брава́лія

(н.-лац. browallia)

травяністая расліна сям. паслёнавых з блакітнымі або белымі кветкамі, пашыраная ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мі́цэліс

(н.-лац. mycelis)

травяністая расліна сям. складанакветных з тонкім лісцем і бледна-жоўтымі кветкамі ў мяцёлках, пашыраная ў Еўропе, Малой Азіі, Паўн. Амерыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рудбе́кія

(н.-лац. rodbeckia)

травяністая расліна сям. складанакветных з дробнымі жоўтымі кветкамі ў суквеццях-кошыках, пашыраная ў Паўн. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сапо́та

(н.-лац. sapota)

дрэва сям. сапотавых з буйным лісцем даўжынёй да 60 см і шарападобнымі чырванавата-карычневымі салодкімі пладамі, пашыранае ў Цэнтр. Амерыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тсу́га

(н.-лац. tsuga, ад яп. tsuga)

вечназялёнае хвойнае дрэва сям. сасновых, пашыранае ва Усх. Азіі, Гімалаях, Паўн. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўнае.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цэ́рцыс

(н.-лац. cercis)

лістападнае дрэва сям. бабовых з акруглым лісцем і ружова-пурпуровымі кветкамі ў пучках, пашыранае ў Паўн. Амерыцы, Міжземнамор’і і Азіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КЕМБРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД) (ад Камбрыя, Cambria — лац. назва Уэльса),

кембрый, першая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае першаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца вендскай і перакрываецца ардовікскай сістэмамі. Пачалася 570 і доўжылася да 510 млн. гадоў назад. Вылучана англ. геолагам А.​Седжвікам у 1835. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя), верхні (позняя). Для Усх.-Еўрап. платформы прыняты ярусы: для ніжняга аддзела — тамоцкі, атдабанскі, батомскі, таёнскі; сярэдняга — амгінскі, майскі; верхняга — аюсаканскі, сакскі, аксайскі. У Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы расчляняецца на фауністычныя зоны.

Кембрыйскі перыяд характарызуецца шырокай трансгрэсіяй мора. Адбылося значнае апусканне на мацерыках Паўн. паўшар’я, а ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Антарктыдзе пераважалі падняцці. Актывізавалася вулканічная і інтрузіўная дзейнасць, змяніўся працэс асадканамнажэння ў морах і акіянах. Існаванне розных палеагеагр. умоў стварыла складаныя структурна-фацыяльныя комплексы адкладаў, якія падзяляюцца на 2 асн. тыпы: тэрыгенны (Усх.-Еўрап., Паўн.-Амер. стараж. платформы і прылеглыя рэгіёны) і карбанатны (Сібірская, Кіт. стараж. платформы і прылеглыя складкавыя вобласці), сярод якіх трапляюцца эвапарытавыя (солі, некат. вапнякі і даламіты) і чарнасланцавыя намнажэнні. У кембрыі з’явіліся жывёлы з цвёрдым шкілетам. У канцы перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, але найб. пашыраны былі трылабіты. Для ранняга кембрыю характэрны археацыяты. З іншых груп фауны ў К.с.(п.) існавалі брахіяподы, малюскі, губкі, кішачнаполасцевыя, чэрві, ігласкурыя, грапталіты. Раслінны свет прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі.

На Беларусі кембрыйскія адклады пашыраны ў паўд.-зах. (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) і паўн.-зах. (схіл Беларускай антэклізы) частках тэрыторыі. Прадстаўлены ніжнім і сярэднім аддзеламі, у складзе якіх вылучаны гарызонты: ровенскі, лантаваскі, дамінапольскі, вергальскі, раўсвенскі (ніжні аддзел); кібартайскі (сярэдні). Завяршае разрэз палеанталагічна не ахарактарызаваная орлінская світа. Адклады прадстаўлены глінамі, алеўралітамі, пясчанікамі (магутнасць да 436 м). Кембрыйскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Радовішчы нафты выяўлены ў Балт. сінеклізе.

В.​І.​Абраменка, Г.​У.​Зінавенка.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́МА (Lima),

горад, сталіца Перу. Знаходзіцца на раўніне паміж падножжам Андаў і ўзбярэжжам Ціхага ак., на р. Рымак. Адм. ц. дэпартамента Ліма. 6,7 млн. ж. з прыгарадамі (1993). Буйнейшы трансп. вузел краіны, праходзіць Панамерыканская шаша. Марскі порт — Кальяо, фактычна зліўся з Л. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны (каля 80% апрацоўчай прам-сці). Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., нафтаперапр., хім., аўтамаб., металаапрацоўчая. Разнастайная рамесная і саматужная вытв-сць. Ун-ты, у т. л. Сан-Маркас (з 1551). 3 акадэміі навук. Нац. музей перуанскай культуры, Музей натуральнай гісторыі «Хаўер Прада», Нац. музей антрапалогіі і археалогіі. Нац. тэатр.

