расійскі фізік і вынаходнік, заснавальнік электроннага тэлебачання. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1891). У 1894—1918 і з 1924 у ВНУ Ленінграда, з 1931 у Архангельскім лесатэхн. ін-це. Адначасова з 1924 у Ленінградскай эксперым. эл.-тэхн. лабараторыі, у 1928—31 у Цэнтр. лабараторыі правадной сувязі. Навук. працы па электрадынаміцы і радыёфізіцы. Вынайшаў першую электронную сістэму стварэння і перадачы тэлевізійнага відарыса (1907), дзе выкарыстаў электронна-прамянёвую трубку і безынерацыйны фотаэлемент. Здзейсніў перадачу тэлевізійнага відарыса на адлегласць і прадэманстраваў яго прыём (1911). Стварыў больш за 120 розных схем і сістэм тэлевізійнай апаратуры.
Літ.:
Горохов П.К. Б.Л.Розинг — основоположник электронного телевидения. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎ Я́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,
эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс.г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЯЖЭ́ВІЦКІ ІО́СІФАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1907—11 з каменю. Асн. аб’ём прамавугольны ў плане, накрыты высокім 2-схільным дахам, з усх. боку прылягаюць больш нізкія паўкруглая апсіда і сіметрычныя сакрысціі пад вальмавымі дахамі. На гал. фасадзе ўзвышаюцца 2 магутныя 3-ярусныя чацверыковыя вежы, умацаваныя па вуглах ступеньчатымі контрфорсамі і завершаныя востраканечнымі шатрамі. Тарэц нефа паміж вежамі завершаны 2-схільным зубчастым шчыпцом з круглым вітражным акном-ружай у цэнтры і бетонным лац. крыжам. Бакавыя фасады рытмічна члянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі. У інтэр’еры 12 насценных рэльефных пано на тэму «Крыжовы шлях Хрыста».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРУ́ЦКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,
сістэма камплектавання рас.рэгулярнага войска ў 18—19 ст. Пачаткам пераходу да Р.п. з’явіліся змены ў складзе і парадку набору датачных людзей (1699); канчаткова ўведзена ў 1705. Рэкрутаў набіралі прымусова з усіх падатных саслоўяў (сялян, мяшчан і інш.). Пазней ад Р.п. былі вызвалены купцы, царк. служкі, ганаровыя грамадзяне і інш. Напачатку рэкруты служылі пажыццёва, з 1793—25 гадоў, з 1834—20, у 1855—72—12, 10 і 7 гадоў. Узрост рэкрутаў складаў (у розныя гіст. перыяды) ад 17 да 35 гадоў (у 1726—66 — «усякага ўзросту»). Да 1724 бралі 1 рэкрута з 20 двароў, потым 5 і больш з 1000 рэвізскіх душ. У 1874 Р.п. заменена ўсеагульнай воінскай павіннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛЬЕ́Фу мастацтве,
двухмерная скульпт. выява на плоскасці; від скульптуры. Спецыфічная асаблівасць Р. — непарыўная сувязь з плоскасцю, якая з’яўляецца фіз. асновай і фонам выявы. Разгортванне кампазіцыі на плоскасці дае магчымасць перспектыўнай пабудовы прасторавых планаў і стварэння ілюзіі акругласці аб’ёмаў, тонкая мадэліроўка форм — адлюстроўваць складаныя шматфігурныя сцэны, арх. і пейзажныя матывы (т.зв. жывапісны Р.). Пры гэтым прасторавыя суадносіны могуць перадавацца ўмоўна, скарочана, а формы адпаведна станавіцца больш плоскімі. Паводле адносін да плоскасці вылучаюць пукаты Р. (барэльеф, гарэльеф) і паглыблены Р. — контррэльеф («негатыў» барэльефа) і кайланагліф (спалучае паглыблены контур і пукатую мадэліроўку выявы). Уключаецца ў кампазіцыі арх. аздаблення і скульпт. помнікаў, бывае самаст. творам. Шырока выкарыстоўваецца ў гліптыцы, медальерным мастацтве, мемарыяльных дошках, пячатках, плакетках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬМАНЕЛЁЗЫ,
вострыя інфекцыйныя захворванні чалавека і жывёл, якія выклікаюць сальманелы; пераважна пашкоджваецца страўнікава-кішэчны тракт. Вядома больш за 2 тыс. сератыпаў узбуджальніка С. Для чалавека крыніца заражэння — свойскія жывёлы і птушкі, таксама людзі-носьбіты сальманел. Інфекцыя заносіцца праз прадукты харчавання, кантактна-бытавым шляхам. Вылучаюць лакалізаваныя формы С., генералізаваныя і бактэрыяносьбіцтва. Пры лакалізаваных цячэнне хваробы вострае, з высокай т-рай цела, болямі ў вобласці жывата, ірвотай, вадзяністым стулам са сліззю, абязводжваннем арганізма. Пры генералізаваных С. узбуджальнік цыркулюе ў крыві; назіраецца працяглая ліхаманка з сімптомамі інтаксікацыі. Бактэрыяносьбіцтва выяўляецца пры бактэрыял. абследаванні. Лячэнне тэрапеўтычнае. Жывёлы і птушкі заражаюцца праз кармы, глебу, ваду, пры кантакце з хворымі, праз прадметы догляду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯ́НКА (Salsola),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў пустынях і паўпустынях Еўразіі, Афрыкі, заносныя ў Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 3 віды С.: пантыйская (S. pontica), руская, або курай, паташнік, ці попельнік (S. ruthenica), і ўзгоркавая (S. collina). Трапляюцца ўздоўж дарог, чыгунак, на пустках, каля жылля.
