Кало́дка 1 ’капыл, кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, магчыма, тут у больш шырокім значэнні). Дакладныя адпаведнікі ў гаворках ёсць, аднак ТСБМ ілюстрацый з мовы пісьменнікаў не падае, можа гэта «слоўнікавы» русізм. Але сувязь з калода 1 відавочная і спосаб дэрывацыі рэгулярны. У гаворках з паметамі талач. і гарад. адзначае Сл. паўн.-зах.; ёсць і ў Каспяровіча; геаграфія не выключае іншамоўнага ўплыву. Адзначаецца і ўкр. колодка ’тс’.

Кало́дка 2 ’сярэдняя частка кола’ (БРС, ТСБМ, Маш., Шат.), калёсная калодка (КЭС, лаг., бар., астрав., лід., віл. Сл. паўн.-зах.). Укр. колодка ’тс’, адносна рус. матэрыялу пэўных звестак няма, Даль (з паметай «зах.?») падае калода ў тым жа значэнні, польск. kłódka ’тс’. Статус апошняга не вельмі ясны; паводле геаграфіі можна меркаваць аб сумеснай бел.-укр. інавацыі з наступнай экспансіяй слова. Сувязь з калода 1 відавочная, матывацыя не вельмі ясная (гл. падрабязней пад калодзіца).

Кало́дка 3 ’драўляная або металічная аправа, у якую устаўляецца або на якую насаджваюць асноўную частку інструмента’ (ТСБМ), кулітка ’тронкі нажа’ (малар., Нар. лекс.), сюды ж, відаць, і колодка ’частка рубанка’ (Ян.), апошняе не вельмі зразумела. Такое вытворнае як тураў. колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ сведчыць аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў параўнанні з інфармацыяй крыніц. Засведчана ў іншых мовах: укр. колодка ’ручка, дзяржанне’, рус. колодка, польск. kłódka ’тронкі нажа, відэльца’, н.-луж. kłodka ’дзяржанне касы, лапаты’, в.-луж. kłotka, kłodka, ’ручка’, чэш. мар. kladka ’ручка, дзяржанне сярпа’. Усе лексемы да прасл. koldъka (паўн.-слав., паводле Слаўскага, 2, 273), дымінутыва ад kolda ’калода, бервяно’, аднак не вельмі ясна, ці можна на аснове прыведзеных фактаў узнавіць як архаічнае значэнне ’тронкі’. Шэраг лексем, якія пры адпаведным этымалагічным рашэнні можна суаднесці з разглядаемым словам (параўн., напрыклад, калодка ’ступіца ў коле’) дазваляюць меркаваць аб значэнні ’аснова’, ’галоўная частка’ (параўн. яшчэ колодка пера), аднак не выключана, што такое значэнне было характэрным ужо для калода, г. зн. для зыходнага слова такое значэнне нельга разглядаць як паказчык архаікі (калі дапускаць, што разгалінаванне семантыкі патрабуе часу). Таксама паўн.-слав. характар утварэння koldъka ’тронкі’ цяжка давесці па прычыне натуральнага развіцця «тэхнічнай» семантыкі, так што, магчыма, прыведзеныя вышэй лексемы могуць быць і незалежнымі.

Кало́дка 4 звычайна калодкі ’род скуранога абутку на драўлянай падэшве, дзеравяшкі’ (ТСБМ; гродз., З нар. сл.). Укр. колодочка ’абцас’, рус. дыял. колодка ’драўляная дошчачка, падэшва, прымацаваная да лапцей для дажджлівага надвор’я’, колодки ’абцасы’, у Даля колодка ’драўляны абцас пад абутак’. Відаць, спачатку калодка ’абцас’, што дазваляе зразумець матывацыю сувязі з калода 1. Рэгулярны характар утварэння, магчымасць экспансіі рэаліі не дазваляюць з упэўненасцю бачыць тут усх.-слав. інавацыю.

Кало́дка 5 ’абрубак дрэва як функцыянальны элемент народнага абраду’ (Касп., Кос., Нас.), ’назва гэтага абраду’ (Касп.). Відавочна, што ў большасці прыкладаў захоўваюцца толькі рэшткі абраду, пры гэтым сапраўдная першапачатковая калодка змяняецца да трэскі або велікоднага яйка. Абмежаваная геаграфія слова як быццам дазваляе бачыць тут інавацыю; аднак наяўнасць слова ў двух розных арэалах не выключае магчымасці больш даўняга паходжання. Пра звычай «валачыць калодку» ў літоўцаў, латышоў і ўкраінцаў пісаў Снегіроў (Русские простонародные праздники и суеверные обряды, I. М., 1837, 114–115), параўн. яшчэ Фрэнкель, 1047; Мюленбах-Эндзелін, 1, 318 (bluku vakars). У літоўцаў tabala ’цурбанны вечар, куцця’, фактычна звычай у гэты святочны вечар гуртам валачыць цурбан з аднаго двара ў другі. У плане рэалій інтэрпрэтацыя прыведзенага матэрыялу можа быць рознай: гэта можна разглядаць і як стары абрад, які быў захаваны ва ўсходніх славян (а магчыма, і ў іншых), не выключана, што была невыпадковая кансервацыя — захаванню абраду спрыяла суседняя балтыйская традыцыя, можна разумець і як экспансію абраду з больш-менш кампактнай зоны; пры гэтым фактычная безупыннасць у распаўсюджанні (ад балт. плямён да ўкр. тэрыторыі) можа сведчыць пра напрамак экспансіі. Цяжкасць стратыфікацыі з’явы абумоўлена, магчыма, агульнаеўрапейскім яе характарам (першапачаткова), што наогул тыпова для свят розных каляндарных цыклаў народаў Еўропы. Апошняе з’яўляецца вынікам як генетычна суаднесеных з’яў, так і другасна пашыраных. Адносна канкрэтнага выпадку аб першапачатковай функцыі калодкі-цурбана можна толькі здагадвацца (яе прымацоўвалі хлопцам або незамужнім дзяўчатам), аднак аднолькавая назва рэаліі ў балтаў і ўсх. славян дазваляе меркаваць, што замена першапачатковага святочнага атрыбута нейтральнай калодкай з адпаведнай субстытуцыяй назвы была даўняй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажу́х 1 ’доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; іван., капыл., КЭС; Маш., Нас., Радч., Сакал., Серб., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяшк., Шат., Шэйн.). Укр. кожух ’футра, кажух’, рус. дыял. кожух ’аўчына, вопратка з аўчын’, паводле Даля паўдн. і зах., ’скура’, ’верхняя вопратка, якая не прамакае ад дажджу’ і інш., польск. kożuch ’футра, аўчына, вопратка з аўчыны і інш.’, н.-луж. kožuch, в.-луж. kožuch, чэш. дыял. kožuch, славац. kožuch ’футра (воўна і скура)’, серб.-харв. ко̀жух ’футра, кажух, аўчына’, славен. kožuh ’футра, кажух’, мак. кожув, балг. кожух ’кажух’. Праслав. kožuxъ ’скура жывёлы з футрам; вопратка з падобнай скуры’, утворана ад koža суф. ‑uxъ. У прасл. гэта унікальны суфікс у гэтай функцыі, у той час як у слав. мовах ён шырока прадстаўлены, гл. Слаўскі, 3, 39. Меркаванне Ягіча (AfslPh, XVII, 1894, 292) аб тым, што такая словаўтваральная мадэль нехарактэрная для назваў вопраткі, не пераконвае, паколькі першапачатковым значэннем слова было ’скура жывёліны’, як аб гэтым сведчаць і шматлікія іншыя ўтварэнні ад koža.

Кажу́х 2 ’гарызантальная частка дымавой трубы ў хаце’ (Гарэц.), ’прастора паміж печкай і сцяной, калі печ стаіць блізка пры сцяне’ (Бяльк.). Рус. кожух ’комін печы’, ’выцяжная драўляная труба над дымавой адтулінай курной хаты’, параўн. шуйск., уладз. ’гарызантальная частка дымахода, якая злучае печ з комінам’; наогул рус. слова называе розныя часткі як печы, так і навакольнай прасторы. Гэта зніжае каштоўнасць супастаўлення бел. кажух ’прастора паміж печчу і сцяной’ і маск. кожух ’сцяна каля рускай печы’. Утворана (першае) ад кожух ’пакрыццё, чахол’, значэнне, некаторыя этапы развіцця якога ад kožuxъ ’скура’ можна прасачыць па такіх прыкладах, як рус. кожух ’скура змяі (якая скідаецца)’, ’шкарлупіна’, кожура ’драўняная кара’, балг. кожулец ’кокан’, макед. кожурец ’тс’. Значэнне ’прастора паміж печчу і комінам’ можа разумецца як ’паветраная ахова, своеасаблівы кажух’ або, што больш верагодна, ад *кажух ’частка печы’, ’частка прасторы каля печы’ — падобныя значэнні засведчаны рускімі гаворкамі. Аб часе ўтварэння слова і магчымых культурных сувязях на ўзроўні рэалій можна толькі здагадвацца, аднак вялікая колькасць значэнняў тэрміна кожух у рус. дыял. і ўсходняя геаграфія бел. слова сведчаць, што тут назіраецца руская інавацыя.

