ікра́, ‑ы, ж.
1. Змацаваная сліззю маса зернепадобных яечак, якія адкладваюцца рыбамі, земнаводнымі, малюскамі і іншымі воднымі жывёламі. Ікра жабы. □ Акунь адкладвае ікру ў адзін прыём, таму і нераст у яго цягнецца не больш 3–5 дзён. Матрунёнак. // Харчовы прадукт, які атрымліваецца шляхам апрацоўкі зернепадобных яечак рыбы. Бутэрброд з ікрой.
2. (пераважна з азначэннем). Яда з дробна пасечанай агародніны, грыбоў і інш. Кабачковая ікра. Баклажанавая ікра.
•••
Зярністая ікра — сорт чорнай ікры, прасоленай у непрацёртым выглядзе (у паюсах).
Паюсная ікра — сорт чорнай прасаванай салёнай ікры.
Чорная ікра — ікра асятровых рыб (бялугі, сяўругі, асятра і інш.).
Чырвоная ікра — ікра ласасёвых рыб (кеты, гарбушы і інш.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́пісаць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Спісаць адкуль‑н. Выпісаць цытату.
2. Зрабіць заказ у пісьмовай форме на выдачу, высылку чаго‑н. Выпісаць кнігу з кнігасховішча. Выпісаць газету. // Вызваць пісьмом, тэлеграмай і пад. каго‑н. Пан Вальвацкі зрабіў так, як рабіў не адзін пан, заводзячы культурную гаспадарку: ён выпісаў немца спецыяліста. Крапіва.
3. Выключыць са спісаў, са складу чаго‑н. Выпісаць хворага з бальніцы.
4. Напісаць для каго‑н. дакумент. Выпісаць ордэр, чэк, пропуск, квіток.
5. Кніжн. Старанна апісаць сродкамі мовы, стварыць што‑н. філіграннае; намаляваць. Выпісаць вобразы дзеючых асоб. Выпісаць узор.
6. Разм. Зрасходаваць пісаннем. Выпісаць чарніла з аўтаручкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскруціўшыся, аддзяліцца. Вось адзін сноп .. стаў разлазіцца, аб’язджаць, пэўна перавясла было нямецкае ці адкруцілася. Мележ. // Адшрубавацца. Шруба адкруцілася.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павярнуўшыся, адкрыцца. Кран адкруціўся.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зламацца, адарвацца ад пакручвання ў розныя бакі; перакруціцца. Спелая макаўка лёгка адкруцілася.
4. Кончыць круціцца, адкружыцца. Адкруціліся пары ў вальсе.
5. Разм. Ухіліцца, вызваліцца ад чаго‑н. з дапамогай выдумак, хітрыкаў; пазбегнуць чаго‑н. Пасля таго, як.. [факір] зразумеў, што адкруціцца ніяк не выпадзе, ён шмат што нам расказаў. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кало́нія, ‑і, ж.
1. Краіна, якая гвалтоўна захоплена і эксплуатуецца імперыялістычнай дзяржавай. Калоніі еўрапейскіх дзяржаў. □ Гітлераўскія драпежнікі ставілі за мэту ліквідаваць савецкі грамадскі і дзяржаўны лад, заняволіць і фізічна знішчыць насельніцтва, ператварыць нашу рэспубліку ў калонію германскіх капіталістаў і памешчыкаў. Залескі.
2. Паселішча выхадцаў, перасяленцаў з другой краіны, вобласці. Грэчаскія калоніі на чарнаморскім ўзбярэжжы. Нямецкія калоніі ў Расіі. // Згуртаванне землякоў у чужой краіне, у чужым горадзе. Руская калонія ў Капстанцінопалі.
3. Месца жыхарства асоб, паселеных разам з той або іншай мэтай — лячэбнай, выхаваўчай, працоўнай. Дзіцячая выхаваўчая калонія.
4. Сукупнасць арганізмаў, якія жывуць у злучэнні адзін з адным. Калонія водарасцей. Калонія каралаў. Калоніі мікробаў.
[Ад лац. colonia — пасяленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кара́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Каляны ад засохлай гразі; закарэлы. Каравая ануча. □ Баба прынесла з гары.. каравыя старыя нагавіцы. Чорны. // Вельмі брудны, запэцканы граззю. Каравая свіння.
2. Пакрыўлены, вузлаваты, з нарасцямі (пра дрэвы, расліны). Я стаяў пад караваю грушаю-дзічкаю адзін сярод чыстага поля. Сачанка. Не памятаю, як было, але вавёркаю я ўжо сядзеў на каравай алешыне. Нікановіч.
3. Загрубелы, нягнуткі, з шурпатай скурай (пра рукі, ногі). Каравыя пальцы. □ На возе, звесіўшы босыя каравыя ногі, сядзеў Дойла. Адамчык.
