немата́, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.
1. Адсутнасць дару мовы.
2. перан. Нямая цішыня. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. Шыба раптам .. неяк трывожна закалацілася і.. як быццам парушыла немату вячэрняга спакою. Васілевіч. Мне ясным сонцам лёс наканаваны — Не ведаць змрочных лёхаў нематы. Барадулін.
3. перан. Бяспраўе, прыгнечанасць. З векавой нематы і адсталасці, Узнімаючы ленінскі сцяг, Мы прыйшлі да заможнае сталасці, Да вялікага сэнсу жыцця. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; незак.
1. Адчуваць неспакой, трывогу; хвалявацца. Тайна заставалася неразгаданай, і камандзір непакоіўся, што яна можа прынесці вялікія непрыемнасці. Шчарбатаў. Валя.. некалькі разоў набірала нумар шпіталю і, хоць адтуль казалі, што непакоіцца няма чаго, чакала страшнай навіны. Мележ. З лесу, ледзьве перастаўляючы ногі, ішлі тыя, з-за каго так непакоіліся члены групы. Новікаў.
2. Праяўляць клопат, турбавацца. Маці захадзілася каля стала, стары некуды выйшаў. Люба звярнулася да свякрухі: — Чаго вы непакоіцеся, быццам мы з галоднага краю... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
несціха́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не сціхае, не змаўкае, не спыняецца доўгі час; які чуваць бесперапынна. Несціханы гул. Несціханы крык. □ Сінее высокі абрыў. На кручы стагоднія дрэвы. Над імі паводка зары, Вятроў несціханых напевы. Танк. У вушах стаяў несціханы звон, быццам ля кожнага вуха хтосьці настойліва, да знямогі, біў у нешта жалезнае, гулкае. Шахавец.
2. Які не праходзіць, не сунімаецца (пра боль і пад.). Змардаваны на допыце.. і пакутуючы ад несціханага болю, Шурка туліўся да вільготнай і халоднай сцяны. Мехаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытанцо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Падскокваць, рабіць рухі нагамі, быццам танцуючы. [Паўлік] ходзіць па хаце і прытанцоўвае. Лужанін. Раздзеўшыся, [пасажыры] пускалі ваду і, пакуль хапала духу, мыліся і прытанцоўвалі пад ледзяным пругкім струменем, які сек цела. Карпаў. // Суправаджаць што‑н. танцамі, танцавальнымі рухамі. Ішоў Вацлаў Санкоўскі і, як ні ў чым не бывала, зухавата ўзяўшыся ў бокі, прытанцоўваў і спяваў польскія прыпеўкі. Пестрак. [Гардзіенка] па-заліхвацку весела і заўзята пачаў прытанцоўваць, узяўшыся ў бокі, то прысядаць, то выкідваць ногі ўперад. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытво́рства, ‑а, н.
1. Няшчырыя, ілжывыя паводзіны з мэтай увесці ў зман. Увогуле ўзаемаадносіны паміж людзьмі на заводзе.. [Славіку] падабаліся. Няма той інтэлігенцкай ветлівасці, як на студыі, але няма і прытворства. Шамякін. Халуста пакрысе пачаў рабіцца такім, якім ён быў заўсёды на людзях, і Беразоўскі не мог зразумець, дзе пачынаецца і канчаецца яго прытворства. Чарнышэвіч.
2. Тое, што і прытворнасць. — Мы яшчэ не паспелі пазнаёміцца, а ўжо быццам як сварыліся. — Няўжо? — здзіўлена ўсклікнуў Хрупак, і Залуцкі адчуў у яго здзіўленае прытворства. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
руча́йка, ‑і, ДМ ‑айцы; Р мн. ‑аек; ж.
1. Верацяно з наматанымі на яго ніткамі. Маці ўздыхнула, наматала на ручайку апошнюю нітку і ўстала з-за прасніцы. Пестрак. Белы, з серабрыстым адлівам кужаль пад яе рукамі ўмомант наматваўся ніткай на ручайку. Паўлаў.
2. Абл. Жменя лёну (валакна). За паклонамі б’юць церніцы паклон, За ручайкаю ручайку — грызуць лён, А з-пад церніцаў кастрыца — быццам снег. Крапіва. Яе русыя валасы, заплеценыя ў слабую касу, адразу кідаліся ў вочы: былі, як ачэсаная ручайка льну. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схлу́піцца, ‑піцца; ‑пішся, ‑піцеся, ‑пяцца; зак.
