СЯРЭ́БРАНЫ Іосіф Аляксандравіч (25.4.1907, г. Гарадня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.8.1979),

расійскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1977). Чл.-кар. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Ленінградскім вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1927—31). Выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948—51 і з 1954). Аўтар твораў, прысвечаных Вял. Айч. вайне («Партызаны-лесгафтаўцы», 1942; «Канцэрт Ленінградскай філармоніі ў 1942 годзе», 1957), партрэтаў («Партызан В.​С.​Цімачоў», 1943), плакатаў («А ну, узялі!...», 1944). У партрэтах 1960—70-х г. псіхалагічнасць вобраза спалучаецца з манум. значнасцю кампазіцыі: «Партрэт кампазітара Дз.​Шастаковіча» (1964), «Хірург П.​Купрыяновіч» (1965), «С.​Рыхтэр» (1972).

Літ.:

Никифоровская И.В. И.​А.​Серебряный. Л., 1976.

І.Сярэбраны. Партрэт кампазітара Дз.​Шастаковіча. 1964.

т. 15, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УТРЫ́ЛА (Utrillo) Марыс (26.12.1883, Парыж — 5.11.1955),

французскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў маці, мастачкі С.​Валадон, у А.​Рэнуара, А.​Тулуз-Латрэка і інш. Зазнаў уплыў К.​Пісаро. Майстар гар. пейзажа: пераважна віды Манмартра, ваколіц Парыжа. Росквіту яго творчасць дасягнула ў 1910—15, у т.зв. белы перыяд, калі мастак пісаў карціны пераважна ў белых тонах: «Вуліца на Манмартры» (каля 1910), «Вуліца Мон-Сені на Манмартры» (1914), «Мулен дэ ла Галет» (1915). З канца 1910-х г. яго работы набылі большую яркасць каларыту, графічнасць: «Вуліца Сен-Рустык» (1922). Творы У. адметныя своеасаблівым успрыманнем прасторы, аб’ёмаў дамоў, некат. наіўнасцю. Афармляў спектаклі, у т. л. «Рускія сезоны» С.​Дзягілева.

М.Утрыла. Вуліца Мон-Сені на Манмартры. 1914.

т. 16, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЛЯНКО́Ў Аляксандр Міхайлавіч (н. 7.5.1956, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод твораў: «8 сакавіка» (1983), «Вытокі» (1985), «Кожны год ля нашага дома зацвітаюць вяргіні» (1988), «Нязгаснае святло», «Памяці прыгарадных вёсак» (абодва 1989), «Настальгічны сон» (1990), «Ноч чакання», «Правінцыя», «Манастырскі сад» (усе 1991), «Храм» (1992); серыі «Песня бясконцай разлукі», «Белая настальгія» (1992), «Вялікі Пакроў» (1995), «Развітанне. А.​Міцкевіч», «Востраў забыцця», «Маладое віно» (1998), «Мелодыя цішыні» (2000), «Успамін» (2001), «Трыумфальная арка», «Спадчына» (абедзве 2002). У карцінах, якія вылучаюцца кампазіцыйнай і каларыстычнай раўнавагай, гісторыю перадае праз глыбокія філас. вобразы ў спалучэнні з сучаснымі матывамі і метафарычнасцю.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 16, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДРЫХ (Friedrich) Каспар Давід (5.9.1774, г. Грэйфсвальд, Германія — 7.5.1840),

нямецкі жывапісец; буйнейшы прадстаўнік ранняга ням. рамантызму. Вучыўся ў Капенгагенскай АМ (1794—98). Працаваў у Дрэздэне, з 1816 выкладаў у АМ. У творах захапленне магутнасцю стыхій і бясконцасцю прыроды, сугучнасць яе сіл стану чалавечай душы, пачуццё прарыву ў невядомае. Пейзажы часта меланхалічна-сузіральныя, вылучаюцца строгім малюнкам, дакладнасцю планаў, багатай гульнёй святлаценю: «Пейзаж з вясёлкай» (1809), «Двое сузіраюць Месяц» (1819—20). Унутраны неспакой у яго карцінах часам перарастае ў шчымлівы сум і горкае асэнсаванне тленнасці ўсяго зямнога: «Меса ў гатычнай руіне» (1819), «Гібель «Надзеі» ў ільдах» (1822).

Тв.:

Рус. пер. — Письмо профессору Шульцу... // Эстетика немецких романтиков. М., 1987.

К.Д.Фрыдрых. Гібель «Надзеі» ў ільдах. 1822.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫБУ́ЛЬСКІ Міхаіл Леанідавіч (н. 10.7.1961, г. Віцебск),

бел. мастацтвазнавец, жывапісец. Канд. мастацтвазнаўства (1989). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1983). З 1988 выкладае ў Віцебскім ун-це. Даследуе праблемы тэорыі і гісторыі мастацтва, паэтыку і стылістыку бел. жывапісу 20 ст. Аўтар раздзелаў у кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 5—6, 1992—94); уступных артыкулаў да каталогаў, альбомаў, буклетаў віцебскіх мастакоў і інш. Яго жывапісным кампазіцыям уласцівы эмацыянальная выразнасць, рэаліст. трактоўка вобразаў, насычаны каларыт: «Сафія Полацкая» (1985), «Сцяжынкамі Драздовіча», «Абарыген беларускай вёскі» (абедзве 2000), «Могілкі ля храма» (2001), «Двое ў начы» (2002).

