ДЫВЕРТЫСМЕ́НТ (франц. divertissement літар. забава, развесяленне),

1) устаўныя, пераважна вак.-харэаграфічныя нумары, у драм., оперных і балетных спектаклях у 17—19 ст. Выконваліся паміж актамі спектакля, як правіла, не былі звязаны з яго сюжэтам.

2) Праграма з нумароў розных жанраў (папулярныя арыі, куплеты, танцы, камічныя маналогі і сцэнкі і інш.). З 17 ст. паказвалася ў драм. т-ры пасля заканчэння асн. п’есы.

3) Устаўная муз.-харэаграфічная кампазіцыя (балетная сюіта) унутры опернага ці балетнага спектакля. Уключаецца звычайна для паказу выканальніцкіх магчымасцей салістаў, раскрыцця асн. рыс вобразаў, якія ўвасабляюцца. Вядомы з 17 ст., сустракаюцца і ў 19—20 ст. (рысы дывертысментнасці ёсць у оперы «Кветка шчасця» А.​Туранкова, балетах «Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера, «Выбранніца» Я.​Глебава і інш.).

4) 3 17 ст. інстр. і вакальныя муз. творы развесяляльнага характару. З 18 ст. адна з цыклічных формаў інстр. музыкі для камернага ансамбля ці аркестра і для аднаго інструмента (І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт і інш.). Спалучае рысы санаты і сюіты, блізкі да серэнады, касацыі, накцюрна. Узнік у камедыі-балеце, камічных операх 17—18 ст. (Ж.​Б.​Люлі, Ж.​Ф.​Рамо, К.​В.​Глюк), вядомы і ў больш позніх шматактовых операх і балетах.

5) Свабодная інтэрмедыя ўнутры фугі (у замежнай муз. тэорыі).

т. 6, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНА́МІКА (ад грэч. dynamikos моцны),

раздзел механікі, які вывучае рух матэрыяльных цел пад дзеяннем прыкладзеных да іх сіл. Грунтуецца на 3 асн. законах (гл. Ньютана законы механікі). У Д. рашаюцца задачы 2 тыпаў: вызначэнне сіл, што дзейнічаюць на цела (ці мех. сістэму) па вядомым законе руху, і вызначэнне закону руху па вядомых сілах (асн. тып задач). У выніку вывучэння руху асобных аб’ектаў метадамі Д. ўзнік шэраг спец. дысцыплін — балітыка, нябесная механіка, дынаміка збудаванняў, дынаміка механізмаў і машын і інш.

Задачы Д. рашаюцца з дапамогай дыферэнцыяльных ураўненняў руху, якія паказваюць залежнасць паміж сіламі, што дзейнічаюць на сістэму, масай сістэмы і параметрамі, што вызначаюць яе становішча ў прасторы. Для руху матэрыяльнага пункта і вярчальнага руху цвёрдага цела гэта ўраўненні тыпу 2-га закону Ньютана. Для дэфармаваных цел, вадкасцей і газаў ураўненні руху — дыферэнцыяльныя ўраўненні ў частковых вытворных. Да іх далучаюцца ўраўненні, якія характарызуюць некат. ўласцівасці асяроддзя (напр., залежнасць шчыльнасці ад ціску ці мех. напружанняў, дэфармацыі і інш.). Каб знайсці закон руху мех. сістэмы, трэба ведаць сілы і т. зв. пачатковыя ўмовы, г. зн. каардынаты і скорасці пунктаў сістэмы ў пачатковы момант часу. Для дэфармаваных цел, вадкасцей і газаў трэба дадаць і гранічныя ўмовы (гл. Краявая задача). Дыферэнцыяльныя ўраўненні руху мех. сістэмы можна атрымаць і з варыяцыйных прынцыпаў механікі.

А.​І.​Болсун.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НЦЫ старажытныя,

вялікі саюз плямён індаеўрап. моўнай групы ў паўн.-зах. частцы Еўропы. Займалі тэр. паміж Паўночным і Балтыйскім морамі, Рэйнам, Дунаем і Віслай, а таксама Паўд. Скандынавію. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1 ст. да н.э. Ю.​Цэзар у «Запісках пра Гальскую вайну» (каля 50 г. да н.э.) вылучыў германцаў як асобную этнічную групу і падрабязна апісаў іх побыт. Найб. старажытная з вядомых археал. культур германцаў — культура Ясторф на ніжняй Эльбе і ў Ютландыі (7 ст. да н.э.). Вылучаюць групы германцаў: паўн. (хаўкі, англы, варны, фрызы, гаўты, свіёны), зах. (свевы, маркаманы, квады, лангабарды, семноны) і ўсх. (вандалы, бургунды, готы, гепіды). Іх асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. У 4—6 ст. германцы адыгралі значную ролю ў Вялікім перасяленні народаў, адным з вынікаў якога было ўтварэнне на частцы тэр. Рымскай імперыі т.зв. варварскіх каралеўстваў. На тэр. Беларусі выяўлены могільнікі вельбарскай культуры, пакінутыя готамі і роднаснымі ім гепідамі. Лінгвістамі выяўлена генетычная сувязь і ўзаемапранікненне герм. і славянскіх моў. Пэўную ролю вікінгі (нарманы, варагі) адыгралі ў гісторыі Кіеўскай дзяржавы (гл. Нарманская тэорыя). Стараж.-бел. граматы 13—14 ст. адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага.

