СКА́ЎТЫЗМ (ад англ. scout разведчык),

сістэма арганізаванага пазашкольнага выхавання моладзі 7—21-гадовага ўзросту, якая ўключае развіццё іх грамадскай дзейнасці і фіз. падрыхтоўку. Першыя скаўцкія арг-цыі ўзніклі ў 1907 у Вялікабрытаніі (засн. Р.​Бадэн-Поўэл), пазней пашырыліся ў Францыі, Германіі. Італіі, ЗША і інш. краінах. Яны падзяляюцца на байскаўцкія (хлопчыкі) і гёрлскаўцкія (дзяўчынкі). У 1920 засн. Сусветная арг-цыя скаўцкага руху (World Organization of the Scont Movement, Жэнева), у пач. 1990-x г. у яе ўваходзіла больш за 16 млн. чл. з больш як 160 краін. У Рас. імперыі скаўцкія атрады ствараліся з 1909. У 1914 засн. т-ва «Рускі скаўт». Пасля 1917 скаўцкія арг-цыі забаронены, з пач. 1990-х г. пачалі аднаўляцца. На Беларусі дзейнічаюць дзіцячая грамадская арг-цыя «Бел. рэсп. скаўцкая асацыяцыя» (з 1991), рэсп. грамадская арг-цыя «Аб’яднанне бел. скаўтаў» (з 1992), грамадскае аб’яднанне «Беларускі скаўцкі рух» (з 1997). У 2001 у іх уваходзіла больш за 360 членаў.

т. 14, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ СПАБО́РНІЦТВА,

аб’ектыўныя адносіны, скіраваныя на дасягненне найлепшых вынікаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Уласціва толькі сацыяліст. спосабу вытв-сці. Адной з першых форм С.с. былі камуніст. суботнікі (1919). З 1923 сталі праводзіцца вытв. нарады, якія ўключалі элементы С.с. Новым этапам С.с. ў гады 1-й пяцігодкі (1928/29—1932/33) стала ўдарніцтва. У час індустрыялізацыі ўдарныя брыгады сталі асн. формай С.с.

У крас. 1929 калектыў ленінградскага з-да «Чырвоны выбаржац» выступіў ініцыятарам С.с. ў агульнадзярж. маштабе. У маі 1930 узніклі грамадскія буксіры, мэтай якіх была дапамога перадавых калектываў адстаючым. У ліп. 1930 рабочыя Ленінградскага з-да імя К.​Маркса распрацавалі сустрэчны прамфінплан, які стаў эфектыўным сродкам выяўлення рэзерваў вытв-сці. У маі 1931 на маш.-буд. з-дзе імя Леніна ў Ленінградзе ўзнікла першая гасп.-разліковая брыгада. Значную ролю ў распаўсюджанні перадавога вопыту і павышэнні кваліфікацыі рабочых кадраў адыграў ізотаўскі і стаханаўскі рух.

У БССР С.с. разгарнулася вясной 1929. Першымі ў яго ўключыліся калектывы добрушскай папяровай ф-кі «Герой працы», віцебскага з-да «Чырвоны металіст», мінскіх металаапрацоўчых з-даў «Камунар» і «Энергія», гарбарных прадпрыемстваў Магілёва, Мінска, Віцебска, Гомеля і інш. У канцы 1929 у С.с. ўдзельнічала каля 15% рабочых буйной прам-сці Беларусі, у канцы 1930 — больш за 60%. Усяго да 1936 у розных формах С.с. ўдзельнічала 72,2% рабочых БССР. Масавы энтузіязм рабочага класа адыграў важную ролю ў вырашэнні задач індустрыялізацыі. Аднак з цягам часу С.с. пачало насаджацца парт. і прафс. органамі, набыло кампанейскі характар. У гады Вял. Айч. вайны спаборніцтва праходзіла пад лозунгам «Усё для фронту, усё для перамогі». За самаадданую працу многім беларусам было прысвоена званне Героя Сац. Працы. Ва ўмовах жорсткай цэнтралізацыі разгортвалася С.с. па аднаўленні разбуранай вайной нар. гаспадаркі. У кастр. 1958 калектыў дэпо Масква-Сартавальная прапанаваў разгарнуць спаборніцтва за камуніст. адносіны да працы. Калі ў цэлым у С.с. ў пач. 1970-х г. удзельнічала больш за 77 млн. чал., то ў руху за камуніст. адносіны да працы — каля 45 млн. чал. (на Беларусі адпаведна — 2854 тыс. і 1560 тыс.). Аднак на шляху многіх пачынанняў станавілася адміністрацыйна-камандная сістэма. Так, брыгадны падрад быў абмежаваны шматлікімі інструкцыямі і практычна страціў сваё эканам. значэнне. Не атрымала распаўсюджання і ініцыятыва Шчокінскага камбіната пад дэвізам «Менш работнікаў — больш прадукцыі». Актыўнасць працоўных стрымлівалася бюракратызмам, адсутнасцю эканам. метадаў кіравання, залежнасцю аб’яднанняў і прадпрыемстваў ад міністэрстваў. У выніку С.с. было пазбаўлена эканам. асновы, што патрабавала карэнных змен у яго арганізацыі.

А.​М.​Сасім.

