абміну́ць, ‑міну, ‑мінеш, ‑міне; ‑мінём, ‑міняце; зак., каго-што.
1. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н. Парашыўшы абмінуць пасёлак, Васіль звярнуў з дарогі, што вяла да Нырчы, і лугам пайшоў напрасцяк да ракі. Краўчанка. // перан. Прапусціць, не звярнуць увагі на што‑н. [Рыгор] не падумаў, як спланаваць прамову, чаго ў ёй чапіць, што абмінуць, якія кінуць лозунгі. Гартны.
2. Не закрануць, не зачапіць. — Было ў мяне такое прадчуванне, Што куля першая не абміне. Пысін.
3. перан.; часцей з адмоўем. Пазбегнуць, унікнуць чаго‑н. Абмінуць бяду. □ Адно мне ясна: завірухі Не абмінуць, не адхіліць. Колас.
4. Рухаючыся хутчэй, абагнаць, апярэдзіць каго‑, што‑н. Як ішлі па садзе [мужчыны], нагналі Міхаіла Палікарпавіча, павіталіся з ім і моўчкі абмінулі яго. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аге́ньчык, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Памянш.-ласк. да агонь (у 1 знач.). Каля зямлянкі тут прыветна Гарэў агеньчык чуць прыкметна. Колас. Задрыжалі рукі, і сэрца ўсхадзілася хутка, хутка, калі цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў.
2. ‑а. Святло ад чаго‑н. у выглядзе кропкі; плямка святла. Зялёны агеньчык тралейбуса. Агеньчык цыгаркі. // перан. Бляск вачэй (звычайна як адлюстраванне якога‑н. унутранага стану чалавека). Зноў успыхнулі ў вачах Любы ранейшыя смяшлівыя агеньчыкі. Васілевіч.
3. ‑у; перан. Захапленне, запал, уздым. Міша Казлоў не любіць высокіх слоў: энтузіязм, камсамольскі агеньчык, працоўны ўздым. Ахвота да працы ў яго — патрэба душы. Мыслівец.
•••
На агеньчык (зайсці, забегчы) — зайсці да каго‑н. мімаходам, убачыўшы ў вокнах святло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. агледзь; зак., каго-што.
1. Акінуць позіркам, разгледзець з усіх бакоў. Агледзеў майстар камень ды выкаваў з яго споднік для млынавых жорнаў. Якімовіч. // Пазнаёміцца, разглядаючы прадмет за прадметам. За дзень звяно ў сталіцы На вуліцах і пляцах Агледзела святліцы, Тэатры і палацы. Аўрамчык.
2. Заглянуць усюды, шукаючы каго‑, чаго‑н. Міколка агледзеў вагон — няма дзеда. Лынькоў.
3. Выпадкова ці знарок адшукаць, напаткаць прыхаванае. Назаўтра раніцай агледзеў.. [Максімку] дворнік і выгнаў мятлою вон. Якімовіч.
4. Абследаваць, вызначыць стан здароўя арганізма або асобнага органа шляхам агляду, выслухвання і пад. Устрывожаная,.. [Граноўская] агледзела нагу. Рана была невялікая. Гурскі.
5. Прывесці ў парадак; падправіць, паднавіць. Агледзеў іх [будынкі] Антось, падправіў І шулы новыя паставіў У гнілы паркан. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агро́мністы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі вялікі памерамі, аб’ёмам. Як нейкі востраў на агромністым блюдзе чаратовых балот, маляўніча выступаў старадаўні горад, важнейшы цэнтр неабсяжнага Палесся. Колас. Ад агромністых хвой засталіся толькі пашчапаныя пні. Лынькоў. Ні раённы гарадок, ні нават Бабруйск ніяк не маглі раўняцца з гэтым агромністым, такім неспакойным горадам. Мележ. // Вельмі вялікі па колькасці; шматлікі. А хто там ідзе, а хто там ідзе У агромністай такой грамадзе? — Беларусы. Купала. Агромністая армія.. застыла насцярожана, чакаючы жаданага слова каманды. Мележ.
2. Вельмі вялікі па сіле, глыбіні выяўлення. Як у маўклівых, скупых словах выказаць тое агромністае, багатае пачуццё, якое ў ім [Тураўцу] жыве? Мележ. У гэтым маналогу — ніводнага халоднага, абыякавага слова, усё дыхае агнём агромністага ўзрушэння. Бярозкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́ба, ‑ы, ж.
Вадзяная пазванковая з непастаяннай тэмпературай цела жывёліна, звычайна пакрыта луской; дыхае жабрамі і мае плаўнікі. Марская рыба. Драпежная рыба. / у знач. зб. І рэчка ёсць. А рыбы, рыбы! Вось дзе, Антось брат, пажыў ты бы! Колас. — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць. Лынькоў. // Мяса гэтай жывёліны; ежа, прыгатаваная з яе. Рыба пад марынадам. Заліўная рыба.
•••
Лятучыя рыбы — рыбы, якія выскокваюць з вады і могуць трымацца некаторы час у паветры, ратуючыся ад драпежных рыб.
Біцца як рыба аб лёд гл. біцца.
Ні рыба ні мяса — пра чалавека, які не мае характэрных індывідуальных якасцей; ні тое, ні сёе.
У каламутнай вадзе рыбу лавіць гл. лавіць.
Як рыба ў вадзе — добра, прывольна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самапа́сам, прысл.