Кажу́х 3 ’пенка на малацэ’, кажушок ’тс’ (пух., Жыв. сл.), ’брудны налёт, паласа пены на вадзе і інш.’, параўн. у кантэксце: «…бывае, кажух такі зробіцца зверху на вадзе стаячай, смуга такая зверху зялёная, як доўга стаіць» (пух., Жыв. сл.). Польск. kożuch ’плеўка, якой зацягваецца паверхня вадкасці, напрыклад малака’, kożuch rzęsy, славен. kożuch ’пенка на малацэ’; з іншай суфіксацыяй: укр. кожушок (у Жэляхоўскага) ’плеўка на паверхні малака, кісялю’, макед. кожурек, кожурка ’пенка на малацэ’, балг. кожер ’смятана, пенка на малацэ’, кожарец ’тс’. Адсутнасць дакладных адпаведнікаў з больш надзейнай серб.-харв. тэрыторыі не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім значэнні ’плеўка на вадкасці, пенка на малацэ’. Аднак наяўнасць балг. і макед. паралеляў сведчыць у карысць старога, незалежнага ад уздзеяння ням. мовы (параўн. у Слаўскага, 3, 39) пераносу; гл. яшчэ кажух 2 і кажух 4. Этымалагічна кажух 3 ад kožuxъ ’субстанцыя, якая пакрывае што-небудзь, якое з kožuxъ ’скура і да т. п.’, гл. кажух 1.

*Кажу́х 4, кожух ’расліннае покрыва на балоце, якое ўспухае, узнімаецца’, параўн. у кантэксце: «Такый кожух е на тэму болоты: вуда зрывае кожух од шчырцу. На тэму кожуховы гуйдатыся можна» (малар., Нар. лекс.), кожух ’твань, дрыгва’ (малар., Талстой, Геагр.), кокожух ’зыбкае месца’ (тураў., ДАБМ). Паводле Талстога, Геагр., 185–186, утворана семантычна падобна (па прынцыпу метафары), як і інш. назвы для значэння ’дрыгва, топкае месца на балоце’ (здмух і пад.). Тур. кокожух, паводле Талстога, там жа, дээтымалагізаваная форма з рэдуплікацыяй першага складу (параўн. рус. дыял. кокоты < коты ’назва абутку’), аднак, улічваючы палескія назвы каверт, кобагня, можна меркаваць аб магчымасці існавання рэгіянальнай мадэлі ўтварэння ко‑ + назва дрыгвы. Этымалагічна кажух 4 < *кожух < kožuxъ, гл. кажух 1, гэта пацвярджаецца, магчыма, кобр. кожушкы мняты ’ўгінаць, мяць тонкі лёд’ (Жыв. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казёл 1 ’жывёла, самец казы’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; КЭС, лаг.; Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Юрч., Янк. Мат., Янк. 3.). Укр. козел, рус. козёл, польск. kozioł, в.-луж. kozoł, н.-луж. kózoł, чэш. kozel, славац. kozol, славен. kózel, серб.-харв. kozao (чак. і інш.), kozel (кайк.), балг. козел, ст.-слав. козьлъ, козелъ. Прасл. kozьlъ < koza, аб структуры ўтварэння гл. Шульцэ, Зб. Ягічу, 343–347. Прасл. інавацыя; БЕР (2, 525) спрабуе прапанаваць і.-е. рэканструкцыю: *(s)kəĝ‑ilo‑s літаральна ’скакун’.

Казёл 2 ’козлы для распілоўкі дроў’ (Бяльк., Выг. дыс., Касп., лаг. КЭС; Мат. Гом., Юрч.). Рус. (пск., калін., цвяр. і інш.) козёл ’тс’, н.-луж. kózol ’тс’. Статус слова няясны; яно можа быць самастойным утварэннем тыпу рус. козёл і інш. у значэнні розных падпорак, асабліва рагатых, а можа, улічваючы натуральнасць формы мн. ліку для назвы гэтай рэаліі, быць другасным. Ва ўсякім разе меркаваць, што бел., рус. і н.-луж. назвы захоўваюць або першасную, або старую паралельную назву для гэтай рэаліі, няма падстаў. Можна думаць, што тут не абышлося без уплыву іншых тэрмінаў у адз. ліку, як аманімічных да разглядаемага слова, так і семантычна падобных (кабылка і інш.). Гл. козлы, дзе этымалогія і паралелі.

Казёл 3 ’умацаванне саламянай страхі’ (Сцяшк., Мат. Гом.). Да казёл 1, перанос назвы паводле падабенства рэаліі да рагоў жывёлы, такая ж матывацыя ў шматлікіх іншых назвах розных рогападобных прыстасаванняў, дэталей і інш., параўн. наступныя словы і семантыку дэрыватаў ад каза.

Казёл 4 ’умацаваныя на бэльцы козлы, на якія абапіраецца верхняя частка даху’ (Юрч.). Як не зусім дакладныя адпаведнікі, можна прывесці польск. kozieł ’кроква, частка канструкцыі даху’ (ст.-польск. з XV ст. и дыял. паўн.-зах.), н.-луж. kózol ’тс’. Матывацыя, як і ў папярэднім выпадку, паводле падабенства.

Казёл 5 ’гімнастычны снарад’ (ТСБМ). Да казёл), матывацыя зразумелая (перанос па знешняму падабенству: канструкцыя на ножках параўноўваецца з формай жывёлы); паралелі ў іншых мовах і статус слова як тэрміна прымушаюць меркаваць аб запазычанні з рус. козел ’тс’.

Казёл 6 ’частка збудавання пры студні: разгалістае бервяно, на якім прымацоўваецца вочап’ (Янк. 3.). Да казёл 1, перанос назвы па зааморфнай прыкмеце рэаліі (наяўнасць расохі), якая параўноўваецца з рагамі жывёлы. Не выключае, што тут субстытуцыя каза 3 (гл.).

Казёл 7 ’сажань, прылада для вымярэння плошчы’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Да казёл 1, гэта слова паралельнае каза 8 або замяшчэнне назвы, як больш прымальнае або ўтворанае ў канкрэтным выпадку (у сістэме тэрміналогіі гаворкі).

Казёл 8 ’мера даўжыні (2,5 м)’ (Мат. Гом.). Можна разглядаць як утварэнне на базе папярэдняга слова (прыстасаванне для вымярэння — мера); што ж датычыцца канкрэтнай лічбы, тут або адлюстраванне старых варыянтаў мер даўжыні (параўн. у Семянтоўскага, О мерах и весах, употребляемых в Витебской губернии. Витебск, 1874, стар. 12), або мясцовыя традыцыі. Магчыма, гэта некалькі павялічаны касы сажань.

