агульная назва практыкаванняў і іх комплексаў, якія выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы воінаў па розных вайсковых спецыяльнасцях. Уключаюць элементы з розных відаў спорту (лёгкая атлетыка, плаванне, лыжныя гонкі і інш.). Да ваенна-прыкладных відаў спорту адносяць ваенна-спарт. мнагабор’і, пераадоленне палос перашкод, марш-кідкі, кросы з арыентаваннем на мясцовасці, лыжныя гонкі са стральбой, плаванне ў абмундзіраванні і са зброяй, фігурнае ваджэнне аўтамабіля і інш. Практыкаванні выконваюцца ў абмундзіраванні з рыштункам і зброяй на спец. палосах перашкод і снарадах індывідуальна або ў складзе каманды (вайск. падраздзялення). Па ваенна-прыкладных відах спорту існуюць адпаведныя нарматывы, спарт. класіфікацыя, праводзяцца спаборніцтвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЦЯ́НІКІ (Limnaeidae),
сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх. Каля 120 відаў, трапляюцца па ўсім свеце. На Беларусі 8 відаў.
Найб. пашыраны балацянік звычайны (Lymnaca stagnalis), балацянік балотны (Stagnicola palustris), балацянік малы (Galba truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах.
Ракавіны (даўж. 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну. Рухаюцца з дапамогай нагі. Орган дыхання — лёгкае, у некаторых яно запаўняецца вадой і функцыянуе як шчэлепы. Гермафрадыты. Вясной адкладваюць яйцы. Жывуць каля 3 гадоў. Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІЦА, сітнёг (Eleocharis),
род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 7 відаў — балотніца балотная (Eleocharis palustris), іголкавая (Eleocharis acicularis), аўстрыйская (Eleocharis austriaca), сасочкавая (Eleocharis mamillata), яйцападобная (Eleocharis ovata), пяцікветкавая (Eleocharis quinqueflora), адналускавая (Eleocharis uniglumis). Растуць па берагах вадаёмаў, на сырых лугах, нізінных балотах, утвараюць зараснікі.
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з каранёвым валасніком або паўзучымі карэнішчамі. Сцябло голае, негалінастае, бязлістае, гладкае ці слабабаразнаватае, з 1—3 ці некалькімі лускападобнымі лістамі каля асновы. Каласкі адзіночныя, цыліндрычныя, канцавыя. Кветкі дробныя, двухполыя Плод арэшкападобны. Кармавыя і харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБАРДЗІ́РЫ (Brachininae),
падсямейства жукоў сям. жужаляў. Больш за 500 відаў, пашыраных у цёплых раёнах зямнога шара. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у лясным подсціле і гэтак далей. Найб. вядомы бамбардзір траскучы (Brachinus crepitans).
Даўж. 5—20 мм, афарбоўка звычайна яркая, стракатая, у некат. відаў са светлымі плямамі на надкрылах. Пры абароне бамбардзіры выпырскваюць з анальнай адтуліны сакрэт, які выпараецца з гучным трэскам, як бы ўзрываецца (адсюль назва) і ўтварае воблачка едкага пару з непрыемным пахам, што адпужвае ворагаў. Лічынкі развіваюцца ў глебе, паразітуюць на кукалках розных жукоў. Некаторыя віды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУАСЬЕ́ ((Boissier) П’ер Эдмон) (25.5.1810, г. Жэнева, Швейцарыя — 25.9.1885),
швейцарскі батанік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (1878). Вучыўся ў Жэневе. Навук. працы ў галіне сістэматыкі і фларыстыкі. Па матэрыялах, сабраных у падарожжах па Іспаніі, Грэцыі, М. Азіі, Егіпце, Палесціне і Сірыі, апісаў каля 6 тыс. новых відаў кветкавых раслін і вызначыў 131 новы род. Аўтар «Усходняй флоры» (т. 1—5, 1867—88), у якой прыведзены апісанні і даныя пра геагр. пашырэнне каля 12 тыс.відаў раслін. Паблізу Жэневы для захавання сабранага ім гербарыя і далейшых работ з ім была створана ўстанова — «Гербарый Буасье».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГО́НКІН (Algonquin),
правінцыяльны парк у Канадзе, на правабярэжжы р. Атава, правінцыя Антарыо. Засн. ў 1893. Пл. 765,3 тыс.га. Размешчаны на невысокім узвышшы — Лаўрэнційскім крышталічным шчыце. Захоўваюцца ландшафты драбналістых і мяшаных лясоў з азёрамі і балотамі. Сярод прадстаўнікоў 15 асн. парод раслін некалькі відаў клёнаў, веймутава сасна, тсуга канадская, асінападобная таполя, вяз, ясень, жоўтая бяроза, шызая елка і інш. У фауне воўк, бабёр, чорны мядзведзь, лось, белахвосты (віргінскі) алень; з птушак звычайныя лысуха, каўнерыкавы рабчык, аўсянка-юнка, белабрывая аўсянка, некалькі відаўамер. валасянак і інш. Развіты турызм, працуюць інфармацыйны цэнтр і музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕ́РЫЯ (Armeria),
род кветкавых раслін сям. свінчаткавых. Каля 50 відаў. Пашырана ў арктычнай і ўмеранай зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі пераважна ў зах. раёнах трапляецца армерыя звычайная, або прадаўгаватая (A. vulgaris). Расце на заліўных і сухадольных лугах, схілах і ўзгорках на пясчанай глебе.
