ЛАЗАРЭ́ЎСКІ (Аляксандр Мацвеевіч) (20.6.1834, с. Гірэўка, цяпер Шаўчэнкава Канатопскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 13.4.1902),
украінскі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1858). Служыў у суд. установах на Украіне. Аўтар даследаванняў па гісторыі сялянства і агр. адносін на Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. [«Маларасійскія паспалітыя сяляне (1648—1783)», 1866; «Людзі старой Маларосіі», 1882—88; «Апісанне старой Маларосіі», 1888—1902, і інш.], пра ўкр. гетманаў («Павел Палуботак», 1880; «Нататкі пра Мазепу», 1898) і інш. Увёў у навук. ўжытак шэраг каштоўных гіст. крыніц, у т. л. «Генеральнае апісанне Маларосіі» 1765—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮДО́ВІК IX (Louis) Святы
(25.4. 1214, г. Пуасі, Францыя — 25.8.1270),
кароль Францыі [1226—70]. 3 дынастыі Капетынгаў. Правёў шэраг рэформ па цэнтралізацыі дзярж. улады, заснаваў у Парыжы асобую суд. палату (т.зв. парламент), якая стала вышэйшай у дзяржаве апеляцыйнай інстанцыяй і атрымала важныя адм. функцыі. Пачаў чаканіць паўнавартасную залатую і сярэбраную манеты. У 1248 узначаліў 7-ы крыжовы паход, але ў 1250 трапіў у егіп. палон (вызвалены за вялізны выкуп). У 1259 уступіў Англіі прав. Гіень. Узначаліў 8-ы крыжовы паход (у Туніс), у час якога памёр. Кананізаваны каталіцкай царквой у 1297.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПАСТЭ́РАЎСКАЯ СТА́НЦЫЯ,
медыцынская ўстанова ў Мінску, якая займалася вырабам антырабічнай (супраць шаленства) вакцыны, правядзеннем антырабічных прышчэпак, дыягнастычным даследаваннем жывёл на шаленства і барацьбой з эпідэміямі; была таксама навукова-практычным цэнтрам па падрыхтоўцы ўрачоў для Мінскай губ. Адкрыта 2.2.1911. Пры станцыі працавалі хіміка-бактэрыял. і суд.мед. лабараторыі. Займалася таксама н.-д. дзейнасцю (даследавалі бактэрыялогію туберкулёзнай палачкі, хворых на малярыю). З лета 1920 да ліп. 1922 не дзейнічала. У 1924 станцыя пераўтворана ў пастэраўскае аддзяленне Бактэрыял. (Пастэраўскага) ін-та (зараз Бел.НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ АСО́БЫ,
адно з фундаментальных і неадчужальных асабістых правоў чалавека. Мае на ўвазе недапушчальнасць адвольнасці пры выкарыстанні рэпрэсіўных мер. Канстытуцыйныя гарантыі Н.а. заключаюцца ў тым, што: склад злачынства павінен быць устаноўлены раней выдадзеным законам; затрыманне можа быць абскарджана ў судзе і ўстанаўліваецца максімальны тэрмін затрымання без рашэння суда; арышт павінен рабіцца толькі на падставе суд. прыгавору або з санкцыі пракурора; пазбаўленне волі павінна быць пакараннем, якое накладаецца на чалавека пасля ўстанаўлення яго віны ў працэсе следства і суда. Права на Н.а. гарантуецца арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́ТКЛИКИ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальнага кірунку. Выдавалася 1(14).1 і 2(15).4.1912, з 24.1(6.2).1914 да 19.4(2.5).1915 у Гомелі на рус. мове спачатку штотыднёва, а з № 25 за 1914 штодзённа. Рэдактар-выдавец М.І.Кулябка-Карэцкі, ён жа аўтар большасці матэрыялаў. Газета была ў апазіцыі да царызму, неаднаразова падвяргалася суд. спагнанням, выходзіла з перапынкамі. Крытыкавала паліцэйска-бюракратычны рэжым, засілле цэнзуры. У арт. «Сацыялісты і вайна» выступіла супраць імперыял. вайны. Асвятляла літ. жыццё Гомеля, асабліва т.зв. «Літаратурныя суды» — канферэнцыі чытачоў, прысвечаныя папулярным творам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСУ́ДНАСЦЬ,
размежаванне кампетэнцыі паміж судамі па разглядзе спраў па 1-й інстанцыі. У суд. працэсе Рэспублікі Беларусь адрозніваюць 2 віды П.: прадметную (радавую — па віду злачынства або прадмета і характару цывільнай справы); тэрытарыяльную (па месцы ўчынення злачынства або месцы жыхарства адказчыка). Калі месца ўчынення злачынства ўстанавіць немагчыма, П. устанаўліваецца па месцы заканчэння следства або дазнання. Па цывільных справах іск звычайна прад’яўляецца па месцы жыхарства адказчыка, іск да юрыд. асобы — па месцы знаходжання яго органа або маёмасці. Гл. таксама Судаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧАЯ КАЛО́НІЯ,
адзін з відаў папраўчых устаноў, дзе адбываюць пакаранне, перавыхоўваюцца і выпраўляюцца паўналетнія асуджаныя судамі Рэспублікі Беларусь да пазбаўлення волі. П.-п.к. падзяляюцца на калоніі агульнага, узмоцненага, строгага і асаблівага рэжыму і калоніі-паселішчы. Від калоніі вызначаецца ў прыгаворы суда і замену яго ў час адбыцця пакарання можа рабіць толькі суд у прадугледжаных законам выпадках. У калоніях розных відаў для асуджаных устанаўліваюцца розныя ўмовы ўтрымання ў залежнасці ад існуючага ў іх рэжыму. Гэтыя ўмовы могуць змяняцца ў бок змякчэння і ўзмацнення жорсткасці ў адпаведнасці з паводзінамі асуджаных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́С, Аляксандр,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі і паэме «Іліяда» траянскі царэвіч, сын цара Прыяма і Гекубы. У спрэчцы Афрадыты з Герай і Афінай за званне прыгажуні прысудзіў перамогу Афрадыце. За гэта Афрадыта дапамагла яму выкрасці прыгажуню Алену, жонку спартанскага цара Менелая, што стала прычынай Траянскай вайны. У канцы вайны П. з дапамогай Апалона забіў грэч. героя Ахіла, але і сам загінуў. Вобраз П., асабліва сюжэт «суд П.», карысталіся папулярнасцю ў мастакоў і скульптараў (Л.Кранах Старэйшы, П.П.Рубенс, А.Канова і інш.).