СЕНТ-ПІ́ТЭРСБЕРГ (Saint Petersburg),

горад на ПдУ ЗША, у штаце Фларыда. Засн. ў 1888. 236 тыс. ж., з г. Тампа і агульнымі прыгарадамі каля 2 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: радыёэлектронная, у т. л. вытв-сць навігацыйных прылад і інш. абсталявання, пераважна для ваен. мэт; паліграф., харчовая. Ун-т. Кліматычны курорт. Турызм.

т. 14, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ПОЛ (Saint Paul),

горад на Пн ЗША. Адм. ц. штата Мінесота. Засн. ў 1841. 257,3 тыс. ж., з г. Мінеапаліс і агульнымі прыгарадамі каля 2,6 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Місісіпі (пачатак суднаходства). Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: паліграф., харч. (мясная, мукамольная і інш.), хім., радыёэлектронная, эл.-тэхн., аўтазборчая, металаапр., чорная металургія, ваенная. Ун-т.

т. 14, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАКО́ЎСКІ Кароль Юзаф

(каля 1750—1817),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, генерал. Вучыўся ў Варшаве ў корпусе кадэтаў. Быў вядомы. як здольны вайсковы інжынер і артылерыст. У ліп.—жн. 1794 на чале 4-тысячнага корпуса прайшоў рэйдам ад мяст. Высокае (праз Шарашова, Пружаны, Ружаны) да Слоніма. Удзельнік Крупчыцкага бою 1794 і бою пад Брэстам.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІВА́С (Sivas),

горад у Турцыі, у цэнтр. частцы Анатоліі. Адм. ц. аднайменнага іля. Вядомы да н.э. Стараж. назвы — Кабіра, Дыяспаліс, Себастыя. Каля 250 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (вагонабудаванне), металаапр., цэм., дрэваапр., харч., тэкстыльная. Дыванаткацтва. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (збожжа, буйн. раг. жывёла і авечкі, воўна). Ун-т. Арх. помнікі 11—14 ст. (медрэсэ, мячэці).

т. 14, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДЗУО́КА,

горад у Японіі, на Пд цэнтр. часткі в-ва Хонсю. Адм. ц. аднайм. прэфектуры. Каля 500 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Аванпорт С. — г. Сімідзу. Цэнтр раёна вырошчвання мандарынаў і чаю. Прам-сць: электра- і тэкст. машынабудаванне, аўтамабіле-, авія- і суднабудаванне, каляровая і чорная металургія, вытв-сць мэблі, лакавых вырабаў, тэкст., папяровая, харчасмакавая (чайная). Ун-т.

т. 14, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ПА,

рака ў Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 147 км². Пачынаецца каля в. Грабава Зэльвенскага р-на, цячэ праз воз. Азяранскае, упадае ў р. Шчара на ПнЗ ад в. Пясчанка Мастоўскага р-на. Рэчышча на працягу 9 км каналізаванае. Пойма да возера амаль на ўсім працягу забалочаная.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАБІ́Н,

вёска ў Капыльскім с/с Капыльскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр с.-г. вытв. кааператыва. За 3 км на У ад г. Капыль, 128 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 498 ж., 200 двароў (2001). Дом культуры, б-ка. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу Скабін.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ДЗЕЛЬКА, Скідзяліца, Скідзялянка,

рака ў Мастоўскім і Гродзенскім р-нах, левы прыток р. Котра (бас. р. Нёман). Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 450 км². Цячэ па Нёманскай нізіне. Пачынаецца за 5 км на ПнУ ад в. Заполле Мастоўскага р-на, упадае ў р. Котра каля в. Некрашы Гродзенскага р-на. Рэчышча на працягу 22,5 км (ад вытоку да упадзення р. Спушанка) каналізаванае.

т. 14, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБАДА́,

вёска ў Даўгінаўскім с/с Міёрскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Зах. Дзвіна, каля аўтадарогі Міёры—Верхнядзвінск. Цэнтр калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Міёры, 176 км ад Віцебска, 4 км ад чыг. ст. Верхнядзвінск. 385 ж., 176 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНІ́КА (Martinique),

уладанне (заморскі дэпартамент) Францыі на аднайм. востраве з групы Малых Антыльскіх астравоў у Вест-Індыі. Пл. 1128 км². Нас. 407,3 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — французская, пашырана таксама крэольская. Адм. ц. — г. Фор-дэ-Франс. Падзяляецца на 2 акругі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — заморскі дэпартамент і рэгіён Францыі. Орган дзярж. выканаўчай улады Францыі — прэфектура на чале з рэгіянальным сакратаром, якога прызначае прэзідэнт Францыі. Органы мясц. самакіравання — Ген. савет (дэпартаменцкі орган — 45 членаў) і Рэгіянальны савет (рэгіянальны орган — 41 член); выбіраюцца на 6 гадоў прамым усеагульным галасаваннем. У франц. парламенце М. прадстаўлена 4 дэпутатамі і 2 сенатарамі.

Прырода. Востраў гарысты, складзены пераважна з вулканічных парод. На Пн вулканічныя масівы, у т. л. Мантань-Пеле (1397 м), вывяржэнне якога ў 1902 знішчыла г. Сен-П’ер (загінула 40 тыс. чал.). На Пд горы выш. да 504 м, узгорыстая раўніна. Клімат трапічны пасатны з высокай вільготнасцю. Сярэднія месячныя т-ры 24—27 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Дажджлівы сезон (з навальніцамі і ўраганамі) з ліп. да лістапада. Рэкі невял. горныя. Ёсць мінер. крыніцы. На схілах гор захаваліся невял. трапічныя лясы (пальмы, чырвонае, ружавае, кампешавае і хлебнае дрэвы). На раўніне — участкі саваннаў і балот. На ўзбярэжжах месцамі мангравыя зараснікі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Некалькі рэзерватаў, у т. л. Мантань-Пеле.

