БУТАДЫЕ́Н-СТЫРО́ЛЬНЫЯ КАЎЧУКІ́,
дывініл-стырольныя каўчукі, сінтэтычныя каўчукі, супалімеры бутадыену і стыролу (ці ɑ-метылстыролу), [—CH2—CH=CH—CH2—]n—[CH2—CH(C6H5)—]m. Прадукты светла-жоўтага колеру, шчыльн. 900—990 кг/м³. Раствараюцца ў араматычных і аліфатычных вуглевадародах. Устойлівыя да ўздзеяння шчолачаў і к-т. Атрымліваюць суполімерызацыяй у эмульсіі ці растворы. Вулканізуюцца серай, атрыманая гума мае высокую трываласць, эластычнасць і зносаўстойлівасць. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці аўтамабільных шын, канвеерных стужак, гумавага абутку.
т. 3, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́РА І ЖЫЦЦЁ»,
каталіцкі часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. мове (некаторыя матэрыялы друкуе на рус. і польск. мовах). Змяшчае матэрыялы рымска- і грэка-каталіцкіх канфесій. Друкуе рэліг. артыкулы гіст. і культурнай тэматыкі, урыўкі з рэліг. кніг, успаміны вернікаў аб наведванні святых мясцін і інш. Расказвае пра святых беларускай зямлі, храмавыя архітэктурныя помнікі. Мае рубрыкі: «На пытанні моладзі адказваюць святары», «Школа пеўчых» і інш.
т. 4, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫ ВЕРШ,
від рыфмаванага сілаба-танічнага верша, у якім адвольна спалучаюцца радкі з рознай колькасцю стоп. Найчасцей не мае страфічнай будовы, інтанацыйна блізкі да звычайнай гутаркі і выкарыстоўваецца ў байках, эпіграмах, эпітафіях, вершаваных надпісах. Вольным вершам напісаны камедыя А.Грыбаедава «Гора ад розуму», драма М.Лермантава «Маскарад». У бел. паэзіі гэты верш выкарыстоўваецца ў буйных ліраэпічных творах («Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Люцыян Таполя» М.Танка), асобных вершах, але найчасцей у байках.
т. 4, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА ДЫЁД,
паўправадніковая прылада, у якой пры дасягненні «крытычнай» напружанасці поля ўзбуджаюцца эл. ваганні. Прынцып работы засн. на Гана эфекце. Мае амічныя кантакты (без p-n-пераходаў). Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы ў ланцугах звышвысокай частаты для генерацыі і ўзмацнення ваганняў з частатой ад 0,1 да 100 ГГц і магутнасцю да 200 Вт (у імпульсным рэжыме; у неперарыўным — да 200 мВт), для стварэння хуткадзейных элементаў электронных прылад і інш.
т. 5, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ,
наземныя і падземныя канструкцыі, якімі пазначаюць і замацоўваюць на мясцовасці геадэзічныя пункты. Наземная частка геадэзічных знакаў на пунктах трыянгуляцыі і паліганаметрыі забяспечвае ўзаемную бачнасць паміж імі і служыць штатывам для ўстаноўкі геад. інструментаў і прадметаў візіравання, мае розную вышыню і канструкцыю (драўляныя слупы, піраміды, туры ў гарах і інш.). Падземная ч. геадэзічных знакаў — бетонныя маналіты з замацаванымі ў іх метал. маркамі — цэнтрамі.
т. 5, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ КАРТАГРАФІ́ЧНАЯ,
працэсы адбору і абагульнення зместу пры складанні геагр. карт. Мае на мэце захаваць і выдзеліць на карце асноўныя тыповыя рысы і характэрныя асаблівасці з’яў, якія адлюстроўваюцца. Кірункі і ступень генералізацыі картаграфічнай залежаць ад прызначэння карты, яе тэматыкі, магчымасцей маштабу, геагр. асаблівасцей мясцовасці, сродкаў картаграфічнага выканання і крыніц, па якіх складаюцца карты. Напр., поўнае ўяўленне аб горных сістэмах Каўказа можна атрымаць на дробнамаштабнай, моцна генералізаванай карце.
т. 5, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЫНА́КС,
слаісты пластык з паперы, прамочанай сінт. смоламі. Найчасцей выкарыстоўваюць фенола-фармальдэгідныя смолы, акрамя звычайнай паперы — азбеставую для вырабу азбагетынаксу і сінт. для арганагетынаксу. Мае высокую мех. трываласць, добры электраізаляцыйны матэрыял, прыдатны для працяглай эксплуатацыі пры т-рах ад -65 °C да 105 °C (азбагетынакс — да 130 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці трансфарматараў, тэлефонаў, дэталей радыёапаратуры і інш.; дэкаратыўны — для абліцоўкі мэблі, інтэр’ераў суднаў і інш.
т. 5, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЭРАЛЬДЭГІ́Д,
трохвугляродны цукар (альдоза), які мае асіметрычны (хіральны) атам вугляроду. Служыць у якасці эталона для выяўлення канфігурацыі аптычна актыўных злучэнняў. Стэрэаізамеры ўсіх хіральных злучэнняў, якія адпавядаюць па канфігурацыі L-гліцэральдэгіду, абазначаюцца літарай L, D-гліцэральдэгіду — літарай D незалежна ад напрамку вярчэння плоскасці палярызацыі плоскапалярызаванага святла. З’яўляецца прамежкавым прадуктам уцягвання фруктозы ў клетках печані ў гліколіз; пры фасфарыліраванні ператвараецца ў гліцэральдэгід 3-фасфат (ключавы метабаліт гліколізу).
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў Гомелі ў 1955. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): металургічныя працэсы і матэрыялаапрацоўка; тэхналогія абсталявання і аўтаматызацыя машынабудавання; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытв-сці; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; электратэхніка. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Мае вячэрні філіял пры «Гомсельмашы».
т. 5, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ МЕДЫЦЫ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т.
Засн. ў Гомелі ў 1990 з мэтай забеспячэння ўрачэбнымі кадрамі лячэбна-прафілактычных устаноў Гомельскай і Магілёўскай абл., павышэння ўзроўню мед. дапамогі насельніцтву раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1996/97 навуч. г. — лячэбна-прафілактычны ф-т; падрыхтоўчае аддзяленне. Аспірантура з 1992. Мае н.-д. лабараторыі: імуналогіі і гематалогіі, біяхіміі патагісталогіі, электроннай мікраскапіі, радыёметрыі, біяхіміі гармонаў; музей. Выдае штогод тэматычныя зборнікі.
т. 5, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)