пакава́ць ​1, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

Складаць рэчы ў якую‑н. тару, звязваць іх у вузлы, пакі. Пакаваць кнігі ў чамадан. □ Мы сядзелі вакол буржуйкі і пакавалі ў скрынкі падарункі салдатам. Асіпенка. У гасцінай сварыліся, збіралі, пакавалі і зноў распакоўвалі рэчы. Бажко.

пакава́ць ​2, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. і без дап. Каваць некаторы час. [Кавалёў:] — А мне іншы раз хочацца пакаваць, бо я не толькі Кавалёў, я яшчэ і каваль. Чарнышэвіч.

2. Разм. Расходаваць каваннем усё, многае. Пакаваць усё жалеза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панаця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Нацягваючы, напяць усё, многае. Панацягваць вяроўкі.

2. што. Разм. Надзець на сябе многа чаго‑н., накрыцца чым‑н. — пра ўсіх, многіх. Ледзь толькі мы з Саўкам паспелі панацягваць на сябе коўдры, з печы пачала падаць на нас лучына. Сачанка.

3. чаго. Разм. Прыцягнуць, прынесці за некалькі прыёмаў вялікую колькасць чаго‑н. Панацягваць галля. □ Панацягвае [арлан] малым у гняздо ўсялякага корму ў запас, сам пад’есць і тады зноў садзіцца на беразе, п’е ваду і чысціць пер’е. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паста́віцца ​1, ‑ставіцца; зак.

Быць пастаўленым. — Прадаў [зруб]. Яшчэ і другі, як толькі паставіцца, сплавіць. Савіцкі.

паста́віцца ​2, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.

Праявіць, выказаць якім‑н. чынам свае адносіны да каго‑, чаго‑н. [Нявідны] адразу паставіўся варожа да свайго допыту і ўзяў курс на тое, каб меней гаварыць і нічога не расказваць аб тым, што іх будзе найбольш цікавіць. Колас. Нарэшце і Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія.. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; ‑сядзім, ‑седзіце; зак.

Сядзець некаторы час. Пасядзець на лаўцы. Пасядзець над задачай. Пасядзець з дзецьмі дома. Пасядзець у астрозе. □ [Бацька] пасядзеў, апусціўшы галаву, потым устаў і пайшоў з хаты. Ляўданскі. [Турсевіч:] — Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Колас. Дзядзька Нічыпар спрабаваў прыпыніць гэты рух гасцей, угаворваў яшчэ крыху пасядзець. Кулакоўскі. — Нам прыйдзецца толькі пасядзець тут тыдзень ці два, пакуль спадзе вада. Маўр. Калі ўсё было гатова, бацька сказаў: — А цяпер, перад дарогай, пасядзім трохі. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пло́скасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць плоскага.

2. Роўная, гладкая паверхня. // У геаметрыі — паверхня, якая мае толькі два вымярэнні і характарызуецца тым, што прамая лінія, праведзеная паміж любымі дзвюма кропкамі яе, поўнасцю сальецца з гэтай паверхняй.

3. перан. Пэўны погляд на рэчы, адносіны; пункт погляду, падыходу. Пытанне, па сутнасці, магло ставіцца ў дзвюх розных плоскасцях: ёсць ці няма наогул пралетарскай літаратуры. Перкін.

4. Спец. Крыло самалёта. [Ярохін] залез пад самалёт і, хаваючыся ад дажджу пад яго плоскасцямі, пачаў капаць нажом зямлю. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

Разм.

1. што. Секчы; нішчыць. Пляжылі векавыя дубы, хвоі, ясені, бярозы, грузілі іх на машыны, падводы, тралявалі да чыгункі. Сачанка.

2. Біць. Пляжылі некалі молатамі ў кузні і бацька Шведзікаў і брат, ды мала ад таго было карысці. Даніленка. — Мяне толькі бацька пляжыў дубцом па лытках, калі часам у чужы сад заблуджуся, — прызнаўся Грэчка. Няхай.

3. што. Нішчыць, глуміць. — Не будзе больш жыта машынай пляжыць. Зара[чэцца] і дзесятаму закажа. Як далі на партыйным сходзе вымову... Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.

1. Працаваць некаторы час. Пяцьдзесят год прапрацаваў бядак на фабрыцы, павялічваючы багацці яе ўладара. Пшыркоў. Больш дзесятка год прапрацавала.. [жанчына] на Калінаўшчыне і была добра знаёма і Камлюку і Струшню. М. Ткачоў.

2. што. Падрабязна вывучыць што‑н., усебакова азнаёміцца з чым‑н. Прапрацаваць творы класікаў марксізма-ленінізма. □ Часта, здаўшыся на просьбы студэнтаў, .. [Колас] адмяняў лекцыю і, узяўшы з аўдыторыі слова самастойна прапрацаваць чарговы раздзел з падручніка, чытаў новае апавяданне ці толькі што напісаны абразок з «Сымона-музыкі». Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́дак, ‑дка, м.

1. Асоба, якая з’яўляецца папярэднікам у сям’і, родзе, племені па бацькоўскай або мацярынскай лініі. Сярод продкаў Максіма Багдановіча было нямала таленавітых людзей. Майхровіч. Ці то жартам, ці то ўсур’ёз Дзед Хрушч расказаў, што яго продкам быў нейкі невядомы драгун. Колас. // Родапачынальнік якога‑н. віду або роду жывёл і раслін.

2. толькі мн. (про́дкі, ‑аў). Людзі, якія жылі задоўга да цяперашняга часу. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прынале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; зак.

Разм.

1. Націснуць, налегчы з вялікай сілай, энергіяй на што‑н., каб дасягнуць лепшага выніку працы. Данік павярнуў човен на рэчку, і я з усёй сілай прыналёг на вёслы. Краўчанка. Толькі Валока не выпускаў .. [немца], ямчэй прыналёг плячом. Быкаў.

2. перан. Пачаць працаваць, рабіць што‑н. больш старанна, энергічна. Пасля сустрэчы з настаўнікам Шурка прыналёг на рускую мову. Шыловіч. — Што першае ў нас — дык гэта клуб ... Сам ведаеш, што значыць раскалыхаць старых.. Але наш камсамол прыналёг — і гатова. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэтэндава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., на што.

1. Прад’яўляць свае правы на што‑н., дамагацца чаго‑н. [Берднікаў] не прэтэндаваў на кіруючую ролю ў той арганізацыі, якая была створана пры яго бліжэйшым удзеле. Мікуліч. Наплыў быў вялікі. На адно месца прэтэндавала да дваццаці чалавек. Губарэвіч. У нас ёсць яшчэ асобы, якія прэтэндуюць толькі на чын, на званне, а не на карысную для грамадства працу. Паслядовіч.

2. Дамагацца прызнання за сабой якасцей, асаблівасцей, якіх звычайна няма. Прэтэндаваць на талент. Прэтэндаваць на інтэлігентнасць.

[Ад лац. praetendere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)