Кагане́ц ’свяцільня’ (БРС), ’свяцільня, робіцца з чарапка, у які наліваюць сала і апускаюць кнот’ (Бяльк.), ’светач, свяцільня’ (Гарэц.), ’смольная лучына’ (Др.-Падб.), цэнтр.-бел., паводле сведчання Багдановіча, 18, каганец, на якім «паляць сухое паленне для асвятлення хаты», параўн. Машынскі, 121. Укр. каганець ’начны свяцільнік’, рус. дыял. каганец ’свяцільнік у выглядзе чарапка, у які наліваюць сала або алей і кладуць кнот’, польск. kaganek, kaganiec ’свяцільнік з кнотам’, ’лучына’, чэш. kahánek, kahan, kahanec ’свяцільнік, каганец з кнотам’, славац. kahan, kahanec ’тс’. Слаўскі (2, 21) прыводзіць яшчэ балг. дыял. гаганица ’вялікае вогнішча, якое раскладаецца на ростанях у нядзелю першага тыдня велікоднага посту’ (у БЕР, 1, 222: ’жэрдка, шост з саломай (факел?)’), параўн. польск. gaganiec. У якасці крыніцы гэтых слоў звычайна лічыцца грэч. τᾱγηνον, τᾱγανον ’патэльня і інш.’, аднак Фасмер (2, 155) звяртае ўвагу на тое, што ў с.-грэч. адсутнічае форма на , а ёсць толькі ταγανον, ταγανισν, якое праз цюрк. запазычана ў рус. мову (таган). Прыняцце грэч. крыніцы патрабуе тлумачэння фанетыкі; Слаўскі (там жа) піша: «Неабходна было б «прыняць даўнюю дыстантную асіміляцыю tgkg, gg». Такім чынам, больш надзейнай крыніцай можа быць цюрк., параўн. чув. kэgan ’ручка на посудзе’, што Фасмер (2, 155) аспрэчвае з прычыны далёкага значэння. Гэты аргумент не вельмі сур’ёзны, калі ўлічыць магчымасць пераносу значэння, тым больш пры запазычанні. Брукнер (213), улічыўшы чэш. kahan ’глечык, посуд’, адзначыў, што суф. ‑an утварае прасл. назвы посуду і што ён можа быць славянскага паходжання. Супраць Слаўскі, які, відаць, меў на ўвазе яшчэ і такія значэнні, як kaganiec ’металічная або раменная сетка, якая накладаецца на морду зверу (сабаку)’, і спасылаўся па Дарашэўскага, PF, XIII, 77. Махэк₂ (235) значэнне ’кацялок для палення (смалы)’ лічыць зыходным. Ён прапанаваў: kahan < *gagan (параўн. польск. гутарковыя формы), якое звязана з žega; ступень gag‑ засведчана таксама ў слове jьz‑gaga, žáha; g‑ > k у выніку дысіміляцыі. Можна адзначыць, што балг. паралель таксама падмацоўвае такое рашэнне, як, магчыма, і рус. (пск., асташ., цвяр.) каганок ’маленькі чыгунок або кацялок ш вушкамі, які ўмазваецца ў печ’. Значэнне ’кацялок’ выяўляецца і ў рус. каган ’возера на заліўным лузе, невялікае возера, якое перасыхае ўлетку’. Думку Брукнера адносна таго, што слова kahan ведаюць толькі палякі і чэхі, а на ўсходзе гэта запазычанне, аспрэчвае Слаўскі, аднак лінгвагеаграфія (зах.-слав. мовы, укр. і бел.) вельмі сімптаматычная і можа сведчыць на карысць такой думкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́наўка ’рыба краснапёрка, Scardinius crythrophtalamus’ (ц.-палес., Пал., Крыв.), калінка ’верхаводка. Albumus albumus’ (зах.-дзвін., Сап.). Рус. ненз. калиновка ’гусцяра, Blicca bjoerkna’; паралелі да калінка таксама ў рус. гаворках — пенз. ’верхаводка’, ’гусцяра’, варонеж. ’ялец, Leuciscus leiiciscus’. Апрача гэтых прыкладаў, звяртаюць па сябе увагу ўкр. каліннік ’рыба лінь, Tinea tinca’. балг. каленак, каленичи ’тс’, і, магчыма, польск. kaliniak (у Варшаўскім слоўніку); Карловіч не падае гэтага слова, статус няясны, хутчэй за ўсё гэта тое ж зах.-палес. (зах.-укр. каліннк, гл. спіс крыніц у Уеачовай. Этимология, 1971, 129–130). Фармальна слова суадносіцца з каліна, а паводдзе пекаторых крыніц такое супастаўленне падмацоўваецца і семантыкай. Параўн. у Усачовай, там жа, 173, адносна ўкр. каліняк: ’лінь, які нерасціцца падчас цвіцення калінм’. і СРНГ, 12, 356: калін., цвяр. калинак ’рыба Abramis brama; буйны лешч’: «Нерестится во время цвета калины». Не вельмі ясна, аднак, якое значэнне з гэтых лексем з’яўляецца зыходным, паколькі рыбы з ліку прыведзеных роднасныя і шмат якія слав. назвы з’яўляюцца для іх агульнымі (гл. падрабязней матэрыялы Усачовай, Этимология, 1971 і паст.). Балг. слова, БЕР (2, 164) супастаўляе з дыял. калмик ’від балотнай рыбы’, у якім -е- лічыцца страчаным (ненаціскная пазіцыя). Далей у якасці утваральнай асновы мяркуецца ст.-слав. калень, з матывацыяй ’рыба, якая жыве ў мутней вадзе, у балоцістым месцы’. Там жа і семантычныя паралелі: лайненик ’гнаявік (жук)’, ’рыба, якая жыве ў балоцістай, мутнай вадзе’; таксама звяртаецца ўвага на лац. тэрмін ііпса ў назве рыбы, які, паводле Младэнава, 228, паходзіць ад кельцкага слова і роднасны балг. тння ’ціна’. Для ўсх.-слав. тэрмінаў лічыць сувязь з kalina выпадковай нельга, паколькі намінацыі па такога тыну мадэлях з’яўляюцца звычайнымі, параўн. празрыстыя рус. дыял. колосовик ’буйны лешч, які нерасціцца ў перыяд калашэння жыта’, колосовица ’рыба рапушка, якую ловяць у чэрвені, калі каласіцца жыта’ колосовка ’рыба верхаводка, якая нерасціцца ў перыяд калашэння жыта’ і інш. Для бел. калінаўка ’краснапёрка’, магчыма, яшчэ нельга выключыць пэўных «каляровых» асацыяцый, тымбольш, калі згадаць славянскі тэрмін kalina як назву каровы па масці (польск. kalina ’карова масці ярка-чырвонай’, укр. калино ’вол цёмна-чырвонай масці’). Няясна, аднак, ці суадносіцца гэты тэрмін з назвай дрэва (колер ягад), ці з kaliti ’распальваць’, параўн. рус. калина ’жар і да т. п.’ Не выключана, што ўкр. і балг. лексемы неабходна разглядаць асобна, тым больш, што лінь з шэрагу разглядаемых асобна рыб яўна выдзяляецца. Разам з тым, як ужо гаварылася, няма патрэбы сумнявацца ў вялікай імавернасці суаднясення ўсх.-слав. назваў рыбы і слав. kalina.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пыж1 ’драўляная затычка для круглай адтуліны’ (Нас.), ’кавалачак дрэва, які закладваецца ў вугал зруба пры спалучэнні бярвенцаў’ (жабін., Нар. сл.), пыжч ’тс’ (кам., там жа), пыж ’калок, якім прымацоўваецца ярмо да дышля воза або саней’ (Бес.), ’невялікі драўляны шар або абрубак ад палкі (пры гульні “ў пыжа”)’ (Нас.; БНТ, Гульні), ’затычка з лямцу, шэрсці або картону ў патроне для паляўнічай стрэльбы’ (ТСБМ), ’малеча, карапуз’ (Бяльк.), мн. л. пыжэ́ ’стрыжні птушыных пер’яў’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’бутоны’ (навагр., Жыв. сл.), пы́жык ’кароценькая затычка; тоўсценькае дзіця’ (Нас.), ’тоўсты блін з кіслага цеста; булачка’ (рас., Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), ’хлопчык, які слаба расце, малы’ (Бяльк.), параўн. укр. пиж ’від дзіцячай гульні’, рус. пыж ’затычка ў патроне; пустое, няўсхожае насенне; шар або абрубак (у дзіцячай гульні); папярочны брусок у носе і карме лодкі; булачка’, пы́жык ’маларослы, надуты чалавек’; адносяць сюды і балг. пи́жо ’нехрышчонае дзіця’. Значэнне гэтай групы слоў канцэнтруецца вакол паняццяў ’затычка, шпунт, калодачка’, ’неразвіты плод’, ’пышка, булачка’, што дае магчымасць далучыць сюды бел. пужо́к ’схованка для рыбы ў канцы лодкі’ і пужы́на ’пустое зерне’ (гл. зыходныя формы, хутчэй за ўсё, *пыжок, *пыжына з тыповым для тураўскай гаворкі пераходам ы > у пасля губных). Роднаснае літ. paugžlỹs, pūgžlỹs ’апалонік’, pùžas ’брухаты’, pùžti ’аслабець’, узыходзіць да і.-е. *pōu̯‑, *pū‑ ’дуць, надувацца’, што дае падставы для рэканструкцыі асновы прасл. *pyž‑ (Куркіна, Этимология–1971, 71–72); Тапароў (Балтийские яз., 45) лічыць рус. маск. пыж ’бясплоднае, няўсхожае насенне’ балтызмам, што малаверагодна па лігвагеаграфічных прычынах; па семантычных і лінгвагеаграфічных прычынах сумнеўна вывядзенне рус. арх. пыж ’папярочны брусок, устаўлены ў нос лодкі’, параўн. пск. носовой пыж, кастр. ’нос судна’ з комі, удм. piž ’лодка’, мар. puš ’тс’ (Фасмер, 3, 417).

