«АКСЬЁН ФРАНСЭ́З»

(ĽAction francaise літар. «Французскае дзеянне»),

ультраправая антырэсп. арг-цыя ў Францыі ў 1899—1944. Засн. Ш.Марасам, арганізацыйна аформілася ў 1905. У 1930-я г. набыла фаш. характар. Яе ўзбр. атрады («Каралеўскія малойчыкі») прымалі ўдзел у фаш. путчы 6.2.1934. У час ням.-фаш. акупацыі Францыі (1940—44) існавала легальна, падтрымлівала палітыку ўрада Петэна, накіраваную на супрацоўніцтва з акупантамі. Пасля вызвалення Францыі ліквідавана.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКАЯ ВЁСКА,

комплекс будынкаў гасцінічнага тыпу, у якіх на час Алімпійскіх гульняў размяшчаюцца дэлегацыі краін-удзельніц. Мае шэраг дапаможных памяшканняў (сталовыя, магазіны, аддз. сувязі, трэніровачныя залы і пляцоўкі, культ. цэнтр і інш.). Упершыню пабудавана да IX Алімп. гульняў у Парыжы (1924), складалася з драўляных будынкаў, таму і наз. «вёска». Будаўніцтва Алімпійскай вёскі — абавязак алімпійскага горада.

Алімпійская вёска ў Мюнхене. 1972.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́Й, Аляксій (1314—78),

рускі мітрапаліт з 1354. У час княжання ў Маскве Івана Іванавіча Краснага і малалецтва кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога фактычна ўзначальваў урад. Падтрымліваў Дзмітрыя ў барацьбе з цвярскімі і суздальска-ніжагародскімі князямі, выступаў супраць намаганняў князёў ВКЛ стварыць асобную мітраполію ў Кіеве. Прыхільнік пагаднення з Залатой Ардой дзеля прадухілення набегаў на Маскоўскае княства. У 1448—49 кананізаваны правасл. царквой.

т. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНГЕЛЬДЫ ІМА́НАЎ (1873, Тургайская вобл., Казахстан — 18.5.1919),

адзін з кіраўнікоў нац.-вызв. паўстання ў Казахстане ў 1916. У час Сярэднеазіяцкага паўстання 1916 узначаліў атрады ў Тургайскім і суседніх паветах. У кастр. 1917 стварыў партыз. атрад, які выступіў супраць урада, сфарміраванага партыяй Алаш. Адзін з арганізатараў сав. улады ў Тургайскай вобл., першых у Казахстане часцей Чырв. Арміі. Загінуў у выніку антысав. мяцяжу.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМСАН ((Adamson) Амандус Генрых) (12.11.1855. г. Палдыскі, Эстонія — 26.6.1929),

эстонскі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1876—79), акадэмікам якой выбраны ў 1907. У традыцыях рус. рэаліст. скульптуры выкананы найб. вядомыя яго работы: «Апошняе дыханне карабля» (1899), «Русалка» — помнік маракам, што загінулі на браняносцы «Русалка» (1902, Талін), помнік Чарнаморскай эскадры, затопленай у час Крымскай вайны (1905, Севастопаль).

А.Адамсан. Апошняе дыханне карабля. 1899.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВІ́НК (Aguincum),

горад рымскіх часоў (каля 10 да н.э. — 409 н.э.), з 107 н.э.гал. горад рым. правінцыі Ніжняя Панонія. Руіны Аквінка знаходзяцца каля Будапешта. Раскопкі вядуцца з 1775. Аквінк складаўся з паселішча мясц. племя эравіскаў, рым. ўмацаванага лагера, ваен. ці лагернага горада і цывільнага горада. У час раскопак выяўлены рамесныя кварталы, амфітэатр, абарончыя сцены, водаправод, палац намесніка Ніжняй Паноніі і інш.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЁМЕНКА (Сцяпан Елізаравіч) (14.8.1913, с. Малінаўка Іванаўскага р-на Адэскай вобл. — 5.5.1977),

удзельнік баёў на Беларусі ў Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (люты, май 1945). На фронце са жн. 1941. Камандзір батальёна маёр Арцёменка вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Укр. і Бел. Палесся, у 1945 у час прарыву абароны ворага на зах. беразе Віслы і пры фарсіраванні р. Одэр.

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́Г,

1) комплекс дрэваземляных умацаванняў нас. пунктаў сталага (жылы астрог) ці часовага (стаялы астрог) характару ва ўсх. славян у 13—18 ст. Звычайна будаваўся на мяжы княства ці дзяржавы.

2) Ахоўная агароджа з вертыкальна (прамы астрог) ці коса (касы астрог) укапаных бярвёнаў, што засцерагала месца стаянкі войска.

3) Рухомая штурмавая вежа (астрожак), якой карысталіся ў час аблогі гарадоў.

4) Турма, абнесеная сцяной.

т. 2, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭ́УС (ад лац. aureus залаты),

залатая старажытнарымская манета, якую пачаў выпускаць Юлій Цэзар пасля Гальскіх паходаў (58—51 да нашай эры). Сістэматычна чаканілася з часу праўлення Аўгуста (30 да нашай эры — 14 нашай эры) да праўлення Канстанціна I (306—337), які замяніў аўрэус солідам. За гэты час маса манеты зменшылася з 8,18—8,19 да 5,45—5,46 г.

Аўрэус імператара Адрыяна [117—138].

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад дэ... + кампенсацыя),

парушэнне дзейнасці органа, сістэмы органаў і арганізма ў цэлым з прычыны знясілення ці зрыву яго прыстасавальных механізмаў. Шкодныя ўздзеянні выклікаюць значныя змены ў арганізме і парушаюць раўнавагу паміж арганізмам і навакольным асяроддзем, што існуе пастаянна. Праз некат. час арганізм прыстасоўваецца да новых умоў існавання (напр., гіпертрафіруецца мышца сэрца пры яго пароках) і раўнавага аднаўляецца — настае кампенсацыя.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)