Казёл 9 ’мера дроў (2,5 м³)’ (Мат. Гом.). Відавочна, да папярэдняга слова: укладка на кубічнага «казла» → «казёл» як новая мера. Не выключана, што суадносіны гэтых лексем больш складаныя. Калі прыняць, што назва казачок, казёл утвараецца ад назвы спецыфічнай укладкі дроў пэўнага аб’ёму, можна думаць, што яе рэальная даўжыня магла лічыцца і асобнай мерай. Такім чынам, з’яўленне слова казёл ’мера даўжыні’ абавязана тэрміналагізацыі назвы спецыяльнай укладкі дроў як меры аб’ёму. Калі ж лічыць, што гэта малаверагодны (паводле складанасці пераносаў) варыянт тлумачэння, вельмі цяжка высветліць суадносіны слоў казачок і казёл. Магчыма, гэта незалежныя ўтварэнні і, прымаючы для слова казёл першы варыянт этымалогіі, можна экстрапаліраваць і на слова казачок. Тут неабходна дапусціць існаванне значэння ’прылада для вымярэння даўжыні’. Паколькі казачок у іншых значэннях як метафара ад казак < каза зафіксавана ў бел. і ў інш. слав. мовах, а рэалія носіць назвы-дэрываты ад каза 1, казёл 1, такое дапушчэнне цалкам верагоднае. Назва меры даўжыні таксама натуральная з’ява, як і магчымае наступнае ўтварэнне паняцця кубічнай меры. Прымаючы казачок ’лінейная мера, кубічная мера’ адэкватным сажню (параўн. каза ’сажань’), атрымліваем казачок ’мера дроў, якая раўняецца сажню’. Гатовыя для ўжывання дровы маглі вымярацца кубічнай і лінейнай мерай, а таксама адным, двума і г. д. радамі паленняў. Звычайным можна лічыць варыянт сажань дроў ’сажань з адным радам дроў’ і адпаведна казак дроў. Прымаючы пад увагу рус. пятерик дров ’пяціпаленны сажань’ і прыведзеныя Далем даныя па даўжыні палена — 10–12 вяршкоў, можна меркаваць, што пяціпаленны сажань — гэта кубічны сажань пры мінімальнай даўжыні палена, а пры іншым падліку (сажань — 3 аршыны, аршын — чатыры чвэрці па чатыры вяршкі, усяго 48 вяршкоў), пры даўжыні палена 12 вяршкоў, атрымліваем 1/4 сажня. Гэта можна прыняць, аднак рэальна ў нас казачок не 1/4, а 1/8 сажня. Можна прапанаваць наступную версію тлумачэння, каб суаднесці гэтыя лічбы. Казачок ’мера дроў’ звычайна яшчэ і ’столькі дроў, колькі змяшчаецца на невялікім возе’. Казачок ’1/4 сажня дроў’ і казачок ’два вазы дроў, адзначанае ў слоўніку мінска-маладзечанскіх гаворак, суадносяцца як роўныя велічыні. Гэта дазваляе меркаваць, што казачок ’адзін воз дроў’ і адпаведна ’1/8 сажня’ — другасныя ўтварэнні, вынік натуральнага развіцця значэння і ўзнікнення зручнай дробнай меры аб’ёму з наступнай спецыялізацыяй значэння ’аб’ём невялікага воза’. Аднак рус. болх., арл. казак значыць не 1/8, а 1/16 кубічнага сажня дроў, што матэматычна добра ўзгадняецца з папярэдняй лічбай як яшчэ больш дробная велічыня (1:2), але дрэнна тлумачыцца лінгвістычна, нават калі прымаць гэта слова як пранікненне з бел. гаворак (з формы казак) у якасці тэрміна. Апрача гэтага, пярэчыць нашым меркаванням і рус. дыял. (арханг.) козлец ’маленькі воз сена’, якое паказвае, што гэта праблема не толькі бел. мовы: тлумачэнне павінна ўлічваць і такі факт, прапаноўваючы або тыпалагічна верагодную мадэль утварэння, або такі варыянт, які ўключае рус. лексему як роднасную. Па такіх крытэрыях прапануемая этымалогія не вельмі надзейная і перавага за ранейшымі версіямі. Гл. казачок.

Казёл 10 ’род бабкі: некалькі снапоў ячменю, аўса, састаўленых пэўным чынам для прасушвання’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’бабка ячменных снапоў без шапкі’ (полац., Нар. лекс.). Гэтыя фіксацыі нельга аддзяліць ад рус. слаўк., пск. козёл ’укладка снапоў’ (пра лён), калін. ’вялікая ўкладка аўса’, валд., наўг. ’асаблівая ўкладка жытніх снапоў у дажджлівы час’. Безумоўна, да казёл 1, аднак матывацыя не зводзіцца да адзінай, што, магчыма, указвае на розныя па ўтварэнню словы. Так, можна разглядаць асобна казёл ’укладка лёну’ — гэта ўтварэнне па тыпу казёл, козлы ў дачыненні да прадметаў, пастаўленых у піраміду (козлы) вертыкальна з нахілам. Казёл ’спецыяльная ўкладка снапоў’ суадносіцца хутчэй за ўсё з тэрмінамі казёл, козлы, ставіць казлом, якія абазначаюць або Т‑падобныя канструкцыі, або спецыяльную ўкладку торфу, цэглы для больш хуткай прасушкі; такія словы суадносяцца з лексемай казёл 1 непасрэдна або — гэта вынік ужывання як уласнага тэрміна з адпаведным значэннем. Звяртае на сябе ўвагу дублетнасць ужывання бабка і казёл, гл. вышэй у дэфініцыях, параўн. таксама рус. дыял. (1965) козлуха ’укладка снапоў ільну; сноп ільну’ і прыклад: «Козлуха — снопы составляешь бабочкой, а что бабочка, что козлуха — все одно, так называют снопик льна» (СРНГ, 14, 69). Цяжка меркаваць, ці магла тут мець месца субстытуцыя тэрмінаў бабка і казёл, як у іншых выпадках, разгледжаных вышэй, ці гэта паралельнае ўжыванне тыпалагічна эквівалентных канструкцый (у змешаных гаворках). Тое ж і для разглядаемага слова: такі варыянт магчымы, але неабавязковы, як і ў выпадку баба ’саха ў студні з жураўлём’ і каза, казёл ’тс’.

Казёл 11 ’упарты чалавек’ (Янк. 3.). Пераноснае ўжыванне казёл 1. Метафара празрыстая; тое ж відаць, як тыпалагічная універсалій, у іншых мовах: рус. козел, польск. kozioł ’тс’, літ. oži statyti ’ўпарціцца, капрызіць’ і да т. п.

Казёл 12 ’конік, Locusta viridissima і інш.’ (Грыг., Касп., Сцяшк.; в.-дзвін., Шатал.), ’травяны конік як нажыўка’ (полац., З нар. сл.). Відавочна, паўн. і паўн.-зах. рэгіянальнае ўтварэнне. Дакладных адпаведнікаў як быццам няма, аднак падобныя ўтварэнні ад каза, казёл і іх дэрыватаў вядомы дастаткова шырока, таму няма падставы меркаваць аб іншамоўным уплыве, параўноўваючы з літ. ožiùkas ’конік’, ožỹs ’жужаль’. Матывацыя пераносу: параўнанне характэрных асаблівасцей насякомых і жывёлы (перамяшчэнне скокамі), магчыма, на ўзроўні складанага вобраза, калі ўплываюць і іншыя зааморфныя прыкметы. Нельга не ўлічваць уплыву моцнага «тэрміналагічнага» фону дэрыватаў ад каза, казёл, конь, кабыла і да т. п., дзе магчымыя як субстытуцыі, так і генералізацыя асобінах форм і значэнняў, не выключаны калькі, аказіянальныя ўжыванні розных тэрмінаў і многія інш. працэсы.

Казёл 13 ’паласа, участак, адмераны драўляным брыгадзірскім цыркулем або палкай, роўнай яго даўжыні’ (слаўг., Яшк.). Відаць, перанос ад казёл ’сажань, прылада для вымярэння даўжыні, плошчы’; параўн. сінонімы ў той жа гаворцы: казулька, казюлька, палка ’паласа, участак’. Натуральнасць пераносу не дазваляе меркаваць аб сувязі з каза ’паласа і інш.’, хоць фармальна і семантычна гэта і магчыма.

Казёл 14 ’дошчачка з выемкай для здымання ботаў’ (рас., Шатал.). Хутчэй за ўсё непасрэдна да казёл 1: устаноўленая з наклонам дошчачка на падстаўцы нагадвае або сабаку (і гэты вобраз рэалізуецца ў рус. собачка), або казу, казла, паколькі ёсць два выступы, утвораныя выемкай. Метафара знаходзіць аналогію ў шматлікіх утварэннях; аднак для канкрэтнага выпадку не выключана, што вобраз мог быць складаным: тут праглядваюцца тыповыя для іншых утварэнняў ад казёл, сабака магчымыя значэнні ’ўпірацца; трымаць’ і наогул уплыў самой сістэмы тэрмінаў, утвораных ад заонімаў. Параўн. каза 11 (гл.).

Казёл 15 ’тоўстая галіна на дрэве — лапа, сук’ (Янк. 3.). Сувязь з казёл 1 фармальна бясспрэчная, матывацыя, аднак, не зусім ясная. Магчыма, вельмі простае ўтварэнне — разгалінаваны сук — сук; для расохі, рагулі назва казёл натуральная. Іншы варыянт тлумачэння — казёл як назва розных прыстасаванняў для сушкі гароху і інш., звычайна невялікае дрэўца з сукамі або кол, жэрдка з перакладзінамі. Зразумела, што галоўная адзнака прыстасавання — сукі, таму перанос назвы на адзін сук мог быць натуральным. Гэтыя варыянты не тлумачаць значэння ’тоўстая галіна — лапа’ і можна думаць, што справа не толькі ў знешнім падабенстве. Таксама не выключана, што тут выпадак субстытуцыі назвай казёл іншага тэрміна; такая з’ява была адзначана намі для каза і баба, бабка каза, казёл і кабылка, конь і інш., што дазваляе меркаваць аб магчымым кабыла, конь або інш. у значэнні ’тоўстая галіна’, для якіх такое значэнне з’яўляецца натуральным; характарызуецца вялікі, часта звышнатуральны памер прадмета. Калі гаварыць аб канкрэтнай рэаліі, можна прывесці славен. bìk, kònj ’неабрэзаная галіна вінаграднай лазы, галіна вінаграднай лазы’, аднак прымаць гэты прыклад неабходна вельмі асцярожна, разглядаючы рэвам з іншымі назвамі (напр. locenj), якія сведчаць і аб іншай семантыцы. Тое ж датычыцца і чэш. (мар.) kȯň ’вялікая галіна лісцевага дрэва’, не выключана, што тут ад’ідэацыя да ku̇ň, якое суадносіцца з чэш. дыял. konár ’моцная ветка’, славац. konár, польск. konar, укр. (зах.?) конар, гл. Махэк₂, 272, дзе іншыя вытворныя формы і спроба этымалогіі.