*Пыж2, пуж ’гарнастай’, памянш. пы́жык: раншы дорогі буў пыжык (ТС), пы́жык ’паўночны алень ва ўзросце да двух месяцаў, а таксама футра з яго’ (ТСБМ). Выводзяць з удм. pužej ’паўночны алень’, комі pež ’аляня, якое яшчэ не мае рагоў’ і пад. (Фасмер, 3, 417: лічыць гатую этымалогію “безукоризненной”); іншая версія — аднясенне пыж2 да пыж1 (Праабражэнскі, 2, 159 і інш.) па лінгвагеаграфічных і семантычных прычынах, параўн. рус. дыял. пы́жик ’шкура невялікага мядзведзя’, ’птушка Vanellus gregarius Pall.’, ’стэпавы кулік, Charadrius’ (адносна апошняй гл. Фасмер, 3, 418), здаецца больш прымальнай. Чарных (2, 87) мяркуе, што фіна-угорскія словы запазычаны з рускай мовы, аналагічна Анікін (416–417), які схіляецца да версіі паходжання ад рус. пыж ’камяк’, пы́жить ’настаўляць, растапырваць’, гл. пыж1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыма́ць ‘узяўшы ў рукі (рот, зубы), не даваць выпасці’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шат., Шымк. Собр., Касп., Мядзв., Мал., Яруш., ТС), трыма́ці, трыма́ті, трыма́ты ‘тс’ (Бес., Булг., ЛА, 3), трума́ць ‘тс’ (гродз., Нар. лекс.); перан. трыма́ць ‘утрымліваць, захоўваць за сабою, быць уладальнікам’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт.; ашм., Сл. ПЗБ), ‘мець у сваёй уладзе, у духоўным падпарадкаванні’, ‘прымушаць знаходзіцца каго-небудзь дзе-небудзь супраць яго волі, не выпускаць’ (ТСБМ) (там жа), ‘выхоўваць, трымаць у рамках’ (маст., Сл. ПЗБ), ‘трымаць скаціну’ (Бяльк.), ‘гадаваць, разводзіць’ (Сл. ПЗБ), ‘служыць апорай, падтрымліваць, быць на чыімсьці баку’ (ТСБМ, Шат.), ‘стаяць, працягвацца (пра мароз)’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘захоўваць; трымаць (у хляве)’ (там жа, Бяльк., Вушац. сл.), ‘адпаведным чынам паводзіць сябе’ (ТСБМ), ‘ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць (экзамен, адказ, ініцыятыву)’ (там жа), ‘трываць’ (ТС); ст.-бел. тримати, тримать, трымати ‘трымаць, не выпускаць, захоўваць, выкарыстоўваць; утрымліваць; мець думку, погляд, стаўленне’ (1492 г., ГСБМ). Параўн. польск. trzymać ‘трымаць’, чэш. мар. třímati ‘тс’, чэш. літарат. třímat ‘сціскаць, моцна трымаць’, усх.-славац. trimae se ‘трымацца ў добрым здароўі’, ‘быць добра выхаваным’, якія, паводле Борыся (652), узыходзяць да прасл. дыял. *trimati ‘ўтрымліваць, затрымліваць, захоўваць у пэўнай пазіцыі’, што разглядаецца як каўзатыў ад прасл. (s)trьmĕti ‘тырчаць, выступаць, быць нерухомым’, што да прасл. *strьmъ ‘які тырчыць, выступае, стромкі’. Побач са славен. tŕma ‘ўпартасць’, tŕmati, tŕmiti ‘ўпарціцца’, малапольск. trzmić ‘вытыркацца’, ст.-чэш. třmĕti ‘паднімаць угору’, такі шлях развіцця падмацоўваецца знешнімі параўнаннямі з нідэрл. stram, н.-ням. stramm ‘тугі’, ‘бадзёры, бойкі, моцны’, ст.-грэч. στερέμνιος ‘цвёрды, тугі, моцны’ < і.-е. *(s)terh₁‑ ‘быць цвёрдым, моцным, тугім’ (Бязлай, Eseji, 150; Сной₂, 705; Махэк₂, 653; Борысь, 652; ЕСУМ, 5). Мартынаў (Прарадзіма, 24) генетычна суадносіць *trimati з балг. трем ‘ганак’, макед. трем ‘сені, крыты ганак’, серб. тре̑м ‘сені’, славен. trȇm ‘павець, страха’ і разглядае ст.-англ. trymman ‘трымаць, умацоўваць’ у якасці славянскай інфільтрацыі ў германскія мовы, што сведчыць пра яго інавацыйны характар, які праявіўся і ў экспансіі на ўсходнеславянскія тэрыторыі — беларускую і ўкраінскую (Золтан, Athila, 546; Гарбуль, 184), дзе ўспрымалася як запазычанне, у якім rz (ř) замяняецца на р, але гэта не дае падстаў думаць, што запазычанне адбылося яшчэ да замены > ř > rz у польскай мове (Векслер, Гіст., 65). Сюды ж вытворныя трыма́ньне ‘паводзіны’ (Байк. і Некр.), трыма́ны ‘які ўжо быў ва ўжытку’ (Нас.), а таксама трыма́лы ‘ўстрыманы, сціплы’ (Нас.), трыма́ласць ‘вытрыманасць’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЗЫЛЬЯ́НЕ,

