ПІЛЬШТЫ́Н (Пільштынова, дзявочае Русецкая) Саламея Рэгіна Іаахімаўна (1718, Навагрудчына, Гродзенская вобл. — пасля 1760), бел. мемуарыстка, падарожніца, лекарка. У 14 гадоў разам з мужам трапіла з Беларусі ў г. Стамбул. У 1739 вярнулася на радзіму, вяла мед. практыку ў Нясвіжы. Ездзіла ў Пецярбург, Вену, двойчы ў Турцыю. У 1760 са Стамбула накіравалася паломніцай у Святую Зямлю. Далейшы лёс невядомы. У 1760 напісала на польск. мове мемуары «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (выд. 1957, Кракаў), якія нагадваюць прыгодніцкі раман. У іх каларытна паказаны побыт і розныя бакі жыцця Беларусі, Турцыі, пецярб. двара Ганны Іванаўны. У мове шмат беларусізмаў, бел. прыказак і прымавак. На бел. мову яе мемуары пераклаў М.Хаўстовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНАЯ ХІРУРГІ́Я, аднаўленчая хірургія,
раздзел хірургіі, які распрацоўвае метады аднаўлення формы і функцыі тканак і органаў чалавека. Выкарыстоўваюць пры прыроджанай паталогіі, цяжкіх траўмах. Пашырана на вонкавых скурных покрывах цела (гл.Касметыка), у сківічна-тварнай хірургіі (гл.Рынапластыка), страўнікавым тракце, у практалогіі, уралогіі.
П.х. вядома са стараж. часоў (асабліва скурная пластыка). Напр., у Індыі ажыццяўлялі пластыку носа ласкутом, выкраеным са скуры ілба або шчакі. У Расіі яе асновы залажылі У.П.Філатаў (скурная пластыка) і М.І.Пірагоў (касцявая пластыка). На Беларусі значны ўклад у П.х. зрабілі А.С.Арцюшкевіч, Ц.Е.Гніларыбаў, Я.Б.Ешэ, Г.У.Кручынскі, У.М.Падгайскі, А.П.Чудакоў. Метады П.х. распрацоўваюцца ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Напр. укараненне мікрахірургіі сасудзістых анастамозаў дазволіла перамяшчаць фрагменты скурных акраўкаў разам з падскурнай клятчаткай і мышцамі, каб фарміраваць цэлыя органы; трансплантацыя органаў і тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМУСО́ВЫЯ МЕ́РЫ БЯСПЕ́КІ І ЛЯЧЭ́ННЯ,
меры, што назначаюцца судом у адносінах да псіхічна хворых, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні (злачынствы). Праводзяцца з мэтай папярэджання з боку гэтых асоб новых грамадска небяспечных дзеянняў, іх аховы і лячэння. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь такія меры ўжываюцца судом да асоб, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні ў стане бессвядомасці або захварэлі псіхічнай хваробай да пастановы прыгавору ці ў час адбыцця пакарання. Да гэтых мер адносяцца: прымусовы амбулаторны нагляд і лячэнне ў псіхіятра; прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы (аддзяленні) са звычайным, узмоцненым ці строгім наглядам. Змена і спыненне прымянення мер да псіхічна хворых ажыццяўляецца судом на аснове заключэння ўрачоў-псіхіятраў. У выпадку, калі злачынства ўчынена асобамі, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, суд пры наяўнасці мед. заключэння побач з пакараннем за ўчыненае злачынства можа прымяніць прымусовае лячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬМАНАЛО́ГІЯ [ад лац. pulmo (pulmonis) лёгкае + ...логія],
раздзел медыцыны, які вывучае прычыны і механізмы развіцця хвароб органаў дыхання, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. П. вывучае неспецыфічныя запаленчыя захворванні (трахеіты, бранхіты, пнеўманіі, плеўрыты і інш.), спецыфічныя (туберкулёз, сіфіліс, грыбковыя пашкоджанні і інш.), алергічныя захворванні (астма бранхіяльная і інш.), пухліны, заганы развіцця, парушэнні кровазвароту ў лёгкіх (застойныя з’явы, інфаркт лёгкага), прафес. хваробы (напр., пнеўмаканіёзы). На Беларусі праблемамі П. займаецца пульманалогіі і фтызіятрыіНДІ. Уклад у развіццё П. зрабілі В.С.Кароўкін, М.М.Ламака, С.М.Мялкіх, В.В.Баршчэўскі, А.М.Калечыц і інш.