Шматгадовая травяністая расліна з прамастойнай бязлістай кветкавай стрэлкай выш. 15—50 см. Лісце вузкалінейнае, у разетцы. Кветкі ружовыя або белыя ў шарападобнай галоўцы. Плод — сухі аднанасенны мяшочак. Мае антыбактэрыяльныя ўласцівасці, дыурэтычны сродак; шэраг відаў вырошчваюць як дэкар. (напр., армерыя прыморская, бліскучая, альпійская, дзірваністая, японская, сібірская і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДЫ (Mycetophagidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 20 родаў і 200 відаў. Жывуць у грыбах і гнілой драўніне. Найб. вядомыя грыбаед двухкрапінкавы (Dacne bipustulata), грыбаед чырвонагаловы (Triplax russica). На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны Litargus connexus і Mycetophagus quadripustulatus.
Даўж. 2—6,5 мм. Цела авальнае, слаба пукатае, укрыта тонкімі валаскамі. Афарбоўка ад светла-бурай да чорнай, надкрылы звычайна са светлым малюнкам. Лапкі ў самкі 4-членістыя, у самца пярэднія 3-членістыя. Лічынкі грыбаедаў прадаўгаватыя, з даволі вял. галавой і кароткімі нагамі; на заднім канцы цела кручкападобныя вырасты, загнутыя ўверх. Жывяцца пераважна грыбніцай (міцэліем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНО́СЛІВАСЦЬу біялогіі,
здольнасць жывых арганізмаў вытрымліваць экстрэмальныя ўздзеянні навакольнага асяроддзя: абіятычнага, біятычнага і антрапагеннага. Асабліва важныя засухаўстойлівасць і тэрмаўстойлівасць відаў. Па тэрмаўстойлівасці адрозніваюць стэнатэрмныя віды, якія прыстасаваліся да абмежаваных ваганняў тэмператур (напр., водныя расліны і жывёлы), мегатэрмныя — да высокіх тэмператур (напр., насенне і споры), мікратэрмныя — да нізкіх (напр., здольнасць раслін не траціць жыццядзейнасці пасля прымаразкаў) і эўрытэрмныя — да значных ваганняў тэмператур (напр., пугач, або філін). Высокая вынослівасць з’яўляецца перадумовай выжывальнасці, нізкая вынослівасць пры ўмовах заўсёднага змянення (у т. л. антрапагеннага) навакольнага асяроддзя прыводзіць да скарачэння відаў і амаль да поўнага вымірання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІНАСТАВУ́СЫЯ (Cladocera),
падатрад ракападобных атр. лістаногіх. 65 родаў, каля 380 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тоўшчы вады прэсных вадаёмаў. На Беларусі больш як 40 відаў, найб. вядомыя дафніі, басміны, лептадоры, маіны.
Даўж. 0,2—10 мм. Тулава ў большасці ўкрыта паўпразрыстай двухстворкавай ракавінай. Галава выцягнута ў дзюбу. Асн. органы перамяшчэння — 4—7 пар ног і другая пара доўгіх галінастых вусікаў (антэн); антэнулы невялікія. Вочы фасетачныя. Грудныя ногі ў большасці ўтвараюць фільтрацыйны апарат. Кормяцца дэтрытам, бактэрыямі і аднаклетачнымі водарасцямі, ёсць драпежныя формы. Характэрная змена палавога і аднаполага (партэнагенез) размнажэння. Галінаставусымі кормяцца рыбы. Індыкатары забруджвання вады: большасць жыве ў чыстых вадаёмах.