каталіцкія манахі ўсх. абраду, якія жывуць паводле т.зв. статута св. Васіля (Базыля) Вялікага (распрацаваны ў 4 ст.). Існуюць у Еўропе і на Б.​Усходзе з ранняга сярэднявечча. У 16 ст. зарганізаваны ў адзіны ордэн. Вылучаецца некалькі асн. базыльянскіх абрадаў: Гротаферата (італа-албанскі), св. Збаўцы і св. Яна Хрысціцеля, Мелкіцкі (у Ліване, Палесціне і Егіпце), св. Іасафата (на Украіне, у Румыніі). На Беларусі базыльяне з’явіліся ў 17 ст. ў выніку царк. рэформаў уніяцкага мітрапаліта І.​В.​Руцкага. Першая місія манахаў-кармелітаў, выкліканая Руцкім у 1605, заклала базыльянскі ордэн у Свята-Троіцкім кляштары ў Вільні. На далейшае фарміраванне ордэна ў ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай зрабілі ўплыў езуіты. У 1617 Навагрудская кангрэгацыя зацвердзіла стварэнне базыльянскага ордэна ў Рэчы Паспалітай і прыняла рэгулы (статут) новага ордэна, распрацаваныя Руцкім, які быў абраны 1-м протаархімандрытам (генералам) базыльянаў. Паводле рэгулаў протаархімандрыт ордэна падпарадкоўваўся папу рымскаму праз уніяцкага мітрапаліта. Протаархімандрытамі базыльянаў былі Руцкі (1617—21), Леў Крэўза Ржавускі (1621—26), Рафаіл Корсак (1626—36), Пахомій Война Аранскі (з 1636), Антоній Сялява (з 1652), Якуб Суша (з 1661), Гаўрыіл Календа (з 1666), Пахомій Агілевіч (1675—79), Стафан Мартышкевіч Бусінскі (1679—86), Язэп Пяткевіч (1686—90), Сымон Агурцэвіч (з 1690), Якім Кушэвіч (з 1694), Леў Кішка (1703—13), Васіль Працэвіч (1713—17), Максімілян Вятржынскі (1717—19), Антон Завадскі (з 1719), Карнелій Сталпавіцкі-Лябецкі (да 1727), Антанін Таміловіч (1729—36), Патрыцый Жураўскі (1739—43), Палікарп Мігуневіч (1743—47), Іпацій Білінскі (1747—51; 1759—72), Ераклій Лісянскі (1751—59), Парфірый Скарбек Важынскі (1772—80 і з 1788), Язэп Маргулец (1780—85), Ерафей Карчынскі (1786—88), Максімілян Вільчынскі (да 1793), Афанасій Фалькоўскі (да 1802), Юстын Гусакоўскі (да 1804, калі пасада протаархімандрыта была скасавана). У 1743 ордэн падзелены на 2 правінцыі: Літоўскую (уваходзілі землі княства, у т. л. Беларусі) і Рускую (або Польскую, каронную). Ордэнам кіравалі протаархімандрыт, правінцыялы (кіраўнікі правінцый), 4 кансультары і сакратар. Вышэйшай заканад. уладай былі кангрэгацыі (з удзелам мітрапаліта), іерархіі базыльянаў. Кангрэгацыі склікаліся раз на 4 гады ў любым буйным цэнтры базыльянаў, найчасцей у Навагрудку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713). У 1635 базыльяне атрымалі прывілей караля Уладзіслава IV, паводле якога біскупамі уніяцкай царквы маглі выбірацца толькі манахі-азыльяне, што ўзмацніла пазіцыі ордэна. Расла колькасць кляштараў. У 1772 у кожнай правінцыі было па 72 кляштары, больш за 600 манахаў. Базыльяне актыўна займаліся адукац. дзейнасцю. Прывілеем 1613 кароль Жыгімонт III Ваза дазволіў базыльянам адкрываць школы са статутам пач. і сярэдніх навуч. устаноў з выкладаннем на бел. мове. Базыльяне распрацавалі сістэму свецкай адукацыі пераважна лінгвістычнага багаслоўскага і агульнагуманітарнага кірунку. У 18 ст. буйнейшыя базыльянскія школы мелі па 300—500 вучняў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 існавалі 4 правінцыі; акрамя 2 існуючых утварыліся Беларуская (на далучаных да Расіі землях) і Галіцкая (на тэр. Аўстрыі). У 1785 ордэну базыльянаў, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху афіц. палітыкі праваславізацыі і русіфікацыі Беларусі, было забаронена выбіраць правінцыяла і протаархімандрыта, улада над ім была перададзена архібіскупу А.​Лісоўскаму, прыхільніку ўсх. абраднасці. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай кантакты базыльянаў з Рымам спынены, ордэн ператварыўся ў групу адасобленых кляштараў без ордэнскай цэнтралізацыі. У 1822 паводле загаду цара Аляксандра I закрыты кляштары базыльянаў, пры якіх існавалі навіцыяты, школы або філасофскія і багаслоўскія класы, а на іх базе створаны правасл. духоўныя вучылішчы. Паводле ўказу Мікалая I ад 9.10.1827 ліквідавана базыльянскае манаства, а ў 1828 ліквідаваны і кляштары базыльянаў. Толькі Свята-Троіцкі віленскі кляштар з семінарыяй праіснаваў да 1839, калі на Полацкім дзярж. саборы была скасавана уніяцкая царква. У 1870 забаронены апошнія кляштары базыльянаў на тэр. Польшчы. Базыльяне захаваліся ў Аўстра-Венгрыі (14 кляштараў у Галіцыі і 7 у Венгрыі). На Украіне базыльяне афіцыйна дзейнічалі да 1946, калі на Львоўскім саборы была ліквідавана Украінская грэка-каталіцкая царква. З таго часу базыльяне разам з усёй царквой перайшлі на нелегальнае становішча. У канцы 1980-х г. яны аднавілі сваю дзейнасць. На Беларусі базыльянства не адрадзілася, аднак невял. частка манахаў праходзяць навіцыят ва ўкраінскіх базыльянскіх кляштарах.

