ПАЛЕАБІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + біягеаграфія),

навука аб пашырэнні і размеркаванні арганізмаў і іх згуртаванняў у геал. мінулым; раздзел палеанталогіі. На падставе выяўленых спосабаў жыцця і ўмоў існавання выкапнёвых арганізмаў, асаблівасцей намнажэння і залягання іх рэшткаў і інш. высвятляе фізіка-геагр. становішча былых геал. эпох, што выкарыстоўваецца пры складанні палеагеагр. і прагнозных карт. Звязана з гіст. біягеаграфіяй і геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеаэкалогіяй, стратыграфіяй, тафаноміяй і інш. На Беларусі асобным пытанні П. вывучаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ.

Літ.:

Палеонтология, палеобиогеография и мобилизм. Магадан, 1981.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАІХНАЛО́ГІЯ (ад палеа... + грэч. ichnos след + ...логія),

навука аб слядах жыццядзейнасці выкапнёвых арганізмаў (біягліфах, капралітах), што захаваліся ў асадкавых адкладах; раздзел палеанталогіі. Па слядах жыццядзейнасці вызначаюцца прыналежнасць арганізмаў да розных груп, шляхі іх узнікнення і ператварэння, абставіны пражывання ў геал. мінулым, умовы пахавання і намнажэння рэшткаў. Звязана з палеабіягеаграфіяй, палеаэкалогіяй, тафаноміяй. Даныя П. выкарыстоўваюцца пры палеагеагр. рэканструкцыях. На Беларусі пытанні П. распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ. Найб. вывучаны біягліфы асадкавых парод кембрыю, сілуру, дэвону і мелу.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУ́ЧАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

раздзел механікі, які вывучае паўзучасць матэрыялаў. Блізкая да пластычнасці тэорыі і рэалогіі.

У сувязі з разнастайнасцю мех. уласцівасцей цвёрдых цел паўзучасць розных матэрыялаў трактуецца з розных пазіцый. Для металаў пераважна карыстаюцца тэорыяй цячэння (апісвае паўзучасць пры напружаннях, якія зменьваюцца павольна і манатонна), і тэорыяй умацавання (прыдатныя для прыблізнага аналізу кароткачасовай паўзучасці пры высокім узроўні напружанняў); для палімераў — тэорыяй спадчыннасці (вызначае поўную дэфармацыю і апісвае некаторыя складаныя з’явы, напр., эфект зваротнай паўзучасці).

Літ.:

Ржаницын АР. Теория ползучести. М., 1968;

Арутюнян Н.Х., Колмановский В.Б. Теория ползучести неоднородных тел. М., 1983.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКТА́ЛОГІЯ (ад грэч. prōctos задні праход + ...логія),

раздзел гастраэнтэралогіі і абдамінальнай хірургіі, які вывучае хваробы прамой кішкі (гемарой, практыт і інш.), распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; больш шырока — хваробы тоўстага кішэчніка (колапракталогія). Многія захворванні прамой кішкі з’яўляюцца лакалізацыяй працэсаў у папярэдніх аддзелах (паліпоз, хвароба Крона, неспецыфічны язвавы каліт), асабліва пры злаякасных захворваннях. На Беларусі ў 1971 адкрыта аддзяленне П. на базе Мінскай абл. клінічнай бальніцы (Бараўляны); з 1978 — Рэсп. цэнтр. Створаны аддзяленні П. ў абл. цэнтрах, рэабілітацыйная служба для хворых на рак прамой кішкі.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСІТАМЕ́ТРЫЯ (ад позналац. sensitivus адчувальны + ...метрыя),

сукупнасць метадаў вымярэнняў фатагр. уласцівасцей святлоадчувальных матэрыялаў; раздзел метралогіі. Узнікла ў 1840-я г. (з адкрыццём фатаграфіі).

