упе́радзе, прысл. і прыназ.

1. прысл. На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н., наперадзе; проціл. ззаду. Уперадзе .. ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. Уперадзе, з-за ўзгорка, выпаўзалі чырвоныя камяніцы станцыі. Мележ. // На пярэднім месцы, непасрэдна перад кім‑, чым‑н. (сядзець, стаяць і пад.). Вядома, калі пышная Лізавета Назараўна сядзе ўперадзе, а Ніна Раманаўна і Лена ззаду, то і для маці месца хопіць. Корбан. // Сярод першых, першым у якой‑н. справе. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго [брата] не падвяду. Гілевіч.

2. прысл. У будучым. Але ўперадзе было яшчэ многа цікавага, нязведанага, бо гэта ж толькі адна мяжа, за якою разгортваюцца новыя краіны жыцця, новыя хвалі яго вечнай плыні. Колас.

3. прыназ. з Р. Перад кім‑, чым‑н. Збоку пясчаных узгоркаў, якія раскінуліся ўперадзе грэблі, грымнула некалькі дружных гарматных залпаў. Лынькоў. Уперадзе ўсіх ветрыкам лёгкім ляцела Люба. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

характары́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Апісанне, вызначэнне істотных, адметных рыс, асаблівасцей, якасцей каго‑, чаго‑н. — Ну, а скажыце, як настроена сялянства? [Настаўнік:] — Розныя ў іх [сялян] бываюць настроі. Даць такую агульную характарыстыку досыць трудна. Колас. [Гаспадыня] падрабязна расказвала аб кожнай сваёй кватарантцы, давала ім дакладныя характарыстыкі, пераводзячы крывы палец дрыготкай рукі з адной фотакарткі на другую. Ракітны. // Апісанне характару, учынкаў і пад., якое даецца дзеючай асобе ў мастацкім творы. Трапная партрэтная характарыстыка герояў, як у люстры, адбівае іх унутраны свет. Майхровіч.

2. Афіцыйны дакумент, у якім змяшчаецца водзыў, заключэнне аб чыёй‑н. працоўнай і грамадскай дзейнасці. Характарыстыка з месца работы. □ Следам за мной з панямонскага пастарунка прыйшла мая характарыстыка. Брыль. [Анатоль Пятровіч:] — Ведайце: усякае парушэнне дысцыпліны будзе запісана ў характарыстыкі, якую я завёў на кожнага з вас. Нядзведскі.

3. У матэматыцы — цэлая частка дзесятковага лагарыфма.

4. Спец. Графічны наказ уласцівасцей чаго‑н. праз крывую; асноўны графічны паказчык чаго‑н. Характарыстыка магутнасці рухавіка. Характарыстыка турбіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хме́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; захмялелы, нецвярозы. Грукоча машына. Маўчы, качагар, і пылам вугольным давіся!.. Хай з топкі тваёй не праб’ецца ўгар да містэраў хмельных і місіс. Дудар. // Уласцівы захмялеламу, нецвярозаму. Вочы [Тосі] паліліся калючым бляскам і хмельнай лянівасцю. Адамчык. // Такі, у якім удзельнічаюць нецвярозыя. Там [на банкеце] віно шуміць і льецца, Мова хмельная вядзецца. Колас.

2. Які выклікае ап’яненне. Наліліся хмельным сокам Гронкі [вінаграду] буйныя, даспелі. Жычка. Заморскія віны, мясцовая медавуха, гарэлка і хмельнае піва ліліся ракой. П. Ткачоў. / у знач. наз. хме́льнае, ‑ага, н. У меру выпітае хмельнае як бы выраўноўвае, падводзіць пад адно ўсе настроі. Сабаленка. // перан. Які прыводзіць да ўзбуджэння, самазабыцця. Любыя, мілыя ліпы — Радасць квяцістых нізін! Водару хмельнага выпіў Ваш непакорлівы сын. Пушча. Ты пакліч мяне. Пазаві. Там заблудзімся ў хмельных травах. Янішчыц. Хмельная трэль салаўя ціха струменіць здалёку. Машара.