4. перан. Разм. Няскладны, няўмелы, груба выкананы. Каравы пераклад. Каравая фраза. □ Словы тыя .. адно за другое ніжуцца, каравыя, нязграбныя. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кашто́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які дорага каштуе, мае вялікую цану. Каштоўны падарунак. □ Адзін з шайкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідаць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. Залатаносны пясок прамываўся на аўчыне — пясок зносіла вада, а часцінкі каштоўнага металу заставаліся ў поўсці. Самуйлёнак.
2. Які мае важнае, істотнае значэнне. Каштоўная тэхнічная культура. Каштоўны дакумент. Каштоўная прапанова. // Вельмі патрэбны. Каштоўная якасць. □ [У Лясніцкага] была каштоўная прывычка партыйнага кіраўніка: у цяжкі момант раіцца з людзьмі, ведаць іх погляды, думкі. Шамякін.
•••
Каштоўныя камяні гл. камень.
Каштоўныя паперы гл. папера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; заг. пабіся; зак.
1. Разбіцца на кавалкі, часткі. Графік пабіўся. Шыба пабілася. □ Збанок упаў на зямлю і пабіўся. Чорны.
2. Пабіць адзін аднаго. Няма тае гадзіны, каб [дзеці] не пабіліся. Колас.
3. Стукнуўшыся, разбіць сабе што‑н. У час крушэння цягніка Шайдоб моцна пабіўся і ляжаў дома. Федасеенка.
4. Псавацца ад штуршкоў, удараў. Яблыкі пабіліся. Гарбуз пабіўся.
5. Падзяліцца на часткі; расшчапіцца. Некаторыя хвоі аж на ралы пабіліся. Чорны. Веснавыя хмары пабіліся на грубы, падняліся ўверх. Грамовіч.
6. перан. Разм. Многа папрацаваць над чым‑н. Пабіцца над задачай. Пабіцца над артыкулам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пейза́ж, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Агульны выгляд якой‑н. мясцовасці, краявід. Лясны пейзаж. Пейзаж позняй восені. □ Парадзеў, рассунуўся цяжкі і сляпы змрок, выпускаючы з свае няволі тонкія празрыстыя абрысы зімняга пейзажу. Колас. Але мы ішлі, ішлі. Прыгнятаў яшчэ бясконца аднастайны пейзаж. С. Александровіч.
2. ‑а. Малюнак краявіду. Выстаўка пейзажаў вядомага мастака. Намаляваць пейзаж. // Апісанне краявіду ў творах мастацкай літаратуры. Палескія пейзажы ў творах Я. Коласа. □ Пейзажы ў літаратурных твораў выхоўваюць у чытачоў любоў да роднай прыроды і айчыны, вучаць бачыць і адчуваць красу лясоў, палёў, рэк і азёр. А. Макарэвіч.
3. ‑а. Адзін з жанраў мастацкага жывапісу. Лірычны пейзаж. Індустрыяльны пейзаж.
[Фр. paysage.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перамяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Злучыцца, змяшацца з чым‑н. другім. Пшаніца перамяшалася з жытам. □ Дымы розных гатункаў тытун[ё]ў і папярос перавіліся, перамяшаліся і цэлым воблакам звісалі пад нізкаю столлю сялянскай хаты. Колас. / Пра гукі. Усе начныя гукі перамяшаліся і паплылі разам з ветрам. Лупсякоў. // Размясціцца ўперамешку з кім‑, чым‑н. Як вокам глянуць, мора шапак, хустак, перамяшалася, застыла ў цішыні... Пестрак. Рускія, немцы, французы .. перамяшаліся, абдымаючы адзін другога ў танцы. Скрыпка.
2. Змешваючыся, перамясціцца з аднаго месца на другое, памяняцца месцамі. // перан. Стаць невыразным, хаатычным; пераблытацца (пра думкі, уражанні і пад.). У галаве ўсё перамяшалася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нара́, ‑ы; мн. норы, нор; ж.
Паглыбленне пад зямлёй, часта з некалькімі хадамі, якое вырыта жывёлінай і служыць ёй жыллём. Барсуковая нара. Мышыныя норы. □ [Ракі] мясціліся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. Лынькоў. А нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Маўр. // Ход ці паглыбленне, зробленае з якой‑н. мэтай. Саўка звярнуў з дарогі, пайшоў пад стог і спыніўся. Тут можна і адпачыць. Выскуб у стозе нару і зашыўся ў .. сена. Колас. // перан. Разм. Пра малое, цёмнае памяшканне, жыллё. [Гурын] амаль нікуды не вылазіць са сваёй нары — баіцца спаткацца з былымі таварышамі. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)