Падпісаны 2.4.1997 у Маскве Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Б.М.Ельцыным. Лагічна вынікае з Дагавора аб Супольніцтве Беларусі і Расіі 1996, замацоўвае яго прынцыпы і нормы і адначасова адкрывае новую старонку ў адносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Рас. Федэрацыяй як дзвюма суверэннымі дзяржавамі. Дагавор надае якасна новы характар працэсубел.-рас. інтэграцыі, яднанню бел. і рус. народаў, іх намаганняў у развіцці эканомікі і культуры. Мэты дагавора: умацаванне адносін братэрства, дружбы і супрацоўніцтва ў паліт., эканам., сац., ваен., навук., культ. і інш. галінах; павышэнне ўзроўню жыцця народаў і стварэнне спрыяльных умоў для ўсебаковага гарманічнага развіцця асобы; устойлівае сац.-эканам. развіццё гэтых дзяржаў на аснове аб’яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў, выкарыстання рыначных механізмаў і функцыянавання эканомікі; гарантыя бяспекі і падтрымання абараназдольнасці, сумесная барацьба са злачыннасцю і інш. Неад’емным элементам Саюза Беларусі і Расіі з’яўляецца Статут, які мае сілу міждзярж. дагавора і стварае ў сукупнасці з інш. міждзярж. дагаворамі аснову правасуб’ектнасці Саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛАЗАІ́ЗМ (ад грэч. hylē матэрыя + zōē жыццё),
філасофскае вучэнне пра ўсеагульную адушаўлёнасць матэрыі. У навук. ўжытак тэрмін уведзены ў 1678 англ. філосафам Р.Кедвартам. Гілазаізм — лагічнае дапушчэнне пра адзінства, цэласнасць, самаразвіццё свету, яго праявы адрозніваюцца толькі ўзроўнем развіцця, а не сутнасцю. На аснове такой канцэптуальнай схемы ўзніклі блізкія да гілазаізму вучэнні — пантэізм, панпсіхізм, а таксама вучэнне пра адлюстраванне як усеагульную ўласцівасць матэрыі. Паводле гэтай канцэпцыі, не толькі элементарныя жыццёвыя працэсы, але і складаныя інфарм. сістэмы, што генерыруюць пачуццёвасць, псіхіку і мысленне, маюць натуральнае паходжанне. У стараж.-грэч. філасофіі ідэі гілазаізму распрацоўвалі прадстаўнікі натурфіласофіі (Фалес, Анаксімен, Геракліт, Эмпедокл і інш.). У эпоху Адраджэння гілазаізм у форме пантэізму складаў істотную частку філасофіі Н.Кузанскага, Б.Тэлезіо, Дж.Бруна. Мысленне як уласцівасць, характэрную для ўсёй прыроды, як атрыбут матэрыі разглядаў Б.Спіноза. Франц. матэрыялісты 18 ст. (Д.Дзідро, Ж.Рабінэ) абгрунтоўвалі субстанцыяльны характар адчуванняў, прызнавалі агульную адушаўлёнасць матэрыі. Усеагульнасць уласцівасці адлюстравання знаходзіць пераканаўчае і практычнае пацвярджэнне ва ўсёй сістэме тэхн. забеспячэння сучаснага інфарм.працэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
форма арганізацыі вучэбных заняткаў, пры якой настаўнік непасрэдна працуе толькі з адным вучнем. Пашырэнне атрымала ў сярэдневякоўі. На бел. землях выкарыстоўвалі ў школах пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, а таксама «майстры граматы» (вандроўныя настаўнікі). На І.н. апіралася рамеснае вучнёўства. У 16—17 ст.брацкія школы, пратэстанцкія і інш. сталі выкарыстоўваць элементы класна-ўрочнай сістэмы, якая дазваляла ахапіць навучаннем большую колькасць навучэнцаў і паступова выцесніла І.н. Аднак пры класна-ўрочнай сістэме навучання цяжка ўлічыць індывід. асаблівасці вучняў і стварыць аптымальныя ўмовы для рэалізацыі іх патэнцыяльных магчымасцей. У 1920—30-я г. сусветная пед. практыка вяртаецца да І.н. ў выглядзе Дальтан-плана, Вінетка-плана, метаду праектаў і інш.; у 1960-я г. пашырылася праграмаванае навучанне, з сярэдзіны 1980-х г. — камп’ютэрызацыя. Элементы І.н. выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. практыцы пры індывідуалізацыі навучання — арганізацыі навуч.працэсу з улікам індывід. асаблівасцей вучня. І.н. арганізуецца для дзяцей, якія па стану здароўя не могуць наведваць школу, а таксама ў форме рэпетытарства пры падрыхтоўцы для паступлення ў навуч. ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Ю́ТЭРНАЯ ТАМАГРА́ФІЯ,
