ВАЙСКО́ВА-ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЯ МІ́СІЯ БНРу Латвіі і Эстоніі,
дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—21. Накіравана ў вер. 1919 Радай нар. міністраў на чале з А.І.Луцкевічам для консульскай працы і арганізацыі бел.узбр. сіл на тэр. Эстоніі. Была акрэдытавана пры ўрадах Латвіі і Эстоніі, размяшчалася ў Рызе. Начальнік місіі К.Б.Езавітаў. 5.4.1920 паўнамоцтвы місіі пацверджаны ўрадам В.Ю.Ластоўскага. Пры місіі дзейнічалі рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы ў Таліне і ў Ліепаі; ёй падпарадкоўвалася консульства БНР у Рызе. Місія ўдзельнічала ў рабоце бел.-лат. памежнай камісіі (сак. 1920), падрыхтавала надзвычайную дыпламат. місію на чале з В.І.Захаркам у Маскву (ліп. 1920) і Бел. нац.-паліт. нараду ў Рызе (20.10.1920); кіравала Асобным атрадам БНР на чале з С.Н.Булак-Балаховічам, змагалася за ўдзел БНР у Канферэнцыі балт. дзяржаў (жн. 1920). Яна садзейнічала арганізац. афармленню бел. калоніі ў Латвіі, стварэнню бел. прэс-бюро ў Рызе, культ.-асв.т-ва«Бацькаўшчына», курсаў беларусазнаўства і інш. Дзейнасць місіі спынена 1.2.1921 у выніку дыпламат. націску Сав. Расіі на ўрад Латвіі напярэдадні падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА (грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. activus дзейсны, дзейны) у псіхалогіі, уласцівасць псіхікі быць не толькі актам, але і крыніцай паводзін. Праяўляецца ў сувязі з дзейнасцю як дынамічная ўмова яе ўзнікнення, рэалізацыі і відазмянення. Паняццем «актыўнасць» падкрэсліваецца не рэактыўная, а актыўная сутнасць псіхічнага, якая найлепш праяўляецца праз свабоду волі і жадання. Актыўнасць можа быць вонкавая (праяўляецца праз рухі цела і маторыку) або ўнутраная (існуе ў плыні псіхічнага). У ёй вылучаюць паводзіны і дзейнасць. Дзейнасць адрозніваецца ад паводзін тым, што выклікаецца свядома пастаўленымі мэтамі, якія дасягаюцца пры дапамозе прылад працы. Тэрмін «актыўнасць» выкарыстоўваецца псіхолагамі і ў вузкім сэнсе: актыўнасць асобы — магчымасць чалавека быць суб’ектам міжасабовых зносін, дзейнасці і самарэалізацыі; актыўнасць надсітуацыйная звязана з перавышэннем зададзеных мэт дзейнасці, а звышнарматыўная актыўнасць — з перавышэннем звычайных нормаў дзейнасці; актыўнасць пошукавая — перабор розных варыянтаў сітуацыі дзеяння. Тэрмінам «актыўнасць» называюць таксама аспект тэмпераменту, які характарызуецца хуткасцю, тэмпам, энергіяй, магчымасцю пераадольваць цяжкасці.
