ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; 2 ст. н.э.),

старажытнагрэчаскі пісьменнік. Нарадзіўся, верагодна, у Лідыі. Падарожнічаў па Італіі, Сардзініі, Корсіцы, Аравіі і Сірыі. Напісаная ім у 170-я г. праца «Апісанне Элады» — своеасаблівы даведнік пра найб. вядомыя помнікі гісторыі і культуры: Атыкі і Мегары (кн. 1), Карынфа (кн. 2), Пелапанеса (кн. 3—8), Беотыі і Факіды (кн. 9—10). Апрача асабістых уражанняў П. выкарыстаў творы гісторыкаў і географаў, паэтаў, якія не дайшлі да нашага часу.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛЯЧО́К Янка (сапр. Гаеўскі Іван Яфімавіч; 1888, в. Замужанне Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 28.11.1957),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1912), Мінскі пед. ін-т (1930). Настаўнічаў. Збіраў фальклор на Барысаўшчыне і Лагойшчыне. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». У карэспандэнцыях расказваў пра цяжкое жыццё сялянства, асаблівасці мясцовага побыту. У вершаваным творы «З заработкаў» адлюстраваў жыццё плытагонаў.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 14, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАМА́ЦІ (Stamati) Канстанцін (1786, г. Хушы, Румынія — 12.9.1869),

малдаўскі і румынскі пісьменнік. Аўтар лірычных і сатыр. вершаў, баек, паэм, драм. сцэнак, публіцыстычных артыкулаў, гіст. паэмы «Казка казак» (позняя назва — «Герой Чубэр-водэ...», 1843), кн. «Румынская муза» (1868). У творах адлюстроўваў гераічнае мінулае, барацьбу народа супраць іншаземных прыгнятальнікаў. Паўплываў на развіццё літ. жанраў малд. і рум. л-р.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Кишинев, 1959.

Літ.:

Грекул И.Д. Константин Стамати. Кишинев, 1959.

т. 15, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́МА Вячаслаў Іосіфавіч (н. 5.11.1949, в. Несутычы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1972). Настаўнічаў, працаваў у органах рыбнай гаспадаркі. Друкуецца з 1974. Аўтар зб-каў прозы, публіцыстыкі, навук.-папулярных твораў і твораў для дзяцей «Тайны жывёльнага свету» (1989, з Э.​Р.​Самусенкам), «На воўчых сцежках», «У глыбінках адвечнага бору» (абодва 1991), «Гаспадар таямнічых віроў» (1992).

Тв.:

Щедрость голубого гектара. Мн., 1990;

У нерушы дзікай прыроды. Мн., 2001.

т. 15, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНК (Franck) Себасцьян (20.1.1499, Донаўвёрт, Германія — 1542 ці 1543),

нямецкі пісьменнік, філосаф, дзеяч Рэфармацыі. Каталіцкі святар, потым пратэстанцкі прапаведнік, але адмаўляў догматы лютэранства і ў 1528 далучыўся да анабаптыстаў. З 1539 жыў у г. Базель (Швейцарыя). Аўтар твораў «Хроніка, аналы і гістарычная біблія» (1531), «Парадоксы» (1533), «Касмаграфія» (1533), «Нямецкая хроніка» (1538), «Прымаўкі» (1541) і інш., у якіх выступаў з пазіцый гуманізму, містыкі, супраць царк. дагматыкі і іерархіі, прыватнай уласнасці і інш.

т. 16, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУЦЬКО́ Іван Цітавіч (20.12.1925, в. Гаць Крупскага р-на Мінскай вобл. — 31.8.1984),

бел. пісьменнік. Вучыўся на Вышэйшых літ. курсах у Маскве (1963). Працаваў у калгасе, з 1958 у раённым друку. Друкаваўся з 1940. Аўтар кніг вершаў для дзяцей «Мой мяч» (1953), «Лепшая сяброўка» (1959), «Першае слова» (1964), апавяданняў «Дзедава рэліквія» (1960), «Дзіма хоча быць героем» (1965), казак «Чужая хатка» (1958), зб. вершаў, баек, мініяцюр «Са свайго пункту гледжання» (1966).

т. 17, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РТЭС (Kertész) Імрэ (н. 9.11.1929, Будапешт),

венгерскі пісьменнік, журналіст, перакладчык. Падлеткам трапіў у фаш. канцлагер. Тэма вайны дамінуючая ў яго творчасці. Аўтабіягр. кн. «Без лёсу» (1975) пра жыццё хлопчыка ў канцлагерах Асвенцім і Бухенвальд, пра яго сталенне і веру ў перамогу дабра. Аўтар аповесцей «Па слядах» (1975—98), «Англійскі сцяг», «Пратакол» (абедзве 1991), навел, эсэ. Нобелеўская прэмія 2002.

Тв.:

Рус. пер. — Английский флаг. М., 2001.

І.Кертэс.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН АНЬШЫ́, Ван Цзэфу (1021—86),

дзяржаўны дзеяч Кітая, вучоны, пісьменнік. У 1069 саветнік пры двары, у 1070—74 і 1075—76 — 1-ы міністр. Увёў новы кадастр з мэтай упарадкавання падатковай сістэмы, дзярж. крэдытавання сялян пад ураджай, рэкруцкі набор, спрабаваў рэгуляваць рыначныя цэны. Рэформы адпавядалі інтарэсам дробных і сярэдніх памешчыкаў, часткова сялян. У выніку супрацьстаяння буйных феадалаў большая ч. рэформаў Ван Аньшы ў 1085 была скасавана. Аўтар прац па тэалогіі, гісторыі кіт. літаратуры.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФЕ́З (сапр. Гаглойты Фёдар Захаравіч; 11.9.1913, Баку — 12.8.1983),

асецінскі пісьменнік. Скончыў пед. ін-т (Цхінвалі, 1950). Першы зб. вершаў «Акорды фандыра» (1940). У творах услаўляў жыццё, духоўную прыгажосць асецінскага народа (зб-кі вершаў «Мір», 1952; «Родны ачаг», 1959; «Жыццялюб», 1974; кн. апавяданняў «Лямпачка Дзаджэ», 1961; раман «Добры дзень, людзі!», 1966, і інш.). Вядомы як перакладчык і літ. крытык. На асецінскую мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы. Літ. прэмія імя Косты Хетагурава 1981.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНДЖЫ́ЛІЯ Джансуг Мікалаевіч (н. 14.10.1940, в. Дымі Багдадскага р-на, Грузія),

грузінскі пісьменнік, крытык, публіцыст. Скончыў Кутаіскі пед. Ін-т (1964). Аўтар літ.-публіцыстычных зб-каў «Пачуццё меры ў сучаснай крытычнай думцы» (1979), «Асоба Георгія Саакадзе» (1980), «Паэтычная энергія» (1983), «Душа-стваральніца» (1985), «Рэальнае жыццё грузіна» (1992, Дзярж. прэмія Грузіі 1993), «Краіна — доля Багародзіцы» (1997), у якіх адлюстраваны актуальныя праблемы сучаснай груз. л-ры, праблемы адраджэння і сцвярджэння нац. самасвядомасці груз. народа.

Д.​Мчэдлуры.

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)