агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Жыгімонтам Кейстутавічам у Троках 6.5.1434 у час Свідрыгайлы паўстання 1432—39. Быў накіраваны на з’яднанне ўсіх феадалаў вакол Жыгімонта. Ураўнаваў саслоўныя, маёмасныя і асабістыя правы літ., бел. і ўкр. князёў і баяр, забяспечваў асабістую свабоду і недатыкальнасць феадалаў, гарантуючы ім разгляд іх спраў у судзе на падставе законаў. Пацвярджалася права князёў і баяр свабодна распараджацца сваімі спадчыннымі маёнткамі, вызваленне іх падданых ад усіх падаткаў, данін, дзякла і павіннасцей на карысць велікакняжацкага скарбу, акрамя павіннасці будаваць і рамантаваць велікакняжацкія замкі і дарогі. Бел. і ўкр. князям і баярам дазвалялася карыстацца гербамі і інш. знакамі шляхецтва. Пашырыў саслоўныя правы ўсіх феадалаў ВКЛ і аб’яднаў іх у адзінае саслоўе з агульнымі саслоўнымі і класавымі інтарэсамі. Правасл.бел. і ўкр. баяры атрымалі магчымасць без абмежаванняў уваходзіць у склад кіруючага ўладнага органа — Рады Вялікага княства Літоўскага. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лізу́н1 ’міфічная істота, якая летам хаваецца ў фасолі, каноплях, гаросе; яна залізвае дзяцей да смерці’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп.), укр.паўн.-зах.лизун ’міфічная істота ў выглядзе вялікага звера, якая жыве ў лясах і жарэ людзей’, рус.ярасл., кастрам., цвяр., смал.лизун ’дамавік, які жыве ў падмосці, пад печчу і якім палохалі дзяцей’. Усх.-слав. рэгіяналізм, які ўзыходзіць да прасл.lizunъ, якое з lizati. Да лізаць (гл).
Лізу́н2 ’той, хто любіць лізаць, лізацца (аб жывёлах)’, ’мужчына, які любіць цалавацца’, ’які любіць прыхарошвацца’ (Шат., Бяльк., Яўс., ТСБМ; міёр., З нар. сл.), ’ліслівец, падхалім’ (Яўс., ТСБМ). Укр., рус.лизун. Да лізаць, лізацца (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калу́пашак ’плецены кош на воз’ (Сцяшк.), колупушок ’кош для перавозкі бульбы’ (Мат. Гом.), ’плецены кораб на сані або воз’ (ТС). Рэгіянальная інавацыя, зах.-бел. форма, магчыма, і незалежная. Утворана метатэзай з палукашак, які, відаць, да *палукош, дзе кош‑ назва вялікага кораба на воз. Менш верагодна думаць пра сувязь палукашак з вядомым у рус. мове лукошко і лукно. Таксама нельга лічыць зыходнай разглядаемую лексему, якая магла быць аддзеяслоўным утварэннем ад калупаць ’плесці’, параўн. смал.колупаць ’плесці лапці’. Апошняе — лакальная інавацыя, параўн. бел.калупаць ’вязаць’ (карункі), утворанае на базе калупаць ’марудна вазіцца’. Адносна ўкр. бойк. параўн. колупінок і колупіток < полукіпок.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
гіга́нт
(гр. gigas, -antos)
1) чалавек, жывёліна або расліна незвычайна вялікага росту; волат, велікан (напр. слон-г., дуб-г);
2) вялікае і важнае па значэнні прадпрыемства (завод-г.);
3) перан. чалавек, які вызначаецца значнымі дасягненнямі ў якой-н. галіне дзейнасці (г. думкі).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВАЛО́ВІЧ (Астафій) (Яўстафій) Багданавіч (каля 1520, Гродзеншчына — 1587),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, гуманіст, мецэнат-асветнік. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Падуанскі ун-т. Падстароста берасцейскі (з 1550), пісар ВКЛ (1552—66), маршалак дворны, дзяржаўца медніцкі, староста магілёўскі, азярышчанскі, берасцейскі, кобрынскі, рэчыцкі. Падскарбі земскі (1561—66), падканцлер (1566—79), канцлер (з 1579) ВКЛ і кашталян трокскі (1569—79), віленскі (з 1579). Неаднаразова быў паслом у Маскве. Праціўнік аб’яднання ВКЛ з Каронай, адзін з лідэраў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569. Актыўны ўдзельнік аграрнай, судова-адм. і інш. рэформаў 1550—60-х г., адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Шмат зрабіў для пашырэння на Беларусі адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. Быў апекуном бел.-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі заснавана Нясвіжская друкарня. Гуманістычна-хрысціянскі запавет «любові да бліжняга» ён пашыраў і на сваіх падданых — чэлядзь і сялян.