Літ.:

Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен. Спб., 1873;

Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. Спб., 1890.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ШЫЎКА,

від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.

На Беларусі найб. стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш. Стараж. бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст. пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст. пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.

Літ.:

Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Вышыўка. Валан «рэльефнага гіпюру» (Венецыя). Сярэдзіна 17 ст.
Да арт. Вышыўка. Фрагмент арната ў Пінскім касцёле францысканцаў. 18 ст.
Вышыўка насцілам па сетцы. Фрагмент абруса. Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобл.
Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха. Вёска Пасека Старадарожскага раёна Мінскай вобл.
Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі. Вёска Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобл.
Вышыўка процягам. Намітка. Вёска Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.
Да арт. Вышыўка. Хустка. Пскоўская вобл. (Расія). 19 ст.
Да арт. Вышыўка. Касадэ з выявай слівы ў квецені (Японія). 1-я пал. 18 ст.
Да арт. Вышыўка. Украінская мастацкая гладзь. 18 ст.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

фізічная тэорыя прасторы і часу ў іх сувязі з матэрыяй і законамі яе руху. Падзяляецца на спецыяльную (СТА) і агульную (АТА). СТА створана ў 1904—08 у выніку пераадольвання цяжкасцяў, якія ўзніклі ў класічнай фізіцы пры тлумачэнні аптычных (электрадынамічных) з’яў у рухомых асяроддзях (гл. Майкельсана дослед). Заснавальнікі СТА — Г.​А.​Лорэнц, А.​Пуанкарэ, А.​Эйнштэйн, Г.​Мінкоўскі.

У працы Эйнштэйна «Да электрадынамікі рухомых цел» (1905) сфармуляваны 2 асн. пастулаты СТА; эквівалентнасць усіх інерцыйных сістэм адліку (ІСА), пры апісанні не толькі мех., а таксама аптычных, эл.-магн. і інш. працэсаў (спец. адноснасці прынцып); пастаянства скорасці святла ў вакууме ва ўсіх ІСА; незалежнасць яе ад руху крыніц і прыёмнікаў святла. Пераход ад адной ІСА да ўсякай іншай ІСА адбываецца з дапамогай Лорэнца пераўтварэнняў, якія вызначаюць характэрныя прадказанні СТА; скарачэнне падоўжных памераў цела, запавольванне часу і нелінейны закон складання скарасцей, згодна з якім у прыродзе не можа адбывацца рух (перадача сігналаў) са скорасцю, большай за скорасць святла ў вакууме. СТА — фіз. тэорыя працэсаў, для якіх уласцівы вял., блізкія да скорасці святла c у вакууме скорасці руху. У тым выпадку, калі скорасць v намнога меншая за скорасць свята (v << c), усе асн. палажэнні і формулы СТА пераходзяць у адпаведныя суадносіны класічнай механікі. Раздзелы фізікі, у якіх неабходна ўлічваць адноснасць адначасовасці (з дакладнасцю да v​2/c​2 і вышэй), наз. рэлятывісцкай фізікай. Першай створана рэлятывісцкая механіка, у якой устаноўлены залежнасці поўнай энергіі E і імпульсе p цела масы m ад скорасці руху v: E = m c2 1 v2 / c2 , p = m v 1 v2 / c2 , адкуль вынікае ўзаемасувязь энергіі спакою цела з яго масай: E0 = mc​2. На падставе аб’яднання СТА і квантавай механікі пабудаваны рэлятывісцкая квантавая механіка і рэлятывісцкая квантавая тэорыя поля, якія з’явіліся тэарэт. асновай фізікі элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў. Усе асн. палажэнні і прадказанні СТА і пабудаваных на яе аснове фіз. тэорый знайшлі пацвярджэнне ў эксперыментах, выкарыстоўваюцца пры вырашэнні практычных задач ядз. энергетыкі, праектаванні і эксплуатацыі паскаральнікаў зараджаных часціц і г.д. Агульная тэорыя адноснасці (АТА), створаная Эйнштэйнам (1915—16) як рэлятывісцкая (геаметрычная) тэорыя гравітацыйных узаемадзеянняў, вызначыла новы ўзровень навук. поглядаў на прастору і час. Яна пабудаваная на падставе СТА як рэлятывісцкае абагульненне тэорыі сусветнага прыцягнення Ньютана на моцныя гравітацыйныя палі і скорасці руху, блізкія да скорасці святла. АТА апісвае прыцягненне як уздзеянне гравітацыйнай масы рэчыва і поля згодна з эквівалентнасці прынцыпам на ўласцівасці 4-мернай прасторы-часу. Геаметрыя гэтай прасторы перастае быць эўклідавай (плоскай), а становіцца рыманавай (скрыўленай). Гэта азначае, што кожнаму пункту прасторы-часу адпавядае свая метрыка, сваё скрыўленне. Пераўтварэнні Лорэнца ў АТА таксама залежаць ад каардынат прасторы і часу, становяцца лакальнымі, таму можна гаварыць толькі аб лакальным выкананні законаў СТА у АТА. Ролю гравітацыйнага патэнцыялу адыгрывае метрычны тэнзар, які вызначаецца як рашэнне ўведзеных у АТА нелінейных ураўненняў гравітацыйнага поля (ураўненняў Гільберта—Эйнштэйна). У АТА прымаецца, што гравітацыйная маса скрыўляе трохмерную прастору і змяняе працягласць часу тым больш, чым большая гэта маса (большае прыцягненне). У АТА рух цел па інерцыі (пры адсутнасці вонкавых сіл негравітацыйнага паходжання) адбываецца не па прамых лініях з пастаяннай скорасцю, а па скрыўленых лініях з пераменнай скорасцю. Гэта значыць, што ў малой частцы прасторы-часу, дзе гравітацыйнае поле можна лічыць аднародным, створаны ім эфект эквівалентны эфекту, абумоўленаму паскораным (неінерцыяльным) рухам адпаведнай сістэмы адліку. Таму АТА, у якой паняцце ІСА па сутнасці не мае сэнсу, наз. тэорыяй неінерцыйнага руху. Асн. гравітацыйныя эфекты, прадказаныя ў АТА, пацверджаны эксперыментальна. АТА адыграла вял. ролю ў фарміраванні сучаснай касмалогіі.