Падзяляецца на дэнсітаметрыю (вымярэнне аптычных шчыльнасцей праяўленых фотаслаёў), інтэгральную С. (вымярэнне ўласцівасцей святлоадчувальных матэрыялаў пры ўздзеянні на іх выпрамяненняў складанага спектральнага саставу) і спектральную С. (вымярэнне ўласцівасцей пры ўздзеянні монахраматычнага святла). Да сродкаў С. адносяць дэнсітометры, мікрафатометры, сенсітометры і інш. Метадамі С. карыстаюцца ў тых галінах навукі і тэхнікі, дзе праводзіцца фатагр. рэгістрацыя выпрамянення (спектраскапіі, астраноміі, ядз. фізіцы, аэрафатаграфіі і інш.).

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

артапе́дыя

(ад гр. orthos = прамы, правільны + paideia = выхаванне)

раздзел медыцыны, які займаецца вывучэннем, лячэннем і прафілактыкай стойкіх дэфармацый пазваночніка і канечнасцей.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

венерало́гія

(ад лац. Venus, -neris = імя старажытнарымскай багіні кахання + гр. logos = вучэнне)

раздзел медыцыны, які займаецца вывучэннем і лячэннем венерычных хвароб.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

КАРДЫЯЛО́ГІЯ (ад кардыя... + ...логія),

раздзел медыцыны, які вывучае сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека, яе хваробы, іх прафілактыку, дыягностыку і лячэнне.

Асобныя звесткі пра будову сардэчна-сасудзістай сістэмы чалавека вядомы са старажытнасці. Схему кровазвароту распрацаваў рымскі ўрач К.​Гален (2 ст.), якая толькі ў 1628 была абвергнута англ. вучоным У.Гарвеем. У 17—19 ст. апісаны каранарны кровазварот, асобныя заганы сэрца, грудная жаба. У 19 ст. ўклад у даследаванне сардэчна-сасудзістай сістэмы зрабілі чэш. фізіёлаг Я.​Пуркіне, ням. ўрач В.​Гіс, англ. вучоныя А.​Кіс і М.​Флэк; у Расіі — І.​М.​Сечанаў, І.​Ф.​Цыён, А.​Б.​Фохт, І.​П.​Паўлаў, В.​Я.​Данілеўскі, Л.​А.​Арбелі, К.​М.​Быкаў і інш. У самаст. раздзел унутр. хвароб К. вылучылася ў пач. 20 ст.

На Беларусі станаўленне К. адносіцца да 1977, калі створаны Бел. НДІ кардыялогіі. Навук. працы вядуцца таксама ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Уклад у і развіццё К. зрабілі Г.​І.​Сідарэнка, У.​В.​Гарбачоў, М.​Ф.​Волкаў, Я.​Б.​Бардзін, А.​Г.​Даўгяла і інш. Вывучаюцца пытанні эпідэміялогіі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Распрацаваны эфектыўныя метады прафілактыкі, лячэння і рэабілітацыі хворых на гіпертанічную хваробу і ішэмічную хваробу сэрца, новыя віды аперацый на сэрцы і сасудах, створаны штучны клапан сэрца, прэпараты з кардыялагічным дзеяннем. Дапамога хворым аказваецца ў Мінскім і абл. кардыялагічных дыспансерах, кабінетах і стацыянарах, аддзяленнях рэабілітацыі ў санаторыях.

М.​Ф.​Сарока.

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

грама́тыка, ‑і, ДМ ‑тыпы, ж.

1. Сукупнасць правіл пабудовы слова і сказа, уласцівых якой‑н. мове. // Вучэбная або даведачная кніга, у якой сфармуляваны гэтыя правілы. Школьная граматыка. Нарматыўная граматыка.

2. Раздзел мовазнаўства, які вывучае будову слова і сказа ў мове і адпаведна гэтаму падзяляецца на марфалогію і сінтаксіс. Агульная граматыка. Параўнальная граматыка. Гістарычная граматыка.

[Грэч. grammatikē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уво́дзіны, ‑аў; адз. няма.

1. Уступная, пачатковая частка чаго‑н.; уступ. Уводзіны да падручніка. □ Уводзіны ў артыкул крыху зацягнутыя. «ЛіМ».

2. у што. Раздзел навукі, у якім раскрываюцца асноўныя паняцці гэтай павукі. Уводзіны ў мовазнаўства.

3. Уст. Увядзенне парадзіхі з дзіцём у царкву і пачастунак у сувязі з гэтым. Пазвалі кума і куму на ўводзіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)