працэс прыстасавання арганізмаў да новых умоў існавання. Акліматызацыя жывёл і раслін ажыццяўляецца праз няспадчынную змену абмену рэчываў у межах нормы рэакцыі арганізма (гл.Натуралізацыя) або пад уплывам натуральнага адбору праз змену генетычнай структуры віду (гл.Адаптацыя). Акліматызаванымі лічацца віды, здольныя даваць у прыродных умовах паўнацэннае патомства і самастойна падтрымліваць сваю колькасць. Акліматызацыю выкарыстоўваюць як метад эксперым.даследаванняў або разглядаюць як комплекс мерапрыемстваў па мэтанакіраваным усяленні віду ў новыя месцы жыхарства для ўзбагачэння мясц. флоры і фауны, увядзення ў культуру і развядзення (гл.Інтрадукцыя) ці аднаўлення ў раёнах былога пашырэння (гл.Рэакліматызацыя). На Беларусі акліматызаваны некаторыя віды раслін (конскі каштан, клён амерыканскі, псеўдаакацыя, лубін шматлісты і інш.) і жывёл (андатра, янотападобны сабака, амер. норка, фазан, сярэбраны карась, амер. сомік, чудскі сіг, сырок і інш.).
Акліматызацыя чалавека — складаны сац.-біял. працэс, у якім вял. ролю адыгрывае актыўны працэс стварэння сацыяльна арганізаванага асяроддзя працы і побыту, прыстасавання да кліматычных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЯ РЭА́ЛЬНАСЦЬ,
сукупнасць незалежных ад чалавечай свядомасці аб’ектаў, сувязяў, адносін, узаемадзеянняў, працэсаў, аб’яднаных у нежывыя, жывыя і сац.-арганізаваныя сістэмы. Жывыя сістэмы ўключаюць усю сукупнасць арганізмаў, здольных да самаўзнаўлення на аснове генетычнай інфармацыі. Сац.-арганізаваныя сістэмы — гэта сукупнасць індывідуумаў і іх згуртаванняў, якія падтрымліваюць сваё існаванне праз пераўтварэнне навакольнай рэчаіснасці. У структуру такіх сістэм уваходзяць таксама створаныя чалавекам тэхн. сістэмы, з дапамогай якіх ён больш паспяхова асвойвае рэчаіснасць. Унутраная падпарадкаванасць і сістэмная арганізацыя, якімі валодае аб’ектыўная рэальнасць, законы яе эвалюцыі складаюць найважнейшы элемент даследаванняў. З улікам характару аспектаў аб’ектыўнай рэальнасці, якія даследуе тая ці інш. дысцыпліна, вылучаюць фіз. рэальнасць, біял. рэальнасць і г.д. і адпаведна карціну фіз. рэальнасці, карціну біял. рэальнасці і г.д. як найбольш буйныя блокі ведаў. Агульныя характарыстыкі аб’ектыўнай рэальнасці адлюстроўвае агульнанавук. карціна сусвету.
Літ.:
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Пригожин И., Сонгере И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой. М., 1986;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ АБАРАЧЭ́ННЯ,
сукупнасць затрат жывой і арэчаўленай працы, выражаных у грашовай форме, на давядзенне тавару ад вытв-сці да непасрэднага спажыўца. Падзяляюцца на чыстыя і дадатковыя. Чыстыя звязаны з актам куплі-продажу, г.зн. ператварэннем таварнай формы прадукту ў грашовую. Яны не дадаюць да тавару ніякай вартасці і з’яўляюцца непрадукц. затратамі. Кампенсаванне гэтых выдаткаў абарачэння ажыццяўляецца за кошт прыбавачнага прадукту, створанага ў сферы вытв-сці. Дадатковыя выдаткі абарачэння абумоўлены працягам працэсу вытв-сці ў сферы абарачэння. Яны адносяцца да катэгорыі прадукцыйнай, паколькі дадаюць да вартасці тавару новую вартасць (дастаўка, дапрацоўка, фасоўка тавару). Крыніцай кампенсавання дадатковых выдаткаў абарачэння з’яўляецца вартасць, створаная ў самім таварным абарачэнні. Чыстыя выдаткі абарачэння складаюць прыблізна 35—40%, дадатковыя — 60—65% іх агульнай масы. З павелічэннем вытв-сці тавараў і давядзеннем іх да непасрэднага спажыўца доля чыстых выдаткаў абарачэння павялічваецца. Гэта звязана з ростам затрат на ўтрыманне прадаўцоў і гандлёвых агентаў, збытавых падраздзяленняў, транспартна-экспедытарскіх аддзелаў, маркетынгавых даследаванняў, рахункаводства, бухгалтэрыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБНО́Ў (Сямён Маркавіч) (10.10.1860 22.09.1860, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — снеж. 1941),
яўрэйскі гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч. У 1880—1906 жыў у Пецярбургу, Адэсе, Вільні. З 1882 супрацоўнік час. «Восход» для яўрэйскай інтэлігенцыі. З 1906 лектар Вольнага ун-та Лесгафта ў Пецярбургу, на курсах усходазнаўства. У 1909—18 рэдактар час. «Еврейская старина». З 1917 праф. Пецярбургскага, з 1919 Яўр. ун-таў. З пач. 1920-х г. у Літве, Германіі, Латвіі. Забіты фашыстамі ў рыжскім гета. Аўтар даследаванняў па сусветнай гісторыі яўрэяў. Сабраў і апублікаваў шмат дакументаў, пераважна па гісторыі бел. яўрэяў. Даў новую перыядызацыю гісторыі яўр. народа, паклаў пачатак сацыялагічнага падыходу ў вывучэнні гісторыі яўрэяў.