На Беларусі навук. даследаванні па СТА і АТА пачаліся ў 1928—29 (Ц.​Л.​Бурстын, Я.​П.​Громер) і атрымалі інтэнсіўнае развіццё ў АН, БДУ і інш.

Літ.:

Эйнштэйн А. Сущность теории относительности. М., 1955;

Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. М., 1961;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1967;

Синг Дж.Л. Общая теория относительности: Пер. с англ. М., 1963;

Фёдоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;

Левашев А.Е. Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979;

Иваницкая О.С. Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновской теории тяготения. Мн., 1979.

А.​А.​Богуш.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЧ (Францішак Каролевіч) (псеўд. Ю.​Монвід і інш.; 9.3.1883, Вільня — 3.3.1944),

бел. драматург і тэатр. дзеяч, публіцыст, празаік. Скончыў драм. школу пры Муз. т-ве ў Варшаве (1907). З 1908 у Вільні, рэпарцёр газет, выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік «Perkunas» («Пяркунас»). Удзельнічаў у арганізацыі 1-й бел. вечарынкі ў Вільні, паставіў з драм. гуртком «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, дзе выступаў і як акцёр. За арт. у «Пяркунасе» трапіў пад суд, хаваўся ў Кракаве, у Галіцыі, дзе быў акцёрам польск. правінц. труп. Пасля амністыі 1913 вярнуўся ў Вільню, але быў зняволены ў Лукішскую турму. У 1916 арганізаваў у Вільні тэатр. гурток, з якім паставіў напісаную ў турме ў 1914—15 сваю першую п’есу «На Антокалі» і інш. У 1917 настаўнік у дзіцячым прытулку, супрацоўнік бел. газ. «Гоман». З чэрв. 1918 у Мінску, акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра. З сак. 1919 у Вільні, выдаваў час. «Беларускае жыццё», спрабаваў арганізаваць тэатр. З восені 1919 дырэктар і рэжысёр Бел. нар. т-ра ў Мінску, дзе ставіў свае п’есы. З ліп. 1920 у Вільні, у 1921—23 рэдагаваў газ. «Беларускі звон». У ліст. 1926 прыехаў у Мінск на акад. канферэнцыю і адкрыццё БДТ-2 у Віцебск. У 1927 арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў высылкі на Салаўкі. У выніку абмену на вязня польскай турмы Б.​Тарашкевіча ў вер. 1933 вярнуўся ў Вільню, супрацоўнічаў у газ. «Słowo» («Слова»). У 1940—41 на нелегальным становішчы. У 1942—44 у Вільні, рэдагаваў газ. «Беларускі голас». Забіты ў сваёй кватэры. Вядомы 18 п’ес Аляхновіча: «На вёсцы», «Бутрым Няміра» (абедзве нап. 1916), «Манька» (нап. 1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925), «Базылішк» (нап. 1917), «Чорт і баба», «Страхі жыцця» (абедзве нап. 1918), «Дзядзька Якуб», «Цені» (нап. 1919), «Птушка шчасця», «Няскончаная драма» (абедзве нап. 1920), «Заручыны Паўлінкі» (1921), «Шчаслівы муж», «Пан міністр» (нап. 1922), «Круці не круці — трэба памярці» (1943) і інш. Яны адметныя сцэнічнасцю, фалькл. паэтыкай, напружанасцю і дынамізмам дзеяння, займальнай інтрыгаю, разнастайнасцю характараў, меладраматызмам. Гэта яркае тэатр. відовішча з музыкай, танцамі, песнямі. Некаторыя створаны па літ. творах («Бутрым Няміра» паводле легенды В.​Ластоўскага «Каменная труна», «Лес шуміць» паводле аднайм. палескай легенды У.​Караленкі, «Птушка шчасця» паводле камедыі К.​Марашэўскага, «Заручыны Паўлінкі» створаны як заканчэнне купалаўскай «Паўлінкі»). Яго п’есы жанрава разнастайныя: сац. і бытавая драма, сатыр. і быт. камедыя, меладрама, фарс. У многіх адлюстравана мяшчанскае асяроддзе і яго трагедыя. У драме «Цені» — творы бел. дэкадансу — філас. канцэпцыя пра бездапаможнасць чалавека перад лёсам. Цэнтр. месца ў творчасці Аляхновіча займае «Няскончаная драма» (у многім аўтабіяграфічная, падзеі адбываюцца ў Вільні ў час акупацыі герм. войскам). У ёй аўтар супрацьпастаўляе два погляды на бел. ідэю, бел. адраджэнскі рух. У камедыі «Пан міністр» стварыў вобразы псеўдабеларускага дзеяча, кар’ерыста Філімона Пупкіна і настаўніка-адраджэнца Міколы Светляка. П’еса «Круці не круці — трэба памярці» — сцэнічны гратэск з вобразам смерці, алегорыяй тэрору ў часы сталінізму. Пісаў таксама аповесці, апавяданні, абразкі, вершы. У дакумент. аповесці-ўспамінах «У капцюрох ГПУ» (1937, пер. на 7 моў) упершыню ў бел. л-ры паказаў антычалавечую сутнасць сав. канцлагернай сістэмы. Аповесць «Страшны год» (1944) узнаўляе перажытае аўтарам у 1940—41. Кн. «Беларускі тэатр» (1924) пра гісторыю нац. сцэнічнага мастацтва ад старажытнасці да пач. 20 ст. П’есы Аляхновіча шырока ставіліся ў Зах. Беларусі, трупай У.​Галубка. З 1994 зноў з’явіліся на бел. сцэне.