Тв.:

Искусство Древней Руси. Витебск, 1991;

Беларускія абразы. Віцебск, 1993;

Віцебская акварэль: Анталогія. Віцебск, 1995.

т. 17, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНІ́ГАЎСКІ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры 11—19 ст. у г. Чарнігаў. Упершыню згадваецца ў 1036. Буд-ва пачата пры кн. Мсціславе Уладзіміравічу Храбрым (тут і пахаваны). Узведзены з каменю і цэглы ў тэхніцы мяшанай муроўкі. План будынка перакошаны. Храм 3-нефавы 5-купальны. У 18 ст. на месцы разабраных старых прыбудоў узвялі паўд. вежу і надбудавалі паўн., у 19 ст. прыбудаваны прытвор, нанова размаляваны інтэр’ер; сабор цалкам рэстаўрыраваны. У муроўцы скляпенняў выяўлены галаснікі. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак 11 ст. Іканастас 1793—98 (арх. І.​Ясныгін, рэзчыкі С.​Валошчанка, С.​Белапольскі, жывапісец Г.​Мызко). У 1926 каля сабора адкрыты падмуркі 2 капліц.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Чарнігаўскі Спаса-Праабражэнскі сабор.

т. 17, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРЫ́ПА Пётр Пятровіч (н. 11.4.1942, в. Арашкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). З 1974 выкладае ў Бел. каледжы мастацтваў. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Творы вызначаюцца напружаным колеравым вырашэннем, эмацыянальнасцю, рытмічнасцю тонавых спалучэнняў: «Людміла» (1969), «Летняе акно» (1972), «Нясвіж» (1976), «Алёна», «Лісты бацькі» (абодва 1977), «Маці» (1980), «Вёсачка Укля» (1981), «Песня маці», «Светлы дзень» (абодва 1982), «Старыя дрэвы» (1984), «Вясна» (1985), «Вясновае серабро» (1987), «Касцёл францысканцаў. Гальшаны» (1989), «Нацюрморт з кафляй 17 ст. з выявай Юрыя Глябовіча — уладальніка Заслаўя» (1990), «Развітанне з роднай вёскай» (1992), «Навальніца» (1999), «Свіцязянская балада. А.​Міцкевіч» (2000) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

П.Шарыпа. Летняе акно. 1972.

т. 17, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАК (Braque) Жорж (13.5.1882, г. Аржанцёй, Францыя — 31.8.1963),

французскі жывапісец, графік, скульптар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Гаўры і Парыжы (1902—04). З 1905 пісаў пейзажы ў духу фавізму; у 1908 разам з П.Пікаса стаў заснавальнікам кубізму. У амаль манахромных кубістычных кампазіцыях («Кларнет і бутэлька рому на каміне», 1911, «Жанчына з гітарай», 1913) імкнуўся да абстрагавання формаў і разнастайнасці фактуры, шырока выкарыстаў калаж. У 1920-я г. паступова адышоў ад кубізму, пісаў разнастайныя па колеры, дэкар. па характары творы («Чорныя рыбы», 1942). Выканаў цыкл каляровых літаграфій («Сшыткі Жоржа Брака», 1947), размалёўку царквы ў Асі (1945), плафоны залаў у Луўры (1953). У апошнія гады галоўнай тэмай творчасці стала прырода.

Ж.Брак. Кларнет і бутэлька рому на каміне. 1911.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ Максім Нічыпаравіч (6.8.1787, г. Пскоў, Расія — 29.8.1855),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1798—1809) і выкладаў у ёй (праф. з 1823). У складзе рус. арміі быў у Германіі і Францыі (1813—14), вандраваў па Б. Усходзе (1820—21), па Балканах (1828) і Італіі (1844—45). Некаторыя карціны пісаў па пуцявых замалёўках. Выканаў шэраг відаў Пецярбурга і Масквы. Дакладнасць арх. перспектывы спалучаў з узнёсла-эмацыянальным успрыманнем прыроды, выкарыстаннем разнастайных эфектаў асвятлення («Від на Маскоўскі Крэмль», 1815, «Восеньская ноч у Пецярбургу», «Узбярэжжа Нявы са сфінксамі каля Акадэміі мастацтваў», абедзве 1835, «Алея ў Альбана», 1845, і інш.). У яго пейзажах упершыню ў рус. мастацтве з’явіліся рысы рамант. бачання вобраза.

М.Вараб’ёў. Алея ў Альбана. 1845. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ Фёдар Аляксандравіч (22.2.1850, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 6.10.1873),

рускі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пецярбургу ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1866—67), у АМ (1871), зазнаў уплыў І.​Шышкіна, быў блізкі да І.М.Крамскога. Ужо ў ранніх пейзажах, напісаных насычанымі фарбамі, адухоўленых і рамантычна ўзнёслых, вобразы рус. прыроды паэтычныя і глыбокія («Перад навальніцай», 1868—69, і інш.). Вынікам сумеснай паездкі на Волгу з І.Рэпіным (1870) сталі малюнкі і жывапісныя творы («Від на Волзе. Баржы»). Найб. значныя яго пейзажы («Адліга», 1871, «Мокры луг», 1872) маюць эпічны і велічны характар («У крымскіх гарах», 1873). У Нац. маст. музеі Беларусі карціны Васільева «Пейзаж» (1869), «Крым» і «Перад навальніцай» (абедзве 1873).

Літ.:

Мальцева Ф.С. Ф.А. Васильев, 1850—1873. М., 1984.

Ф.Васільеў. Адліга. 1871.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)