Літ.:

История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988. С. 594—605.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць юрыдычных нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні вод і іх ахове. На Беларусі гэтыя адносіны рэгулююцца водным кодэксам Рэспублікі Беларусь і інш. актамі, прынятымі на яго аснове. Воды Беларусі знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, якая ажыццяўляе распараджэнне і карыстанне імі ў інтарэсах усяго насельніцтва краіны. Дзеянні, якія парушаюць права дзярж. уласнасці на воды, забараняюцца. Карыстанне і распараджэнне водамі, што знаходзяцца на сумежнай тэр. Беларусі з інш. дзяржавай, ажыццяўляюцца паводле пагадненняў паміж імі. Кантроль за выкарыстаннем і аховай вод дзяржава ажыццяўляе праз Саветы дэпутатаў, іх выканкомы, а таксама праз спецыяльныя ўпаўнаважаныя органы (Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго падраздзяленні на месцах і інш.). Прафсаюзы, арг-цыі моладзі, т-ва аховы прыроды, навук. т-вы і інш. грамадскія арг-цыі, а таксама грамадзяне аказваюць садзеянне дзярж. органам у ажыццяўленні мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні і ахове вод. Дзярж. органы, у сваю чаргу, пры правядзенні мерапрыемстваў па выкананні воднага заканадаўства абавязаны ўлічваць прапановы грамадскіх арг-цый, працоўных калектываў і грамадзян. Воднае заканадаўства ўтрымлівае абавязковыя для ўсіх прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян палажэнні аб умовах размяшчэння, праектавання, будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемстваў, збудаванняў і інш. аб’ектаў, якія ўплываюць на стан вод. За парушэнне воднага заканадаўства прадугледжана крымінальная, адм., дысцыплінарная, цывільна-прававая адказнасць.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ПЫТ,

уся сукупнасць практычных узаемаадносін паміж чалавекам і аб’ектыўным светам; элемент пазнавальнай дзейнасці, спалучэнне пачуццёвага і абстрактна-лагічнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці на аснове і ў працэсе практычнага ўздзеяння чалавека на навакольны свет.

У гісторыі філасофіі, паводле поглядаў эмпірызму і сенсуалізму, вопыт трактаваўся як адзіная крыніца ведаў. Прадстаўнікі ідэаліст. эмпірызму (Дж.​Берклі, Д.​Юм), абмяжоўвалі вопыт сукупнасцю пачуццяў і адчуванняў і адмаўлялі, што ў аснове яго ляжыць аб’ектыўная рэальнасць. Матэрыяліст. эмпірызм (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Д.​Дзідро, К.​Гельвецый) крыніцай вопыту лічыў матэрыяльны свет. Прадстаўнікі рацыяналізму (Р.​Дэкарт, Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц) меркавалі, што лагічнае мысленне не можа грунтавацца на вопыце, бо розум быццам бы здольны спасцігаць ісціну непасрэдна, без пачуццёва-эмпірычнага пазнання. І.​Кант крытыкаваў рацыяналізм і сенсуалізм, Г.​Гегель лічыў пазнанне працэсам, што развіваецца на шматлікіх узроўнях.

Сучасная філасофія разглядае вопыт як нешта вытворнае ад аб’ектыўнай рэальнасці, як пераўтваральнае ўздзеянне чалавека на знешні свет і як вынік гэтага ўздзеяння ў выглядзе ведаў і навыкаў, як працэс узаемадзеяння суб’екта з аб’ектам. Вопыт адлюстроўвае ўзровень авалодання законамі прыроды, грамадства і мыслення, што дасягнуты людзьмі на дадзеным этапе іх гіст. развіцця.

Літ.:

Швырев В.С. Научное познание как деятельность. М., 1984;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.

В.​В.​Краснова.