Літ.:
Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біягр. нарыс). Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЭ́Н, Вердэн-сюр-Мёз (Verdun-sur-Meuse),
горад на ПнУ Францыі, у дэпартаменце Мёз, на р. Мёз (Маас). 23,4 тыс.ж. (1990). Чыг. вузел. Харч. (цукеркі, лікёры), тэкст., паліграф.прам-сць. Музеі, у т. л. 1-й сусв. вайны (у ратушы 17 ст.). Сабор Нотр-Дам (11—18 ст.), сярэдневяковыя муры з брамамі, палац епіскапа (18 ст.).
У старажытнасці Вердэн — гальскае паселішча Verodunum. З 4 ст. епіскапская рэзідэнцыя. Тут быў заключаны Вердэнскі дагавор 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі. Вердэн увайшоў у дзяржаву Лотара. З 880 у складзе Усх.-Франкскага каралеўства (Германія). З 13 ст. імперскі горад. У 1552 разам з епіскапствамі Мец і Туль далучаны да Францыі, канчаткова замацаваны за ёй у 1648. З 17 ст.ваен. крэпасць. У 1-ю сусв. вайну Вердэн — раён Вердэнскай аперацыі 1916. У 2-ю сусв. вайну ў 1940—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Вызвалены войскамі 3-й амер. арміі, якая дзейнічала разам з франц. арміяй і атрадамі партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛО́Ў (Васіль Іванавіч) (н. 23.10.1932, в. Цімоніха Харкаўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1964). Друкуецца з 1956. Прадстаўнік т.зв. «вясковай прозы», у якой — рус.нац. характар, гіст. лёс сялянства. Першая кніга — зб. вершаў і паэм «Вёсачка мая лясная» (1961). У кнігах прозы «Спякотнае лета» (1963), «Рачныя лукавіцы» (1964), «Звыклая справа» (1966), «Цяслярскія апавяданні» (1968) і інш. — мастацкае даследаванне нар. характараў, побыт, звычаі, традыцыі і перспектывы паўн.рус. вёскі. У раманах «Пярэдадзень» (ч. 1—2, 1972—76), «Усё наперадзе» (1987), «Год вялікага пералому» (1991) — хроніка жыцця вёскі 1920-х г., супрацьпастаўленне абшчыннага і урбаністычнага тыпаў мыслення, лёс сучасных «неперспектыўных» вёсак. Аўтар гумарыстычных мініяцюр (кн. «Бухціны валагодскія», 1969), п’ес, артыкулаў, нарысаў (кн. «Лад», 198.2) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1981, Літ. прэмія імя Л.Талстога 1992.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1991—93.