Разм. Без нагляду; на свабодзе. На.. [лузе] ўсю вясну, лета і восень самапасам пасвяцца гусі. Сачанка. Бацька мала калі бачыў сына, бо дзень і ноч быў заняты работай у сваім міністэрстве. Сын рос самапасам. Шахавец. Фэлькавы дзеці жылі самапасам, без мацярынскага догляду і бацькавай ласкі. С. Александровіч. // Без занятку, сам па сабе. Не жывуць самапасам і меншыя [дзеці]: у таго клопат — трусоў дагледзець, таму трэба бацвіння назбіраць і ў карыце насекчы. Ракітны. // Без дазволу, самавольна. [Алена Собаль:] — Старшыня.. [Геньку] не пускае і грозіць, што не дасць ніякіх дакументаў, калі ён толькі паедзе самапасам. Паслядовіч. // Без кіраўніцтва, як хто ўмее, як можа. У некаторыя ўрачыстыя дні.. складаецца саматужны хор. Ніхто ім не кіруе, спяваюць самапасам, як хто ўмее. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапра́ўднасць, ‑і, ж.
1. Тое, што існуе на самай справе, у жыцці; рэальнае існаванне чаго‑н., рэальнасць. Колю і цяпер усё яшчэ здаецца, што гэта быў не сон, а жывая сапраўднасць. Якімовіч. Усе нядаўнія падзеі ўсталі перад .. [Саўкам] у сваёй страшнай сапраўднасці. Колас. У апавяданнях Янкі Брыля ўпершыню знайшла шырэйшае эпічнае адлюстраванне заходнебеларуская сапраўднасць. Таўлай.
2. Уласцівасць сапраўднага (у 1 знач.). У старога пачалі ўжо з’яўляцца сумненні ў сапраўднасці запрашэння і вырастаць трывога за Таццяну і Любу. Шамякін. // Аўтэнтычнасць, праўдзівасць. [Лейтэнант] павёў ліхтарыкам, нібы лішні раз хацеў пераканацца ў сапраўднасці дакумента, змешчанай у ім фотакарткі. Лынькоў.
3. Сучаснасць. І гэта было ўсё, што нагадвала пра колішні Грабскі хутар, усё, што звязвала сапраўднасць з мінулым. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сасно́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сасны, уласцівы ёй. Сасновая кара. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва. Колас. Тут [у вёсцы] водар сасновы, здаровы, Ігліцы, жывіцы настой. Бялевіч. // Які здабываецца з сасны. Грудзямі гарачымі зноў я ўдыхаю Пах кветак палёў і сасновай жывіцы. Хведаровіч.
2. Які складаецца з соснаў, парос соснамі. Няма ў ціхае надвор’е лесу болей спакойнага, паважна-ўрачыстага, чым сасновы бор. Навуменка. Лагер размяшчаўся ў сасновым гушчары. Мележ.
3. Зроблены з сасны. На заставе.. ўздымаюцца вялікія сасновыя зрубы. Брыль. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.
4. у знач. наз. сасно́выя, ‑ых. Тое, што і хваёвыя.
5. Як састаўная частка пазваў раслін, жывёл, птушак. Сасновы шаўкапрад. Сасновая саўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бі́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад біць (у 1–3, 10 і 16 знач.).
2. у знач. прым. Зарэзаны, забіты; настраляны (пра дзічыну). Завёзшы свініну.., [Вадап’ян] варочаецца назад, пакінуўшы.. [на рынку] жонку, а па дарозе прыхваціць пару бітых ці жывых япрукоў, парадкуе іх, калі яны ўжо старгаваны і куплены бітымі. Колас.
3. у знач. прым. Разбіты на кавалкі; расколаты, раструшчаны. Бітае шкло звонка храбусціць пад нагамі. Лынькоў. На месцы бацькавага дома, зарослы травой і адуванчыкамі, узнімаўся курган з бітай цэглы. Карпюк.
4. у знач. прым. Валены. У мяне на нагах таксама някепскі абутак — бітыя валёнкі. Місько.
•••
Бітая гадзіна гл. гадзіна.
Бітая дарога гл. дарога.
Карта (стаўка) біта гл. карта.
Козыр біты гл. козыр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бубні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; ‑нім, ‑ніце; незак., што і без дап.
Разм.
1. Біць у бубен; барабаніць. [Юрка:] — Нашто вы бубен дасталі? [Жыгунец:] — Бубніць пайду. Чорны. // Ствараць, утвараць гукі, падобныя да гукаў бубна. Аднастайна, сумотна бубніць дождж у шыбы акон. Шамякін.
2. перан. Гаварыць ціха, незразумела, манатонна. Таркевіч рабіў уражанне сярдзітага чалавека. Бровы яго пераважна былі нахмураны, ён меў звычай бубніць і прыгаворваць: «Ці гэта парадак?» Колас. Дастаўшы чыгунок ці якую варэйку, .. [Андрэй Данілавіч] адхопліваў гарачы кружок, заглядваў у пасудзіну і дабрадушна бубніў: «Ну, а тут што ёсць? Чаго нам тут накухарыла?» Ракітны. // Назойліва паўтараць адно і тое ж. — Печаны гад! І зямля іх такіх носіць. Усю дарогу мне бубніў, што вайне канец. С. Александровіч.
•••
Бубніць (сабе) пад нос — гаварыць вельмі ціха, незразумела.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)