т. 14, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лоцман ’чалавек, які адказвае за стан усіх плытоў’ (гродз., Нар. сл.), ’асоба, якая праводзіць судны па фарватэры’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), запазычана з рус. мовы, у якой гэта запазычанне з гал. loodsman ці з с.-н.-ням. lôtsman (< англ. loadsman) у эпоху Пятра I (Фасмер, 2, 525). Аднак лоцманъ сустракаецца яшчэ ў пск. і смал. летапісах XV–XVII стст. (Філін, Происх., 612), таму можна гаварыць пра самастойнае і больш ранняе запазычанне ў ст.-бел. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Любава́цца ’разглядаць з захапленнем, з задавальненнем’, ’наглядаць за чыёй-небудзь дзейнасцю з задавальненнем’, ’мець уцеху’ (Яруш., ТСБМ, Нар. Гом.), любава́ць ’любіць, любавацца’ (Нас.). Укр. любувати(ся), любовати, рус. любоваться, ст.-рус. любовати, польск. lubować się, н.-луж. lubowaś, в.-луж. lubować, чэш. libovati si, ст.-чэш. ľubovati, славац. ľubovať si, славен. ljubováti, ljúbovati, серб.-харв. љубовати, макед. љубува се, балг. любува се. Прасл. lʼubovati ’захапляцца нечым’, утворанае ад lʼubъ (Слаўскі, 4, 358–359). Да лю́бы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праз — прыназоўнік ’цераз; пасля’. У гаворках мае таксама значэнне ’з-за’ (Нас.), ’а, аб’ (Шат., Стан., Сл. ПЗБ), ’па якой прычыне’ (Сл. ПЗБ), ’больш, як адзін раз’ (Сл. ПЗБ). Паводле Фідроўскай (Зб. Багародзіцкаму, 145), праз супрацьстаіць цераз як больш абстрактнае — канкрэтнаму. Рус. през ’тс’, ст.-рус. прѣз. Запазычанне з ц.-слав. прѣзъ (Фасмер, 3, 358) або з польск. przez (Станкевіч, Зб. тв., 2, 61); сюды таксама і прэз (през) ’праз’ (Нас., ТС) (Цвяткоў, Запіскі, 63). Гл. пераз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыня́ць, зак. тр. прыня́цца ў розных значэннях ’прыняць’ (ТСБМ), ’з глыбокай уразлівасцю ўспрыняць што-небудзь’ (Жд. 2), сюды ж аддзеяслоўнае ўтварэнне прыня́тае ’аплодненае яйцо’ (воран., ЛА, 1). Ст.-бел. приняти ’атрымаць; узяць; авалодаць, заваяваць; прызнаць’, укр. приня́ти ’прыняць; прыняць, палічыць за што-небудзь; атрымаць, узяць; узяцца; зазнаць, перанесці, вытрымаць’, рус. приня́ть, параўн. з вялікім шэрагам значэнняў у гаворках. Узыходзіць да прасл. *prinęti, прэфіксальнага ўтварэння ад прасл. *ęti з больш познім n‑, якое лічаць прэфіксальным, гл. няць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ска́лачка, ска́лочка ‘скочкі дахавыя, Sempervivum tectorum L.’ (Бейл.). Бліжэйшыя адпаведнікі — ска́лачка ‘плямка тлушчу ў страве’ (Сл. ПЗБ), укр. ска́лочка ‘кусок, асколак крэменю’, ‘ракавіна малюска’, балг. радоп. ска́лички ‘дзіцячая гульня з пяццю каменьчыкамі ці костачкамі’; гл. скалка1,2, 3. Расліна магла быць названа па знешнім падабенстве з ракавінай або з-за адпадаючых лістоў-лускавінак. Але параўн. яшчэ славац. skalnica ‘расліна скочкі’, якая так завецца па месцы знаходжання некаторых яе відаў; гл. Махэк, Jména, 58. Усё да кораня скал‑ (гл. скала́ 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слю́та ‘мокрае, дрэннае надвор’е’ (Нас.; гом., Нар. сл.; люб., паст., Сл. ПЗБ; Нар. словатв.), слюта́ ‘тс’ (ТС, Мат. Гом.). Няяснае слова. Хутчэй за ўсё, з слота (гл.) пад уплывам слоў з слю‑ у корані (гл. слюз). Укр. дыял. (палес.) слюта́ ‘навязлівы чалавек; дрэннае надвор’е’ лічаць беларусізмам і вынікам кантамінацыі сло́та, слата́ ‘тс’ і плю́та ‘дажджлівае надвор’е’ (ЕСУМ, 5, 313). Параўн. рус. усх.-сіб. слю́тие, слю́тье ‘вільготнае, урадлівае лета’, што, хутчэй, можна суаднесці з лета, слецце (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Транжы́р ’той, хто неразумна, марна траціць грошы, маёмасць’ (ТСБМ), сюды ж транжы́рыць ’траціць, мантачыць’ (ТСБМ, Бяльк.). З рус. транжи́р ’тс’, якое з франц. trancheur ’той, які рэжа’ < trancher ’рэзаць, рубаць’ праз нова-в.-ням. transchieren ’рэзаць, разрэзваць’ (Фасмер, 4, 94). Паводле Вінаградава (Этимология–1966, 122–125) і Дабрадомава (Этимология–1986–1987, 194–200), рускія словы — у выніку трансфармацыі франц. étranger, étrangère ’іншаземны, чужы’ ў дзеяслоў з пераасэнсаваннем зыходнага значэння ў ’траціць за мяжой, растрачваць грошы, маёмасць упустую’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАРАЛЕ́ЛЬ НЯБЕ́СНАЯ, сутачная паралель,

малы круг нябеснай сферы, плоскасць якога паралельная плоскасці нябеснага экватара. Уяўляе сабой шлях, які праходзіць пункт нябеснай сферы (за выключэннем полюсаў свету) з прычыны бачнага сутачнага вярчэння сферы вакол восі свету.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)