КАЛАТО́ЗАЎ (сапр. Калатазішвілі) Міхаіл Канстанцінавіч

(10.1.1904, Тбілісі — 26.3.1973),

грузінскі і расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1969). У 1931—34 слухач Дзярж. акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. У кіно з 1923, з 1928 рэжысёр. Дырэктар Тбіліскай кінастудыі (1936), упаўнаважаны К-та па справах кінематаграфіі СССР у ЗША (1943—45), нач. Гал. ўпраўлення па вытв-сці маст. фільмаў (1945—48). Творчасці ўласцівы яркая паэт. вобразнасць, імкненне да перадачы пластыкі выявы, вострых ракурсаў, эфектаў асвятлення. Сярод фільмаў: «Соль Сванетыі» (1930, дакументальны), «Змова асуджаных» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Адданыя сябры* (1954, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Ляцяць журавы» (1957, Вял. прыз 11-га Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1958), «Чырвоная палатка» (1970, італа-сав.).

Літ.:

Кремлев Г. Михаил Калатозов. М., 1965.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЙТАР Навум Барысавіч (Нохум Борухавіч; 9.1.1891, г. Бярдзічаў Жытомірскай вобл., Украіна — 29.8.1966),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1945).

Скончыў Вольныя рэжысёрскія майстэрні У.​Меерхольда (1925). Працаваў у т-рах Масквы, Ленінграда, Кіева, Адэсы, Харкава. У 1940—57 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Творчасці ўласцівы манум. героіка, наватарства ў спалучэнні з яркай тэарэт. формай, лаканізм сродкаў, сатырычная вастрыня, глыбокае раскрыццё характараў. Сярод пастановак: «Несцерка» В.​Вольскага (1941), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1942), «Проба агнём» К.​Крапівы (1943), «Позняе каханне» (1944) і «Гарачае сэрца» (1955) А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля (1945), «Ганна Лучыніна» К.​Транёва (1954), «Крэпасць над Бугам» С.​Смірнова (1956), «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага (1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Г.​П.​Маркіна.

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКІН Пётр Аляксандравіч (25.7.1903, г. Саратаў, Расія — 16.8.1958),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Вышэйшыя майстэрні тэатр. мастацтва (Саратаў, 1924). З 1925 акцёр і рэжысёр т-раў Расіі. З 1949 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Акцёр шырокага дыяпазону. Спалучаў эмацыянальнасць і глыбокі псіхалагізм з мяккім лірызмам, камедыйнасцю і яркай пластычнай выразнасцю. Ролі ў Брэсцкім т-ры: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Каспар («Салаўі пяюць на волі» паводле З.​Бядулі), Круціцкі («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага), Дорн («Чайка» А.​Чэхава), Бяссеменаў («Мяшчане» М.​Горкага), Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.​Транёва) і інш. Паставіў спектаклі: «Зыкавы» М.​Горкага, «Навальніца» Астроўскага (абодва 1952), «Блудны сын» Э.​Ранета (1958) і інш.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ-СТАЯ́Н (сапр. Стаян-Себаў) Канстанцін Іванавіч

(25.3.1853, в. Пятроўка Адэскай вобл., Украіна — 13.6.1914),

балгарскі спявак (тэнар), рэжысёр, педагог. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. У 1888—94 артыст Вял. т-ра ў Маскве, Марыінскага т-ра ў Пецярбургу. Выступаў у оперных спектаклях у Віцебску, розных гарадах Расіі. Выкладаў. З 1907 у Балгарыі. З 1908 заснавальнік і кіраўнік «Балгарскага опернага таварыства» (з 1921 Сафійская нац. опера). Сярод партый: Манрыка, Радамес («Трубадур», «Аіда» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Ленскі, Герман («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага). Аўтар тэарэт. прац па мастацтве спеваў.

Тв.:

Рус. пер. — Исповедь тенора. Т. 1—2. М., 1895—96.

Літ.:

Кръстев В.К. Михайлов-Стоян... // Музикални хоризонти. 1984. № 4.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНФІ́ЛАЎ Глеб Анатолевіч (н. 21.5.1934, г. Магнітагорск Чэлябінскай вобл., Расія),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1984). Вучыўся ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (1960—63), скончыў Уральскі політэхн. ін-т, Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1966). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм», з 1976 на «Масфільме». У 1971—90 сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. Фільмам, якія вызначаюцца парадаксальнасцю рэжысёрскага мыслення, цікавасцю да незвычайных характараў, уласцівы рэзкія зломы апавядальнасці, раптоўныя пераходы ад з’едлівай іроніі да трагедыі, ад тонкага псіхал. малюнка да адкрытай эксцэнтрыяды: «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1970), «Прашу слова» (1976), «Тэма» (1979, вып. 1987), «Валянціна» (1981), «Васа» (1983), «Маці» (1990), «Раманавы. Венцаносная сям’я» (2000) і інш. У Маскоўскім т-ры «Ленком» паставіў «Гамлета» У.​Шэкспіра (1986), «Sorry» А.​Галіна (1992). Дзярж. прэмія Расіі 1985.