Засн. ў 1535 ісп. канкістадорам Ф.Пісара. У 16 — пач. 19 ст. цэнтр ісп. каланіяльных уладанняў у Паўд. Амерыцы і сталіца віцэ-каралеўства Перу. У 1551 засн. Каталіцкі ун-т (старэйшы ў Паўд. Амерыцы). Пасля абвяшчэння незалежнасці ад Іспаніі (1821) Л. — сталіца рэспублікі Перу. У 1687 і 1746 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У Ціхаакіянскія войны 1864—66 і 1879—83 быў акупіраваны войскамі Чылі.

Горад захаваў прамавугольную сетку вуліц калан. часу. У цэнтры — Стары горад з арх. помнікамі, на ПнЗпрамысл. раён, на ПдЗ — дзелавыя кварталы, на Пд і ПдУ — раёны асабнякоў. Вакол гал. пл. Пласа дэ Армас сабор (1572—1797), Палац прэзідэнта рэспублікі (1937—38, неакалан. стыль). У 16—18 ст. у стылі барока пабудаваны комплексы манастыроў (Сан-Франсіска, 1556—1624, Санта-Дамінга, сярэдзіна 16 ст.; Ла Мерсед, 1628—30) і цэрквы са складанай разьбой на парталах і ў інтэр’ерах, палацы (Торэ Тагле, 1735), жылыя дамы з унутр. дварамі, драўлянымі балконамі, ляпнымі парталамі. У 19 ст. будавалі ў духу эклектызму, у 1-й пал. 20 ст. — у «неаперуанскім стылі» (будынак Саюза архітэктараў, 1947), у 2-й пал. 20 ст. — у стылі сучаснай зах.-еўрап. і амер. архітэктуры (жылы раён Матутэ, 1952, і інш.). Гіст. цэнтр Л. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Цэнтральны раён горада Ліма.

т. 9, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМЕРЫКАНІ́ЗМ,

палітычная дактрына, у аснове якой ідэя агульнасці гіст. лёсу, эканомікі і культуры амер. дзяржаў. Ідэя П. прапанавана ў пач. 19 ст. С.Баліварам, які ў 1826 склікаў Панамскі кангрэс з мэтай стварэння федэрацыі лац.-амер. дзяржаў. Пасля смерці Балівара і распаду Вялікай Калумбіі (1830) ідэя П. ў паўд.-амер. варыянце страціла значэнне. У канцы 19 ст. ЗША прапанавалі ўласную канцэпцыю П., як руху дзеля абароны інтарэсаў Амерыкі перад еўрап. дзяржавамі і шматбаковага супрацоўніцтва (пераважна эканамічнага) амер. дзяржаў пад эгідай ЗША. Гэта ідэалогія была ў аснове Міжамерыканскіх канферэнцый (1889—1967) і Панамерыканскага саюза (1910—48). Яна зыходзіла з Манро дактрыны і развіта ў т.зв. дадатку (1904) прэзідэнта Т.Рузвельта, у якім абвяшчалася права ЗША ажыццяўляць ваен. інтэрвенцыі ў Лац. Амерыцы дзеля абароны яе дзяржаў. У 1-й пал. 20 ст. ЗША неаднаразова выкарыстоўвалі гэта права (уварванні на Кубу, Гаіці, у Мексіку, Дамініканскую Рэспубліку, Нікарагуа). У 1930-я г. ЗША перагледзелі свае адносіны да краін Лац. Амерыкі: у 1933 прэзідэнт Ф.Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства, у 1936 на канферэнцыі ў Мантэвідэо ён падпісаў дагавор пра забарону агрэсіі і інтэрвенцыі. Створаная ў 1948 Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў аформіла сістэму дамінавання ЗША у Лац. Амерыцы. З 1960-х г. акцэнт зроблены на супрацоўніцтва і эканам. развіццё (у 1960 створаны Міжамер. банк рэканструкцыі і развіцця). З 1961 дзейнічае Саюз дзеля прагрэсу — праграма развіцця Лац. Амерыкі пры падтрымцы і супрацоўніцтве ЗША. У 1975 створана Лац.-амер. гасп. сістэма, у 1980 — Лац.-амер. інтэграцыйная асацыяцыя. У канцы 1980-х г. ЗША аднавілі П. як ідэю эканам. сувязей паміж краінамі Амерыкі, стварыўшы Паўн.-амер. пагадненне пра свабодны гандаль (1992), мэта якога — інтэграцыя краін Зах. паўшар’я.

Літ.:

Антясов М.В. Современный панамериканизм: Происхождение и сущность доктрин панамериканской «солидарности». М., 1960.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кала́дыум

(н.-лац. caladium)

клубневая расліна сям. ароідных з доўгачаранковым буйным стракатым лісцем і непрыгляднымі кветкамі, пашыраная ў трапічнай Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)