Літ.:
Хекхаузен Х. Мотивация и деятельность: Пер. с нем. М., 1986. [Т.]1. С. 12—14, 54—55, 70—93, 152—160, 215, 216;
Общая психология. 2 изд. М., 1986. С. 205—215, 415.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНЫ ПАДРА́Д,
форма арэндных узаемаадносін унутры прадпрыемства (унутрывытворчая арэнда). Выкарыстоўваецца для павышэння эфектыўнасці вытворчасці на аснове матэрыяльнага стымулявання арэнднага калектыву. Аб’ектам арэнды з’яўляецца падраднае заданне — выпуск прадукцыі пэўнай наменклатуры, адпаведнай якасці і ў вызначаны тэрмін на аснове выкарыстання асноўных сродкаў вытворчасці, якія бяруцца ў арэнду. Дагавор на арэндны падрад заключаецца паміж адміністрацыяй прадпрыемства, з аднаго боку, і калектывамі яго вытворчых падраздзяленняў (брыгад, цэхаў і інш.), з другога. Узаемаадносіны паміж імі будуюцца на прававой і эканамічнай аснове. Арэнднаму вытворчаму падраздзяленню перадаецца частка правоў прадпрыемства, напрыклад размеркаванне даходу, арганізацыя працы і яе аплата, вызначэнне колькасці работнікаў, выкарыстанне абсталявання і працоўнага часу, выкананне знешніх паслуг і заказаў і гэтак далей. Такое расшырэнне правоў і гаспадарчай самастойнасці арэнднага калектыву спалучаецца з яго матэрыяльнай адказнасцю за выкананне вытворчых заданняў. Арэндны падрад грунтуецца на дакладным вызначэнні складу і памеру арэнднай платы, парадку размеркавання выручкі ад продажу прадукцыі паміж адміністрацыяй і арэндным калектывам, магчымасцяў ствараць у арэндным вытворчым падраздзяленні фонд развіцця вытворчасці, фонд спажывання і гэтак далей. Пры гэтым асноўныя функцыі прадпрымальніка застаюцца за адміністрацыяй прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁНІКА (ад грэч. biōn элемент жыцця, літар. які жыве),
кірунак у кібернетыцы, засяроджаны на вывучэнні асаблівасцяў будовы і жыццядзейнасці арганізмаў з мэтай стварэння больш дасканалых тэхн. сістэм або ўстройстваў. Першай спробай мадэлявання жывога (крыла птушкі) лічаць працы Леанарда да Вінчы (1452—1519). Як самаст. навука вылучылася з кібернетыкі ў 1960 на першым сімпозіуме па біёніцы ў Дайтане (ЗША). Існуюць 3 кірункі біёнікі: біялагічны — вывучэнне з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах з мэтай наступнага выкарыстання іх у тэхн. аспектах; тэхнічны — пабудова новых і ўдасканаленне старых тэхн. сістэм на аснове біял. ведаў; тэарэтычны — высвятленне магчымасці стварэння тэхн. ўстройства шляхам папярэдняга выпрабавання яго мадэлі. На Беларусі распрацоўваюцца біятэхн. сістэмы, сукупнасці біял. і тэхн. элементаў, звязаных паміж сабой у адзіным контуры кіравання. Створаны комплекс маніторных дыягнастычных і біятэрапеўтычных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі (Г.І.Сідарэнка). Прапанавана эксперым. мадэляванне кіруючых сістэм (эмбрыябіёніка), што рэалізуецца ў выглядзе аперацыі органапексіі (Д.М.Голуб).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРЫ́ЛА (Мікалай Васілевіч) (10.9.1923, в. Скварцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 30.9.1992),
бел. мовазнавец. Акад.АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1947). З 1947 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—58 праф. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. З 1959 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1977 адначасова в.а. акадэміка-сакратара. У 1982—92 акад.-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі. Навук.працы ў галіне бел. дыялекталогіі, сучаснай бел.літ. мовы, анамастыкі і лексікаграфіі. Аўтар манаграфій «Беларуская антрапанімія» (т. 1—3, 1966—82), «Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове» (1986). Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), «Лексічны атлас беларускай мовы» (т. І, 1992) і інш. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і рэдагаванні слоўніка «Славянская анамастычная тэрміналогія» (Скопле, 1983), «Слоўніка беларускай мовы» (1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРАЎ (Юрый Васілевіч) (н. 15.3.1924, г. Орск Арэнбургскай вобл.),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1951). Першы зб. апавяданняў «На вялікай рацэ» (1953). У аповесцях «Батальёны просяць агню» (1957), «Апошнія залпы» (1959), раманах «Двое» (1964), «Гарачы снег» (1969) — будні, гераізм салдатаў, афіцэраў, генералаў у гады Вял.