Казёл 16 ’палавіна веніка’ (Бяльк.), ’вязка лісцяў’ (Мат. Гом.). Да магчымасці супастаўлення дэфініцый параўн. прыклад: «Насабірай лісцяў падарожнікаў і сдзелай с іх казла і падвесь у сенцах» (Мат. Гом., 4, 193). Усх. утварэнні нельга аддзяліць ад рус. пск., асташ., цвяр. козел і казёл ’пара венікаў, звязаных разам’. Сувязь з казёл 1 (фармальная) відавочная, матывацыю вытлумачыць не проста. Па сутнасці, нявызначанасць дэфініцыі для рус. слоў дазваляе меркаваць, што венікі маглі быць злучаны крыж-накрыж; суаднесенасць назвы казёл для гэтай рэаліі і казёл 1 цалкам празрыстая. Аднак казёл ’пара венікаў’ — утварэнне другаснае, а сама рэалія суадносіцца з бел., параўн. у Бялькевіча, 217: «Адзін ужо ё казёл на венік, а другей нада зьдзелыць». Пара венікаў, такім чынам, два «казлы». Матывацыя назвы казёл ’вязка’ незразумелая, калі толькі не шукаць магчымых зааморфных прыкмет гэтай або папярэдняй рэаліі; ва ўсякім разе дзве злучаныя палавіны веніка можна ўявіць як варыянт расохі, рагулі, раздваення. У такім выпадку казёл ’вязка’ неабходна разумець як другасную назву (ад казёл ’венік’, якое казёл ’венік з дзвюх палавін’).

Казёл 17 ’подсціл (на чарэнь пры выпяканні хлеба)’: «Каб ад залы не быў чорны хлеб, кладзём казёл з дубовых лістоў» (Мат. Гом., 193). Няясна; фармальная сувязь з казёл 1 відавочная, матывацыя зацямнёная. Магчыма, ад казёл 15 ’вязка лісіцяй’ — ’лісце як подсціл’. Менш верагодна меркаваць аб метафарычным ужыванні слова казёл ’падпора, падстаўка і пад.’.

Казёл 18 ’засохлая слізь, якая тарчыць з ноздры, і ўсякі бруд у носе’ (Нас.). Дакладных адпаведнікаў быццам бы няма, аднак вытворныя, галоўным чынам, ад дэрыватаў асновы коз‑: рус. пецярб. козява, асташ., цвяр. козура, рус. козявка ’тс’. Бел. слова можна разглядаць як вытворнае на базе рус. падобных слоў, першапачатковае значэнне ’ўсякія камары, машкара’, ’усякая брыдота’ з канкрэтызацыяй значэння ’засохлыя соплі’; усё ж аднаўленне формы казёл, каза не зусім зразумелае. Да семантыкі параўн. яшчэ рус. дыял. козявка ’вусень’, вышневал., наўг. козура ’засохлая скурка невялікай жывёлы’, варонеж. ’пра неахайную жанчыну’. Параўн. таксама прыведзенае Далем без геаграфіі козулька ’нешта змятае ў пальцах у выглядзе чарвяка’. Магчыма, аднак, казёл, казёл 18, казёл 1; у аснове пераносу магло ляжаць уяўленне аб выдзяленнях з носа як дрэннай, магчыма, шкоднай з’яве, калі ўсё непажаданае, шкоднае чалавеку суадносіцца з жывёльным светам. Такая матывацыя праглядваецца ў розных дэрыватах ад каза, бык, асабліва воўк і інш.

Казёл 19 ’грыб масляк’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Дэмб., Жд. 3, Жыв. сл., Нар. словатв., Нас.; в.-дзвін., Шатал.; Юрч.; бялын., Янк. Мат.), ’перцавы грыб’ (Нар. словатв.), ’пеўнік стракаты’ (мазыр., Жыв. сл.). У Дэмбавецкага значэнні: ’Boletus luteus’, ’B. flavus’, ’B. annulatus’. Магчымы варыянт — паралельнае ўжыванне тэрмінаў, утвораных розным спосабам, па розных метафарах, хоць, магчыма, і не без узаемаўплыву. З такога пункту гледжання можна разгледзець літоўскі прыклад. Слова ўтворана на базе зааморфнай прыкметы грыба, але потым матывацыя не ўспрымаецца, семантыка абумоўліваецца іншымі прыкметамі грыба.

Казёл 20 ’расліна казялец едкі, Ranunculus acer’ (міёр., Жыв. сл.; Касп.). Да казёл 1, калі гэта самастойнае ўтварэнне, або адваротнае ад казелец, больш частага і звычайнага ў назвах раслін. Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Аб матывацыі гл. казелец.

Казёл 21 ’легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці’ (ТСБМ). Відаць, запазычанне з рус. козел ’тс’, якое або да казёл 1, або, магчыма, калькуе невядомую нам назву. Ва ўсякім разе, калі прыняць першую версію, цяжка з пэўнасцю вытлумачыць метафару.

Казёл 22 ’род гульні ў карты, даміно’ (ТСБМ). Выклікае сумненне правільнасць дэфініцыі; прыклад ілюструе толькі другую яе частку (гульню ў даміно). Відавочна таксама, што слова хутчэй за ўсё сустракаецца толькі ў выразе стукаць казла, што, відаць, калькуе рус. забивать козла. Апошняе можа ўзыходзіць да назвы гульні казёл, якое ў сваю чаргу да казёл ’той, хто праіграў, апошні’. Не выключана, што гульня ў даміно нейкім чынам (у тэрміналогіі) атрымлівае ў спадчыну традыцыйныя паняцці народных гульняў: рус. гаворкі ведаюць такія, напрыклад, лексемы, як козел ’костка пры гульні ў бабкі; бабка — свінчатка’, козёл‑мозёл ’ямка, дзе стаіць гулец у клюшкі’. Лексема ў гульнях козёл у такім выпадку магла суадносіцца з назвай хатняй жывёлы паводле розных матывацый. Рус. мова і гаворкі ведалі і козла ’гульню ў карты’, цяжка, аднак, меркаваць, як гістарычна адносіцца назва гульні ў карты і ў даміно казёл: у рус. мове лінгвістычная інфармацыя аб гульні ў карты была вядома ў XVI ст., даміно — у канцы XVIII, калі з’явілася назва казёл у гэтых гульнях, нам невядома.

Казёл 23 ’метал, шлак, які застыў пры плаўленні і прыкарэў да сценак печы, каўша і пад.’ (ТСБМ). Запазычанне са спец. рус. тэрміналогіі: параўн. у Даля з паметай горн. посадить козла ’астудзіць недаглядам вагранку, недаплавіўшы чыгуну; тады ламаюць печ’. Параўн. таксама н.-тагіл., свярдл. козлик ’кусок металу, які не расплавіўся ў мартэнаўскай печы’. Матывацыя рус. слова (калі гэта не калька з вядомага нам еўрапейскага тэрміна ў параўнальна позні час) у адносінах да казёл ’назва жывёлы’ не зусім зразумелая. Тут можна меркаваць і аб метафары на базе вядомага, хоць і не вельмі пашыранага ўяўлення аб пажаданым чалавечым і непажаданым, шкодным — жывёльным; дэрываты ад каза, казёл у славянскім свеце значна ўступаюць у частотнасці вытворным ад воўк, сабака і да т. п. Можна меркаваць і аб літ. упарты, як казёл, і, нарэшце, аб магчымасці суаднесці козлик ’кусок металу’ і рус. наўг. козёл ’у ганчароў — куча нарыхтаванай гліны’. Апошняе можа быць і па знешняму падабенству, незалежна або і ў межах семантыкі ўтвораных ад заонімаў тэрмінаў, якія называюць розныя правільнай формы ўкладкі, кучы і т. п. Калі ж разглядаць казёл, козел, козлик як магчымую метафару па форме, можна думаць, што гэта цалкам магчыма: рэалія магла характарызавацца такімі назвамі на прычыне наяўнасці вострых выступаў, наплываў (рагоў, рожай). Што ж датычыцца значэння ’метал, шлак, які прыкарэў да сценак печы, каўша’, то гэта вельмі нагадвае магчымы вобраз пры ўтварэнні назвы казёл ’засохлая слізь у носе і да т. п.’