метад рэнтгеналагічнага даследавання, пры якім атрымліваюць аксіяльны (папярочны) «зрэз» цела пацыента шляхам апрацоўкі праз ЭВМ даных пра паглынальную здольнасць тканак пры праходжанні праз іх кругавога сканіруючага пучка рэнтгенаўскіх прамянёў. Мае высокую кантрастную здольнасць, што дазваляе дыферэнцыраваць тканкі з розніцай шчыльнасці ў межах 0,5—2%. Метад заснаваны на вымярэнні паказчыкаў аслаблення. Шкала шчыльнасці — ад -1000 (паветра) да +1000 (косці) умоўных адзінак; таўшчыня зрэзаў пры К.т. 2—10 мм. Адзінку вымярэння К.т. — аслабленне — наз. адзінкай Хаўнсфілда. За распрацоўку і выкарыстанне К.т. амер. вучоны А.Кормак і англ. вучоны Г.Хаўнсфілд у 1979 атрымалі Нобелеўскую прэмію.
К.т. — метад удакладнення дыягназу (выяўленне пухлін, кіст, паразітарных пашкоджанняў, змен пасля запаленняў і траўм, заган развіцця, дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў і інш.) у галаўным мозгу, прыдаткавых пазухах носа, арбітах, пазваночніку і спінным мозгу, органах грудной клеткі, брушной поласці, малога таза, касцях і мяккіх тканках. Дапамагае вызначыць лакалізацыю і велічыню паталаг.працэсу, дынаміку развіцця хваробы і вынікі лячэння, месца і аб’ём для хірург. ўмяшання, для тапаметрыі пры прамянёвай тэрапіі і інш. К.т. робяць тамографамі. Існуе К.Т., заснаваная на эфекце ядзерна-магн. рэзанансу, пазітронная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,
пераўтваральнікі розных відаў энергіі ў энергію аптычнага выпрамянення ў дыяпазоне даўжынь хваль да 10 нм да 0,1 мм. Касм. і прыродныя выпрамяняльныя аб’екты (напр., Сонца, зоркі, атмасферныя разрады) — натуральныя К.с. Штучныя К.с. паводле віду працэсу выпрамянення (вымушанага ці спантаннага) бываюць кагерэнтныя (гл.Кагерэнтнасць, Лазер) і некагерэнтныя; паводле віду выпрамянення — цеплавыя, люмінесцэнтныя і плазменныя.
Цеплавыя К.с. — полымя, эл.лямпы напальвання, мадэлі абсалютна чорнага цела, выпрамяняльнікі з газавым награваннем (напальныя сеткі) — маюць неперарыўны спектр, становішча максімуму якога залежыць ад т-ры рабочага рэчыва. Энергетычныя характарыстыкі і від спектра выпрамянення плазменных К.с. вызначаюцца т-рай і ціскам плазмы, што ўтвараецца ў іх пры эл. разрадзе (гл.Электрычныя разрады ў газах) ці інш. спосабам, а таксама хім. складам рабочага рэчыва і прыкладзенай магутнасцю. У люмінесцэнтных К.с. выпрамяняюць халодныя цвёрдыя (ці вадкія) люмінафоры або газы, якія ўзбуджаюцца эл. полем, патокам фатонаў, электронаў і інш. часціц. Іх светлавыя характарыстыкі і спектр выпрамянення вызначаюцца ўласцівасцямі люмінафораў, а таксама шчыльнасцю патоку і энергіяй узбуджальных часціц, напружанасцю эл. поля. Гл. таксама Газаразрадныя крыніцы святла, Лямпа дзённага святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТРЫЦА РАССЕ́ЯННЯ, S-матрыца,
сукупнасць велічынь (матрыца), якая апісвае пераходы квантавамех. сістэм з аднаго стану ў другі пры іх узаемадзеянні (рассеянні); квантавамех. аператар. Абазначаецца Sfi; звязвае хвалевыя функцыі Ψi пачатковага і Ψf канчатковага станаў: Ψf= Sfi Ψi. Уведзена ням. фізікам В.Гейзенбергам (1943).