Айч. вайны, вытокі нар. подзвігу ў барацьбе з фашызмам. Напружаны драматызм, паглыблены псіхалагізм, вернасць жыццёвай праўдзе — асн. якасці стылю пісьменніка. Мастацка-філас. асэнсаванне еднасці чалавека са сваёй эпохай, непарыўная сувязь яго з часам і гісторыяй, з лёсам сваёй Радзімы і планеты, тэма адказнасці за гэты лёс у раманах «Цішыня» (1962), «Бераг» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1977); «Выбар» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1983), «Гульня» (1985). Аўтар аповесці «Сваякі» (1969), цыкла мініяцюр «Імгненні» (1977—82), кнігі літ. нататкаў «Пошук ісціны» (1976) і інш. Працуе для тэатра і кіно (фільмы «Апошнія залпы», «Цішыня», «Гарачы снег», «Бераг», кінаэпапея «Вызваленне»). Ленінская прэмія 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́НА ((Bruno) Джардана Філіпа) (1548, г. Нола, Італія — 17.2.1600),
італьянскі філосаф-матэрыяліст, паэт. Выступаў супраць каталіцызму, схаластыкі і цемрашальства. У 15 гадоў стаў манахам. Вучыўся ў манастырскай школе дамініканскага ордэна. Атрымаў сан святара і ступень д-ра філасофіі. У 1575, каб пазбегнуць праследавання царкоўнікамі за свае погляды, пакінуў манастыр, пазней і Італію. Жыў у Францыі, Англіі, Германіі. У 1592 вярнуўся на радзіму. Быў абвінавачаны інквізіцыяй у ерасі і вальнадумстве, пасля 8-гадовага зняволення ў турме спалены. Абапіраючыся на геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і дапаўняючы яе новымі палажэннямі, Бруна выказваў думкі, што Сусвет не абмяжоўваецца сонечнай сістэмай, а Сонца не з’яўляецца абсалютным цэнтрам Сусвету, яно рухаецца і мяняе сваё становішча адносна зорак, што існуе бясконцае мноства светаў. Адзінай субстанцыяй свету лічыў матэрыю. Аднак матэрыяліст. і дыялект. ідэі ў Бруна спалучаліся з пантэізмам і гілазаізмам. Распрацоўваючы метад пазнання свету, спалучаў эмпірызм з рацыяналізмам. Асн.працы: «Пра прычыну, пачатак і адзінае» (1584), «Пра бясконцасць, сусвет і светы» (1584). Аўтар антыклерыкальнай сатыр. паэмы «Ноеў каўчэг», камедыі «Падсвечнік» (1582), філас. санетаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ЛЬДЫКА (позналац. heraldica ад heraldus вяшчальнік),
спецыяльная гістарычная навука, якая даследуе паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне гербаў, інстытут іх карыстання. Падзяляецца на тэарэтычную (вывучэнне гербаў) і практычную (стварэнне новых гербаў). Першая праца па геральдыцы — «Трактат пра адзнакі і гербы» італьян. юрыста Бартала да Сасаферата (14 ст.). З 17 ст. геральдыка развіваецца як навука і выкладаецца ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай геральдыцы прысвечаны працыкн. Ю.А.Ябланоўскага «Геральдыка, гэта значыць асада клейнодаў рыцарскіх...» (6 выданняў у 1742—52) і Д.Ф.Колі «Кароткі трактат пра геральдыку» (1747). Тэарэт. праблемамі геральдыкі ВКЛ займаліся таксама гісторыкі А.Малецкі, У.Сямковіч і інш. У цяперашні час акрамя дзярж. герольдый манархічных краін геральдыкай займаюцца шматлікія геральдычныя т-вы розных краін, аб’яднаныя ў некалькі міжнар. асацыяцый. На Беларусі геральдыку даследуюць Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве, асобныя даследчыкі.
Літ.:
Fox-Davies A.C. Complete Guide to Heraldry. 8 ed. London, 1969;
Oswald G. Lexikon der Heraldik. Leipzig, 1984;
Kalinowski A. Heraldyka szlachecka. Warszawa, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЗА, Эль-Гіза, Гізех,
горад у Верхнім Егіпце, на беразе Ніла, прыгарад Каіра. Адм. ц. мухафазы Гіза. 2144 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Буйны гандл. цэнтр (гандаль збожжам). Тытунёвая, радыётэхн. і маш.-буд.прам-сць. Каірскі ун-т. Цэнтр міжнар. турызму.
Паблізу Гізы ў Лівійскай пустыні захаваўся комплекс пірамід-грабніц, у т. л. фараонаў Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра), Мікерына (Менкаўра), пабудаваных у 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. Каля ніжняга храма піраміды Хефрэна знаходзіцца «Вялікі сфінкс» — высечаная са скалы фантастычная істота з тулавам ільва і галавой чалавека. На полі пірамід знаходзіцца некропаль, у якім больш за 7 тыс. пахаванняў знатных егіпцян часоў II—VI дынастый Стараж. царства (каля 2800—2250 да н.э.). Археал. раскопкі праводзяцца з 19 ст. Пахаванні даюць багаты матэрыял для вывучэння вытв-сці, сац. жыцця і культуры Стараж. Егіпта. Знойдзены прадметы пахавальнага культу, мадэлі хатніх рэчаў, прылады працы, зброя, ганчарныя вырабы, скульптуры, барэльефы са сцэнамі жыцця, іерагліфічныя надпісы і інш. Ансамбль пірамід фараонаў Хеопса, Хефрэна і Мікерына занесены ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.