Казёл 24, у казла. Назва гульні дзяўчынак у «галанцы» (гродз., Нар. словатв.). Апісанне гульні наступнае: «Выбіраюць пяць гладкіх аднолькавых каменьчыкаў, кладуць іх на зямлю або на разасланую вопратку. Пачынае гуляць адна дзяўчынка: бярэ каменьчык (галанец), падкідае яго ўгору і ў гэты момант бярэ з зямлі наступны, стараючыся злавіць падкінуты. Пасля падкідае адзін каменьчык і бярэ з зямлі два, затым бярэ па тры і чатыры. Калі не зловіць, гуляць пачынае наступная дзяўчынка» (стар. 266). Аўтары слоўніка змяшчаюць слова ў рубрыку «Назвы гульняў з няяснай матывацыяй». Фармальная сувязь з казёл 1 празрыстая, што ж датычыцца матывацыі, можна пагадзіцца з тым, што яна няясная. Здаецца, бел. слова нельга лічыць матываваным, калі толькі не меркаваць, што каменьчык у гульні мог насіць назву казёл. Лінгвістычна (гуляць у казала, а не ў казлоў) гэта не выглядае надзейна. Больш верагоднай здаецца версія, па якой бел. гульня суадносіцца з такімі гульнямі, дзе назва казёл належыць пэўнаму ўдзельніку гульні, напрыклад, бел. тураў. казёл ’той, хто падкідае мячык пры гульні ў лапту’, рус. дыял. (бран., арл.) козёл ’гулец у лапту’ і, магчыма, козёл ’той, хто застаецца «казлом» у азартных гульнях’. Першае, што менш верагодна, можна разглядаць як утворанае ад казёл 1 (адпаведна козел) па «функцыянальнаму» падабенству: ’які скача як казёл’, параўн. рус. дыял. козёл ’пра бойкага жывога чалавека’, козлом прыгать, в козлы (козлом) играть (взыграть) ’хутка пабегчы’, або як адэкватнае маркіраванаму казёл у азартных гульнях, матывацыя апошняга няясная, магчыма, вынік адмоўнай дыфузнай семантыкі ўтваральнага слова, магчыма, рэлікт — спадчына тых гульняў, дзе казёл, па сутнасці, быў тэрмінам-заонімам. У такім выпадку казёл — галоўны ўдзельнік гульні зааморфнага характару, у наступным — галоўны ўдзельнік гульні наогул; адмоўнаясемантыка магла завіцца значна пазней (казёл — той, хто прайграе). Бел. слова можна тлумачыць па апошняму меркаванню (казёл ’галоўны ўдзельнік’ або казёл ’хто не злавіў каменьчык’). Звяртае на сябе ўвагу, што гульня ў раскладзеныя на зямлі каменьчыкі магла патрабаваць або спецыяльнай позы гульца, або яго рэзкіх рухаў. Параўн. рус. пск. козлиться ’нагінацца, каб падняць што-н.’ і таксама пск. козлом (стаяць) ’на карачках’. Параўн. да гэтага бел. тураў. козёл *дзіцячая гульня’: адзін стаіць, сагнуўшыся, а на яго ўскокваюць па чарзе ўдзельнікі і стараюцца ўтрымацца’ — тут сувязь з казёл 1 і, апрача таго, зразумела, як з’яўляецца семантыка адмоўнасці (быць казлом, казёл — той, якому больш за іншых дастаецца). Меркаваць аб храналогіі ўтварэння цяжка, паколькі мы не маем дакладных адпаведнікаў да бел. слова, аднак аб яго магчымым старым паходжанні можа сведчыць серб.-харв. дыял. kozàrati se — так гавораць дакорліва дзецям, якія ўвесь час кідаюць і падкідваюць каменьчыкі; аўтары RJA (5, 416) мяркуюць, што гэта, магчыма, ад kòzar ’пастух коз’ і азначае ’гуляць як kozari’. Да апошняга параўн. бел. гродз. гуляць у каменьчыкі — тое, што і ў казла: «Як пасвілі каровы, то ў каменьчыкі гулялі» (Нар. словатв., 261). Што бел. слова можна разглядаць як старую бел. інавацыю, сведчыць рус. пск., асташ., цвяр. козули ’гульня ў каменьчыкі, пры якой іх кладуць у жалабок паміж самкнутымі пальцамі рук і, падкідваючы, ловяць’. Гэта паралель між іншым падтрымлівае версію, па якой назва казёл магла адносіцца да каменьчыкаў.

Казёл 25 ’захворванне бульбы’ (Юрч.). Паколькі дакладна інфармацыі аб рэаліі ў слоўніку няма, па прыкладу («Сёліта ўся бульба ў кызлах», 106) відаць нейкае пашкоджанне скуры бульбы. Дакладныя адпаведнікі (у форме мн. ліку) бел. шчуч. казлы ’пашкоджаныя вочкі бульбы’ (Сл. паўн.-зах.), відаць, другаснае ’вочкі на бульбіне’ (Жд. 1); з іншых паралеляў параўн. тураў. козаты ’паточаны, шашалеваты’: козатые картоплі, магчыма, рус. горыц., калін. козлястый ’няроўны, з паглыбленнямі (пра бульбу)’. Рус. лексема хутчэй за ўсё толькі няпэўная семантычная паралель. Усх.-палес. козляк ’парастак на бульбе’ можна інтэрпрэтаваць як аналагічнае каза або як паралельнае да разглядаемага слова. Фармальная сувязь з казёл 1 бясспрэчная; матывацыя па тыпу чалавечы — нечалавечы, жывёльны; станоўчы, карысны — адмоўны, шкодны; аднак неабходна адзначыць, што ў слав. мовах звычайна па такой матывацыі ўтвораны розныя дэрываты ад воўк, сабака і да т. п. Што датычыць прыкладаў, можна прывесці серб.-харв. kȍze ’воспіны’, kòzice, kozjače, kozȉci ’тс’, kozica ’воспіна, рабацінка’. Улічваючы звычайнасць дублетаў каза/казёл у тэрміналогіі і натуральны характар субстытуцыі такіх утварэнняў з наступнай генералізацыяй таго або іншага дэрывата, можна меркаваць, што вялікай розніцы паміж бел. і серб.-харв. утварэннямі няма, аб чым сведчыць і тураў. форма козаваты. На жаль, позні характар рэаліі (бульбы) не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім характары бел. назвы. Безумоўна, можна дапусціць, што тут выпадак позняй спецыялізацыі старой назвы, аднак, нават і пры такім дапушчэнні рэгулярны характар утварэння наогул не дае магчымасці сцвярджаць архаічнасць лексемы. Натуральнасць такой назвы (як дэрыват ад каза 1, казёл 1) можна пацвердзіць і наяўнасцю назвы для ’воспіна, рабацінка’, утворанай ад асновы bab‑; параўн. рус. наўг., пск. бабушка ў такім значэнні. Як было паказана намі, у радзе выпадкаў дэрываты ад baba і koza выступаюць як субстытуты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕ́НА (Wien),

горад, сталіца Аўстрыі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Аўстрыя; самастойная адм. адзінка. Размешчана на р. Дунай, каля падножжа адгор’я Усх. Альпаў — горнага масіву Венскага Лесу. 1540 тыс. ж. (1991). Адзін з найб. трансп. вузлоў Еўропы. Рачны порт на Дунаі. Міжнар. аэрапорт Швехат. Гал. прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. У Вене — больш за ⅓ прамысл. вытв-сці Аўстрыі. Вядучыя галіны: машынабудаванне (эл.-тэхн. і трансп., вытв-сць прамысл. абсталявання і с.-г. машын), радыёэлектроніка, дакладная механіка і оптыка, прылада- і станкабудаванне, хім., швейная, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Развіта таксама нафтахімія, якая з’яўляецца базай для вытв-сці фотахім., фармацэўтычных і інш. тонкахім. вырабаў. Вытв-сць на экспарт моднага адзення, трыкатажу, капелюшоў, мадэльнага абутку, элегантнай мэблі, муз. інструментаў, цацак і інш. Метрапалітэн. Міжнар. цэнтр ААН (ЮНІДА, МАГАТЭ і інш.). Цэнтр міжнар. турызму.