3. перан. Узбуджаны чым‑н. У прыцемку хмельны ад шчасця хлопец сустрэў.. хвалюючую цеплыню [Любы]. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ве́ялка 1 ’драўляны шуфлік для ручнога веяння зерня’; ’машына, якой ачышчаюць збожжа ад мякіны’ (КТС, БРС, Выг., Бяльк., Шат., Яруш., Сцяшк. МГ), брэсц. ві́ялка драўляны савок, якім веялі ўручную’ (Сіг.). Укр. ві́ялка, рус. ве́ялка, польск. wiałka, макед. веалка ’тс’, балг. веялка ’веялка’; ’цура, зробленая ў першы тыдзень вялікага посту ў гонар летняга ветру, які лічыўся духам, што дапамагаў у час малацьбы’. Утворана ад vějadlo (параўн. ст.-рус. вѣяло ’лапата’, н.-луж., в.-луж. vějadło ’веялка’) і суф. ‑к‑а. Да веяць (гл.). Побач з суф. ‑л‑ка на слав. тэрыторыі маюцца ўтварэнні ад веяць з іншымі суфіксамі са значэннем Nomina instrumenti: бел. палес. ве́янка, ве́ячка, укр. ві́ячка, ві́яльніца, рус. ве́янка, ве́йніца, ве́йка, балг. веячка, в.-луж. wějawa, чэш. věječka, viječka, vejačka, польск. wiejalnia, wiejacha, уст. wiejaczka.

Веялка 2, ве́ялкі ’вейка, вейкі’ (БРС, шчуч., навагр., маст., Сцяшк. МГ, КЭС, Жд., 1, З нар. сл.) — рэгіянальнае беларускае кантамінаванае ўтварэнне ад вейка, веяць (гл.) не без уплыву лексемы веялка 1 (гл.).

Веялка 3 ’павека’ (навагр., КЭС) узнікла шляхам семантычнага пераносу па сумежнасці ад лексемы веялка 2. Адваротны пераход назіраецца ў рус. арханг. веко ’вейка’, йонаўск., прэйл. ве́ки ’вейкі’ пры рус. веко ’павека’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лопацень 1, ло́поцень, ло́пыцінь, ло́пацінь, ло́потэнь ’балбатун’, ’чалавек, які меле глупства, без сэнсу крычыць’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС; КЭС, лаг.; лаг., Жд. 3; жлоб. Нар. словатв.; паўд.-пін., Нар. лекс., віл., смарг., Сл. ПЗБ). Да лапата́ць 1 (гл.). Сюды ж і лоеў. лопацень ’водаўдарная дошчачка на вобадзе кола ў вадзяным млыне’ (ЛАПП) — паводле шуму вады; па форме — да лопацень 4 (гл.).

Лопацень 2, ло́поцень ’выгібы на лязе касы пры нераўнамерным кляпанні’ (слуц., Нар. словатв.; лун., Мат. ЛАБНГ; ТС); лопатні ’тс’ (Жд. 1; карэліц., нясв., пін., стол., лельч., Мат. ЛАБНГ). Укр. палес. ло́потень (Нік.). Утворана ад ⁺лопат, якое з’яўляецца генетычна тоесным да літ. lãpatas ’акравак, абрэзак’.

Лопацень 3, ло́потень ’частка жорнаў’ (кобр., Выг.; КЭС, лаг.), ’верхняя перакладзіна ў жорнах’ (Касп.; віл., Сл. ПЗБ), ло́патня ’дошчачка (у жорнах), у якую ўстаўляецца млён’ (Касп.). Да лопат 2 (гл.).

