ахво́та, ‑ы, ДМ ‑воце, ж.
1. Жаданне задаволіць якія‑н. свае патрэбы, імкненні, схільнасці, захапленні. У нашай цудоўнай Савецкай Айчыне шлях у жыццё ім шырока адчынен і да навукі, да усякай работы, абы ты здольнасці меў і ахвоту. Дубоўка. З гулам, з грукатам страшэнным Яна [маланка] рухае машыны. Хутка бегае па дроце (Не па ўласнай хоць ахвоце). Крапіва. Іліко плёскаўся ў вадзе, колькі было ахвоты. Самуйлёнак. Дзе няма ахвоты, там няма работы. Прыказка.
2. безас. у знач. вык. Ёсць жаданне што‑н. рабіць. Хай глядзіць ён [звярок] на людзей І на іх работу... Бор грыміць, звініць, гудзе, Мне спяваць ахвота! Бялевіч.
3. Разм. Пара цечкі, жаданне да спарвання ў самак.
•••
Адбіць ахвоту гл. адбіць (у 5 знач.).
Ахвота бярэ — ёсць жаданне да чаго‑н.
Паддаць ахвоты гл. паддаць.
Сагнаць ахвоту гл. сагнаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.
1. Абвіць, абматаць што‑н. вакол чаго‑н. Аднак ён усё ж убіў у зямлю адно з нашых моцных вёсел і некалькі разоў абкруціў вакол яго жалезны ланцуг, прыкаваны да лодкі. Кірэенка.
2. Абматаць, абвязаць што‑н. чым‑н. Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю. Быкаў. // Загарнуць у што‑н., накрыць, ахінуць чым‑н. з усіх бакоў. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі і ўвесь у латках бот. М. Стральцоў.
3. перан. Разм. Абхітраваць. [Салдат:] — Тут справа такая цяпер, што ці мы зямлю возьмем і засеем з восені, ці паны нас абкруцяць... Галавач.
4. Разм. Ажаніць. Замуж Хадору Бацькі выдавалі. З хлопцам чужым У царкве абкруцілі. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што, а таксама з чым і з інф. Давесці выкананне чаго‑н. да канца; завяршыць. Кончыць жніво. Кончыць з рамонтам. Кончыць пісаць. □ Хлопцы кончылі сваю работу і пайшлі дамоў. Колас. // што. Поўнасцю расходаваць. Кончыць усё мяса.
2. што, чым. Зрабіць што‑н. у заключэнне, закончыць чым‑н. Кончыць выступленне заклікамі. // Закончыць сваю дзейнасць, жыццё пэўным чынам; зрабіць што‑н. у канцы жыцця. Яшчэ так не было на свеце, Каб іуда кончыў, як чалавек, жыццё. Танк.
3. што. Закончыць навучанне дзе‑н. Кончыць універсітэт.
4. што, а таксама з чым і з інф. Спыніць што‑н.; палажыць канец чаму‑н. Кончыць гулянкі. Кончыць з прагуламі. Кончыць бяздзейнічаць.
5. каго. Разм. Звесці са свету; загубіць.
•••
Дрэнна (кепска) кончыць — пра ганебны канец чыйго‑н. жыцця або дзейнасці.
Кончыць жыццё — памерці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змоўк, ‑ла; зак.
1. Перастаць раздавацца, сціхнуць (пра гукі). Песня змоўкла. □ Змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Гоман працы змоўк у полі, Сціхлі гукі за ракой. Гілевіч.
2. Перастаць гаварыць, крычаць, пець і пад.; замоўкнуць, заціхнуць. Мікіта Мінавіч на хвіліну змоўк і зноў абвёў усіх спакойным поглядам. Кулакоўскі. Недзе далёка зноў закукавала зязюля і адразу змоўкла. В. Вольскі. / Пра музычны інструмент, радыё, тэлефон і пад. Ужо і радыё змоўкла, але сама [Маша] ніяк не магла заснуць. Гроднеў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Кулямёт змоўк. □ Самаходка тым часам змоўкла, затое ротныя мінамёты пачалі біць раз-поразу. Кулакоўскі. // Перастаць напаўняцца гукамі, гоманам і пад. Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын. Шамякін. Не інакш, як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знаёмства, ‑а, н.
1. Адносіны паміж людзьмі, якія ведаюць адзін аднаго і падтрымліваюць узаемныя сувязі; устанаўленне, пачатак такіх адносін. Завесці знаёмства. □ Са Святланай у Салаўёва знаёмства было даўняе, яшчэ партызанскае. Шахавец. [Ядвіга] знаёмілася з ваколічнай шляхтай, хаця з «кавалерамі» мала гутарыла пры знаёмстве. Бядуля.
2. Разм. Круг знаёмых. У яго ў горадзе вялікае знаёмства. □ Міласэрныя сёстры, мяшчане, сяляне, чыгуначнікі, гандляры, спекулянты складаюць звычайны круг знаёмства швачкі Самабыліхі. Колас.
3. Набыццё ведаў, звестак пра што‑н., азнаямленне з чым‑н. Знаёмства Карніцкага з камвузам зацягнулася на цэлых тры гады. Паслядовіч. // Веданне чаго‑н., азнаёмленасць з чым‑н. З салдатаў Бухча прынёс знаёмства з культураю. Чорны.
•••
З першага знаёмства — адразу, пры першай сустрэчы.
Па знаёмству — скарыстоўваючы блізкія адносіны, сувязі з кім‑н. (уладкавацца, уладзіць якую‑н. справу і пад.).
Шапачнае знаёмства — павярхоўнае знаёмства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
былы́, ‑ая, ‑ое.