М.р. разглядаецца як аператар эвалюцыі сістэмы ад бясконца аддаленага мінулага да бясконца аддаленага будучага ў базісе фіз. станаў, калі ўзаемадзеянне, што выклікала адпаведны пераход сістэмы, можна не ўлічваць. Дыяганальныя элементы М.р. апісваюць пругкія працэсы (пругкае рассеянне), недыяганальныя — няпругкія працэсы (рэакцыі з ператварэннем і нараджэннем часціц). Квадрат модуля элемента М.р. вызначае імавернасць адпаведнага працэсу, а сума імавернасцей працэсаў па магчымых каналах рэакцыі роўная 1 (умова унітарнасці М.р.). М.р. мае інфармацыю аб паводзінах сістэмы, калі вядомы лікавыя значэнні яе элементаў і іх аналітычныя ўласцівасці. Напр., асаблівыя пункты (полюсы) М.р. адпавядаюць звязаным станам сістэмы з дыскрэтнымі ўзроўнямі энергіі. Вызначэнне М.р. — асн. задача квантавай механікі і квантавай тэорыі поля.
Літ.:
Берестецкий В.Б. Динамические свойства элементарных частиц и теория матрицы рассеяния // Успехи физ. наук. 1962. Т. 76, вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМБРА́ННЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗДЗЯЛЕ́ННЯ,
метады раздзялення вадкіх і газавых сумесей, якія ажыццяўляюць з дапамогай селектыўна пранікальных (раздзяляльных) мембран. Растворы раздзяляюць метадамі адваротнага осмасу, ультрафільтрацыі, дыялізу, электрадыялізу, выпарвання праз мембрану, калоідныя сістэмы — метадамі мікрафільтрацыі і ультрафільтрацыі.
М.м.р. заснаваны на рознай пранікальнасці мембран адносна кампанентаў сумесі, якую раздзяляюць. Рухальнай сілай працэсаў раздзялення з’яўляецца градыент ціску, канцэнтрацыі, эл. патэнцыялу, т-ры з розных бакоў мембраны. Рухальную сілу працэсу раздзялення, селектыўнасць і тэрмін выкарыстання мембран памяншае т.зв. канцэнтрацыйная палярызацыя — павелічэнне канцэнтрацыі кампанента з найменшай скорасцю пранікальнасці каля паверхні мембраны. Для паслаблення ўплыву гэтай з’явы ў мембранных апаратах сумесь, якую раздзяляюць, эфектыўна перамешваюць. М.м.р. выкарыстоўваюць для апраснення марской вады, ачысткі прамысл. і быт. сцёкавых вод, канцэнтравання і ачысткі раствораў высокамалекулярных злучэнняў, у т. л. біялагічна актыўных, стэрылізацыі паветра, раздзялення і абагачэння тэхн. газаў (напр., пры сінтэзе аміяку) і інш.
Літ.:
Дытнерский Ю.И. Мембранные процессы разделения жидких смесей. М., 1975;
Хванг С.-Т., Каммермейер К. Мембранные процессы разделения: Пер. с англ.М., 1981;
Кестинг Р.Е. Синтетические полимерные мембраны: Пер. с англ.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТ ((Mott) Невіл Фрэнсіс) (30.9.1905, г. Лідс, Вялікабрытанія —8.8.1996),
англійскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў фізікі паўправаднікоў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936), чл.-кар.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1954). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1927), дзе працаваў у 1930—33 і з 1954 (у 1954—71 дырэктар Кавендышскай лабараторыі). У 1933—54 праф. Брыстольскага ун-та. Навук. працы па квантавай механіцы, ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела. Вывеў ф-лу для дыферэнцыяльнага сячэння рассеяння атама (ф-лаМ., 1930). Даў уяўленне аб звязаным стане электрона з зоны праводнасці і дзіркі з валентнай зоны (эксітон Ванье—М., 1937). Пабудаваў тэорыю фатагр.працэсу (мадэль М. — Гёрні; 1938) і тэорыю пераходных металаў і іх сплаваў. Адзін са стваральнікаў тэорыі неўпарадкаваных сістэм. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Ф.Андэрсанам, Дж.Х.Ван Флекам).