Лопацень 4, ло́поцень, лопацінь, лопыцінь, ло́патынь вялікі, круглы, падобны да лапаты свярдзёлак; якім карыстаюцца ў млыне, выкручваюць дзіркі ў калодцы кола, робяць борці і да таго пад.’ (Бяльк., Касп., Жд. 1, Мядзв., Маш., Нас., Жд. 1, Сіг., ТС; КЭС, лаг.), ’лопасць у турбіне’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. лопатень ’шырокі свердзел’, рус. ло́пате́нь ’тс’. Да лапа́та (гл). Суфікс ‑ень, як у берасце́нь, пруце́нь, ве́расень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́пец 1, лі́пэць ’ліпень’ (Нас., Яруш., ТСБМ, Бес.; воран., Шатал.; смарг., паст., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. липецъ (XVI ст.). Запазычана са ст.-польск. lipiec (Жураўскі, SOr, 1961, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 185; Арашонкава, БЛ, 2, 47). Адна к Слаўскі (4, 273), прыводзячы ў якасці роднасных рус. липец ліпень’, укр. липець ’тс’, паўд.-слав.: серб.-харв. ли̏пац ’від ліпы’, славен. lȋpec ’ліпа лясная’, выводзіць прасл. lip‑ьcь, які называў сёмы месяц. Да лі́па (гл.). Сюды ж ліпцовы (мёд) ’сабраны з ліпы ў час яе цвіцення’ (ашм., З нар. сл.).

Лі́пец 2 ’ліповы мёд’ (Нас., ТСБМ), палес. лі́пэ̂ц ’тс’ (Анох.), укр. липець ’тс’, рус. цвяр. липец ’тс’, ’напітак з мёду’, польск. lipiec ’тс’. Прасл. lip‑ьcь (Слаўскі, 4, 273). Да лі́па (гл.).

Лі́пец 3, лі́пяц ’праполкі (слуц., Сл. паўн.-зах.). Да кораня ліп‑ (ліпнуць, ‑липати). Гэта пацвярджаецца і тлумачэннем інфарматара: «Ліпец — гэта клей, якім пчолы залівалі шчыліны ў вуллі».

Лі́пец 4 ’павітуха льняная, Cuscuta epilinum Weihe’. Да ліпнуць (гл.). Названа паводле таго, што гэта расліна-паразіт абвівае расліну-гаспадара, прысмоктваючыся да яе сваімі прысоскамі (БелСЭ, 7, 590). Тое ж адносіцца і да рус. липец ’маруна ўчэпістая, Galium aparine L.’, укр. липник ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капы́л 1 ’кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, Яруш., Касп., Бяльк., Грыг., Гарэц., Некр. і Байк.; КЭС, лаг.). «Не мерай усіх на свой капыл» (Янк. БП), ’дэталь саней’, ’дубовы брусок, што ўстаўляецца ў полаз, а за яго закручваецца вяз для злучэння палазоў’ (Сцяшк., Сержп. Грам.), укр. копил ’тс’, рус. копыл ’тс’. Адпаведна да вядомай версіі звязана генетычна з балг. копеле ’незаконнанароджаны’, серб.-харв. ко̏пил ’тс’ (Бернекер, 564; Фасмер, 2, 320; Трубачоў, Эт. сл., 11, 32–34). Семантычна гэта тлумачыцца як пераход тыпу рус. пасынок ’пасынак’ і ’падпорка, лішняя галіна, больш тонкі з двух ствалоў, якія выраслі з аднаго кораня’. Але гэта тлумачэнне не пераконвае, хаця ўкр. копил мае таксама значэнне ’незаконнанароджаны’ і можна меркаваць аб праславянскім характары лексемы, якая застаецца этымалагічна непразрыстай. Да таго ж першае значэнне застаецца за межамі семантычнага пераходу. Ці не звязана капыл ’кавалак дрэва ў форме ступні’ з прасл. kopyto (адпаведна з фармантамі: рэгулярным ‑ylъ (SP, 1, 112) і нерэгулярным ‑yto (гл. капыта).