У 1 ст. н.э. на месцы Вены размяшчаўся лагер рым. легіянераў Віндабон. У 11—12 ст. узнік горад (назва Вена ўпершыню згадваецца ў 881). З 12 ст. рэзідэнцыя аўстр. герцагаў Бабенбергаў. У 1221 атрымала гар. самакіраванне. З 1282 рэзідэнцыя Габсбургаў. У 1365 засн. Венскі універсітэт. З 1469 рэзідэнцыя біскупаў (з 1722 архібіскупаў). У 1529 і 1683 горад вытрымаў аблогі туркаў. Месца заключэння міжнар. дагавораў і трактатаў (1515, 1738, 1809, 1864, 1866). З 2-й пал. 18 ст. адзін з гал. еўрап. цэнтраў культуры і мастацтва. У 1-й пал. 19 ст. значнае развіццё атрымала прам-сць (асабліва выраб фарфору). У 1805—06 і 1809 захоплена войскамі Напалеона I. Месца правядзення Венскага кангрэса 1814—15. У рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі Вена — цэнтр рэв. барацьбы. У 1867—1918 сталіца Аўстра-Венгрыі, з 1918 — Аўстр. рэспублікі. У 1938 у Вену

ўведзены ням. войскі (гл. Аншлюс). Вызвалена ў ходзе Венскай аперацыі 1945, падзелена на сав., амер., англ. і франц. акупац. сектары. У Вене падпісаны дзярж. дагавор 1955 паміж Аўстрыяй і СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй аб суверэннасці Аўстрыі; месца заключэння міжнар. канвенцый (Венскія канвенцыі 1961, 1963, 1969). У Вене размешчаны Аддзяленне і спецыялізаваныя ўстановы ААН.

Адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Большая ч. горада размешчана на правым беразе Дуная, паміж ім і адгор’ямі Усх. Альпаў (Венскі Лес). Гіст. ядро Вены — Стары, або Унутраны, горад, абкружаны 2 паўкольцамі бульвараў (Рынгштрасэ, 1856—88, на месцы гар. сцен 13—16 ст., і Гюртэль, 1894), захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку, вузкія крывыя вулачкі. Гатычныя сабор св. Стэфана (1304—1454) з паўд. вежай (выш. 136 м) і царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ (1330—1414); б. рэзідэнцыя Габсбургаў — Гофбург («Швейцарскія вароты», 1552; «Стары Гофбург», цяпер Нац. б-ка, 1723—25, арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах; «Новы Гофбург», 1881—1913, арх. Г.​Земпер, К.​Газенаўэр); барочныя палацы, нярэдка з тэраснымі паркамі, — Яўгена Савойскага (1695—1724, арх. Фішэр фон Эрлах, І.​Л.​Гільдэбрант), Даўн-Кінскі (1713—16), Ніжні (1714—16) і Верхні (1721—22) Бельведэр (арх. Гільдэбрант), барочная царква св. Карла Барамея (1716—39, арх. Фішэр фон Эрлах) і інш. За Гюртэлем палац і парк Шонбрун (1695—1749, арх. Фішэр фон Эрлах, Н.​Пакасі). Парадная забудова Рынгштрасэ ў духу эклектызму і гіст. стыляў — Опера (1861—69), парламент (1873—83, неакласіцызм), ратуша (1872—83, неаготыка); «Бургтэатр» (1874—88, арх. Земпер, Газенаўэр), «Венскі Сецэсіён» (1897—98, арх. І.​Ольбрых) і бальніца Штайнгоф (1904—07, арх. О.​Вагнер) — у духу «югендстылю», дом на Міхаэлерплац (1910, арх. А.​Лоз), Зах. Вакзал (1950—54), вышынны будынак Рынгтурм (1953—55), універсальная зала Штатгале (1955—58), пабудовы Садовай выстаўкі 1964 і інш.

У Вене універсітэт, АН, Вышэйшая тэхн. школа, Ін-т сусв. гандлю, Акадэмія выяўл. мастацтваў і інш. Нац. б-ка. Музеі: прыродазнаўча-гіст., мастацка-гіст., графічны збор Альберціна, Аўстрыйская галерэя, збор Акадэміі выяўл. мастацтваў, Этнагр. музей, Гіст. музей г. Вена, Музей 20 ст., дамы-музеі Л.​Бетховена, І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Ф.​Шуберта, І.​Штрауса. Тэатры: Венская дзяржаўная опера, «Фольксопер», «Бургтэатр» і інш.

Вена. Ратуша.
Да арт. Вена. Царква св. Карла Барамея. Арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах. 1716—39.
Да арт. Вена. Помнік прынцу Яўгену Савойскаму перад будынкам «Новага Гофбурга».

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,

тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс. км². Нас. 260 тыс. чал. (1993). Адм.ц. — г. Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд. т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.

Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км². У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.

Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс. ж. (1990).

Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп. Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрытанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб. Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.​Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.

Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач. ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс. км, у т. л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач. ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 7, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (эканам.),

каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасу цэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.

У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл. Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.

У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл. Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв. спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца курсавых суадносінах, якія ўстанаўліваюцца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.

Літ.:

Марфунин А.С. История золота. М., 1987;

Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1993;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРУСАЛІ́М (стараж.-яўр. Іерушалаім, араб. Аль-Кудс),

горад у Ізраілі, на паўпустынным пласкагор’і на З ад Мёртвага м. Зах. ч. — Новы горад (адм. ц. акругі Іерусалім), належыць Ізраілю, усх. ч. — Стары горад, з 1967 акупіраваны Ізраілем; паводле пастановы (1950) урада Ізраіля сталіца дзяржавы, месца знаходжання ўрада і парламента. 602 тыс. ж. (разам з Усх. Іерусалімам, 1996). Рэлігійны («свяшчэнны») цэнтр іудзеяў, хрысціян і мусульман. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Вядучыя галіны прам-сці: паліграф., лёгкая, харчовая. Развіты гарбарна-абутковая, металаапр., фармацэўтычная, шкляная, радыётэхн. прам-сці, апрацоўка алмазаў. Розныя рамёствы. Ун-т. 2 Акадэміі. Цэнтр міжнар. турызму.

Адзін з самых стараж. ханаанскіх гарадоў (3-е тыс. да н.э.). У пач. 10 ст. заваяваны Давідам, які зрабіў яго рэліг. і паліт. цэнтрам сваёй дзяржавы (адсюль вызначэнне І. як горада Давідава). Росквіт І. адбыўся пры цару Саламоне (пабудаваны храм). Пасля падзелу дзяржавы І. — сталіца Іудзейскага царства. У 586 (587?) зруйнаваны Навухаданосарам II. Адбудаваны яўрэямі пасля вяртання з Вавілонскага палону. З 538 да н.э. сталіца перс. правінцыі. Пасля заваявання Персіі Аляксандрам Македонскім і распаду яго дзяржавы пад уладай Пталамеяў, з 198 да н.э. — Селеўкідаў. З 141 да н.э. сталіца дзяржавы Макавеяў. У 70 н.э. зруйнаваны рым імператарам Цітам. У 4 ст. пры імператару Канстанціне свяшчэнны цэнтр хрысціян. З 395 пад уладай Візантыі. Пасля араб. заваявання (638) — свяшчэнны цэнтр мусульман. У 1099 захоплены крыжаносцамі, стаў месцам паломніцтва хрысціян. У 1173 І. наведала Ефрасіння Полацкая. У 1187 горад заваяваны егіп. султанам Салах-ад-дзінам. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 захоплены брыт. войскамі. У 1920—48 адм. ц. брыт. падмандатнай тэр. Палесціны. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 І. павінен быў стаць самаст. адм. адзінкай пад кіраваннем ААН. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 быў падзелены на 2 часткі: усх. адышла Іарданіі, зах. — да Ізраіля. У 1950 урад Ізраіля насуперак рашэнню ААН аб вылучэнні І. ў самаст. адм. адзінку аб’явіў яго сталіцай Ізраіля. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 Ізраіль захапіў увесь І. і ў ліп. 1980 абвясціў яго «вечнай і непадзельнай сталіцай» Ізраіля.