Тв.:
Учебник еврейской истории для еврейского юношества. Ч. 1—3. Одесса, 1898—1901;
Краткая история евреев: Учеб. евр. истории: Для школы и самообразования. Ч. 1—3. СПб., 1912;
Всемирная история еврейского народа от древнейших времен до настоящего времени. Т. 1—10. Рига, 1934—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАХІ́МІЯ (ад гіста... + хімія),
навука, якая вывучае хімічны састаў тканак і клетак жывёл з мэтай высвятлення асаблівасцей абмену рэчываў у іх структурных элементах; раздзел гісталогіі. Даследуе тонкія механізмы тканкавага і клетачнага метабалізму бялкоў, нуклеінавых кіслот, вугляводаў, ліпідаў, вызначае лакалізацыю актыўнасці гармонаў і ферментаў, абгрунтоўвае спецыфіку функцый клетачных арганел.
Першыя даследаванні па гістахіміі правёў франц. фармацэўт Ф.В.Распай (1825—34). Як самаст. навука гістахімія ўзнікла ў 1930-я г. з выхадам працы Л.Лізона (1936). З дапамогай гістахіміі паказана сувязь змен колькасці РНК з сінтэзам бялку і пастаянства колькасці ДНК у храмасомным наборы, выяўлены клеткі, што прымаюць удзел у сінтэзе гармонаў і імунаглабулінаў, абгрунтавана роля нейрамедыятараў, антыцел і г.д.
На Беларусі развіццё гістахім. даследаванняў звязана з дзейнасцю С.М.Мілянкова і яго вучняў. У гісталагічных і патагісталагічных лабараторыях і цэнтрах Беларусі вывучаюцца паталаг. працэсы, структурныя змены, характэрныя для пач. праяўленняў хвароб, асабліва пухліннага паходжання. Для клінічнай дыягностыкі выкарыстоўваецца шэраг гістахім. рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛЬЯШЭ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.8.1908, г. Мюнхен, Германія — 4.1.1996),
бел. фізік, адзін з заснавальнікаў спектраскапіі атамаў і малекул. Акад.АН Беларусі (1956), д-р фізіка-матэм. н. (1945), праф. (1948). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1956 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1968 у БДУ, з 1990 у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» АН Беларусі. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі, фізіцы плазмы. Распрацаваў асновы тэорыі ваганняў і вагальных спектраў шмататамных малекул, правёў шэраг даследаванняў па спектраскапіі рэдказямельных злучэнняў і спектраскапіі нізкатэмпературнай плазмы. Аўтар работ па гісторыі квантавай фізікі. Ленінская прэмія 1966; Дзярж. прэміі СССР 1949, 1950; Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;
Колебания молекул. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.);
От возникновения квантовых представлений до становления квантовой механики // Успехи физ. наук. 1977. Т. 122, вып 4.
