прадстаўнік грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву, якому даручаецца прымаць удзел у судовым разглядзе справы з мэтай абароны правоў і інтарэсаў падсуднага. Удзел грамадскага абаронцы ў судзе прадугледжаны крымінальна-працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Грамадскі абаронца самастойны ўдзельнік працэсу, незалежны ад удзелу ў справе прафесійнага абаронцы — адваката. Ён не мае права адмовіцца ад абароны, за выключэннем выпадку, калі калектыў, што ўпаўнаважыў яго, ануляваў дадзенае яму даручэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІ АБВІНАВА́ЎЦА,
асоба, якая па даручэнні грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву прымае ўдзел у судовым разглядзе справы і выконвае функцыі грамадскага абвінавачання. Грамадскі абвінаваўца самастойны ўдзельнік судовага працэсу і не звязаны з пазіцыяй па справе дзярж. абвінаваўцы — пракурора. Ён мае права адмовіцца ад абвінавачання, калі даныя судовага следства даюць для гэтага падставу. Працэсуальнае становішча грамадскага абвінаваўцы ў Рэспубліцы Беларусь рэгламентавана крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВА́Я МА́РКА,
знак для абазначэння мінімальнай вышыні надводнага борта судна пры поўнай яго загрузцы ў розных умовах плавання.
Мае выгляд круга, перасечанага па цэнтры гарыз. лініяй, якая паказвае найб. дапушчальную асадку судна ў марской вадзе (у летні час у зоне ўмеранага клімату), і 6 гарыз. ліній, якія паказваюць гранічнае апусканне яго ў залежнасці ад раёна плавання, пары года, характару вады. Наносіцца на барты судна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДРО́Н (франц. goudron),
астатак пасля адгонкі з нафты бензінавых, газавых і асн. масы масляных францый. Вязкая вадкасць ці цвёрды асфальтападобны прадукт чорнага колеру, шчыльн. 950—1030 кг/м³. Мае парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя вуглевадароды (45—95%), асфальтэны (найб. высокамалекулярныя кампаненты нафты, 3—17%), нафтавыя смолы (2—38%). Выхад гудрону складае 10—45% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць для вытв-сці дарожнага, дахавага і буд. бітумаў, як сыравіну крэкінгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖХУКА́Р,
археалагічная культура эпохі энеаліту (16—15 ст. да н.э.) на тэр. Сінда (Зах. Пакістан). Прасочваецца на некат. помніках, у т. л. каля сучаснага паселішча Джхукар, дзе змяняе Інда даліны цывілізацыю. Характэрная двухкаляровая кераміка, якая мае аналагі з Белуджыстанам. Выяўлены своеасаблівыя пячаткі з каменю, фаянсу і гліны, медныя шпількі, правушныя сякеры, характэрныя для тэр. Сярэдняга Усходу. Некат. даследчыкі звязваюць развіццё Дж. з арыйцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДУДА́РЫКІ»,
бел. сцэнічны мужчынскі танец. Створаны ў 1960-я г. балетмайстрам І.Серыкавым з выкарыстаннем элементаў традыц.нар. лексікі. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. Мае гумарыстычны характар, выконваецца любой колькасцю ўдзельнікаў, якія па чарзе саліруюць, імітуючы ігру на дудцы, выяўляючы сваю вынаходлівасць, дасціпнасць, уменне весяліць народ. Насычаны тэхнічна складанымі рухамі.
Літ.:
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 339—353.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАГРАФІ́ЗМ (ад дэрма +грэч. graphō пішу),
змена афарбоўкі скуры пры мех. яе раздражненні. Адрозніваюць Д. белы (палосы пры раздражненні белага колеру), узвышаны (палосы чырв. колеру, узвышаныя над скурай і доўга не знікаюць), чырвоны (палосы чырв. ці ружовага колеру), разліты (палосы выходзяць за межы ўчастка, які раздражнялі), рэфлектарны (шырокая паласа з чырв. і белых плям), уртыкальны (на месцы раздражнення пухіры), мясцовы (толькі месца штрыхавога раздражнення). Мае дыягнастычнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДНІ́ПРУ ((Zadnipru) Пётр Іонавіч) (13.1.1927, с. Саука, Малдова — 23.9.1976),
малдаўскі паэт. Скончыў Кішынёўскі ун-т (1952). Дэбютаваў у 1952 паэт. зб-камі «Святло палёў» і «Стэпавыя агні». У кнігах «Людзі, дарагія людзі...» (1962), «Смак хлеба» (1964), «Сыны вы мае, сыны!..» (1977) апаэтызаваў жыццё малд. вёскі, яе праблемы і клопаты. Пераклаў на малд. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову творы З. пераклалі М.Лужанін, С.Панізнік, Г.Шупенька.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБРАБІЗО́Н,
міжвідавы гібрыд, помесь зубра з бізонам. Мае прыкметы абодвух жывёл, але звычайна буйнейшы за іх. Ад зубра адрозніваецца больш вял. галавой, будовай задніх ног, абросласцю галавы і пярэдняй ч. цела. Дае пладавітае патомства і з зубрам і з бізонам. Упершыню З. атрыманы ў 1907 у запаведніку Асканія-Нова, у 1940 завезены ў Каўказскі запаведнік, пазней і ў інш. раёны Каўказа, дзе размнажаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАРДА́Н (Jordanes, Jordanis),
остгоцкі гісторык 6 ст. Служыў у аланскага военачальніка, пазней, як мяркуюць, стаў епіскапам. Гал. праца І. «Пра паходжанне і дзеянні гетаў» (даведзена да 551) — важная крыніца па гісторыі готаў, Паўн. Прычарнамор’я і перыяду Вялікага перасялення народаў. Пераказаў падзеі, апісаныя гоцкім гісторыкам Касіядорам, выкарыстаў таксама эпас готаў, асабістыя назіранні. Праца мае каштоўныя звесткі з гісторыі інш. народаў і плямён, у т. л.стараж. славян.