У 960—62 да н.э. на ўзгорку Марыя, дзе, як сведчыць легенда, адбылося ахвярапрынашэнне Аўраама, паводле загаду Саламона фінікійскія майстры з Тыра пабудавалі храм, у якім захоўвалася Арка Прымірэння, асн. сімвал монатэізму і богаабранніцтва ізраільцян (зруйнаваны вавіланянамі ў 586 да н.э., адноўлены ў 520—515 да н.э., канчаткова знішчаны ў 70 н.э. рымлянамі). У канцы 1 ст. да н.э. былі ўзведзены гар. ўмацаванні. У 130 на месцы Старога горада пабудаваны г. Алія Капіталіна. Ад комплексу абарончых збудаванняў захаваўся фрагмент зах. муру (Сцяна Плачу). У 335 паводле загаду Канстанціна I Вялікага на месцы Галгофы ўзведзены храм-ратонда Труны Гасподняй (неаднаразова перабудоўваўся). У 5 ст. збудаваны некалькі крыптаў, базілікі на Маслічнай гары. Пасля далучэння І. да ўладанняў Амеядаў на месцы разбуранага храма Саламона пабудавана антаганальная мячэць Кубат ас-Сахра («Купал скалы», другая назва — мячэць Амара), побач — мячэць аль-Акса (перабудавана ў пач. 8 ст. з хрысц. базілікі; перабудоўвалася ў 780, 1035). У час валодання І. крыжаносцамі ўзводзіліся новыя храмы і манастыры, Айюбідамі і мамлюкамі — мячэці і медрэсэ. Да 14 ст. адносіцца цытадэль — Вежа Давіда (з перабудовамі 16 ст.). У 16 ст. І. умацаваны, паводле загаду султана Сулеймана Велічнага адноўлены муры рым. часу (з 34 вежамі і 8 брамамі), якія ўключалі з усх. боку крэпасць Ірада (1536—41). У 1892 пачалася мадэрнізацыя І. У 20 ст. пашырылася забудова зах. ч. Новага горада. Арх. акцэнты І. — Яўрэйскі універсітэт (1925, арх. Д.​Рэзнік, Э.​Рау), сінагога мед. цэнтра «Эйн-Керэм» (1952—61, арх. І.​Нейфельд, 12 вітражоў М.​Шагала), Кнесет (арх. Д.​Кармі, І.​Кларвайн, інтэр’еры аздоблены габеленамі Шагала), мемарыял Дж.​Кенэдзі (абодва 1966) і інш. Нац. музей Ізраіля (1965), Нац. музей «Бецалель» (Стары музей, 1906), музей Рокфелера (1927).

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Да арт. Іерусалім. М.​Шагал. Вітраж у сінагозе іерусалімскага медыцынскага цэнтра «Эйн-Керэм».
Мячэць Амара ў Іерусаліме. 687—691.
Цытадэль — Вежа Давіда ў Іерусаліме.
Мемарыял Дж.​Кенэдзі ў Іерусаліме. 1966.

т. 7, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМО́Е КІНО́,

умоўная назва кінематографа ад яго ўзнікнення (1895) да 1930-х г., які характарызаваўся спецыфічнай сістэмай выразных сродкаў, найб. адметным з якіх была адсутнасць гуку — «немата». Гэта кампенсавалася цітрамі, ігрой тапёраў, павышанымі мімікай і жэстыкуляцыяй акцёраў, падкрэсленым грымам. Узнаўленне выявы з хуткасцю 16 кадраў за секунду (цяпер 24) рабіла дзеянне больш рухомым. Чорна-белы колер часам спалучаўся з афарбоўкай, вірыраваннем стужкі. У 1930-я г. паступова саступіла месца гукавому кіно.

Гісторыя Н.к. пачалася ў 1890-я г. з тэхн. атракцыёна і была цесна звязана з развіццём кінатэхнікі: вынаходніцтвам «жывых карцінак» (Т.​Эдысан), «кінематографа» (браты Люм’ер), «вайтаскопа» (Т.​Армат і Эдысан) і «баёграфа» (Э.​Лост і У.​Дзіксан). У пач. 20 ст. пачалося наследаванне традыц. відам мастацтва — тэатру і літаратуры. У канцы 1910-х г. становіцца самаст. мастацтвам са сваёй сістэмай выразных сродкаў (гл. Кінамастацтва). Спецыфіка кінамовы (экранны рух, сістэма планаў, ракурсаў, кампазіцый, асвятлення, мантаж як аўтарская канцэпцыя фільма) былі тэарэтычна вызначаны як «фотагенія» (Л.​Дэлюк), «рэабілітацыя фізічнай рэальнасці» (З.​Кракаўэр), «фатаграфічная дакументальнасць» (А.​Базен), «Мантаж атракцыёнаў» (С.​Эйзенштэйн). Паэтыку Н.к. развіваў яго эксперым. авангард, кіно сімвалаў і метафар. Ням. экспрэсіянізм стварыў экранны свет дэфармаванай прасторы, фантасмагорыі, адчування пагрозы («Кабінет доктара Калігары», рэж. Р.​Віне, 1919; «Нібелунгі», 1924, «Метраполіс», 1926, абодва рэж. Ф.​Ланг). Франц. імпрэсіянізм матэрыялізаваў у вобразах падсвядомасць, летуценні, патаемныя жаданні («Антракт», рэж Р.​Клер, «Механічны балет», рэж. Ф.​Лежэ, абодва 1924; «Андалузсхі сабака», 1928, «Залаты век», 1930, абодва рэж. Л.​Буньюэль). У эпоху Н.к. пачалі фарміравацца віды і жанры кіно (гл. Дакументальнае кіно, Мастацкае кіно). Усталявалася сістэма кіназорак пэўнага амплуа: «Папялушка» — М.​Пікфард, Л.​Гіш у ЗША, «ахвяра року» — В.​Халодная ў Расіі, Г.​Гарба ў ЗША, «вамп» — А.​Нільсен у Даніі, «рамантычныя палюбоўнікі» — Р.​Валентына, Г.​Лойд, Д.​Фэрбенкс у ЗША, І.​Мазжухін, А.​Ктораў у Расіі, комікі — Б.​Кітан у ЗША, М.​Ліндэр у Францыі і інш. Маст. мову Н.к., яго міміку і пантаміму геніяльна выкарыстаў Ч.​Чаплін для стварэння вобраза-маскі чалавечнага і вынаходлівага бадзягі («Малыш», 1921; «Залатая ліхаманка». 1925; «Цырк», 1928; «Агні вялікага горада», 1931). Нац. кінематографы ўвасобілі на экранах гісторыю народаў у розных жанравых формах: гісторыка-манумент. «баевікі» Дж.​Пастроне ў Італіі («Падзенне Троі», 1910; «Кабірыя», 1914), кінапрытча пра гісторыю чалавецтва Д.​Грыфіта ў ЗША («Нецярпімасць», 1916), кінатрагедыя пра сярэднявечча К.​Т.​Дрэера ў Францыі («Страсці Жанны д’Арк», 1927) і інш. У Расіі развівалася гіст.-рэв. кіно ў паэт.-метафарычным кірунку кінаэпапеі Эйзенштэйна з «героем-масай» і «тыпажамі» замест акцёраў («Стачка», 1925; «Браняносец Пацёмкін», 1925), кінадрамы У.​Пудоўкіна («Маці», 1926), лірыка-эпічныя кінапаэмы А.​Даўжэнкі («Звянігара», 1928; «Зямля», 1930).

На Беларусі Н.к. развівалася з 2-й пал. 1920-х г. З 1925 у «Белдзяржкіно» кінааператар М.​Лявонцьеў здымаў святы, урачыстасці, жыццё вёскі і горада. Першы бел. маст. фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.​Тарыч) спалучае авантурна-прыгодніцкі жанр з рысамі дакументалізму (здымкі на месцы рэальных гіст. падзей сялян, удзельнікаў вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі). Авантурна-прыгодніцкі жанр дамінаваў у бел. фільмах на гіст. тэмы: «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. У.​Гардзін), «Хвоі гамоняць» (1929, рэж. Л.​Малчанаў) і інш. Фільм У.​Корш-Сабліна «У агні народжаная» (1929) спалучае фальклорную афарбоўку з традыцыямі агітплаката. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. бел. Н.к. актыўна звяргалася да тагачаснай тэматыкі: фільмы «Чатырыста мільёнаў» (рэж. Гардзін), «Да заўтра» (абодва 1929), «Нянавісць» (1930, рэж. абодвух Тарыч), «Шчасце» (рэж. А.​Файкцымер), «Жанчына» (рэж. Я.​Дзіган, абодва 1932) і інш. Па стылістыцы яны блізкія да агітпрапфільмаў. У 1930-я г. бел. Н.к. звяргалася да эстэтыкі жывапісна-мантажнага кіно, што падкрэслівала нац. каларыт фільмаў. Апошні бел. «нямы» фільм — «Палескія рабінзоны» (1935, рэж. І.​Бахар і П.​Малчанаў).

Літ.:

История белорусского кино. Мн., 1969;

Клер Р. Кино вчера, кино сегодня: Пер. с фр. М., 1981.

В.​Ф.​Нячай.