Літ.:
М.А.Ельяшэвіч // Весці АНБССР. Сер. фіз.-матэм.навук. 1988. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ЎСКІ (Аркадзь Іосіфавіч) (н. 5.8.1924, в. Янава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1980). Д-рфілал.н. (1968), праф. (1970). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). З 1950 працуе ў Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (у 1983—89 дырэктар). Даследуе гісторыю бел. мовы і бел. мовазнаўства. Аўтар прац «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 1, 1967), «Мова нашых продкаў» (1983). Сааўтар даследаванняў «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (1979), «Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст» (1988), «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), дапаможнікаў для ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы» (ч. 1—2, 1961—62) і інш. Адзін са стваральнікаў «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і гал. рэдактар «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96). Дзярж. прэмія Беларусі 1994 (за комплекс прац ў галіне скарыназнаўства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́ШЫН (Васіль Уладзіміравіч) (н. 9.5.1913, в. Ляхавічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, педагог. Акад.АПНСССР (1967), д-рфілал.н. (1965), праф. (1973). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1967—78 дырэктар НДІ педагогікі Мін-ва адукацыі Беларусі. Навук. працы па пытаннях тэорыі і гісторыі бел. л-ры, літ. сувязей, метадалогіі і методыкі выкладання л-ры ў школе. Адзін з гал. кірункаў даследаванняў — Купалаўская спадчына. Аўтар манаграфій «М.Горкі і беларуская літаратура пачатку XX ст.» (1956), «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963), «Да вышынь рэалізму» (1983), «Выверанае жыццём» (1988), падручнікаў «Беларуская літаратура» для 8-га кл. (19-е выд. 1978, з В.В.Барысенкам; 7-е выд. 1988, з М.А.Лазаруком), для 9-га кл. (9-е выд. 1994, з Лазаруком).
Тв.:
Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг.Мн., 1953;
Рэвалюцыя 1905—1907 гг. і развіццё беларукай літаратуры. Мн., 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НФЕЛЬД ((Infeld) Леапольд) (20.8.1898, г. Кракаў, Польшча — 15.1.1968),
польскі фізік, адзін з заснавальнікаў польскай школы тэарэт. фізікі. Чл. Польскай АН і АНінш. краін. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1921). З 1930 у Львоўскім ун-це, з 1933 у Кембрыджы (Вялікабрытанія). У 1936—38 у Прынстанскім ін-це перспектыўных даследаванняў у А.Эйнштэйна, з 1939 у Таронцкім ун-це (ЗША) (Канада)*. З 1950 у Варшаўскім ун-це, адначасова з 1951 дырэктар Ін-та тэарэт. фізікі. Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці, нелінейнай электрадынаміцы, квантавай механіцы. Даў інтэрпрэтацыю неазначальнасцей суадносін, вывеў хвалевае ўраўненне электрона (з галандскім матэматыкам Б.Л.Ван-Дэр Вардэнам), з Эйнштэйнам і Б.Гофманам вывеў ураўненні руху сістэмы цел у гравітацыйным полі ў прыбліжэнні больш высокім за ньютанаўскае. Аўтар публіцыстычных твораў, маст. біяграфій вучоных.
Тв.:
Рус.пер. — Движение и релятивизм. М., 1962 (разам з Е.Плябанскім);
Эварист Галуа — избранник богов. М., 1965;
Эволюция физики. 4 изд. М., 1966 (разам з А.Эйнштэйнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫ АПАРА́Т,
агульная назва тэхн. сістэм для выканання навукова-тэхн. задач у космасе. Адрозніваюць К.а.: па траекторыі палёту — ШСЗ (рухаюцца па геацэнтрычных арбітах) і міжпланетныя К.а.; па кіраванні — аўтаматычныя (ШСЗ і інш. нябесных цел, аўтам. арбітальныя і міжпланетныя станцыі) і пілатуемыя (касмічныя караблі і арбітальныя станцыі). Выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам. Адметная асаблівасць большасці К.а. — магчымасць працяглага самаст. функцыянавання ва ўмовах касм. прасторы. Усе пілатуемыя і большасць аўтам. К.а. маюць сістэму кіравання рухам і ўласную рухальную ўстаноўку. Праблема энергасілкавання вырашаецца пры дапамозе сонечных батарэй, эл.-хім. паліўных элементаў, малагабарытных ядзерных энергет. установак. Канструкцыя К.а. ўлічвае спецыфічныя фактары касм. прасторы — высокі вакуум, рэзкія перапады т-р, наяўнасць метэорных часцінак, высокі ўзровень радыяцыі, бязважкасць. Найб. пашыраныя К.а.: ШСЗ для навук.даследаванняў (напр., «Космас», «Астрон»), сувязі («Маланка») і метэаралогіі («Метэор»); пілатуемыя («Усход», «Саюз», «Меркурый»), арбітальныя станцыі («Салют», «Скайлэб», «Мір»); міжпланетныя К.а. («Месяц», «Апалон», «Венера», «Марынер», «Вікінг», «Піянер», «Вояджэр» і інш.).