ПЯТРО́ВІЧ (Іосіф Людвігавіч) (12.3.1920, в. Валоўшчына Мінскага р-на — 27.10.1990),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1977), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Брат М.Л.Пятровіч. Скончыў Вільнюскі пед.ін-т (1953). У Вял.Айч. вайну са студз. 1944 сакратар Сямяніцкага, потым Камянецкага падп. райкомаў ЛКСМБ. Пасля вайны на парт. рабоце, з 1964 выкладчык, з 1975 заг. кафедры Мінскага пед. ін-та імя Горкага. Аўтар прац па гісторыі польск. рабочага рэв. руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧКУ́Р (Gobio gobio),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў рэках і азёрах Еўропы і Азіі. Жыве невял. чародамі ў месцах з пясчаным або камяністым грунтам. На Беларусінар. назвы: дудорга, келбук, коблік, курмель, піскіж, пяскар, стаўпец.
Даўж. да 22 см, маса да 80 г. Рот ніжні. У вуглах рота па вусіку. Па баках цела каля 10 чорных ці бурых плям. Корміцца бентасам. Аб’ект аматарскага лову, прынада для лоўлі драпежных рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́НЫ-ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя расліны,
расліны, якія поўнасцю жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў. Грыбы, водарасці і бактэрыі паразітуюць на раслінах, жывёлах і чалавеку, часта з’яўляюцца ўзбуджальнікамі інфекц. хвароб. Кветкавыя Р.-п. паразітуюць пераважна на вышэйшых раслінах. Не маюць зялёнага лісця і каранёў (рэдукаваны ў вырасты-прысоскі). З дапамогай прысоскаў яны пранікаюць у расліну-гаспадара і жывяцца гатовымі арган. рэчывамі. На Беларусі вядомы віды з родаў заразіха, павітуха, таемнік. Гл. таксама Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЯ ПРЫРО́ДА»,
грамадска-палітычны, навукова-папулярны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1972 у Мінску на бел. мове раз у 2 месяцы. Да 1977 інфарм.-метадычны бюлетэнь. Асвятляе пытанні аховы прыроды, узаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя, інфармуе насельніцтва аб выкананні дзярж. экалагічных праграм, мае трывалыя традыцыі экалагічнага выхавання і адукацыі чытачоў. Друкуе матэрыялы пра маляўнічыя куткі Беларусі, раскрывае многія сакрэты прыроды, змяшчае вершы, навелы, апавяданні на прыродную тэматыку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РКА,
1) мужчынская вопратка з башлыком, якую надзявалі ў дарогу, у халоднае дажджлівае надвор’е паверх кажуха ці світкі. Як тып вопраткі прыйшла ў Еўропу з Усходу (тэрмін лічыцца персідскім). На Беларусі вядома з 17 ст., з канца 19 ст. пад уплывам гар. касцюма замацавалася ў сял. асяроддзі. Шылі буркі з саматканага валенага сукна цёмных колераў прамога крою, двухбортнай, з адкладным каўняром, шырокім хлясцікам (поясам), праразнымі кішэнямі. Святочныя буркі ўпрыгожвалі дэкар. строчкай і нашыўкамі чорнага ці чырвонага сукна, тасьмы. Да 1950-х г. бытавала амаль па ўсёй Беларусі (у некаторых мясцовасцях наз. бурносам).
2) Святочная ўзорыстая спадніца з паўшарсцяной валенай саматканкі ў маларыцкім строі. Ткалі буркі камбінаваным спосабам: узор выконвалі бранай, фон — шматнітовай тэхнікай, шылі з 4—5 полак адносна кароткай (закрывала калені), запрасоўвалі ў буйныя складкі. Для яе характэрны вытанчанасць геам. арнаменту, строгая ўраўнаважанасць шэра-белых і карычнева-чырвоных папярочных палос, якія пераходзілі ў больш шырокі дамінуючы шляк па нізе. Буркі насілі да 1940-х г. 3) Лямцавы плашч у народаў Каўказа.
М.Ф.Раманюк.
Бурка (вопратка). Брагінскі раён Гомельскай вобласці. Пач. 20 ст.Бурка (спадніца). Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),
будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).
