белыя з чорнымі кропкамі і плямамі прымацоўваюцца да субстрату паяском з шаўкавістай павуцінкі галавой уверх. Развіваюцца пераважна на крыжакветных і бабовых раслінах, некат. жывуць на крушынавых, ружавых і інш. Шэраг бялянак шкоднікі с.-г. культур, вусені аб’ядаюць лісце. Жаўтушкі, зоркі, лімонніцы — дэкар. матылі лугоў, палёў, лясоў. Некат. віды ахоўваюцца, жаўтушка тарфянікавая (Colias palaeno) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.