т. 11, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦІДЗЕСЯ́ТНІКІ,

паслядоўнікі адной з плыней у пратэстантызме. З’явіліся ў ЗША у пач. 20 ст. У аснову іх веравучэння пакладзена евангельскае паданне пра сыходжанне св. духа на апосталаў — вучняў Хрыста на 50-ы дзень пасля яго ўваскрэсення (свята Пяцідзесятніцы), што і дало назву плыні. Адсюль іх сцвярджэнне, што сапраўднаму верніку неабходны непасрэдныя зносіны з Богам праз св. духа, а таксама наяўнасць яго дароў — «гаварэння на іншых мовах» (гласалалій), прароцтва. Значнае месца ў П. адводзіцца ідэі блізкасці канца свету, другога прышэсця Хрыста і ўсталявання яго 1000-гадовага царства на Зямлі. Неабходны для П. абрад «хрышчэння св. духам» дасягаецца асаблівым комплексам доўгіх маленняў і пастамі. Для культу П. характэрны наяўнасць «прарокаў» і «прарочыц», вера ў магчымасць цудоўнага вылячэння і інш. Практыкуюцца абрады воднага хрышчэння і хлебапераламлення, у часткі П. — абмывання ног. П. не маюць цэнтралізаванай арг-цыі, якая б грунтавалася на адзіным веравучэнні, дысцыпліне, абраднасці. Існуе шэраг самаст. кірункаў П., у т. л. на Беларусі — хрысціяне веры евангельскай (ХВЕ), хрысціяне веры апостальскай (ХВА), хрысціяне поўнага евангелля (ХПЕ).

Першыя паслядоўнікі ХВЕ з’явіліся ў 1920-я г. ў Зах. Беларусі на тэр. Палескага ваяв. ў выніку дзейнасці замежных місіянераў і рээмігрантаў з ЗША і наз. таксама зеленасвёнткаўцы (ад польскай назвы Пяцідзесятніцы — Zielone Swiątki). Ва ўсх. Беларусі, дзе іх было значна менш, яны наз. таксама варанаеўцы (у гонар першага прапаведніка гэтага вучэння ў СССР І.​Я.​Варанаева). У 1930 абшчыны ХВЕ Палескага ваяв. (больш за 1 тыс. чал.) увайшлі ў Саюз ХВЕ у Польшчы (цэнтр у г. Лодзь). З 1929 Саюз выдаваў час. «Примиритель». У канцы 1944 была створана Царква ХВЕ у Літ. ССР, БССР і УССР з цэнтрам у г. Баранавічы, на чале з епіскапам І.​К.​Панько і ген. сакратаром С.​І.​Вашкевічам. Аднак у рэгістрацыі іх царкве было адмоўлена з-за іх экстатычнай абраднасці. Тады частка абшчын на чале з кіраўніцтвам Царквы ХВЕ у 1945 увайшла ў зарэгістраваны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ) са згодай адмовіцца ад гаварэння на «іншамовах». Частка абшчын ХВЕ, якія не пайшлі на рэгістрацыю, дзейнічала падпольна. У 1-й пал. 1970-х г. некат. абшчыны ХВЕ атрымалі дазвол на аўтаномную рэгістрацыю (па-за межамі ЕХБ), у 1989 аб’яднанне ХВЕ з ЕХБ распалася. У наш час ХВЕ займаюць першае месца сярод пратэстанцкіх плыней Беларусі. На 1.1.2001 зарэгістравана 443 абшчыны, якія аб’яднаны ў Саюз ХВЕ Беларусі.

ХВА (або евангельскія хрысціяне ў духу апостальскім — ЕХВДА, таксама смародзінцы ў гонар заснавальніка гэтай плыні ў Расіі ў пач. 20 ст. М.​П.​Смародзіна) прызнаюць большасць агульных догматаў П., але адмаўляюць траістасць Бога. На іх думку, толькі ў Ісусе Хрысце ўвасабляецца Бог-бацька, Бог-сын і Бог—св. дух. Адсюль іх інш. назва — ісусаўцы. Разам з тым хрышчэнне св. духам у шэрагу іх абшчын не лічыцца абавязковай умовай для асабістага выратавання. Паслядоўнікі ХВА пашыраны ў Гродзенскай вобл. (Мастоўскі р-н, Гродна і інш.) і ў Брэсцкім р-не (в. Страдзеч, Медна і інш.). У 1947 ЕХВДА, каб атрымаць рэгістрацыю, як і ХВЕ, увайшлі ў саюз ЕХБ. У 1970-я г. іх пачалі рэгістраваць аўтаномна. На 1.1.2001 на Беларусі 9 абшчын ХВА. ХПЕ сваім веравучэннем і рэліг. практыкай найб. блізкія да ХВЕ. Першыя абшчыны ХПЕ узніклі на Беларусі ў пач. 1990-х г. з актыўным удзелам місіянерскіх груп з ЗША, Канады, Швецыі. Іх членамі сталі пераважна маладыя вернікі з абшчын ХВЕ у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Мікашэвічах (Брэсцкая вобл.). Ад ХВЕ яны адрозніваюцца ў асноўным знешнім бокам сваіх малітоўных сходаў; шмат увагі аддаюць сумесным спевам рэліг. гімнаў з плясканнем у далоні і танцамі пад акампанемент сучасных муз. ансамбляў. Вял. аўтарытэтам у вернікаў карыстаецца пастар, які праводзіць абрад вылячэння верай з ускладаннем рук. На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічаюць 54 абшчыны, якія ўваходзяць у рэліг. аб’яднанне абшчын ХПЕ.

Літ.:

Баптизм и баптисты. Мн., 1969;

Москаленко А.Т. Пятидесятники. 2 изд. М., 1973;

Каліноўскі В. Этнаграфічная спецыфіка пяцідзесятніцкае вёскі на Берасцейшчыне // Форум: Інфарм.-культур. бюл. 1995—96. № 2.

Ю.​В.​Бажэнаў, Л.​У.​Бароўка, А.​У.​Верашчагіна.

т. 13, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ві́на 1 ’пікі (у картах)’ (БРС, Нас.), ві́ны (Шат., Нас.), ві́ні (Касп.). Укр. ви́но ’пікавая масць’, рус. ви́ни ’тс’. Запазычана з польск. wino ’масць пікі ў картах’; назва паходзіць ад wino ’вінаград’, які быў намаляваны на картах (Насовіч, 58; Шанскі, 1, В, 100).

Ві́на 2 ’пасаг’ (маг., Бр.), укр. віно, рус. ленінгр. вина́ ’выкуп за маладую’, рус. ве́но ’пасаг’, ст.-рус. вѣно, польск. wiano, в.-луж. wěno, чэш. věno, славац. veno ’тс’. Дыялектны варыянт з ‑і‑ ўзнік, відаць, пад уплывам украінскай мовы, гэта не зусім дакладны запіс вузкага ‑ê‑. Параўн. таксама ўсх.-польск. wino ’пасаг’. Да ве́на (гл.).

Віна́ 1 ’нядобры ўчынак, правіннасць’ (БРС, КТС). Укр. вина́ ’віна, абвінавачванне’, рус. вина́ ’віна, пачатак, крыніца, падстава’; ’правіннасць, учынак, грэх’, пск. ’правіннасць, абавязак’, ст.-рус. вина ’вина, правіннасць, грэх, абвінавачванне’ (XII ст.); ’асуджэнне, пакаранне’ (з XVII ст.), польск. wina ’віна, правіннасць, грэх’, н.-луж. wina, в.-луж. wina, чэш. vina, славац. vina ’тс’, макед. вина ’віна, злачынства’, балг. вина ’віна’, ст.-слав. вина. Прасл. vina < і.-е. *u̯ei‑n‑a, роднаснае ад літ. vaina ’памылка’, лат. vaĩna ’віна, недахоп’, vainȃt ’вініць, абвінавачваць, ганіць’, ’прычыняць шкоду’. Іншыя і.-е. мовы маюць фармант ‑t‑, які далучаецца да асновы *u̯ei‑, напр., лац. vitium. Гл. Праабражэнскі, 1, 84; Брукнер, 625; Фасмер, 1, 316; Шанскі, 1, В, 99; КЭСРЯ, 81; Скок, 3, 594; БЭР, 1, 148; Голуб-Копечны, 416; Махэк₂, 690.

Віна 2 ’прычына’ (Кар., КТС), рус. вина́ ’пачатак, прычына, крыніца, зачэпка’, ст.-рус. вина ’прычына, падстава’, польск. wina, н.-луж., в.-луж. wina ’тс’, чэш., славац. vina ’прычына чаго-небудзь дрэннага, благога’, ст.-слав. вина ’прычына’. Відавочна, гэта семантычны перанос ад віна 1 (гл.). Карскі (Труды, 204) лічыць лексему віна ’прычына’ паланізмам.

Віна 3 ’плата суддзю і інш. чыноўнікам’ (Гарб.), укр. вина ’суровая пошліна’, ст.-рус. вина ’асуджэнне, пакаранне, кара’; ’грыўня’; ’плата за шкоду’; ’пошліна’, польск. wina ’грыўня, грашовая плата за правіннасць’, лат. vaĩna ’вінаватасць’. Да віна́ 1 (гл.). Лексема гэта, відаць, у бел. мову перайшла са ст.-рус. мовы (юрыдычнай тэрміналогіі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)