Літ.:
Селезнёв Ю.В. В.Белов: Раздумья о творческой судьбе писателя. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГАІ́ (Botaurus),
птушкі сямейства чаплевых атр. буслападобных. Каля 20 відаў. Насяляюць усе кантыненты, акрамя Антарктыды. На Беларусі трапляюцца бугай вялікі (B. stellaris) і бугай малы (Ixobrychus minutus), занесеныя ў Чырв. кнігу. Бугай тыгровы (Tigrisoma fasciatum), які жыве ў Бразіліі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 32—80 см, маса 0,13—1,7 кг. Дзюба доўгая, роўная, вострая, ногі доўгія, апярэнне вохрыстае з цёмнымі плямкамі. Спосаб жыцця скрытны, пераважна начны. Гняздуюцца асобнымі парамі на забалочаных берагах азёраў, сажалак, рачных заліваў, у плаўнях, зарасніках чароту, трыснягу, асакі, лазняку. Гнёзды на купінах або невысока над вадой на сцёблах раслін. Нясуць 3—9 яец. Гучныя крыкі самцоў бугая вялікага ў гнездавы перыяд нагадваюць рыканне бугая (нар. назвы: вадзяны бык, бухала, бугай, гібейла). Нар. назвы бугая малога — малы бугайчык, ваўчок, лазнюга, малы гібялюйчык. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, воднымі беспазваночнымі, птушанятамі і інш. дробнымі жывёламі.
Бугаі: 1 — вялікі; 2 — малы (а — самец; б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯЙЗО́ЎСКІ (Касьян Яраслававіч) (5.3.1892, Масква — 4.5.1970),
артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. дз. маст. Літвы (1945). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1909). З 1909 артыст балета Марыінскага, у 1910—18 — Вялікага т-раў. У 1919—25 кіраваў студыяй (з 1922 «Камерны балет») у Маскве. Сцвярджаючы свой стыль, шмат працаваў над харэаграфічнымі мініяцюрамі і аднаактовымі балетамі на музыку А.Скрабіна, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева, Ф.Шапэна, К.Дэбюсі ў пошуках эквіваленту эмацыянальна-пластычнай выразнасці музыкі. Музыкальнасць і багатая фантазія ў галіне харэаграфічных формаў, выкарыстанне ў класічным танцы сучаснай пластыкі, характарнасці і гратэску вызначалі самабытнасць яго творчасці. Сярод лепшых пастановак: «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева на сцэне Дзярж.т-ра оперы і балета БССР (1939), «Іосіф Прыгожы» С.Васіленкі і «Тэалінда» на муз. Ф.Шуберта (1925), «Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна (1964), «Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна (1944 і 1953) у Вял. т-ры, «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага (1935, Харкаў). Аўтар кн. «Вобразы рускай народнай харэаграфіі» (1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РБСКІ (Андрэй Міхайлавіч) (1528—83),
расійскі ваен. і паліт. дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Князь. З смаленска-яраслаўскіх князёў, нашчадак Рурыкавічаў. У 1540—50-я г. прыбліжаны цара Івана IV Грознага, чл. Выбранай рады. Удзельнік Казанскіх паходаў 1545—52. У Лівонскую вайну 1558—83 з 1561 узначальваў рас. войскі ў Прыбалтыцы, у 1562 кіраваў паходам на Віцебск, потым ваявода ў г. Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія). Баючыся магчымых рэпрэсій (гл.Апрычніна), К. ў 1564 уцёк у ВКЛ. Атрымаў у часовае карыстанне вял. маёнткі, у т. л. Крэўскае староства, г. Ковель і інш.Чл. каралеўскай рады Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у паходах Стафана Баторыя супраць рас. войск у 1576 і 1581. Быў двойчы жанаты з прадстаўніцамі мясц. знаці Беларусі. Як праваслаўны выступаў супраць ідэй Рэфармацыі. Аўтар трох пасланняў да Івана IV (1564—79), у якіх асуджаў жорсткасць і дэспатызм цара, антысамаўладніцкага памфлета «Гісторыя пра вялікага князя Маскоўскага» (1573) і інш. твораў.
Тв.:
Переписка Ивана Грозного с Андреем Курбским. Л., 1979.