т. 4, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ ЗЯМЛІ́, уласнае выпрамяненне зямной паверхні, зямная радыяцыя,

электрамагнітнае выпрамяненне зямной паверхні, састаўная частка радыяцыйнага балансу паверхні Зямлі. Колькасная характарыстыка выпрамянення Зямлі залежыць ад абс. т-ры паверхні Зямлі, якая знаходзіцца прыблізна ў межах ад -83 °C да +77 °C. Пры гэтых т-рах выпрамяненне Зямлі ідзе практычна ў дыяпазоне даўжыні хваль 4—120 мкм (макс. пры 10—15 мкм), накіравана ўгару, і амаль цалкам паглынаецца атмасферай. Зямная паверхня выпраменьвае як шэрае цела з адносным каэф. выпрамянення 0,95. Пры т-ры 15 °C выпрамяненне Зямлі складае 0,38 кВт/м², што магло б прывесці да моцнага ахалоджвання Зямлі, чаго не адбываецца дзякуючы існаванню сустрэчнага атмасфернага выпрамянення, а ўдзень і сонечнай радыяцыі. Розніца паміж выпрамяненнем Зямлі і атм. выпрамяненнем наз. эфектыўным выпрамяненнем, яно і абумоўлівае радыяцыйнае ахалоджванне зямной паверхні ноччу, асабліва пры ясным небе, калі могуць узнікаць туман, раса або шэрань пры замаразках. У цёплую пару года ва ўмераных шыротах выпрамяненне Зямлі за суткі меншае, чым кампенсуючыя яго сустрэчныя патокі выпрамянення, і зямная паверхня награваецца, зімой — наадварот. На Беларусі сярэднямесячныя значэнні выпрамянення Зямлі складаюць (Мінск): студз. 730, люты 675, сак. 775, крас. 870, май 1020, чэрв. 1075, ліп. 1110, жн. 1080, вер. 960, кастр. 900, ліст. 800, снеж. 775 Мдж/м.

М.​А.​Гольберг.

т. 4, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЗА́ННЕ,

від тэкстыльнага пляцення з суцэльнай ніткі, выгнутай у петлі, якія злучаюцца паміж сабой у падоўжным і папярочным напрамках, утвараючы эластычнае палатно — трыкатаж, вытворчасць трыкат. вырабаў; від народнага дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Адрозніваюць вязанне ручное і машыннае. Прамежкавае месца займае вязанне з дапамогай ручных вязальных апаратаў рознай ступені складанасці.

Існуюць 2 асн. спосабы вязання: правязванне пятлі з адначасовым яе закрываннем (вязанне кручком) і правязванне рада незакрытых петляў з наступным іх закрываннем (вязанне пруткамі або з дапамогай прыстасаванняў у выглядзе ліштваў з калкамі). На Беларусі вязанне кручком і пруткамі вядомае з 18 ст., да 20 ст. цалкам выцесніла захаванае яшчэ ад бронзавага веку іголкавае пляценне. Камбінацыі розных прыёмаў вязання даюць магчымасць ствараць багатыя структурна-каляровыя эфекты трыкат. вырабаў. Найб. прыдатныя для вязання ніткі льняныя, баваўняныя, ваўняныя, з хім. валокнаў і змешаныя. Тонкім метал. кручком вяжуць карункі, карункавыя прошвы і падзоры для ручнікоў і бялізны, сурвэткі, абрусы, пакрывалы, адзенне і дэталі да яго; тоўстым драўляным кручком — палавікі і дыванкі. Пруткамі (метал., пластмасавыя) вяжуць сукенкі, блузкі, шарсцяныя жакеты, джэмперы, хусткі, шапкі, пальчаткі, панчохі і інш. вырабы.

Машыннае вязанне на трыкатажных машынах бывае 2 тыпаў: папярочнавязальнае (кулірнае) і асновавязальнае. Выкарыстоўваюць у вытв-сці адзення, бялізны, галантарэйных і швейных вырабаў (гл. Трыкатажная прамысловасць).

А.​У.​Лось.

Тыпы машыннага вязання: 1 — папярочнае (кулірнае); 2 — асновавязальнае.

т. 4, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́К,

горад, цэнтр Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., на р. Гаражанка. За 30 км ад Віцебска, 2 км ад чыг. ст. Гарадок на лініі Віцебск—Невель. 14,6 тыс. ж. (1995).

У летапісах 2-й пал. 13 ст. ўпамінаецца як «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з бітвай паміж палачанамі і літ. войскамі на чале з Мінгайлам, у выніку якой Гарадок быў знішчаны. У 16 ст. ў Гарадку быў замак з 5 вежамі і магутнымі абарончымі валамі. На карце Т.​Макоўскага (1613) Гарадок пазначаны як мястэчка Віцебскага ваяв. ВКЛ. У 1650 упамінаецца Ільінская царква. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 цэнтр Гарадоцкага павета, атрымаў статус горада і герб. У 1887 у Гарадку 23 прадпрыемствы, бальніца, царк.-прыходскае вучылішча, рамесная школа. У 1897 — 5023 ж. З 1924 цэнтр Гарадоцкага раёна. У 1939 — 7,3 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 10.7.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія амаль поўнасцю разбурылі горад, у Гарадку і раёне загубілі 5084 чал. Вызвалены 24.12.1943 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў выніку Гарадоцкай аперацыі 1943. У 1959 было 7,6 тыс., у 1969 — 9 тыс. жыхароў.