Капы́л 2 ’матыка для апрацоўкі ляда’ (Малчанава, Мат. культ.; Маш., Шатал.), ад капаць («капылом капылім бульбу» — Шатал.). З фармантам ‑ylъ (SP, 1, 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А злучн. злучальн. — чэш., славац., в.-луж. a, a‑a, н.-луж. a‑a, балг., серб.-харв. а; злучн. супр. — агульнаслав. І.‑е. паралелі — літ. õ (Скарджус, Slav., 146, лічыць літ. õ < польск. або бел.; рашуча супраць Фрэнкель, 514–515), ст.-інд. āt, ст.-іран. āət. Тады а (прасл. *ōt‑/*ōd‑ (абл. ад *ō‑) (Зубаты, Studie, 2, 98; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 1–2). Іншы пункт погляду адлюстраваў Зубаты, Studie, 2, 100, згодна з якім a звязана этымалагічна з выклічнікам, з ст.-інд. ā (параўн. Голуб-Копечны, 59). У ст.-інд. āt выяўляецца таксама сэнс выклічніка (Бірнбаум, ScSl, 5, 79). Параўн. яшчэ Курц, Slavia, 24, 144; яго ж, Hist-srovn., 80–107; Копечны, Этимология, 1967, 22–23.

А агульнаславянскае (< *ob‑). Прасл. ob‑ (без ъ) рэканструюецца на аснове факта выпадзення наступнага v. У сваю чаргу ob‑ > o‑ перад зычнымі. Адсюль яшчэ праславянская дублетнасць ob‑/o‑. Гл. Брандт, РФВ, 14, 350; яго ж РФВ, 23, 94–95; Фартунатаў, Зб. Ламанскаму, 25; Развадоўскі, RS, 2, 87; Мейе, Общеслав., 124. Параўн. ст.-прус. eb‑, ab‑, ст.-інд. abhí, ст.-перс. abij (< і.-е. *obhi); літ. apiẽ, лат. ap, ст.-інд. api, ст.-грэч. επί (і.-е. *opi). Бругман, Grundriß, 1, 2, 820. Гл. аб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасце́ль, посте́ль, пості́ль, пасце́ля, посце́ля ’ложак’, ’тое, што падсцілаецца для спання’ (ТСБМ, Грыг., Сцяшк., Бір., Зян., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Бяльк., ТС; КЭС, лаг.; паўн.-бел., зах.-палес., ДАБМ, к. 285), ’пасцельная бялізна’ (Мат. Гом., ТС), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ, к. 285; Выг., Касп., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’разасланы лён для скручвання ў кудзелю’ (карэліц., талач., Шатал.; пух., Сл. ПЗБ), ’насціл з дошак у возе’ (Бір.), ’саламяны адонак, стажар’е’ (Выг.), ’месца ў хляве, дзе ляжыць карова’ (паст.), ’суцэльны слой сала са ўсёй тушы’ (чэрв., Сл. ПЗБ), пасце́ль, посьце́льнік ’насціл з дошак у санях’ (Шатал.). Укр. посте́ля, пості́ль, рус. посте́ль, посте́ля, арханг. постлань, польск. pościel, ст.-польск. pościela, палаб. püstilʼa, pöstilʼa, н.-луж. postola, устар. postoła, чэш. postel, славац. posteľ, славен. póstelj, póstelja, серб.-харв. по̀стеља, макед. постела, балг. посте́ля, ст.-слав. постелꙗ. Прасл. postelʼa ўтворана ад stьlati > слаць (гл.). Падобна ўтворана ст.-інд. upa‑star‑aṇa ’цыноўка, матрац на ложак’ (у якім ‑star‑ раўняецца прасл. ‑stel‑), арм. pastar ’посцілка, кілім’. Прэфікс ‑po‑ узыходзіць да і.-е *upo ’пад’; у такім выпадку postelʼa — ’падклад пад ляжачага чалавека’ (Махэк₂, 474; Фасмер, 3, 341). Магчыма, сюды ж пасцель ’паслед у каровы’ (Сл. ПЗБ; карэліц., Шатал.; гродз., Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЛЬЗА́К ((Balzac) Анарэ дэ) (20.5.1799, г. Тур, Францыя — 18.8.1850),

французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму 19 ст. Вучыўся ў Вандомскім каледжы; у 1819 скончыў парыжскую Школу права, адначасова праслухаў курс л-ры ў Сарбоне. Першы твор — класіцыстычная трагедыя ў вершах «Кромвель» (1820). Поспех і прызнанне прыйшлі з выхадам гіст. рамана «Шуаны» (1829). Прыярытэтам эстэт. сістэмы пісьменніка стаў матэрыяльны свет і будзённае жыццё. Гэта выходзіла па-за межы рамантызму, які панаваў у л-ры да 1830-х г. Аднак традыцыі рамант. мастацтва заўсёды прысутнічалі ў творчасці Бальзака, выяўляліся пры адлюстраванні ўсёпаглынальнай страсці герояў. Назіральнасць і празорлівасць пісьменніка дазволілі зразумець гал. тэндэнцыю эпохі — эканам. пераразмеркаванне багацця, уласнасці і выхад на авансцэну новых уладароў жыцця — фінансістаў, спекулянтаў, ліхвяроў, дзялкоў, якія вырашалі лёс грамадства, стваралі жывую гісторыю. Так нарадзіліся вобразы Габсэка, Грандэ, Гарыо, Нусінгена. Адчуванне свету ў яго цэласнасці і ўнутранай узаемазвязанасці прывяло Бальзака ў 1834 да задумы стварыць «грандыёзны раман пра грамадства», людзей і падзеі 19 ст., якая рэалізавана ў вялізным цыкле раманаў і навел (каля 100) пад назвай «Чалавечая камедыя» пра Францыю перыяду Рэстаўрацыі і Ліпеньскай манархіі. Вылучаюцца 3 яго часткі (эцюды). «Эцюды звычаяў» падзяляліся на сцэны прыватнага («Габсэк», 1830; «Трыццацігадовая жанчына», 1831—34, канчатковая рэд. 1842; «Бацька Гарыо», 1834—35, і інш.), правінцыяльнага («Яўгенія Грандэ», 1833; «Музей старажытнасцяў», 1836—38; «Страчаныя ілюзіі», 1837—43, і інш.), парыжскага («Бляск і ўбоства куртызанак», 1838—47; «Кузіна Бэта», 1846; «Кузэн Понс», 1847, і інш.), ваеннага («Шуаны» і інш.), паліт. («Цёмная справа», 1841, і інш.) і вясковага («Вясковы лекар», 1833, і інш.) жыцця. «Філасофскія эцюды» склалі «Шчыгрынавая скура» (1830—31), «Элексір даўгалецця» (1830), «Пошукі абсалюту» (1834) і інш. У «аналітычныя эцюды» ўвайшлі «Фізіялогія шлюбу» (1829), «Дробныя нягоды сямейнага жыцця» (1845—46) і інш. Творы аб’ядноўваліся агульнымі героямі, якія ўяўлялі сабой розныя тыпы: узроставыя, прафесійныя, сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя і гэтак далей. Бальзак абараняў манархію, каталіцызм і адначасова захапляўся бурж. прагрэсам. Аднак ніхто лепш за яго не паказаў заганы грамадства, у якім грошы і асабісты інтарэс вынішчаюць усё лепшае, натуральнае з чалавечых адносін і здольныя ператварыць чалавека ў монстра. Творчая манера Бальзака вызначаецца апісальнасцю, стыль — дэталёвасцю, жывапіснасцю. Яму належаць таксама збор навел «Свавольныя апавяданні» (1832—37), п’есы («Мачаха», 1848, і інш.), крытычныя артыкулы («Эцюд пра Бейля», прадмова да «Чалавечай камедыі» і інш.). На бел. сцэне ставіліся спектаклі па п’есах Бальзака «Мачаха», «Драпежніца», раманах «Яўгенія Грандэ», «Баламутка» («Жыццё халасцяка»).

Тв.:

Бел. пер. — Габсэк. Мн., 1993;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—24. М., 1960.

Літ.:

Реизов Б.Г. Бальзак: Сб. статей. Л., 1960;

Бальзак в воспоминаниях современников. М., 1986;

Моруа А. Прометей, или Жизнь Бальзака: Пер. с фр. М., 1988.

С.​Д.​Малюковіч.

А. дэ Бальзак.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)