Тв.:

Калісь. Вільня, 1919;

Страхі жыцця. Вільня, 1919;

Цені. Мн., 1920;

Птушка шчасця. Вільня, 1922;

Шчаслівы муж. Вільня, 1922;

У лясным гушчары. Рыга, 1932;

Няскончаная драма // Полымя. 1992. № 5;

Пан міністар // Беларуская драматургія. Мн., 1994. Вып. 1;

У капцюрох ГПУ. Мн., 1994;

Круці не круці — трэба памярці // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3, вып. 3. С. 366—371;

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 358—364;

Крывіцкі Л. Францішак Аляхновіч // Ніва. 1990. № 2—3;

Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990. № 3;

Яго ж. На адраджэнцкай хвалі // Полымя. 1992. № 5;

Бяляцкі А.«Як я памру...» // Маладосць. 1990. № 10;

Глыбінны У. Тэатр у гады нямецкай акупацыі // Тэатр. Беларусь. 1994. № 4;

Ковель У.А. Наватарскія тэндэнцыі ў беларускай драматургіі пачатку XX ст. (на прыкладзе п’есы Ф.​Аляхновіча «Страхі жыцця») // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1994. № 4;

Яго ж. Жыцця няскончаная драма // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.

Г.​В.​Кажамякін.

Ф.К.Аляхновіч.

т. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЦШЭ ((Nietzsche) Фрыдрых Вільгельм) (15.10.1844, Рокен, каля г. Лютцэн, Германія — 25.8.1900),

нямецкі філосаф, філолаг і паэт, адзін з заснавальнікаў філасофіі жыцця. Вучыўся ў Бонскім і Лейпцыгскім ун-тах. Праф. Базельскага ун-та (1869—79). Першыя яго творы прысвечаны праблемам класічнай філалогіі, першая значная праца па філасофіі «Нараджэнне трагедыі з духу музыкі» (1872) — пераважна аналізу антычнай культуры. У працяг пошукаў Ф.​Шылера і прадстаўнікоў ням. рамантызму, развіў ідэі аб існаванні 2 тыпаў культуры: дыянісійскай — жыццесцвярджальнай, аргаістычнай і ў той жа час трагічнай, якая адпавядае хаатычнай накіраванасці самога жыцця (канцэпцыя «гераічнага песімізму»), і апалонаўскай — сузіральнай, аднабакова разумовай і аптымістычна радаснай. Ідэал мастацтва бачыў у гармоніі гэтых двух тыпаў (напр., у грэч. трагедыі, у Сафокла); папярэднікамі мастацтва будучыні лічыў Р.​Вагнера, Ф.​Шылера, Г.​Гётэ. У якасці культ.-этычнага ідэалу новага тыпу чалавека вылучаў эстэтызаваны ім вобраз звышчалавека як магчымага і дасягальнага ў перспектыве рэальнай будучыні ідэалу ўсяго чалавецтва. Характэрнымі рысамі ідэальнага чалавека лічыў уменне ахвяраваць сабой, велікадушнасць і прагу дзейнай любові, сумленнасць, бясстрашнасць, цвёрдасць, гераізм і г.д. («Так казаў Заратустра», т. 1—3, 1883—84). У творах «Ecce Homo», «Антыхрысціянін» (абодва 1888) і інш. на першы план ён ставіў культ моцнай асобы, якая з крайняй жорсткасцю пераадольвае ўсе маральныя нормы грамадства. Паняццем звышчалавека Н. актыўна карысталіся нацысты, ствараючы ідэалогію пануючай расы (Herenrasse), і прыпісвалі арыйскай расе рысы звышчалавека, які ў адносінах да «чужых» свабодны ад маральных абмежаванняў і кіруецца ў сваіх дзеяннях інстынктамі. Сам Н. быў праціўнікам любых форм панавання масавай свядомасці і расізму. На яго думку, жыццё ёсць праяўленне, аб’ектывізацыя волі, але не абстрактнай сусв. волі (як у А.​Шапенгаўэра), а канкрэтнай волі да ўлады; яе ён разглядаў як аснову «права моцнага», якім павінен кіравацца сапраўдны чалавек ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Н. сцвярджаў, што на працягу ўсёй гісторыі рабы спрабавалі навязаць сваю мараль пануючым арыстакратам, і пачатак гэтаму працэсу паклалі яўрэі ў Старым запавеце, а вышэйшае развіццё ён атрымаў у хрысціянстве, найперш у Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Адсюль вынікае неабходнасць пераадолення вынікаў «паўстання рабоў» у маралі, вяртання чалавека да сапраўднага існавання, да самога сябе. Н. прадказваў распад еўрап. духоўнасці і дэвальвацыю яе каштоўнасцей, узнікненне «масавага грамадства» і таталітарызму, панаванне «будучага хама» з яго нівеліроўкай чалавека пад сцягам усеагульнай роўнасці людзей. Барацьба Н. за вызваленне людзей ад улады духоўных і сац. аўтарытэтаў, якая ўвайшла ў гісторыю культуры пад лозунгам «пераацэнкі былых да гэтага часу каштоўнасцей», зрабіла яго адным з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап. нігілізму («Па той бок дабра і зла: прэлюдыя да філасофіі будучыні», 1886, «Да генеалогіі маралі», 1887). Спадчына Н. паўплывала на развіццё філасофіі, эстэтыкі і л-ры канца 19—20 ст., стала своеасаблівым «ніцшэанскім» пластом еўрап. культуры. Многія яго ідэі ў разнастайнай інтэрпрэтацыі атрымалі развіццё ў філасофіі жыцця і філасофіі культуры, пазітывізме, прагматызме, фенаменалогіі, экзістэнцыялізме. У вострых дыскусіях аб прыродзе маральнай філасофіі Н., яго разуменні сутнасці быцця і звышчалавека, свабоды творчасці, каштоўнасці валявой дзейнасці ўдзельнічалі Г.​Зімель, Г.​Файгінгер, О.​Шпенглер, А.​Камю, М.​Хайдэгер, У.​С.​Салаўёў, Х.​Артэга-і-Гасет, М.​А.​Бярдзяеў і інш. Н. прадугадаў ідэі і ўстаноўкі псіхааналізу ў разуменні чалавека як адзінства некалькіх узроўняў і асаблівасцей яго дзеянняў, абумоўленых неўсвядомленымі матывамі. Генетычны падыход да вытлумачэння псіхічных з’яў і універсальнага імкнення асобы да ўвасаблення сваіх магчымасцей і волі да ўлады збліжала яго канцэптуальныя пазіцыі з З.​Фрэйдам, Э.​Фромам, К.​Хорні, А.​Адлерам, К.​Юнгам і інш. Шэраг ідэй Н. (2 пачаткі культуры, культ жыцця і трагічнасці, адмаўленне маралі, разбурэнне рэлігіі і пафас міфатворчасці) знайшоў адлюстраванне ў творчасці Т.​Мана, Б.​Шоу, Дж.​Лондана, В.​Брусава, М.​Гумілёва, М.​Ікбана і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;