Ільнозавод, цэх Полацкага аўтарамонтнага з-да, прадпрыемствы дрэваапр., лёгкай, буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Цэнтр ганчарнага рамяства. Мемар. комплекс на вайсковых могілках, магіла ахвяр фашызму.

т. 5, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРСІ́Я ЛО́РКА ((García Lorca) Федэрыка) (15.6.1898, Фуэнтэвакерас, прав. Гранада, Іспанія — 19.8.1938),

іспанскі паэт і драматург. Вывучаў філасофію, л-ру, права ў Гранадзе і Мадрыдзе. У 1931—33 узначальваў вандроўны студэнцкі т-р «Ла Барака». Расстраляны франкістамі. Творчасць Гарсія Лоркі непарыўна звязана з ісп. фальклорам, з якога ён пераняў эмацыянальную напружанасць, гукі, колеры, сімволіку і інш. Адна з гал. ідэй яго паэт. творчасці — магчымасць дыялогу паміж людзьмі, кожны з якіх уяўляе асобны свет. У зб-ках «Песні» (1927), «Цыганскае рамансэра» (1928), «Вершы пра кантэ хонда» (1931), «Дыван Тамарыта» (1936), «Паэт у Нью-Йорку» (выд. 1940) водгук рамантызму. У драматургіі Гарсія Лоркі, якая адчула ўплыў сюррэалізму, паглыблены аналіз міжсаслоўных адносін і сац. пытанняў (гераічная драма «Марыяна Пінеда», 1928; нар. фарс «Цудоўная башмачніца» 1930; трагедыі «Крывавае вяселле», паст. 1933; «Йерма», паст. 1934; п’еса «Донна Расіта, дзяўчына, альбо Мова кветак», паст. 1935; драма «Дом Бернарды Альбы», выд. 1945). На бел. мову яго творы перакладаў Р.​Барадулін.

Тв.:

Obra poética. Vol. 1—3. Barcelona, 1981—83;

Бел. пер. — Блакітны звон Гранады: Выбр. лірыка. Мн., 1975;

Рус. пер. — Избранное;

Театр;

Стихи. Мн., 1983;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1986.

Літ.:

Осповат Л. Гарсия Лорка. М., 1965.

С.​В.​Логіш.

Ф.Гарсія Лорка.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫ ЦЭНТР БЕЛАРУ́СІ,

кропка на зямной паверхні з геагр. каардынатамі (B=53°31, 7; L=29°02, 8); нац. сімвал глабальнай прывязкі бел. дзяржавы да планеты Зямля. Размешчаны за 70 км на ПдУ ад Мінска, каля в. Антанова Навасёлкаўскага с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Вызначаны пад умовай i = 1 n S i 2 = min , дзе Si, — адлегласць паміж геаграфічным цэнтрам Беларусі і характэрнымі выгінамі вонкавай мяжы Беларусі. Замацаваны двайным геад. маналітам і аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі для пунктаў зыходнай геад. дзярж. апоры (абазначаны пірамідай, пад якой пастаўлена пліта з надпісам «Геаграфічны цэнтр Рэспублікі Беларусь»). Каардынаты геаграфічнага цэнтру Беларусі і трох яго спадарожнікаў занесены ў Дзяржаўны геад. каталог у якасці пунктаў дзярж. геад. сеткі. Пошукавыя работы выкананы ў 1996 82-й экспедыцыяй аб’яднання Белгеадэзія сумесна з фірмай «Аэрагеакарт» па спец. праграме з выкарыстаннем картаў маштабу 1:200 000 і штучных спадарожнікаў Зямлі. Мяркуецца яго практычнае выкарыстанне ў якасці ўласна беларускай зыходнай астранома-геад. даты са сваёй арыентацыяй на целе геоіда і рэферэнц-эліпсоіда, прыбліжанага да фіз. паверхні Беларусі. У выніку змяншаецца скажэнне ліній і плошчаў пры праектаванні іх на паверхню адноснасці і стварэнні картаў інж. прызначэння.

А.​А.​Саламонаў.

Група вучоных — вызначальнікаў геаграфічнага цэнтра Беларусі.
Фрагмент карты маштабу 1:200 000 з пазначэннем геаграфічнага цэнтра Беларусі.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)