Насельніцтва. Жывуць пераважна мулаты і негры (93,7%). Невял. групы французаў, дравідаў, кітайцаў, італьянцаў, іспанцаў, партугальцаў, сірыйцаў. Вернікі пераважна католікі (87,9%). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 360 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 80% насельніцтва. У г. Фор-дэ-Франс каля 100 тыс. ж.

Іншыя гарады невялікія. У прам-сці занята каля 15% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — каля 8%, астатнія — у абслуговых галінах. Характэрны вял. беспрацоўе і значная эміграцыя (больш за 6 тыс. чал. штогод, пераважна ў Францыю).

Гісторыя. Тэр. М. са старажытнасці насялялі індзейцы-аравакі, потым карыбы. У 1502 востраў першым з еўрапейцаў адкрыў Х.​Калумб. З 1635 пачалася каланізацыя М. французамі (з 1674 калонія Францыі), якія паступова знішчылі мясц. карыбаў. У 17—18 ст. тут засн. плантацыйная гаспадарка па вырошчванні бавоўніку, тытуню, цукр. трыснягу, кавы; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 на М. часова скасавана рабства (1794, адноўлена ў пач. 19 ст.). У 17 — пач. 19 ст. за валоданне востравам з Францыяй сапернічалі Нідэрланды і Вялікабрытанія (у 1794 М. акупіравалі брыт. войскі, паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 вярнулі Францыі, у 1809—14 зноў акупіравана англічанамі). З 1816 канчаткова ўладанне Францыі. У 1848 адменена рабства. У 1854 Францыя надала М. частковую ўнутр., у 1900 — і фін. аўтаномію. У пач. 20 ст. ўзніклі марцініканскія паліт. партыі і прафсаюзы. На пач. 2-й сусв. вайны востраў знаходзіўся пад уладай франц. калабарацыянісцкага ўрада «Вішы», з ліп. 1943 марцініканцы падтрымлівалі Франц. к-т нац. вызвалення.

З 1946 М. — заморскі дэпартамент Францыі. У 1982—83 пашырана самакіраванне М. На выбарах 1992 у Ген. і Рэгіянальны саветы большасць атрымалі левыя партыі (у т. л. Марцініканская прагрэс. партыя), якія патрабуюць большай аўтаноміі для М.

На востраве дзейнічаюць аддзяленні 3 паліт. партый Францыі і 12 мясц. партый і рухаў (1999); найбуйнейшае прафс. аб’яднанне — Усеагульная канфедэрацыя працы М.

Гаспадарка. М. — параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1995 валавы нац. прадукт на 1 чал. склаў 10 тыс. дол. ЗША. Асновай эканомікі з’яўляюцца сельская гаспадарка і абслугоўванне замежных турыстаў. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць замежныя, у асн. франц. і амер. кампаніі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 34 тыс. га зямлі. Традыцыйна асновай сельскай гаспадаркі М. быў цукр. трыснёг, аднак яго вытв-сць пастаянна зніжаецца ў выніку палітыкі Францыі па абароне айч. вытворцаў цукру. Збор цукр. трыснягу 200 тыс. т, бананаў 230 тыс. т. Вырошчваюць таксама ананасы, манга, цытрусы, батат, маніёк, гародніну, бавоўну і тытунь. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 35, свіней — 26, авечак — 40, коз — 20. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс. т рыбы штогод). Эксплуатацыя лясоў. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы харч. галіны — цукровыя, хлебапякарныя, піваварныя, маргарынавыя, па вытв-сці рому, ананасных і рыбных кансерваў. Працуе нафтаперапр. з-д (Ламантэн, перапрацоўвае штогод каля 1 млн. т нафты), 2 нафтахім. прадпрыемствы (выпускаюць поліэтылен), цэм. з-д (260 тыс. т цэменту штогод). Ёсць прадпрыемствы металаапр., паліграф., керамічнай і швейнай прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд. кВт ∙ гадз штогод. Пераважаюць цеплавыя электрастанцыі на імпартнай нафце, ёсць некалькі невялікіх ГЭС. Развіты рамёствы, у т. л. пляценне кошыкаў, ручное ткацтва, разьбярства па дрэве. Дэфіцыт знешнегандл. балансу часткова пакрываецца за кошт даходаў ад турызму. Штогод М. наведваюць да 1 млн. турыстаў, пераважна з ЗША, Канады, Францыі. Турыстаў вабяць на М. маляўнічыя горы і вадаспады, руіны Сен-П’ера і старадаўнія крэпасці, старафранц. архітэктура, музеі, пясчаныя пляжы, добра арганізаваная «індустрыя турызму». Дадатковая крыніца сродкаў — грашовыя пераводы эмігрантаў. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі. На востраве 1690 км асфальтаваных аўтадарог. Гал. марскі порт — г. Фор-дэ-Франс. За 8 км ад яго міжнар. аэрапорт. Штогадовы экспарт складае 200—300 млн. дол., імпарт — 1500—1700 млн. дол. Экспартуюцца бананы, ром, цукар, ананасы, нафтапрадукты; імпартуюцца машыны, нафта, харч. прадукты, буд. матэрыялы. Асн. гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады да 80% знешнегандл. абароту), Германія, Італія, Японія, Вялікабрытанія. Фін. дапамога Францыі складае 4,5 млрд. франкаў штогод. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 10, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)