1. Мінулы, прошлы. У народных песнях і паданнях расказваецца аб цяжкім лёсе дзяўчыны ў былыя часы. Ярош. Можа, ты пра былое жыццё сваё, браце, раскажаш? Танк. // у знач. наз. было́е, ‑ога, н. Мінулыя часы, падзеі; усё, што было раней, прошлае. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачамі. Мележ. Фотаздымак.. Сваёю Рукою на ім Напісала яна [Алеся]: «На ўспамін аб былым». Куляшоў. Ды прашу, што мінула, Прайшло, не вяртай — Для былога няма павароту. Тарас. // Які быў раней, ранейшы. Шэрыя дзедавы вочы яшчэ захавалі сваю былую зоркасць. Колас. То нікла дойна, то ўзлятала ў высь начную да нябёс, і нам яна апавядала пра лёс былы і новы лёс. А. Вольскі.
2. Які страціў ранейшае становішча або прызначэнне. На месцы былой пусткі вырас дом. □ Кулага Мацвей — былы вучань Міхаіла Дзям’янавіча. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., каго.
1. Захапляючы, зачароўваючы сваім выглядам, прыцягваць да сябе. [Лабановіча] наогул захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі. Колас. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, калі ўтаймуецца бура і шторм. Сюды мяне змалку і клікаў і вабіў бязмежны, жывы і нястрымны прастор. Грахоўскі. / у безас. ужыв. Хоць не было спякоты, але так і вабіла пад засень дрэў. Шахавец. // Выклікаць цікавасць да сябе, прыхільнасць, сімпатыю. Шырокая барада [Тодара].., яго манера гаварыць проста, зразумела і ясна, — усё гэта вабіла да яго. Нікановіч. Даша належала да ліку тых жанчын, хараство якіх не кідаецца рэзка ў вочы, а вабіць, захапляе, грэе. Васілевіч.
2. Падзываць птушак або звяроў, падрабляючы іх голас. [Піліпоўскі] жартаваў, высвістваў маршы, вабіў свістам з прыдарожных хмызнякоў птушак. Чорны. Там у таямнічыя Ночы ля дубоў Нашы паляўнічыя Вабілі ваўкоў. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
застая́цца, ‑стаюся, ‑стаішся, ‑стаіцца; зак.
1. Доўга прастаяць без работы, без руху (часцей пра каня). Коні застаяліся, астылі — іх цяжка было стрымліваць. Кулакоўскі.
2. Спыніўшыся, доўга прастаяць на адным месцы (думаючы, разглядаючы што‑н. і пад.). Застаяцца перад карцінай. □ Як прыйшла я на ток малаціць — У задуменні застаялася. Багдановіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Доўга стаяць, не перасыхаючы, не сцякаючы (пра ваду). У каляінах застаяліся брудныя лужыны. Новікаў. // Страціць свежасць, сапсавацца, знаходзячыся доўга ў нерухомасці (пра ваду, паветра). У калодзежы многа вады, але яна застаялася, гнілая. Жычка.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Разм. Застацца на доўгі час не выкарыстаным. Цікавыя кнігі па паліцах не застаяцца. Летам асвяжальны напітак у магазіне не застаіцца. □ У лясніцтве кут парожн[і] .. Не застаіцца, не згуляе, Паноў к сабе ён прыцягае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зве́рху, прысл.
1. На паверхні чаго‑н., на чым‑н. Поўная ліпаўка баравікоў... Зверху лісты папараці, каб не трапіў пыл у кошык. Лынькоў.
2. У верхняй частцы чаго‑н., над чым‑н. Звычайна ў нарадзе пішацца рабочае заданне, а зверху ставіцца шыфр аддзела, цэха ці аб’екта, куды будзе аднесена гэта работа. Скрыган.
3. Па паверхні, з вонкавага боку. Хлеб зверху заплеснеў. □ Сцюжа прабірае «Салаўя». Але гэта толькі зверху — рукі, твар. Унутры цёпла, ажно горача... Бядуля.
4. У напрамку ўніз; з чаго‑н., размешчанага ўверсе. На дварэ было ціха: ні зверху нічога не падала, ні па нізе не мяло. Лобан. // перан. З боку вышэйстаячых, кіруючых органаў. — Пасля смерці братоў прыехаў сюды ненадоўга, а застануся тут, мабыць, да [той] пары, пакуль зверху ці знізу скамандуюць: «стоп, машына!» Самуйлёнак.
•••
Зверху ўніз глядзець (пазіраць) на каго гл. глядзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Участак лесу, адведзены пад высечку або ўжо высечаны. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку, якую адвялі калгасу. Ермаловіч. — Такія елкі, як на плошчы, прывозяць з дзялянак, дзе сякуць лес, а не абы-адкуль. Хадкевіч.
2. Участак зямлі, адведзены для якой‑н. мэты (апрацоўкі, забудовы і пад.). Усе пайшлі аглядаць доследныя дзялянкі, якія былі тут жа, за палацам. Дуброўскі. Дзяўчынка адводзіць сваёй казе раскошную дзялянку: метраў дваццаць ва ўсе бакі ад убітага ў зямлю коліка. Кулакоўскі.
3. Абл. Кавалак чаго‑н. Бабіцкая разгарнула скрутак: там была круглая буханка жытняга хлеба і дзялянка сала. Гурскі. // Частка, доля ад чаго‑н. (пры дзяльбе). Актыўны гуманізм рыбакоў праявіўся ў аднадушным рашэнні даваць дзялянку з кожнага ўлову ўдаве Прахора і старому Сымону. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)