Літ.:
Борщевский В.В., Калечиц О.М., Богомазова А.В. Эпидемиология неспецифических болезней органов дыхания, организация пульмонологической помощи населению;
общие вопросы // Современные проблемы пульмонологии: Сб. науч. работ. Мн., 1995;
Лаптева И.М., Борщевский В.В., Богомазова А.В. Состояние и пути совершенствования пульмонологической помощи населению Республики Беларусь // Мед. новости. 1998. №8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОСЬ,
жылы гарадок, узведзены для ваеннаслужачых у г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1992—97 (арх. Г.І.Белікаў, У.М.Еўдакімаў, В.К.Карунас, Ю.М.Малевіч, А.І.Нічкасаў, А.С.Пархута, У.Б.Праабражэнскі, У.М.Тарноўскі; Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Разлічаны на 3,5 тыс. жыхароў. Пры стварэнні гарадка ўпершыню на Беларусі выкарыстаны прыём фарміравання пешаходнай вуліцы, якая ўключае ўсе неабходныя для жыхароў зоны сац. абслугоўвання: выхавання, адукацыі, аздараўлення, адпачынку, гандл., быт. і мед. паслуг. У цэнтр.ч. размешчаны грамадска-адукац. цэнтр, вакол яго — пешаходныя алеі, на якія раскрыты паўзамкнёныя дворыкі 2—3-павярховых жылых дамоў, злучаныя паміж сабой анфіладай. Побач з цэнтр. уваходам пастаўлены гандл. будынкі. Месцы для аўтатранспарту і стаянак размяшчаюцца па знешнім перыметры гарадка. Каля жылога гарадка пабудаваны бальнічны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
сацыяльна-геаграфічная дысцыпліна, якая вывучае гал. фактары развіцця і заканамернасці тэр. арганізацыі рэкрэацыйнай дзейнасці (лячэбна-курортнай, аздараўленчай, турысцкай, экскурсійнай) і турысцкай гаспадаркі. Задачы Р.г.: даследаванне і ацэнка прыродных і культ.-гіст.рэкрэацыйных рэсурсаў, турысцкага попыту і выбіральнасці рэкрэацыйных тэрыторый рознымі сац.-дэмаграфічнымі групамі насельніцтва, структуры і геагр. накіраванасці турысцкіх патокаў, абгрунтавання комплекснага развіцця і спецыялізацыі рэкрэацыйных раёнаў, курортаў і інш. Выкарыстоўвае сістэмна-структурны ландшафтна-экалагічны, балансавы, ацэначны і інш. метады. Цесна звязана з фіз., сац., эканам. і мед. геаграфіямі, курарталогіяй, эканомікай турызму і інш. На Беларусі даследаванні па Р.г. праводзяцца з 1960-х г. у БДУ, БПА, БелНДІ праектавання горадабудаўніцтва, Бел.тэхнал. ун-це і інш.Гл. таксама Рэкрэацыя.
І.І.Пірожнік.
Рэкрэацыйная архітэктура. Дзіцячы аздараўленчы комплекс «Брыганціна» ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобл.Рэкрэацыйная архітэктура. Гасцініца спартыўнага комплексу «Раўбічы» (Мінскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎМАТЫ́ЗМ (ад грэч. rheumatismos выцяканне вадкасці),
вострая рэўматычная ліхаманка, запаленне злучальнай тканкі з пераважнай лакалізацыяй працэсу у сардэчна-сасудзістай сістэме. Узнікае пры інфіцыраванні бэта-гемалітычным стрэптакокам групы А пераважна ва ўзросце 7—15 гадоў. Пры Р. развіваецца часовая і ўстойлівая непрацаздольнасць, часта фарміруюцца парокі сэрца.
Прыкметы Р.: ліхаманка, сімптомы пашкоджання сэрца (кардыт), суставаў (артрыт), сасудаў галаўнога мозга (малая харэя); больш рэдкія — кольцападобная эрытэма (бледна-ружовая высыпка на скуры ў выглядзе тонкага кольцападобнага абадка) і падскурныя рэўматычныя вузельчыкі. Пры лячэнні праявы Р. праходзяць, акрамя пашкоджання сэрца (пасля рэўматычнай атакі, асабліва пры паўторных абвастрэннях можа фарміравацца парок сэрца). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМА́НКСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых ун-таў Іспаніі і Еўропы. Засн. ў 1218 у г. Саламанка. У эпоху Адраджэння адзін з найб.навук. і культ. цэнтраў Еўропы. У ім зроблены першыя пераклады твораў Ібн Сіны, Ібн Рушда і інш. вучоных; яго прафесараў запрашалі выкладаць у іншыя еўрап. ун-ты. Дзярж. ўстанова. Навучанне вядзецца на ісп. мове. У 1995/96 навуч.г. каля 31 тыс. студэнтаў; ф-ты: філал.; філас.; геаграфіі і гісторыі; права; прыгожых мастацтваў; прамысл. тэхнікі; навук; хім.; біял.; мед.; фармакалогіі; эканомікі і бізнесу; сац. навук; перакладаў і дакументацыі; псіхалогіі; педагогікі і адукацыі. У складзе ун-та школы (падрыхтоўкі настаўнікаў, адукацыі, політэхн., тапаграфіі і інш.), ін-ты (педагогікі і адукацыі, універсітэцкая бальніца), выдавецкі дом, Цэнтр.б-ка (140 тыс. тамоў), б-кі ф-таў (больш за 365 тыс. тамоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІВО́Н (Інеса Іванаўна) (н. 24.12.1937, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. антраполаг. Канд.гіст.н. (1970). Д-рбіял.н. (1996). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1960). З 1968 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Вывучае асн. заканамернасці фарміравання фіз. тыпу стараж. і сучаснага насельніцтва Беларусі ў святле этнагенетычных умоў. У выніку даследавання могільнікаў 18 — пач. 19 ст. ёй складзена буйная краніялагічная калекцыя па бел. насельніцтве. Адзін з аўтараў прац «Нарысы па антрапалогіі Беларусі» (1976, з Л.І.Цягака, А.І.Мікулічам), «Антрапалогія Беларускага Палесся» (1978, з імі ж), «Асновы сучаснай антрапалогіі» (1989, з Цягака), «Асновы антрапалогіі і экалогіі чалавека» (1997, з ёй жа) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за цыкл прац па антрапалогіі «Чалавек і яго біякультурная адаптацыя».
Тв.:
Фізічны тып беларусаў: Узроставая тыпал. і экал. зменлівасць. Мн., 1994.