т. 12, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫША́Р (Richard) П’ер [сапр. Дэфей

(Defays) П’ер Рышар Марыс Шарль Леапольд; н. 16.8.1934, г. Валансьен, Францыя], французскі акцёр, рэжысёр. Выступаў у кабарэ, мюзік-холах. У кіно з 1968. Стварыў вобраз добрага, невязучага, дзівакаватага героя ў фільмах «Высокі бландзін у чорным чаравіку» (1972),

«Вяртанне высокага бландзіна» (1974), «Забаўка» (1977), «Укол парасонам» (1980), «Бацькі» (1984), «Уцекачы» (1986), «Налева ад ліфта» (1988), «Стары шэльма» (1992) і інш. Паставіў камедыі, у якіх іграў гал. ролі: «Рассеяны» (1970), «Я нічога не ведаю, але ўсё раскажу» (1973), «Я сарамлівы, але я лячуся» (1978), «Гэта не я, гэта ён» (1979) і інш. Зняўся ў Грузіі ў фільмах «Тысяча і адзін рэцэпт закаханага кулінара» (1996), «Лета, або 27 згубленых пацалункаў» (2000). У 2001 гастраліраваў на Беларусі.

т. 13, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАХАТУ́НАЎ Барыс Канстанцінавіч (н. 28.11.1924, Тбілісі),

расійскі рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1951, педагог А.​Даўжэнка). З 1951 працаваў на Далёкаўсх. студыі кінахронікі, з 1969 маст. кіраўнік вытв. аб’яднання «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1979 на Рас. цэнтр. студыі хранікальных і дакумент. фільмаў. Лепшым фільмам уласцівы праблемны падыход да тэматыкі, арган. спалучэнне розных часавых пластоў з выкарыстаннем мастацтва рэпартажных здымак. На студыі «Беларусьфільм» стварыў фільмы па ўласных сцэнарыях: «Бронзавы салдат» (1970), «Памятай!» (1972), «Дзіяна беларускіх лясоў» (сцэн. з А.​Васільевым), «Добры дзень, Беларусь!», «Адзінаццаты раунд» (усе 1973), «Шлях да Арыёна» (1974), «Вялікая вада на Брэстчыне» (1975), «Добрая зямля», «І днём, і ноччу» (1977), «Строгі рахунак» (1978), «Гарачыя травы» (1979), «Вахта памяці. Мінск—1984» (1984).

А.​А.​Лабовіч.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЦІ́НАЎ (Ustinov) Пітэр (н. 16.4.1921),

англійскі рэжысёр, акцёр, прадзюсер, драматург. Па паходжанні рускі. Скончыў Вестмінстэрскі каледж і Лонданскую тэатр. студыю. З 1937 тэатр. акцёр, з 1940 у кіно. Аўтар п’ес «Раманаў і Джульета» (1957), «На паўдарозе да вяршыні» (1967), «Дзесятая Бетховена» (1983) і інш. (многія экранізаваны) з эфектна пабудаваным сцэн. дзеяннем, трапнымі дыялогамі. Раман «Крамнэгел» (1971) — сатыра на стэрэатыпы амер. жыцця. Паставіў фільмы «Школа тайнай службы» (1946), «Білі Бад» (1962), «Хамерсміт выйшаў на волю» (1972; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне) і інш. Зняўся ў больш як 50 фільмах, у т. л. «Кама градзешы?», «Спартак», «Смерць на Ніле», «Зло пад сонцам» У 1997 паставіў у Вял. т-ры (Масква) оперу «Любоў да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева.

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЧЫ́ЦЕЛЬ Яфім Юльевіч (28.10.1913, г. Ціраспаль, Малдова — 18.8.1988),

расійскі аператар і рэжысёр дакумент. кіно. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Ленінградскім ін-це кінаінжынераў (1930—35). Адзін з аператараў фільма «Лінія Манергейма» (1940). У Вял. Айч. вайну франтавы аператар, рэж.-аператар (сумесна з інш.) фільмаў: «Ленінград у барацьбе» (1942, Дзярж. прэмія СССР 1943), «Лагер смерці Клаога» (1944, абодва дэманстраваліся на Нюрнбергскім працэсе як абвінаваўчыя дакументы), «Прарыў блакады Ленінграда» (1944), «Берлін», «Парад Перамогі» (абодва 1945) і інш. Тэма Расіі, партрэты сучаснікаў у фільмах «Рускі характар» (1957), «Дочкі Расіі» (1959), «Мір дому твайму» (1963, за ўсе Дзярж. прэмія Расіі 1967), «Тваё шчодрае сэрца» (1967), «Вілягодскія мужыкі» (1971), «Граніца» (1972), «Помнік» (1975), «Добрай раніцы, людзі» (1981) і інш.

Літ.:

Вольман Н. Б. Ефим Учитель. Л., 1976.

т. 16, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОРД (Ford) Джон [сапр. О’Фіні

(O’Feeney) Шон Алоізіус; 1.2.1895, Кейп-Элізабет, ЗША — 31.8.1973], амерыканскі кінарэжысёр. Ірландзец па паходжанні. З 1914 асістэнт, з 1917 рэжысёр у Галівудзе. У 1920—30-я г. ставіў вестэрны, дзе раскрываў псіхалогію герояў. Мастацтва Ф. вызначаецца высокім майстэрствам рэжысуры і выяўл. вырашэння, дакладнай перадачай атмасферы дзеяння. Лепшыя фільмы — экранізацыі літ. твораў, дзе даследуецца характар чалавека ў крытычных абставінах: «Эраўсміт» (1931),

«Паведамляльнік» (1935, прэмія «Оскар»), «Дыліжанс», «Юны містэр Лінкальн» (абодва 1939), «Гронкі гневу» (1940, прэмія «Оскар»), «Мая дарагая Клеменціна» (1946), «Рыо-Грандэ» (1950), «Ціхі чалавек» (1952, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі, прэмія «Оскар» 1953), «Усход месяца» (1957), «Восень чэенаў» (1964), «Сем жанчын» (1966) і інш. Здымаў і дакумент. фільмы. Пра яго зняты фільм «Пастаўлена Джонам Фордам» (1971).

т. 16, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)