Стихотворения;

Философская проза. СПб., 1993;

Избр. произв. Т. 1—3. М., 1994;

Человеческое, слишком человеческое;

Веселая наука;

Злая мудрость. Мн., 1997;

Афоризмы и изречения. Мн.. 1997;

По ту сторону добра и зла;

Казус Вагнер;

Антихрист;

Ecce Homo. Мн., 1997.

Літ.:

Манн Т. Философия Ницше в свете нашего опыта // Собр. соч.: Пер. с нем. М., 1961. Т. 10;

Философия Ф.​Ницше. М., 1991;

Ясперс К. Ницше и христианство: Пер. с нем. М., 1994;

Кучевский В. Философия нигилизма Ф.​Ницше. М., 1996;

Фридрих Ницше и русская религиозная философия. Т. 1—2. Мн. 1996;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996;

Клюс Э. Ницше в России: Революция моральною сознания: Пер. с англ. СПб., 1999.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сядзе́ць, сяджу, сядзіш, сядзіць; сядзім, седзіце, сядзяць; незак.

1. Займаць такое становішча, пры якім тулава апіраецца на што‑н. ніжняй сваёй часткай. Сядзець на ложку. Сядзець на крэсле. □ [Рыбак:] — Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Якімовіч. [Віця] ўстаў з мяха, на якім сядзеў, і адчуў, што цяжка стаяць. Чарнышэвіч. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць асаблівасці такога становішча. Сядзець падкурчыўшы ногі. □ Даўгі Мірон сядзеў на кукішках на дне выдзеўбанага чоўна. Маўр. // Быць у такім становішчы, пры якім тулава змяшчаецца на чым‑н. сваёй ніжняй часткай і пярэднімі лапамі (пра сабаку, ваўка, ката і пад.). Сядзіць сабе [кот Фядот], дрэмле, мурлыкае. Брыль. Высока на галінцы Вавёрачка сядзіць. Журба. // Знаходзіцца па якім‑н. месцы, паверхні, не рухаючыся (пра птушак, насякомых). Белабока сарока сядзіць на лазе І дзяцей сваіх кліча. Бядуля. Дзіма ляжаў і хроп пад кустом, а на носе ў яго сядзела вялікая шызая муха. Даніленка.

2. Знаходзіцца, быць дзе‑н.; праводзіць час дзе‑н., у каго‑н. доўга, пастаянна. [Сябры:] — Якія ж мы цыганы, калі будзем сядзець на месцы. Вандраванне — наша стыхія. Астрэйка. [Ярохін] з усмешкай успомніў, што ў дзяцінстве вельмі любіў сядзець на вышках, калі дождж вось так барабаніць па гонтавым даху. Шамякін. // Знаходзіцца дзе‑н. з мэтай адпачынку, забавы і пад. Сядзець у рэстаране. Сядзець у гасцях. // Разм. Праходзіць паўторны курс навучання, набываць якія‑н. веды (другі раз). Калісьці ў першым класе .. [Рыгор] сядзеў два гады і таму быў старэйшы за сваіх аднакласнікаў. Ваданосаў. // Жыць, гаспадарыць дзе‑н. (на зямлі, надзеле і пад.). [Барановіч:] — Ніхто мяне з маёй зямлі не спора, на якой я спрадвеку сядзеў. Чорны. На сваіх палосках [бацькі] сядзелі нядоўга. Вялюгін.

3. Знаходзіцца ў стане бяздзейнасці, нічога не рабіць. Мама крыху вальнейшая, але таксама не сядзіць без справы, увесь час завіхаецца. Васілёнак. — А чаго ж вы [старшыня] марудзіце? Людзі колькі балот асушылі, а вы седзіце, — папракнуў Андрэй. Дуброўскі.

4. звычайна за чым, на чым, над чым. Быць занятым чым‑н., займацца чым‑н., знаходзячыся ў сядзячым стане. Сядзець за абедам. □ Але было пазнавата, каб сядзець за чарцяжамі. Шыцік. Хлопец, стоячы перад лаўкай, гаварыў: — Валодзя — трактарыст, ого! Я ў яго ўсю вясну на прычэпе сядзеў. Мы суседзі. Брыль. Я надоўга ў бакоўцы Памкнуўся адзін. Мне — сядзець над праектам І днём і ўначы. Куляшоў. // Разм. Наогул быць занятым чым‑н. Сядзець на выдачы кніг. □ Да вайны Дуся сядзела на кадрах мінскай фабрыкі «Камунарка». Васілевіч. [Унук:] — Сядзіш толькі на званках і на паперах. Тое давай, тое не давай. Пташнікаў. // Разм. Займаць якую‑н. пасаду, выконваць якія‑н. абавязкі; служыць дзе‑н. Чалавек сядзіць у старастах па партызанскаму загаду. Лынькоў. [Мікалай Васільевіч:] — Я працаваў у сталіцы. Высока сядзеў. Паперы рассылаў, па тэлефоне камандаваў. Гаўрылкін.