На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзал ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл.Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў БеларусіМінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ АДДЗЯЛЕ́ННІ (да 1903 аддзяленні па ахове грамадскай бяспекі і парадку),
ахранка, мясцовыя органы паліт. вышуку ў Расіі ў 1866—1917, падпарадкаваныя дэпартаменту паліцыі. Першыя ахоўныя аддзяленні створаны ў Пецярбургу (1866), Маскве і Варшаве (1880). У 1902—03 заснаваны ва ўсіх буйных цэнтрах рэв. руху. Да 1907 дзейнічалі ў 27 прамысл. і культ. цэнтрах Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Асн. задачы: вышук рэв. арг-цый і рэвалюцыянераў. Мелі спец. агентуру «вонкавага нагляду» (філёры) і сакрэтных агентаў (тайныя паведамляльнікі і правакатары, якіх актыўна выкарыстоўваў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатаў (гл.Зубатаўшчына). У рэвалюцыю 1905—07 і ў наступныя гады сетка ахоўных аддзяленняў пашырана (у 1914 іх было 26). З 1906 рыхтавалі агентуру і для ўкаранення ў рэв.сял. арг-цыі. Пры буйных паштамтах існаваў нагляд за прыватнай карэспандэнцыяй (зняцце копій, фатаграфаванне, дэшыфроўка). На Беларусі ў 1898 Маскоўскае ахоўнае аддзяленне з мэтай ліквідацыі арг-цый Бунда правяло вобыскі і арышты, выкрыла падп. друкарні ў Мінску і Бабруйску, высачыла дэлегатаў 1-га з’езда РСДРП (Мінск); па даносах агентаў выкрыты с.-д. к-ты ў Вільні, Гомелі, Магілёве, Мінску і інш. Ахоўныя аддзяленні скасаваны ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Адам Ягоравіч) (1 ці 6.4.1862, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобласці — 16.4.1940),
бел. этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец. Бацька М.Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Настаўнічаў, удзельнічаў у рэв. руху мінскіх нарадавольцаў. З 1885 заг. гарадскога пач. вучылішча ў Мінску. З 1892 у сял. зямельным банку ў Гродне. З 1896 у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы, дасылаў іх П.Шэйну. Апублікаваў гіст. нарыс «Пра паншчыну» (1894), даследаванне «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895), у якім аналізаваў перажыткі анімізму, фетышызму, культу сонца, нячыстай сілы і інш. У 1923 перадаў у Інбелкульт рукапісы М.Багдановіча. Аўтар успамінаў пра сына. Рукапісы прац Бадановіча «Мова зямлі. Утварэнне водарачных імёнаў і што ад іх паходзяць», «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх», «Этнічны склад беларускага народа», «Рэвалюцыйны рух у г. Мінску і губерні ў 80 і пачатку 90-х гг.», «Да гісторыі партыі «Народнай волі» ў Мінску і Беларусі, 1880—1892 г.» у Ін-це л-ры АНБеларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАЦІЁН (Пётр Іванавіч) (1765, г. Кізляр, Дагестан — 24.9.1812),
расійскі палкаводзец, герой вайны 1812. Нашчадак груз. царскай дынастыі Багратыёнаў. На ваен. службе з 1782. Служыў на Каўказе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, задушэння паўстання 1794 Т.Касцюшкі і штурму Варшавы. Вызначыўся ў італьян. і швейц. Паходах А.В.Суворава (1799). У час вайны 1805—07 з Францыяй узначальваў ар’ергард рус. арміі. Удзельнік войнаў Расіі са Швецыяй (1808—09) і Турцыяй (1806—12). З сак. 1812 камандаваў 2-й Зах. арміяй, якая размяшчалася на тэр.Беларусі і Украіны (чэрв. 1812 штаб-кватэра арміі ў Ваўкавыску). На пач. вайны 1812 удалым манеўрам вывеў армію з-пад удару намнога большых сіл напалеонаўскай арміі і праз Слонім—Навагрудак—Нясвіж—Слуцк—Бабруйск—Магілёў вывеў яе на злучэнне з 1-й Зах. арміяй пад Смаленскам. У аперацыях пад Нясвіжам і Нова-Быхавам выратаваў рус. армію ад разгрому. У Барадзінскай бітве 1812 камандаваў левым крылом рус. арміі, быў цяжка паранены і памёр. У 1839 яго прах перапахаваны на Барадзінскім полі. Шматлікія матэрыялы пра дзейнасць Баграціёна, асабліва на тэр.Беларусі, знаходзяцца ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі яго імя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. oppositio проціпастаўленне, пярэчанне),
1 супраціўленне, нязгода, процідзеянне, проціпастаўленне адных поглядаў, палітыкі інш. поглядам, палітыцы.
2) Агульная назва партый, арг-цый, грамадскіх рухаў і аб’яднанняў, дзейнасць і погляды якіх проціпастаўлены поглядам большасці або пануючай думцы. Існуе ў парламентах, партыях. Парламенцкая апазіцыя складаецца з партый і паліт. груп, якія не маюць большасці месцаў у парламенце і не ўдзельнічаюць у фарміраванні ўрада. Па шэрагу пытанняў выступае супраць палітыкі ўрада, з крытыкай яго дзеянняў. Можа фарміраваць ценявы кабінет міністраў на выпадак прыходу да ўлады. Унутрыпартыйная апазіцыя — парт. групоўкі, якія па некаторых прынцыповых пытаннях палітыкі партыі выступаюць са сваім пунктам гледжання і праграмай дзеяння, супрацьстаяць прынятаму большасцю курсу партыі, яе кіраўніцтву. Можа разглядацца як аснова для ўтварэння новай партыі. Апазіцыя — неабходная ўмова мірнага, здаровага развіцця грамадства. У бел. парламенце ўпершыню пра стварэнне апазіцыі абвешчана ў 1990 на 1-й сесіі Вярх. Савета Беларусі, дзе ў апазіцыі да палітыкі ўрада выступілі Бел.нар. фронт «Адраджэньне», Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Бел.сац.-дэмакр. грамада і інш. Прадстаўнікі апазіцыі прымаюць удзел у заканатворчым працэсе, прапануюць шляхі ўмацавання суверэнітэту, незалежнасці дзяржавы, паглыблення рыначных адносін, духоўнага адраджэння і кансалідацыі нацыі і інш.