Аднагадовыя травы, невял. дрэвы, кусты ці паўкусты. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя, растапырана-галінастыя, цвёрдаапушаныя. Лісце невял., вузкае, мясістае, суцэльнае, чаргаванае, на верхавінцы звычайна шыпаватае. Кветкі малапрыкметныя, адзіночныя ў пазухах лісця або ў коласападобных ці мяцёлчатых суквеццях, двухполыя. Плод — сухі арэшак. Корм для вярблюдаў, авечак, коз; некат. віды выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПСА́Н, сокал-сапсан (Falco peregrinus),
птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі вельмі рэдкі гнездавальны і вандроўны від. Жыве ў разрэджаных барах паблізу рачных поймаў і вял. балот, на ўчастках старых хваёвых лясоў з адкрытымі прасторамі. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 49 см, маса да 1 кг. Крылы доўгія, вострыя, хвост клінападобны. Апярэнне цёмна-бурае, ніз цела светлы з тонкім папярочным малюнкам на баках і падхвосці (больш яркі ў самак). На грудзях кроплепадобныя стракаціны. Пад вачыма цёмныя плямы («вусы»). Гнёзды на дрэвах, селяцца ў гнёздах варон, крумкачоў, інш. буйных птушак. У кладцы 2—4 чырванавата-карычневыя яйцы. Асн. корм. — птушкі, якіх ловіць у палёце.
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, здольных процістаяць сейсмічным уздзеянням пры землетрасеннях, захоўваючы свае эксплуатацыйныя якасці. Па 12-бальнай шкале сейсмічна небяспечным для будынкаў і збудаванняў лічыцца землетрасенне інтэнсіўнасцю 6 балаў, на ўчастках з сейсмічнасцю больш за 9 балаў буд-ва, як правіла, не дапускаецца.
Сейсмаўстойлівасць збудаванняў забяспечваецца выбарам спрыяльнага ў сейсмічных адносінах месца (пляцоўкі) для буд-ва (для гэтага карыстаюцца спец.сейсмічнымі картамі), распрацоўкай найб. рацыянальных канструктыўных і планіровачных схем збудаванняў, выкарыстаннем адпаведных матэрыялаў і буд. канструкцый. Сейсмічныя нагрузкі на збудаванні вызначаюцца залежна ад сейсмічнасці раёна буд-ва, характару і інтэнсіўнасці руху грунту пры землетрасенні, канструкцыйных асаблівасцей збудавання (памераў у плане, працягласці, вышыні, паверхавасці і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПАРА́ТАР МАЛО́ЧНЫ,
апарат для раздзялення малака на вяршкі і адгон і ачысткі яго ад мех. дамешкаў. Сепарацыя адбываецца ў стальным барабане, які мае сістэму канічных талерак з верт. каналамі. Пры вярчэнні барабана (6—12 тыс. абаротаў за мінуту) малако па каналах расцякаецца ў міжталерачныя зазоры, дзе пад дзеяннем цэнтрабежнай сілы адгон як больш цяжкі адкідваецца на перыферыю, падымаецца ўгору і выходзіць праз адтуліну. Вяршкі збіраюцца каля восі барабана, па каналах талеркатрымальніка падымаюцца ўверх і выцякаюць у збіральнік. Прадукцыйнасць С.м. да 5 тыс.л/гадз.