5. Быць у зняволенні; быць пазбаўленым свабоды. Сядзець у турме. Сядзець на гаўптвахце. □ Толькі Ганку вясна не радавала. Бацька ўсё яшчэ сядзеў у астрозе. Бяганская. З таго часу Якуб з Санькам сядзяць у халоднай. Якімовіч. [Дазорац:] — А завошта ж сядзіць твой бацька? [Паўлік:] — Не ведаю, дзядзечка, ведаю толькі, што ён не вінаваты. Сташэўскі. Хадзіла тады Макарыха пад Полацк у той страшны лагер, але Васіля не знайшла. .. Дзе ты там знойдзеш чалавека, калі ў лагеры сядзела можа тысяч дваццаць. Асіпенка. // Быць змешчаным куды‑н. (пра жывёл, птушак). Канарэйка сядзела ў клетцы. Сабака сядзеў на прывязі. // Быць вымушаным прытрымлівацца якога‑н. рэжыму, абмяжоўвацца чым‑н. Сядзець па дыеце. Сядзець на пайку. □ [Сымон:] — Парсюка сабе закалю, каб не сядзець на нішчымніцы. Чарнышэвіч. Саша, якая .. заўсёды абражалася, калі ёй што-небудзь падобнае прапаноўвалі, узяла гэтае сала, бо брала не для сябе, а для ўсёй сям’і, якая сядзела на адной бульбе. Шамякін. // Разм. Не мець чаго‑н., быць без чаго‑н. неабходнага. Сядзець без грошай. □ [Дзееў:] Вы разумееце, я сяджу без хлеба, але працаваць да іх [немцаў] не іду. Кучар. Хоць не сядзелі без жытла, Але рашылі вось як: Каб жыць паводдаль ад сяла І ад людзей паводдаль. Камейша.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца, размяшчацца дзе‑н. Направа і налева сядзяць хутары, моцныя, каменныя, як крэпасці. Маўр. Гэта быў вельмі стары дом. Вокны яго сядзелі нізка, амаль пры самай зямлі, мезанін перакасіўся. Арабей. Велічэзная галава [Уолтэра] шчыльна сядзела на яго круглых плячах, твар быў прадаўгаваты, энергічны, са сцятымі, сухімі губамі. Гамолка. З чорнажоўтым каптурыкам, на тоўстай ножцы сядзіць баравічок. Навуменка. / Пра вочы. Шэрыя вочы, якія глыбока сядзелі пад пакатым ілбом, выражалі сумленнасць і дабрату. Федасеенка. // Быць, мецца на паверхні чаго‑н. Праз праваленую столь і разбураную страху на .. [ложак] заўсёды лілі дажджы, і ржа на ім сядзела шышкамі. Чорны. // перан. Глыбока таіцца ў кім‑, чым‑н.; караніцца дзе‑н. (пра схільнасці, думкі, звычкі і пад.). Дзяўчына... ведама, дзяўчына — Хто там згадаў, што ў ёй сядзіць. Купала.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Глыбока ўпіўшыся куды‑н., аставацца там. Левая нага была раструшчана ў калене, асколак сядзеў глыбока ў сцягне. Васілевіч. Нарэшце, сазан, у якога ў хрыбце сядзелі маленькія вострыя восці Вано, знямогся, і тады Іліко .. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну. Самуйлёнак. // Быць пакінутым дзе‑н., не ўбраным (пра расліны). У аўтобусе ўчора гаварылі пра маразы, якія, нарэшце, пачнуцца, дык трэба спяшацца дамоў — у .. [бабкі] на гародзе яшчэ сядзелі ў зямлі буракі. Чыгрынаў. // Быць пасаджаным у зямлю, але не расці. Прыняцца яблынька прынялася. Год сядзіць, другі, а не расце. Ігнаценка.

8. Хавацца ў засадзе, тайна размяшчацца дзе‑н. А скуль даведаліся яны [жаўнеры], Дзе мы [паўстанцы] сядзім? Бядуля. Усю мінулую восень немцы сядзелі на гарадзішчы, на Заглініцкім узгорку, а нашы стаялі пад гарой. Сяркоў. / у перан. ужыв. Мне ўспамінаецца, як гаварыў настаўнік, што ў сельсавеце доўгі час сядзелі кулакі. Скрыган.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць змешчаным куды‑н. для выпякання, апрацоўкі. Пірагі .. ужо сядзелі ў печах. Бядуля.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размяшчацца на фігуры пэўным чынам, быць надзетым тым ці іншым чынам; ляжаць. Касцюм сапраўды быў пашыты з густам і сядзеў добра. Карпаў. Яшчэ новая пілотка была як пажаваная, сядзела на патыліцы. Грамовіч.

•••

Вось дзе сядзіць хто-што — выраз нездаволенасці, прыкрасці, злосці і пад., які звычайна суправаджаецца жэстам з указаннем па галаву, шыю, карак (пра каго‑, што‑н., што прычыняе клопаты, непрыемнасці і пад.).

На куце сядзець — знаходзіцца, быць на покуці як ганаровы, пачэсны госць (на вяселлі).

Седма (поседам) сядзець — а) сядзець доўгі час, не ўстаючы; б) знаходзіцца дзе‑н. неадлучна, не выязджаючы, не выходзячы.

Сядзець злажыўшы (склаўшы) рукі — сядзець без справы, нічога не робячы.

Сядзець каменем (камяком) — цяжка ператраўляцца (пра страву).

Сядзець крукам — вельмі старанна рабіць што‑н. (звычайна седзячы). [Таня:] — Квартал жа закончыўся, справаздачнасць складаем, цэлымі днямі сядзім крукам. Марціновіч.

Сядзець на зямлі — займацца сельскай гаспадаркай, земляробствам.

Сядзець на карку чыім (шыі чыёй), у каго — знаходзіцца, быць на ўтрыманні каго‑н., жыць на сродкі каго‑н., стаць клопатам для каго‑н.

Сядзець на тэлефоне — пастаянна знаходзіцца ля тэлефона, перадаючы або прымаючы якія‑н. звесткі, чакаючы чаго‑н.

Сядзець на чамаданах — склаўшы ўсе рэчы, чакаць ад’езду.

Сядзець на чужым хлебе — быць на чыім‑н. утрыманні.

Сядзець на яйках — выседжваць птушанят (пра птушак).

Сядзець пад замком — быць замкнутым дзе‑н.; быць пад арыштам.

Сядзець рот замазаўшы — маўчаць, не адважыцца сказаць слова.

Сядзець у гразі — брудна, неахайна жыць.

Сядзець у дзеўках — доўга не выходзіць замуж.

Сядзець у пячонках у каго — вельмі непакоіць, хваляваць каго‑н., дапякаць каму‑н.

Сядзець як багародзіца (іран.) — нічога не рабіць, сядзець склаўшы рукі, ні на што не рэагуючы.

Сядзець як мыш пад венікам (пад мятлою) — весці сябе (сядзець) вельмі ціха, каб не звярнуць на сябе чыёй‑н. увагі.

Цвіком сядзець; сядзець як цвік — пра неадчэпную думку, пытанне.

Чорт сядзіць у кім гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)