Абл. Цесна збіцца; сабрацца, стоўпіцца ў адным месцы. Імкліва і заклапочана, як на трывогу, бягуць па ёй [рацэ] таўсматыя камлістыя яліны, стройныя .. красуні хвоі. Схлупяцца ў цесным месцы на заломе, стануць шчыльна ціснуцца бок да боку, аж пакуль не падбягуць плытнікі і не разарвуць залом бусакамі. Крапіва. Саламяныя накрыўкі старых хат, быццам баронячыся ад якой напасці, схлупіліся адна да адной і выдаваліся суцэльнай страхой. Сабаленка. [Лёдзя] пачакала, пакуль пасажыры схлупіліся ля выхада, і падышла да Віктара. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хада́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., за каго-што, аб кім-чым, са злучн. «каб» і без дап.
Звяртацца з афіцыйнай просьбай аб чым‑н. Неспадзявана захварэла Андрэева маці, якая адна жыла ў вёсцы, і райваенкамат пачаў хадайнічаць, каб радавога Сячнёва дэмабілізавалі раней часу. Чыгрынаў. [Карпачоў:] — Вы [Марына Паўлаўна] прызначаны дырэктарам.. школы. Мы пайшлі насустрач неаднаразовым просьбам і заявам паважанага Івана Паўлавіча і хадайнічалі перад аблана аб вашым прызначэнні. Васілевіч. Цяпер Турава быццам хадайнічала за.. [Мурашку]. Савіцкі. Ездзіў [Мароз] некуды ў цэнтр, хадайнічаў — і хлопца пакінулі ў спакоі. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бы 1 (пасля галосных — б), часціца.
Ужываецца пры дзеясловах пр. часу, інфінітывах і прэдыкатыўных прыслоўях са значэннем магчымасці або неабходнасці дзеяння, утвараючы ўмоўны лад або апісальную форму ўмоўнага ладу; ставіцца пасля дзеяслова або слоў, на якія падае сэнсавы націск.
1. Са значэннем умоўнай магчымасці дзеяння. Які дзівосны сад квітнеў бы тут, каб рука чалавека адвяла воды горных рэк. Самуйлёнак. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас.
2. Са значэннем пажадання або пажаданай неабходнасці дзеяння. Цябе, зямля, ў адзенні новым, Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць. Колас. — Чаго вы так спяшаецеся? Набылі б трохі, пагулялі. Пагасцілі б у новых сваякоў. Чорны. Шэрае пер’е аблокаў Вецер світальны нясе. Покуль пагодзіць і годзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Хутчэй бы прайсці, праскочыць гэта страшнае месца. Лынькоў.
3. Са значэннем просьбы. — Ты схадзіў бы, Максімка, да іх, праведаў бы... Шамякін.
бы 2, злучн.
Разм. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». [Сава] як адляціць ды пачне выгукваць ды плакаць, бы малое дзіця, дык аж пошчак ідзе па лесе. Якімовіч. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару; адпавядае па свайму значэнню злучнікам «быццам», «нібы». З-за павароту дарогі перад Сцёпкам вынікнуў семафор, бы нейкі вартаўнік з працягнутаю рукою. Колас. Лодкі выплылі на Нарач, бы на сіне-мора. Танк. [Юстынь] прыхінуўся плячамі да сцірты, бы адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць. Чарнышэвіч. Як маці, яна [цётка Аксення] паглядзела мне ў вочы, Бы кажа: не будзь сёння, хлопчык, малым. Прыходзька.
•••
Быццам бы гл. быццам.
Калі б гл. калі.
Хоць бы гл. хоць.
Як бы гл. як.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Галалёдзіца. Параўн. рус. гололе́дица, укр. гололе́диця (гэта слова не адзначана ў Шанскага, 1, Г, 120), славац. дыял. holoľadica, славен. gololedica. Можна меркаваць, што гэта ўтварэнне суфіксам *‑іса ад *gololedъ ’тс’ (агляд літ-ры гл. у Шанскага, там жа). Іначай, але, здаецца, не вельмі пераканаўча Гараеў (107) і Праабражэнскі (1, 141) звязваюць *gololedica з голоть (голодь) і далей з укр. ожеле́диця, ожеледь (якія быццам маюць і.-е. сувязі). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 431–432. Сюды ж і галалёд ’галалёдзіца’ (агляд форм і геаграфіі слоў галалёдзіца, галалёд гл. у Яшкіна, 45). Параўн. рус. гололед, славен. gololèd, далей польск. gołoledź. Слаўскі (1, 314) лічыць і *gololedъ і *gololedica праславянскімі фармацыямі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)