Тв.:
Рус.пер. — Теория атомных столкновений. 3 изд. М., 1969 (разам з Г.Месі);
Электронные процессы в некристаллических веществах. Т. 1—2. 2 изд. М., 1982 (разам з Э.А.Дэвісам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЯ АКУ́СТЫКА,
галіна акустыкі, якая вывучае гукавыя ваганні і хвалі настолькі высокай інтэнсіўнасці, што ўзнікае ўзаемадзеянне паміж палямі гукавога і інш. паходжання.
Пры распаўсюджванні магутнага гукавога выпрамянення наглядаюцца скажэнне формы хвалі і ўзнікненне ўдарных хваль, змена спектра і ўзнікненне хваль камбінацыйных частот, дадатковае паглынанне і своеасаблівае насычэнне інтэнсіўнасці, прамянёвы ціск, акустычнае цячэнне вадкасцей і інш. Характэрная асаблівасць нелінейных эфектаў — іх залежнасць ад амплітуды хвалі. Для апісання гэтых з’яў Н.а. зыходзіць з нелінейных ураўн.механікі суцэльных асяроддзяў. Пры ўліку затухання хваль Н.а. карыстаецца вынікамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў і статыстычнай механікі. Пры мікраскапічным апісанні акустычныя хвалі і цеплаабмен разглядаюцца як розныя выяўленні аднаго працэсу (мех. ваганняў) і Н.а. зліваецца з малекулярнай і квантавай акустыкай, асабліва ў дыяпазоне ультрагукавых частот. Прыклады спецыфічных нелінейных эфектаў — ціск гукавога выпрамянення, акустычная кавітацыя. Узаемадзеянне акустычных і эл.-магн. хваль адначасова вывучаецца Н.а. і нелінейнай оптыкай.
Літ.:
Такер Дж., Рэмптон В. Гиперзвук в физике твердого тела: Пер. с англ.М., 1975;
Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛЕ́ЦЫЯ (ад лац. populus народ, насельніцтва),
сукупнасць жывых арганізмаў аднаго віду, якія маюць агульны генафонд, свабодна скрыжоўваюцца ці патэнцыяльна здольны скрыжоўвацца паміж сабой (панміксія), займаюць агульную тэр. і маюць пэўныя прасторава-часавыя ўзаемаадносіны. Тэрмін «П.» ўвёў В.Іагансен (1903).
Мае складаную структуру, якая падтрымліваецца механізмамі самарэгуляцыі і характарызуецца колькасцю асобін, шчыльнасцю засялення, характарам прасторавага размеркавання, палавым, узроставым і генет. складам. Унутры П. вылучаюць больш дробныя групы (сем’і, дэмы, парцэлы, мікрапапуляцыі і інш.). П. розных відаў, якія пражываюць у адным месцы, ствараюць біяцэноз. У прыродзе налічваецца шмат тыпаў П. (напр., насельніцтва Беларусі можна разглядаць як П. людзей; статак зуброў у Белавежскай пушчы — прыродная П. і інш.). Аддзяляецца ад суседніх П. рознымі формамі ізаляцыі, аднак межы паміж імі дакладна не акрэслены. П. разглядаецца як элементарная адзінка эвалюц.працэсу, здольная рэагаваць на змену асяроддзя перабудовай генет. структуры, з’яўляецца формай існавання віду, якая забяспечвае яго эвалюц. ўстойлівасць у сувязі з генет. разнастайнасцю асобных П. Вывучэнне П. мае важнае значэнне для распрацоўкі навук. асноў рацыянальнага выкарыстання і захавання біял. рэсурсаў. Гл. таксама Папуляцыйная генетыка, Экалогія папуляцыйная.